Панядзелак, 06 Чэрвень 2016 13:36

5 верасня 2016 г. - 95 гадоў з часу адкрыцця дзяржаўнай гімназіі ў г. Пінску (1921)

Дзяржаўная гімназія ў г. Пінску Палескага ваяводства (цяпер Брэсцкай вобласці) была адкрыта 5 верасня 1921 года. Размясцілася яна ў будынку былой рускай гімназіі, узведзеным у 1852 годзе. Дырэктарам назначаны Філіцыян Слівінскі.

Адміністрацыя меркавала, што вучнямі гімназіі будуць не толькі палякі, але беларусы і яўрэі, і з гэтай нагоды навучальны працэс трэба было пабудаваць з улікам рэгіянальных асаблівасцяў і гістарычнага мінулага палескага рэгіёна. Спецыфікай заняткаў у гімназіі сталі не толькі высокі ўзровень выкладання агульнаадукацыйных прадметаў, але і большы акцэнт на рукадзеллі і сталярным майстэрстве. У 1925 годзе гімназія была падзелена на мужчынскую і жаночую, апошняя размясцілася ў асобным будынку.

Асаблівая ўвага надавалася заняткам фізічнай культурай. Да 1929 года Пінская гімназія была адзінай навучальнай установай у ваяводстве, якое мела асобную спартыўную залу. У ліпені 1929 года Міністэрства адукацыі Польшчы выдзеліла Пінскай гімназіі 5000 злотых на будаўніцтва асобнай гімнастычнай залы для дзяўчат, і праект быў рэалізаваны ў верасні. Акрамя гэтага, адміністрацыя школы звярнулася за дазволам на набыццё прылягаючай тэрыторыі, на якой вучні праводзілі заняткі фізкультурай вясной і восенню.

У гімназіі вялікая ўвага надзялялася ваеннай падрыхтоўцы вучняў. Восенню 1923 года быў створаны адзін з першых у Заходняй Беларусі атрадаў па падрыхтоўцы школьнай моладзі да воінскай службы. У яго запісваліся вучні 4–8 класаў. Навучэнцаў гімназіі абслугоўвалі дактары медпункта, які знаходзіўся ў будынку жаночай гімназіі. Перыядычна праводзіўся медыцынскі агляд навучэнцаў усіх класаў.

Сур’ёзнай праблемай для адміністрацыі навучальнай установы была кадравая. У сувязі з недастатковай колькасцю кваліфікаваных выкладчыкаў у пачатку 1920-х кіраўніцтву прыходзілася “перакройваць” школьную праграму і “ўціскаць” некаторыя прадметы. З цягам часу сітуацыя змянілася ў лепшы бок. Калі ў 1921 годзе ў гімназіі працавалі 11 настаўнікаў, то ў 1929-м іх было ўжо 35. Настаўнікі таксама арганізоўвалі публічныя курсы для супрацоўнікаў Дзяржаўнай паліцыі па гісторыі, літаратуры, геаграфіі, прыродазнаўству. Асветніцкая дзейнасць настаўнікаў Пінскай гімназіі не раз была ўдастоена падзякі ад прэзідэнта Пінска і повятового старасты.

Сярод выкладчыкаў гімназіі былі не толькі палякі. Настаўнікам праваслаўнай рэлігіі быў ураджэнец Піншчыны, выпускнік духоўнай семінарыі ў Мінску Фёдар Дружылоўскі. Да рэвалюцыі ён выкладаў у розных школах Мінскай губерні.

Французскую мову выкладала ўраджэнка Дінабурга, выпускніца філалагічнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта Наталля Рэйсмілер. Да рэвалюцыі яна працавала ў гімназіях Мінска і Вільні. У 1907–1917 гадах была дырэктарам прыватнай жаночай гімназіі ў Вільні, затым пераехала ў Пінск, з 1923 года стала настаўніцай гімназіі. Яшчэ адной выкладчыцай французскай мовы была ўраджэнка Пінска Валерыя Траяноўская. Пасля заканчэння Пінскай гімназіі ў 1909 годзе яна вывучыла польскую мову, а праз два гады паехала ў Парыж і паступіла на філалагічны факультэт універсітэта.

Выкладчыкам прыродазнаўства быў Дзмітрый Георгіеўскі, ураджэнец Пінска. У 1916 годзе скончыў прыродазнаўчы факультэт Варшаўскага ўніверсітэта, працаваў у розных школах у Крыму і Пінску. З 1922 года працаваў у Пінскай гімназіі, таксама быў вучоным сакратаром Палескага музея ў Пінску. Выяўленчае мастацтва з 1926 года выкладала ўраджэнка Вільнi Марыя Чыркова. Пасля заканчэння настаўніцкай семінарыі і Варшаўскага ўніверсітэта яна працавала ў школах ў Лідзе і Гродна.

