Пятніца, 06 Сакавік 2020 15:52

15 снежня 2020 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Мікалая Максімавіча Дзяканава (1925–1982), удзельніка вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Героя Савецкага Саюза (1945)

Мікалай Максімавіч Дзяканаў нарадзіўся 24 сакавіка 1925 г. у вёсцы Аляксандраўка Кузнецкага павета Саратаўскай губерні (цяпер Сасноваборскага раёна Пензенскай вобласці) у сялянскай сям’і. Скончыў пачатковую школу, працаваў пекарам. Яго бацька, Максім Сяргеевіч Дзяканаў, загінуў на фронце Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 г.

 

У студзені 1943 г. Мікалай Дзяканаў быў прызваны ў Чырвоную армію. Спачатку служыў у Дальнеўсходняй арміі, восенню 1943 г. накіравалі ў 70-ю армію ў склад 415-га стралковага палка. Летам 1944 г. радавы М. М. Дзяканаў быў наводчыкам ручнога кулямёта 9-й стралковай роты 415-га стралковага палка 1-й стралковай дывізіі 70-й арміі 1-га Беларускага фронту. Вызначыўся ў час Люблін-Брэсцкай наступальнай аперацыі пры ліквідацыі акружанай групоўкі праціўніка пад г. Брэстам.

415-ы полк узяў пад кантроль дарогі Брэст – Януў-Падляскі, Неплі – Зачопкі. Задача 9-й роты была перарэзаць шашу Брэст – Варшава. 28–29 ліпеня 1944 г. падраздзяленне М. М. Дзяканава ў складзе 11 чалавек заняло абарону ўздоўж шашы. 15 разоў падзвяргалася контратакам праціўніка, які імкнуўся вырвацца з акружэння ў раёне в. Бярэзуўка, што за 23 км на паўночна-ўсход ад г. Бяла-Падляска (Польшча). Радавы М. М. Дзяканаў двое сутак адбіваў контратакі, знішчыў каля 200 гітлераўцаў, што садзейнічала затрымцы праціўніка да падыходу савецкіх часцей і недапушчэнню выхаду яго з акружэння.

Брэст быў вызвалены 28 ліпеня. 1-я стралковая дывізія загадам ВГК ад 10 жніўня 1944 г. удастоена наймення «Брэсцкая». 24 сакавіка 1945 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР М. М. Дзяканаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» (№ 6993).

М. М. Дзяканаў быў на фронце да канца вайны, вызваляў Польшчу. За час вайны быў тройчы паранены, кантужаны. Пасля Перамогі застаўся служыць, атрымаў афіцэрскае званне. Узнагароджаны таксама ордэнам Чырвонага Сцяга і медалямі, у т. л. польскім медалём «За Одру, Нісу i Балтыку».

У 1950 г. М. М. Дзяканаў звольнены ў запас у званні маёра. Закончыў Пензенскую сельскагаспадарчую школу (1953). Працаваў аграномам, брыгадзірам у калгасе «Ленинский путь», інструктарам райкама партыі, загадчыкам клуба, старшынёй Кірэеўскага сельсавета Суджанскага раёна Курскай вобласці. З жонкай, Валянцінай Канстанцінаўнай, настаўніцай, гадавалі двух сыноў — Уладзіміра і Аляксандра.

М. М. Дзяканаў заўчасна памёр 22 чэрвеня 1982 г., пахаваны ў Кірэеўцы. На радзіме, у в. Аляксандраўка, устаноўлена мемарыяльная дошка. Ручны кулямёт М. М. Дзяканава ДП-27 узору 1927 г. захоўваецца ў Цэнтральным музеі Узброеных Сіл у Маскве. У фондах МК «Брэсцкая крэпасць-герой» захоўваюцца ўспаміны героя.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Дьяконов Николай Максимович // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 56.
  2. Дьяконов Николай Максимович // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биографический справочник. Минск, 2015. С. 236.
  3. Званне героя за вызваленне Брэста : Дзяканаў Мікалай Максімавіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 152.
  4. Дьяконов Николай Максимович // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : в 2 т. Москва, 1987. Т. 1. С. 459.
  5. Дьяконов Николай Максимович // Навечно в сердце народном. 3-е изд., доп. и перераб. Минск, 1984. С. 158.
  6. Дьяконов Николай Максимович // Навечно в сердце народном. 2-е изд., доп. и перераб. Минск, 1977. С. 140.
  7. Дьяконов Николай Максимович // Герои и подвиги. Саратов, 1972. Кн. 2. С. 63–66.
  8. Дзяканаў Мікалай Максімавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 217.
  9. Дьяконов Николай Максимович // Золотые звезды курян. Воронеж, 1966. С. 352.
  10. У баях 1-я стралковая дывізія : з успамінаў палкоўніка ў адстаўцы М. В. Харытонава, ветэрана дывізіі // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 137–139.
  11. Габец, Я. К. Люблін-Брэсцкая аперацыя, 1944 / Я. К. Габец // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 310.
  12. Харичкова, Е. Фронтовая листовка : [о Героях Советского Союза, получивших звание за освобождение Бреста] / Елена Харичкова // Заря. 2019. 27 июля. С. 67.
  13. Маньшин, Ф. Эти шесть дней : [о Герое Советского Союза Н. М. Дьяконове] / Ф. Маньшин // Трудовой путь. Сосновоборск, 1994. 22 декабря.
Чытаць 996 разоў Апошняя змена Чацвер, 11 Сакавік 2021 11:01