Серада, 08 Ліпень 2020 09:28

19 чэрвеня 2020 г. — 60 гадоў з дня нараджэння Галіны Сідараўны Бабарыка (1960), паэта, празаіка, публіцыста

Галіна Сідараўна Бабарыка нарадзілася 19 чэрвеня 1960 г. у вёсцы Мачуль Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацькі былі простымі сялянамі, якім Вялікая Айчынная вайна перашкодзіла вучыцца, яны скончылі толькі чатыры класы польскай школы, але любілі літаратуру, шмат чыталі бібліятэчных кніг. У школе Галіна вучылася добра, асабліва любіла ўрокі мовы і літаратуры. У дзесяцігадовым узросце пачала пісаць вершы. Некаторыя з іх былі надрукаваны ў раённай газеце «Навіны Палесся», часопісе «Вясёлка» (1970).

 

Пасля заканчэння Мачульскай васьмігадовай школы (1975) Галіна Бабарыка вучылася ў Магілёўскім педагагічным вучылішчы, Магілёўскім педагагічным інстытуце. У 1979–1983 гг. працавала настаўніцай у Клімавіцкім раёне, шмат друкавалася ў мясцовай газеце «Новае жыццё».

Пасля пераезду ў родную вёску пачала настаўнічаць у сваёй школе — настаўнік пачатковых класаў вышэйшай катэгорыі. З вучнямі вяла аб’яднанне «Мастацкае слова». За дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1991). Вершаў амаль не пісала, але вырасла дачка, падрастаў сын, захацелася пісаць.

У 2000 г. Галіна Бабарыка пачала друкавацца ў «Народнай газеце». Вершы з’явіліся на старонках абласных газет «Заря» і«Народная трыбуна», рэспубліканскіх — «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкая газета», «Белорусская нива», часопісаў «Роднае слова», «Пачатковая школа», «Алеся», «Маладосць». Творы змяшчаліся ў калектыўных паэтычных зборніках «Сила слабости» (2013), «Па праву жывога» (2014), «Беларускі ручнік» (2014), «ЛітАўра» (2015), перакладзены на рускую мову Валерыем Грышкаўцом у зборніку «Белой Вежи свет» (2010).

Паэтка ўдзельнічала ў паэтычным конкурсе «Сярэбраныя радкі», які праводзіла «Белорусская нива» ў 2004 г. і заняла другое месца. У 2006 г. даслала вершы на конкурс у часопіс «Алеся», аказалася ў ліку пераможцаў. Лаўрэат Міжнароднага літаратурнага конкурсу «Сям’я – Адзінства – Айчына» (2014). За плённую працу ў літаратуры, значны ўклад у прапаганду творчасці пісьменнікаў Брэстчыны і актыўную грамадскую дзейнасць Г. С. Бабарыка ўзнагароджана Граматамі Саюза пісьменікаў Беларусі і Брэсцкага аблвыканкама. У 2017 г. удастоена літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама ў намінацыі «Паэзія».

Першая кніга вершаў Галіны Бабарыка «Давер» (2004) выйшла ў Пінскай друкарні. Прадмову «Сястра пяшчоты» напісаў Леанід Дранько-Майсюк. У невялічкай кніжачцы раскрылася чулая лірычная душа паэткі, роздум над сэнсам пражытых гадоў, любоў да бацькоўскай зямлі, яе непаўторных краявідаў. Галіну Сідараўну можна шчыра назваць пясняркай палескай прыроды. Яна вельмі тонка перадае яе адметнасці, не толькі называе, а вобразна напаўняе, адухаўляе. Паэтка часта ў сваіх вершах дапаўняе ўласную пачуццёвую гаму інтэлектуальным роздумам, што надае пейзажным творам рацыянальную напоўненасць, філасофскую стрыманасць.

