На прэзентацыю, а яна стала ціхім і светлым святам памяці аб гэтым вялікім для края чалавеку, прыйшлі родныя Алеся Фаміча, сябры, пісьменнікі і проста жыхары раёна, улюбёныя ў творчасць земляка.
Падчас прэзентацыі малюнкаў дзяцей, натхнёных творамі Алеся Зайкі, казалі вершамі і прозай бібліятэкар Запалянскай сельскай бібліятэкі Алена Здзітавец, якая рыхтавала дзею, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец, жонка Алеся Фаміча, шчырая паплечніца ў працы, — Антаніна Іванаўна, пісьменнік і адказны сакратар рэдакцыі раённай газеты «Івацэвіцкі веснік» Валерый Гапееў і інш. Кожнае з іх выступленняў было вартым асобнай публікацыі, бо пакінула ў сэрцы святло і жаданне зберагчы спадчыну Алеся Зайкі.
Не ўтрымаліся і слухачы — дапаўнялі, раскрывалі новыя грані вобразу «хадзячай энцыклапедыі», як называлі блізкія Алеся Фаміча. Прагучала прапанова увекавечыць памяць славутага земляка у назве вуліцы.