З 1923 года фізіцы навучаў ураджэнец Пінска Аляксандр Ліцвінаў. У 1908 годзе ён скончыў рэальную школу ў Пінску, потым паступіў у лясны інстытут у Пецярбургу. Настаўнікам рускай мовы быў выпускнік гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта Андрэй Цыбрук. Іўдаізм выкладаў ураджэнец Пінска Якуб Айзенберг, па сумяшчальніцтве – віцэ-прэзідэнт Яўрэйскага эміграцыённага таварыства.

Гімназія валодала цудоўнай бібліятэкай, у якой былі як кнігі, якія дасталіся ў спадыну ад рускай школы, так і новыя польскія выданні. У 1922 годзе гімназія атрымала ад Міністэрства адукацыі Польшчы 1000 экзэмпляраў навуковай і папулярнай літаратуры. У наступныя гады гімназія сама закупала літаратуру і неабходныя вучэбныя матэрыялы. У 1927 годзе Міністэрства адукацыі выдзяляе Пінскай гімназіі крэдыт на набыццё вучэбнай літаратуры. У выніку бібліятэка папаўняецца яшчэ 1475 кнігамі рознай тэматыкі. У 1931 годзе у бібліятэцы было 3766 кніг на польскай, рускай, нямецкай і французскай мовах.

У 1930 годзе ў Роўна прайшоў з’езд настаўнікаў замежных моў. Вярнуўшыся дадому, выкладчыкі Пінскай гімназіі ўнеслі прапанову аб стварэнні асобнай бібліятэкі для вучняў, якія вывучаюць замежныя мовы. Неўзабаве гэтая прапанова была адобрана і ў распараджэнні гімназістаў аказаліся сучасныя слоўнікі і падручнікі, а таксама акадэмічныя выданні.

Пры гімназіі паспяхова працаваў вучнёўскі краязнаўчы гурток, які ў сярэдзіне 1930-х наладзіў выпуск брашур краязнаўчага і турыстычнага характару, было выдадзена некалькі краязнаўчых альманахаў.

Рашалася пытанне аб капітальным рамонце будынка навучальнай установы. У 1928 годзе быў занава перакрыты дах будынку. Некаторыя з класаў былі абсталяваны дадатковымі печамі. У перспектыве планавалася правесці ў будынак цэнтральнае ацяпленне.

Сярод выпускнікоў Пінскай гімназіі – адзін з заснавальнікаў савецкай фармакалогіі, акадэмік Расійскай Акадэміі медыцынскіх навук Міхаіл Давыдавіч Машкоўскі (1908–2002).

У верасні 1939 года Пінская дзяржаўная гімназія спыніла сваю дзейнасць, пачаўся савецкі перыяд адукацыі. Зараз у будынку былой гімназіі знаходзіцца гарадскі аддзел адукацыі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Пінскай цэнтральнай гарадской бібліятэкай. Т. К. Баговіч, гал. бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі, А. Н. Гарачова, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Вабішчэвіч, А. М. Сацыяльна-эканамічнае становішча і духоўна-культурнае жыццё / Вабішчэвіч А. М. // Гісторыя Пінска. Ад старажытнасці да сучаснасці : да 915-й гадавіны з першага летапіснага ўпамінання / НАН Беларусі. Інстытут гісторыі ; А. М. Літвін [і інш.]. Мінск : Вышэйшая школа, 2012. Раздзел 7.2. С. 429–456.

  2. Гимназии, средние общеобразовательные учебные заведения, гл. обр. гуманитарной направленности // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 3637.

  3. Гімназіі, сярэднія агульнаадукацыйныя навучальныя ўстановы / Галіна Сянькевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 5–6.

  4. Гімназія, сярэдняя агульнаадукацыйная навучальная ўстанова // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 248.

  5. Здание гимназии // Пинск : Путеводитель по столице Полесья (Информационно-рекламный справочник). Пинск, 1993. С. 98.

  6. Здание гимназии : [г. Пинск] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 318.

  7. Машковский Михаил Давыдович // Большая энциклопедия : в 65 т. Москва : Терра, 2006. Т. 28. С. 389–390.

  8. Пинская гимназия в польский период 1921–1939 годов / по материалам Игоря Мельникова // История Пинска : исторический сайт [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://www.pinsk-history.ru/83-istoriya-pinska/istoriya-gorodskikh-zdanij/387-pinskaya-gimnaziya-v-polskij-period

  9. Школа с именем : [о Пинской государственной гимназии] / Игорь Мельников // Историческая правда [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://www.istpravda.ru/bel/research/2118/

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1565 разоў Апошняя змена Аўторак, 02 Чэрвень 2020 10:47