Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 11 Снежань 2019 10:35

Творчая сустрэча «Родны край, я цябе апяваю»

У рамках абласнога месячніка папулярызацыі нацыянальнай мастацкай літаратуры «Маіх радкоў няма без Беларусі» ў чытальнай зале Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі прайшла творчая сустрэча «Родны край, я цябе апяваю» вучняў раённай гімназіі з Мікалаем Пацеюком (аўтар паэтычных зборнікаў «З-пад буслінага крыла», «Душой не пакрывіць»), Уладзімірам Данілюком («Сярод людзей», «Не пакідай мяне») і Генадзем Мішчуком («Чалавечы век», «Ля клёнаў і бяроз»).

 

Падчас мерапрыемства аўтары коратка расказалі пра сваё жыццё і шлях у «паэты», прачыталі вершы даўно напісаныя і новыя, напоўненыя тонкім гумарам, любоўю да роднага краю, хваляваннем за лёс сучаснай вёскі. Сакавітае і каларытнае, мілагучнае і звонкае беларускае слова, што злятала звуснаў мясцовых паэтаў, сапраўды зачаравала слухачоў. Яны адчулі гаючы смак роднай мовы і атрымалі асалоду ад яе гучання.Без Бацькаўшчыны і без свайго народа чалавек не можа жыць... Гэтыя пранікнёныя радкі — выражэнне любові да роднага краю, бацькоўскай зямлі, бо для кожнага з нас яна — самая ласкавая і непаўторная. І дзе б мы ні апынуліся пазней, у якіх бы цудоўных палацах-музеях ні пабывалі, мы заўсёды будзем чакаць сустрэчы са сваёй Радзімай. Гэтыя знаёмыя з маленства мясціны, дзе мы жывем, — часцінка таго вялікага і святога, што мы называем словамі «Айчына», «Бацькаўшчына»...

У чытальнай зале раённай бібліятэкі дзейнічае выстава зборнікаў мясцовых паэтаў «Мой чароўны Маларыцкі край, Бацькаўшчына светлая мая», якая прымеркавана да Года малой радзімы. На ёй прадстаўлена больш за дваццаць зборнікаў паэзіі маларыцкіх аўтараў, выдадзеных аддзелам бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі.

Напрыканцы сустрэчы Мікалай Пацяюк, які яшчэ з’яўляецца і кіраўніком літаратурнага аб’яднання «Над Рэчанькай Рытай», якое існуе пры раённай газеце «Голас часу», запрасіў тых, хто спрабуе свае сілы ў літаратурнай творчасці, прыходзіць на пасяджэнні літаратурнага аб’яднання.

 

Кучына Галіна Уладзіміраўна, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу
Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 341 разоў Апошняя змена Аўторак, 17 Сакавік 2020 10:26