Аўторак, 25 Жнівень 2020 15:24

23 ліпеня 2020 г. — 60 гадоў з дня нараджэння Віктара Мікалаевіча Сагановіча (1960), мастака, дызайнера

Віктар Мікалаевіч Сагановіч нарадзіўся 23 ліпеня 1960 г. у г. п. Целяханы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Бацька працаваў поварам-кандытарам, перамагаў у конкурсах па афармленні тортаў. Віктар з дзяцінства любіў спорт, іграў у футбольнай і баскетбольнай камандах. З шостага класа займаўся ў школьнай мастацкай студыі пад кіраўніцтвам настаўніка Аляксея Канстанцінавіча Сідзюка.

 

Талент хлопчыка заўважылі, і ў восьмым класе Віктар вучыўся ў Мінскай школе-інтэрнаце для адораных дзяцей, а пасля паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава. У 1979 г. з групай аднакурснікаў прыязджаў у Целяханы на практыку: малявалі пасёлак, ветэранаў вайны і працы, палескія пейзажы. Віктар Мікалаевіч і цяпер часта наведвае малую радзіму, бярэ актыўны ўдзел у правядзенні фэсту «Целяханскі бічаўнік».

Па размеркаванні малады спецыяліст Віктар Сагановіч прыехаў у Пінск у 1983 г. Больш за 30 гадоў працаваў мастаком-афарміцелем у Пінскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадарцы.

Мастак працуе ў тэхніках алейнага жывапісу, пастэлі і графікі. У мастацкіх выставах удзельнічае з 1983 г., правёў шэраг персанальных выстаў. У разгар перабудовы ў 1990 г. разам з Яўгенам Кузняцовым арганізаваў творчае аб’яднанне мастакоў «АРТ-факт». Да іх далучыліся Сяргей Жылевіч, Мікалай Казлоўскі, Уладзімір Мінакоў, Сяргей Копрусаў, Сяргей Талкачоў, Генадзь Гурын, Міхаіл Пейсаховіч, Ізя Шлосберг, Навум Шэер, Віктар Юшкевіч. «АРТ-факт» правёў калектыўныя выставы ў Пінску, Альтэне (Германія; 1991), Брэсце (1993), Мінску (2008).

У пачатку 1990-х Віктар Сагановіч ездзіў на пленэры ў Польшчу, там яго заўважыў адзін француз, запрасіў у Францыю дапамагчы ў рэстаўрацыі палаца, зрабіць роспіс сцен, копіі старажытных палотнаў. З 1994 г. мастак часта наведвае Францыю, правінцыю Бургундзія, у розныя поры года піша краявіды гарадоў і розных ландшафтаў. Па выніках паездак праводзіў у Пінску выставы сваіх графічных і жывапісных работ пад назвамi «Па Францыi», «Францыя вачыма мастака», «Усе фарбы Францыі».

Віктар Сагановіч пісаў нацюрморты, іконы, але ў жывапісе найболей любіць гарадскі пейзаж, архітэктуру. Стварыў рамантычны вобраз Пінска, які стаў вядомы ў гарадах-партнёрах, а графічныя аркушы з відамі сталіцы Палесся тыражыруюцца ў якасці рэкламнай прадукцыі.

Аўтар сімволікі шэрага прадпрыемстваў, эмблемы футбольнага клуба «Волна-Пинск», герба Пінскага раёна (2011), лагатыпаў фестывалю «Зоры над Пінай», рэспубліканскай акцыі «Пінск — культурная сталіца Беларусі – 2019», да 500-годдзя Івацэвічаў. Актыўна ўдзельнічаў у культурнай праграме Палескіх міжнародных выстаў-кірмашоў «ПінТа».