У 2007 г. па рэкамендацыі вядомага беларускага паэта Уладзіміра Карызны стала членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Другі зборнік вершаў Галіны Бабарыка «Дарога ў восень» выйшаў у 2015 г., прадмову «...Як чысты гром свабоды» напісаў Анатоль Крэйдзіч. Прэзентацыя кнігі адбылася ў Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. У кнізе аўтар апявае дарагія яе сэрцу мясціны: вёсачку Мачуль, рачулку Моўству, старажытны Давыд-Гарадок. Любіць паэтэса восень як само жыццё, многа твораў ёй прысвяціла, дый зборніку дала назву ў гонар залатой пары года.

Галіна Сідараўна таксама піша малую прозу, якая друкавалася ў «Звяздзе», «Настаўніцкай газеце», «Народнай газеце». Выступае ў друку з артыкуламі аб творчасці паэтаў і празаікаў, піша водгукі на кнігі, на падзеі літаратурнага жыцця. Публіцыстычныя работы друкаваліся ў газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Навіны Палесся», «Настаўніцкая газета». Аўтар краязнаўчага артыкула пра Мачуль «Гісторыя і геаграфія маёй вёскі» (2019).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Творы Г. С. Бабарыка

 

1. Дарога ў восень : зборнік вершаў / Галіна Бабарыка ; [аўтар прадмовы А. Крэйдзіч]. – Брэст : Альтернатива, 2015. – 131 с.

2. Давер : вершы / Галіна Бабарыка ; [аўтар прадмовы Л. Дранько-Майсюк]. – Пінск : Пінская рэгіянальная друкарня, 2004. – 71 с.

3. Восень развітацца не спяшае / Галіна Бабарыка // Заря. 2019. 16 ноября. С. 16.

4. Фіранкі зімы / Галіна Бабарыка // Заря. 2019. 16 февраля. С. 16.

5. Гісторыя і геаграфія маёй вёскі / Галіна Бабарыка // Навіны Палесся. Столін, 2019. 25 студзеня. С. 12.

6. Зімовы роздум / Галіна Бабарыка // Заря. 2018. 15 декабря. С. 14.

7. Студэнты / Галіна Бабарыка // Заря. 2018. 13 октября. С. 16.

8. Ранкам светлым вераснёвым / Галіна Бабарыка // Заря. 2018. 1 сентября. С. 8.

9. Вясне на змену / Галіна Бабарыка // Заря. 2018. 24 мая. С. 18.

10. Урок / Галіна Бабарыка // Заря. 2018. 24 апреля. С. 6.

11. Мова народа / Галіна Бабарыка // ЛіМ. 2018. 16 лютага. С. 8.

12. Бацька / Галіна Бабарыка // Навіны Палесся. Столін, 2018. 12 студзеня. С. 8.

13. Палескія байкі / Галіна Бабарыка // Вожык. 2017. № 11. С. 10–11.

14. «Паэзія звонкімі струнамі маё аздабляе жыццё» : [пра кнігу Надзеі Парчук «Святло няскоранай душы»] / Галіна Бабарыка // Настаўніцкая газета. 2017. 22 ліпеня.

 

Аб жыцці і творчасці Г. С. Бабарыка

 

1. Бабарыка Галіна Сідараўна // Творчы партрэт пісьменніцкай суполкі : біябібліяграфічны даведнік Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Брэст : Альтернатива, 2018. С. 10–14.

2. Галіна Бабарыка // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 543–547.

3. Сільвестрава, Т. «Сэрцам адчуць, як малітву, радкоў вершаваную вязь...» : рэцэнзія на зборнік Галіны Бабарыка «Дарога ў восень» / Таццяна Сільвестрава // Берасцейская скарбніца : альманах. Брэст, 2018. Вып. 1. С. 234–242.

4. Сенькавец, У. А. Галіна Бабарыка з аўтабіяграфіі / У. А. Сенькавец // М. Горький и его эпоха : материалы международного научного симпозиума, Брест, 1921 марта 2008. Брест, 2008. С. 8288.

5. Ускова, Т. Добрая кніга даражэй за «хлеб і відовішчы» : паэтка Галіна Бабарыка — пра літаратурныя густы і творчае крэда / Таццяна Ускова // Сельская газета. 2017. 11 ноября. С. 30.

