Пятніца, 26 Сакавік 2021 17:12

25 красавіка 2021 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Яфрэма Яўсеевіча Сакалова (1926), палітычнага і дзяржаўнага дзеяча, Героя Сацыялістычнай Працы

Яфрэм Яўсеевіч Сакалоў нарадзіўся 25 красавіка 1926 г. у вёсцы Равячына Горацкага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1944–1950 гг. служыў у Савецкай арміі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Затым працаваў шафёрам у вучэбна-вопытнай гаспадарцы БСГА. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1956).

 

З 1956 г. Яфрэм Сакалоў — галоўны аграном Плотніцкай МТС Столінскага раёна, у маі таго ж года назначаны дырэктарам Дружылавіцкай МТС Іванаўскага раёна. У сувязі з рэарганізацыяй МТС у 1958 г. працаваў начальнікам райсельгасінспекцыі. У 1958–1961 гг. — другі сакратар Іванаўскага райкама КПБ.

У 1961 г. Я. Я. Сакалоў скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС. Затым працаваў на цаліне ў Паўладарскай вобласці Казахскай ССР, з’яўляўся першым сакратаром Урлюцюбскага райкама КПСС, парторгам абкама КПСС па Жалязнінскаму тэрытарыяльнаму вытворчаму саўгасна-калгаснаму ўпраўленню, сакратаром парткама Жалязнінскага вытворчага саўгасна-калгаснага ўпраўлення.

У 1965 г. Яфрэм Сакалоў вярнуўся ў Беларусь, назначаны старшынёй Брэсцкага абкама прафсаюза рабочых і служачых сельскай гаспарадкі і нарыхтовак. У 1967 г. абраны першым сакратаром Іванаўскага райкама КПБ. Іванаўскаму раёну Яфрэм Яўсеевіч аддаў сем гадоў жыцця.

З 1969 г. Я. Я. Сакалоў у апараце ЦК КПБ: намеснік загадчыка, з 1975 г. загадчык сельскагаспадарчым аддзелам. З сакавіка 1977 па 28 лютага 1987 г. — першы сакратар Брэсцкага абкама КПБ. Пад яго кіраўніцтвам Брэсцкая вобласць узяла высокія рубяжы ў сваім развіцці. Актыўна праводзіўся курс на індустрыялізацыю сельскай гаспадаркі на аснове глыбокай спецыялізацыі і канцэнтрацыі. Будаваліся магутныя жывёлагадоўчыя комплексы, дарогi, меліяраваліся землі, развівалася сацыяльная інфрастуктура. За перадавым вопытам сюды прыязджалі з усіх куткоў Савецкага Саюза.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 18 красавіка 1986 г. за вялікую арганізацыйную і палітычную работу па мабілізацыі працоўных калектываў на выкананне планаў эканамічнага і сацыяльнага развіцця вобласці і датэрміновае завяршэнне заданняў ХI пяцігодкі Я. Я. Сакалову прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Серп і Молат».

У 1987–1990 гг. Я. Я. Сакалоў — першы сакратар ЦК КПБ. Гэта былі нялёгкія і неадназначныя гады перабудовы, але Яфрэм Яўсеевіч працаваў на будучыню краіны. У Савецкім Саюзе пачаўся эканамічны крызіс, але ў Беларусі прамысловасць і сельская гаспадарка развіваліся ўстойліва. Разбурэнне спажывецкага рынку тут адбылося пазней за іншыя рэспублікі СССР.

У Маскве Беларусь назвалі «савецкай Вандэяй», што азначала адсталую сялянскую глыбінку, не здольную да перамен. Я. Я. Сакалову ставілі ў віну марудныя тэмпы рэфармавання, што ўстаноўчая канферэнцыя Народнага фронту Беларусі прайшла ў Вільні, а не ў Мінску, што ў Віцебску не адкрылі музей мастака М. Шагала.

Член ЦК КПБ (1976–1987), член Бюро ЦК КПБ (1987–1990). Член ЦК КПСС (1986–1990), Палітбюро ЦК КПСС (1990–1991). Дэлегат ХХVI, ХХVII, ХХVIII з’ездаў КПСС, ХIХ Усесаюзнай канферэнцыі КПСС. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1976–1980; 1987–1990). Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 10-га і 11-га скліканняў. Народны дэпутат СССР (1987–1991).

З канца 1990 г. Я. Я. Сакалоў на пенсіі, але працягваў актыўна займацца грамадскай дзейнасцю. Член Прэзідыума Беларускага рэспубліканскага савета ветэранаў вайны і працы, Узброеных Сіл і праваахоўчых органаў.