Творы мастака захоўваюцца ў Музеі Беларускага Палесся (Пінск), прыватных калекцыях у Польшчы, Францыі, Германіі. 23 ліпеня 2020 г. у Пінскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы адбылася прэзентацыя альбома «Виктор Саганович» (2020), адкрыта выстава твораў членаў аб’яднання «АРТ-факт».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Виктор Саганович : [фотоальбом / автор текста Т. Хвагина ; компьютерная вёрстка В. Зенько ; дизайн, фото В. Сагановича ; использованы фото П. Куницкого, А. Семенюка, Е. Таламая]. – Пинск : [б. и.], 2020. – 76 с. : ил., цв. фото, портр.
  2. Ильенков, В. Увлеченный и вдохновленный : [о творчестве художника В. Сагановича] / Вячеслав Ильенков ; фото автора // Пінскі веснік. 2020. 24 ліпеня. С. 3.
  3. Апрелев, В. Победитель определен : [художник В. Саганович стал победителем конкурса на создание логотипа «Пинск — культурная столица Беларуси 2019 года»] / Владимир Апрелев // Заря. 2018. 27 декабря. С. 5.
  4. Славин, Л. Готовы удивлять и радовать : [художник В. Саганович стал победителем конкурса на создание логотипа «Пинск — культурная столица Беларуси 2019 года»] / Леонид Славин // Пінскі веснік. 2018. 21 снежня. С. 1.
  5. Бобрык, В. «Знайсці сябе ў гэтым жыцці, зразумець...» : [пра мастака В. Сагановіча, ураджэнца Целяхан] / Валянціна Бобрык ; фота Валерыя Міскевіча // Івацэвіцкі веснік. 2018. 7 снежня. С. 5.
  6. В Пинской городской центральной библиотеке действует художественная выставка Виктора Сагановича / подготовил Юрий Сергеев // Полесская правда. Пинск, 2018. 21 марта. С. 2.
  7. Половко, О. Выставка творческих работ пинского художника В. Н. Сагановича : [в СШ № 3 г. Пинска] / О. Половко // Бібліятэка прапануе. 2018. № 2. С. 3940, 3-я с. обл. : фот.
  8. Гришковец, В. «Лазурный берег» посреди двора : [о художнике В. Сагановиче, который разрисовал стену дома в Пинске] / Валерий Гришковец // Заря. 2015. 11 июля. С. 10.
  9. Ильенков, В. Радужный город судьбы : [о художнике В. Сагановиче] / Вячеслав Ильенков // Пiнскi веснiк. 2010. 1 кастрычніка. С. 12.
  10. Демид, И. Цветы и музыка едины : [о выставке живописи Н. Козловского и В. Сагановича в городском концертном зале] / Инна Демид // Варяг-пресс. Пинск, 2000. 18 февраля.
  11. Зубков, В. Шампань глазами и кистью пинчука : [о выставке графики В. Сагановича «По Франции»] / В. Зубков // Палескi край. Пiнск, 1995. 4 лютага.
  12. Дорогами Франции : [о выставке графики В. Сагановича «По Франции» в концертно-выставочном зале г. Пинска] // Пiнскi веснiк. 1994. 23 лiстапада.
  13. Дудзюк, З. Магчымасць убачыць : [пра выставу твораў пінскіх мастакоў С. Жылевіча, В. Сагановіча, І. Шлосберга, І. Юшкевіча ў Брэсце] / З. Дудзюк // Народная трыбуна. 1993. 19 чэрвеня.
  14. Запрашае «Арт-факт» : [пра выставу пінскіх мастакоў у Брэсце] // Народная трыбуна. 1993. 30 красавіка.
  15. Ровицкий, В. Событие? Пока только факт : [о выставке группы пинских художников «Арт-факт» в Пинском ГДК] / В. Ровицкий // Заря. 1992. 18 июня.
  16. Толкачёв, С. Не только о выставке : [о выставке группы художников «Арт-факт» — В. Сагановича, С. Жилевича, И. Шлосберга, Е. Кузнецова — в Пинском ГДК] / С. Толкачёв // Пiнскi веснiк. 1992. 13 чэрвеня.
  17. Толкачёв, С. Выставка, которая — открытие : [о первой выставке группы молодых художников «Арт-факт» в Пинском ГДК] // Полесская правда. Пинск, 1990. 16 мая.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1118 разоў