Серада, 21 Кастрычнік 2020 09:53

2020 г. — 155 гадоў з часу пабудовы Крыжаўзвіжанскай царквы ў аг. Бродніца (1865; Іванаўскі р-н), помніка драўлянага дойлідства

Царква Уздзвіжання Крыжа Гасподняга размешчана ў цэнтры аг. Бродніца Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1863 г. у дакуменце «Ведамасць цэркваў, на пабудову і папраўку якіх прадастаўляюцца акты і расцэнкі» згадваецца, што ў сяле Бродніца Пінскага павета неабходна пабудаваць царкву. Будынак узведзены з дрэва на каменным падмурку ў 1865 г. у асноўным за сродкі дзяржавы, якая вылучыла 4100 рублёў.

 

Храм у плане мае выгляд прадаўгаватага крыжа. Над асноўным аб’ёмам глухі купал, рантавы дах, аднаярусныя вокны, маюцца двое ўваходных дзвярэй. Званіца была пастаўлена асобна каля царквы. Унутраная плошча храма складала каля 20 сажаняў. Іканастас быў аднаярусны з пазалочанымі рамамі, карнізамі і разьбой. На ім размяшчаліся 8 абразоў розных памераў навейшага пісьма. У царкве мелася 8 святарскіх убранняў, у т. л. два з сярэбранай парчы, а таксама два Евангеллі і іншыя рэчы для набажэнстваў. У званіцы замацаваны тры званы: два па 2 пуды кожны, а самы вялікі важыў 3 пуды.

У царкоўным архіве на 1879 г. захаваліся метрычныя кнігі з 1791 г., спавядальныя спіскі — з 1842 г. Іншых дакументаў не было. Гэта дае падставу сцвярджаць, што, магчыма, у гэтай царквы была папярэдніца.

У 1879 г. у Бродніцы служыў настаяцелем святар Іларыён Юрашкевіч, які закончыў духоўную семінарыю, у святары пасвячоны ў 1875 г. Псаломшчыкам быў Якаў Шумаковіч, пасвячоны ў гэты царкоўны чын у 1847 г. Мелася царкоўнапрыходская школа, у якой займаліся 33 вучні.

Пад 1887 г. у «Памятнай кніжцы Мінскай епархіі» аб стане прыходу сяла Бродніца гаворыцца: «Крыжаўзвіжанская царква, драўляная, трывалая. У склад парафіі ўваходзяць вёскі: Юхновічы, Рылавічы, Сулавы, Сухое, Рудск, Рудкаўка. Вернікаў 959 мужчын і 975 жанчын». У Бродніцкім праваслаўным прыходзе налічвалася 7 могілак, на ўсіх устаноўлены капліцы.

У 1894 г. прыхаджане набылі 11-пудовы звон. У 1901 г. у склад прыхода ўваходзілі ўсе тыя ж шэсць вёсак, але прыхаджан мужчынскага полу было ўжо 1425 чалавек, а жаночага полу — 1369. Царкоўнай зямлі было 59 дзесяцін. З 1914 па 1923 г. у Бродніцкую гміну ўваходзілі акрамя Бродніцы вёскі Дубай, Махро і Ляхавічы.

У 1963 г. Бродніца ўваходзіла ў склад Пінскага раёна. Настаяцелем царквы быў святар Феадосій Іванавіч Багацька. У канцы 1960-х гг. маланкай была разбурана званіца, якая была адноўлена, але зроблена ніжэй ранейшай. У 1970-я гг. у храме быў зроблены роспіс. У 1980-я гг. у будынак царквы было праведзена ацяпленне.

Архітэктурныя асаблівасці: падоўжана-восевую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю храма складаюць 2-ярусныя чацверыковая званіца-прытвор, малітоўная зала (васьмярык на чацверыку), 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Шатры званіцы і 8-граннага барабана ўвенчаны макаўкамі. Адзінарныя і здвоеныя прамавугольныя аконныя праёмы аформлены фігурнымі ліштвамі, вылучанымі на гарызантальнай шалёўцы фасадаў. Уваход аформлены 2-слуповым ганкам пад 2-схільным пакрыццём.

Мастацкую каштоўнасць уяўляюць абразы ХІХ – пачатку ХХ ст.: «Архангел Гаўрыіл», «Прападобны Серафім», «Маці Божая з дзіцем», «Архангел Міхаіл», «Спас Пантакратар». Мастацкім рарытэтам з’яўляецца абраз 1712 г. «Маці Божая Адзігітрыя» (дошка, тэмперны жывапіс па ляўкасе, адноўлены ў 1865 г.).

У цяперашні час Крыжаўзвіжанская царква ўваходзіць у склад Іванаўскага благачыння Пінскай і Лунінецкай епархіі. 30 верасня — прыстольнае свята храма, на якое з’язджаюцца шмат вернікаў з усяго раёна. Настаяцель з 2004 г. — іерэй Анатоль Барташ.

Храм Уздзвіжання Святога Крыжа в. Бродніца Іванаўскага раёна — помнік народнага драўлянага дойлідства з рысамі класіцызму і рэтраспектыўна-рускага стылю прыцягвае ўвагу турыстаў. Унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Бродніцкая Крыжаўзвіжанская царква // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2010. Т. 2. С. 41–42.
  2. Бродницкая Крестовоздвиженская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 213214.
  3. Бродніца : [згадваецца Крыжаўзвіжанская царква] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3, кн. 1. С. 371–372.
  4. Царква ў гонар Уздзвіжання Крыжа Гасподняга, в. Бродніца (Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці) // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 52–53.
  5. Свята-Крыжаўзвіжанская царква : [в. Бродніца] // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедыяны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 26.
  6. Крестовоздвиженская церковь : [д. Бродница] / А. Н. Кулагин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 191.
  7. Крыжаўзвіжанская царква : [в. Бродніца] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 170.
  8. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск : БЕЛТА, 2009. – 684 с. : іл.
  9. Мароз, В. В. Драўляныя і сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу: Бродніца (Янаў, Янова). С. 7, 133, 179.
  10. Кресс, Д. Экскурсия по храмам / Диана Кресс // Янаўскі край. Iванава. 2019. 6 верасня. С. 4.
  11. Цвирко, В. 150 золотых маршрутов моей Беларуси : авторский проект художника, рестовратора, путешественника Владимира Цвирко / Владимир Цвирко // 7 дней. 2016. 29 декабря (№ 52). С. 24–25.
  12. Дулеба, Г. З гісторыі праваслаўных храмаў : [у в. Бродніца — царква Крыжаўздзвіжанская (1865)] / Г. Дулеба // Чырвоная звязда. Iванава. 2007. 12 студзеня. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 867 разоў