6. Аляшчэня, Ю. Бачыць і чуць сэрцам : [уручаны літаратурныя прэміі імя У. А. Калесніка, у т. л. Г. Бабарыка] / Юлія Аляшчэня // Заря. 2017. 28 сентября. С. 18.

7. Паэтычныя глыбіні паэткі з «глыбінкі» : [аб творчасці Г. Бабарыка; вершы] // Астрамечаўскі рукапіс / рэд. і ўклад. А. Валковіч. Брэст, 2017. № 3. С. 41–45.

8. Шпакевіч, В. «І лепшыя фарбы Сусвету» : [аб кнізе вершаў Г. Бабарыка «Дарога ў восень»] / Вольга Шпакевіч // Белая Вежа. 2017. № 2. С. 90–93.

9. Кунай, Н. Сустрэча з пісьменнікам Століншчыны Галінай Бабарыка / Наталля Кунай // Навіны Палесся. Столін, 2017. 14 лютага.

10. Шпакевіч, В. Настаўнік павінен быць таленавітым ва ўсім : [водгук на кнігу вершаў Г. Бабарыка «Дарога ў восень»] / Вольга Шпакевіч // Советская Белоруссия. 2016. 24 марта. С. 13.

11. Парчук, Н. Радзіме заўсёды служыць, альбо Сэрцам народжанае : [аб творчым шляху паэтэсы Г. Бабарыка і яе зборніку «Дарога ў восень»] / Надзея Парчук // Настаўніцкая газета. 2016. 16 студзеня. С. 11.

12. Парчук, Н. Сэрцам народжанае : [водгук на зборнік Г. Бабарыка «Дарога ў восень»] / Надзея Парчук // Заря. 2015. 24 декабря.

13. Парчук, Н. Песні па дарозе ў восень : [водгук на зборнік Г. Бабарыка «Дарога ў восень»] / Надзея Парчук // ЛіМ. 2015. 13 лістапада (№ 43).

14. Шпакоўская, С. Час паэтычных радкоў : [прэзентацыя зборніка вершаў Галіны Бабарыка «Дарога ў восень» у Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы] / Святлана Шпакоўская // Навіны Палесся. Столін, 2015. 15 верасня. С. 5.

15. Сеген, Т. Паэтычнай дарогай у восень : [пра зборнік вершаў ГБабарыка«Дарога ў восень»] / Таццяна Сеген // Навіны Палесся. Столін, 2015. 11 верасня. С. 5.

16. Без выгоды Радзіме служыць... : [віншаванне Галіне Бабарыка ад Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі] // Народная трыбуна. 2015. 19 чэрвеня (№ 25). С. 8.

17. Парчук, Н. Настаўніца, паэтка, працалюб : [пра творчую сустрэчу з паэткай Г. Бабарыка ў Белавушскай сярэдняй школе] / Надзея Парчук // Навіны Палесся. Столін, 2015. 7 красавіка. С. 3.

18. Бабарыка, Г. Мова зорак і кветак Галіны Бабарыка : [гутарка з паэткай аб яе зборніку вершаў «Давер»] / Галіна Бабарыка ; гутарыла Г. Гашчук // Навiны Палесся. Столiн, 2010. 18 чэрвеня. С. 8.

19 .Сяргеева, А. У падарунак — кнiгi : [аб прэзентацыі кнігі вершаў Г. Бабарыка «Давер» у Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы] / Алёна Сяргеева // Навiны Палесся. Столiн, 2005. 9 верасня. С. 5.

20. Сеген, Т. Благаславенне ад Уладзіміра Карызны : [пра зборнік вершаў Г. Бабарыка «Давер»] / Таццяна Сеген // Навiны Палесся. Столiн, 2005. 19 лютага. С. 6.

21. Сёмкина, С. «Серебряные строки» открывают таланты. И — закрываются / Светлана Сёмкина // Белорусская нива. 2004. 8 мая.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1507 разоў Апошняя змена Пятніца, 24 Ліпень 2020 15:25