2 лістапада 1996 г. прайшоў ХХХIII з’езд Камуністычнай партыі Беларусі, прысутнічалі 400 дэлегатаў. Старшынёй Вышэйшага савета партыі абраны Я. Я. Сакалоў, першым сакратаром ЦК — В. В. Чыкін. КПБ асноўнымі мэтамі ставіць арыентацыю на сацыялістычны шлях развіцця, аснаванага на прынцыпах калектывізму; выступае за ўладу народа, умацаванне беларускай дзяржаўнасці і аднаўленне на добраахвотнай аснове саюза народаў, якія раней уваходзілі ў склад СССР.

Я. Я. Сакалоў узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі (1967), трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971, 1973, 1982), медалямі, нагрудным знакам Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь «Ганаровы работнік юстыцыі Беларусі» (2006). 1 снежня 2009 г. яму прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Брэсцкай вобласці».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Сакалоў Яфрэм Яўсеевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 86.
  2. Соколов Ефрем Евсеевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 7. С. 21.
  3. Соколов Ефрем Евсеевич // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биогр. справ. Минск, 2014. С. 206–207.
  4. Соколов Ефрем Евсеевич / Э. А. Корнилович // Беларусь: созвездие политических имен : ист.-биогр. справ. / Э. А. Корнилович. Минск, 2009. С. 234.
  5. Соколов Ефрем Евсеевич // Гордость и слава Могилевщины. Могилев, 2005. С. 49.
  6. Сакалоў Яфрэм Яўсеевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 20014. Т. 6, кн. 1. С. 204.
  7. Сакалоў Яфрэм Яўсеевіч // Памяць. Горацкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Минск, 1996. С. 542.
  8. Соколов Ефрем Евсеевич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 590.
  9. Антонович, С. Ефрем Соколов : документальная повесть / Славомир Антонович // Судьба до востребования / Славомир Антонович. Минск, 2011. С. 7091.
  10. Иоффе, Э. Г. Ефрем Евсеевич Соколов / Э. Г. Иоффе // От Мясникова до Малофеева. Кто руководил БССР / Э. Г. Иоффе. Минск, 2008. С. 155–158.
  11. Очерки истории Брестской областной партийной организации. – Минск : Беларусь, 1989. – 448 с., [12] л. ил.
  12. Литвинович, Е. Родом из СССР : почетному гражданину Брестской области Ефрему Соколову исполнилось 90 лет / Евгений Литвинович // Заря. 2016. 26 апреля. С. 4.
  13. Ефрем Соколов: партийный и государственный деятель / записала Мария Горупа // Коммунист Беларуси. 2011. 23–30 апреля (№ 17). С. 7.
  14. Их именами можно называть улицы : [почётными гражданами Брестской области стали А. Кичкайло, Е. Соколов, П. Прокопович, В. Бедуля, П. Климук, Ю. Нестеренко// Брестская газета. 2009. 1117 декабря (№ 50). С. 2.
  15. Супрунюк, О. Звание и почести лучшим людям Брестчины : [почётными гражданами Брестской области стали А. Кичкайло, Е. Соколов, П. Прокопович, В. Бедуля, П. Климук, Ю. Нестеренко] / Олег Супрунюк // Брестский курьер. 2009. 10 декабря (№ 50). С. 2.
  16. Литвинович, Е. Почет областного масштаба : [почётными гражданами Брестской области стали А. Кичкайло, Е. Соколов, П. Прокопович, В. Бедуля, П. Климук, Ю. Нестеренко] / Евгений Литвинович // Заря. 2009. 3 декабря. С. 2.
  17. Сакалоў, Я. Я. Заключнае слова на ХХХI з’ездзе КПБ / Я. Я. Сакалоў // Звязда. 1990. 1 снежня.
  18. Сакалоў, Я. Я. Справаздача ЦК КПБ і задачы партыйных арганізацый рэспублікі ў новых умовах : даклад на ХХХI з’ездзе КПБ / Я. Я. Сакалоў // Звязда. 1990. 29 лістапада.
  19. Сакалоў, Я. Я. Выступленне на ХХVIII з’ездзе КПСС / Я. Я. Сакалоў // Звязда. 1990. 6 ліпеня.
  20. Время решений и дел : по просьбе редакции на вопросы отвечает первый секретарь ЦК КПБ Е. Е. Соколов // Советская Белоруссия. 1990. 18 апреля.
Чытаць 986 разоў