Панядзелак, 07 Люты 2022 09:47

2022 г. – 230 гадоў з часу пабудовы сінагогі ў г. Століне (1792), помніка іудзейскай рэлігійнай архітэктуры

У ХVIII ст. у мястэчку Столін Берасцейскага ваяводства (цяпер г. Столін Брэсцкай вобласці), пражывала больш за 400 яўрэяў, яны складалі амаль палову насельніцтва мястэчка. У 1792 г. у цэнтры мястэчка іудзейская абшчына (кагал) пабудавала сінагогу, якая з’яўлялася цэнтрам духоўнага і культурнага жыцця абшчыны.

 

Мураваны будынак ў плане блізкі да квадрата, вуглы з паўночна-заходняга боку злёгку скошаны. Кампактны двухсветлавы аб’ём накрыты вальмавым дахам з невялікім трохвугольным франтонам над ўсходняй сцяной. Фасады расчлянёны на два ярусы гарызантальным паясом і завершаны прафіліраваным карнізам. Ваконныя праёмы ніжняга яруса лучковыя, верхнега – з паўцыркулярным завяршэннем, аформлены сандрыкамі і раздзелены спаранымі пілястрамі.

Унутры прастора расчлянёна на тры нефы з шасцю круглымі калонамі, якія звязаны лучковымі аркамі. Пры ўваходзе з паўднёва-заходняга боку існаваў другі ярус для жанчын. Сцены дэкараваны ў ніжнім ярусе спаранымі паўкалонамі, у верхнім – адзіночнымі пілястрамі, а таксама фрэскавым жывапісам, які імітуе архітэктурную пластыку: канелюры, фрыз, філёнкі, нішы. З паўночна-заходняга боку размешчаны тры ўваходы. Будынак не ацяпляўся.

У Столін перамясціўся цэнтр хасідызму з пінскага прадмесця Каралін, сюды перахаў сын Аарона І Вялікага Карлінскага Ошэр. З таго часу палеская галіна хасідызму стала называцца каралін-столінскай. Аарон Вялікі і Ошэр Столінскі сталі раданачальнікамі знакамітай дынастыі каралін-столінскіх цадзікаў (духоўных правадыроў хасідаў). Прапаведнікі-цадзікі карысталіся неабмежаваным аўтарытэтам. Цадзік быў вярхоўным суддзёй як у рэлігійных, так і ў грамадскіх справах. Яўрэі ішлі да яго за парадай з самых аддаленых мясцін.

У ХІХ ст. у Століне ажывіліся рамёствы і гандаль, дамы паспяховых купцоў упрыгожылі цэнтр мястэчка. З-за пажараў будынак сінагогі неаднаразова рамантавалі. У час пажару 1827 г. згарэла біма (кафедра ў цэнтры залы) і сорак світкаў Торы ў сярэбраных футлярах. У 1847 г. яўрэйская абшчына налічвала каля 800 чалавек, а ў канцы ХІХ ст. – амаль 2500. У Століне працавалі яўрэйскія школы Перлава, Касоўскага і Фрэйнкеля, тры малельныя дамы, міквы.

Значэнне Столінскай сінагогі, якая вядома як Вялікая Белая сінагога, у духоўным і культурным жыцці горада цяжка пераацаніць. Столінская абшчына славілася не толькі вялікімі цадзікамі, але і асаблівай музыкальнасцю. Музыканты выдатна перадавалі традыцыйныя для ўсходнееўрапейскага яўрэйства фальклорныя матывы – клезмер.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР некалькі актыўных дзеячаў сіянісцкіх арганізацый і іх сямей былі рэпрэсіраваны, выселены ў аддаленыя вобласці Расіі.

Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Століне пражывалі 8500 яўрэяў, да іх дабавіліся бежанцы з акупаванай Польшчы. У Вялікую Айчынную вайну расстрэлы мірнага насельніцтва пачаліся з першых дзён акупацыі. Ранняй вясной 1942 г. немцы стварылі яўрэйскае гета. Вязняў трымалі ў цеснаце, штодзённа людзі паміралі ад холаду, голаду і хвароб. Праводзячы палітыку генацыду, нямецка-фашысцкія акупанты знішчылі практычна ўсё яўрэйскае насельніцтва на тэрыторыі Столінскага раёна. 11–12 верасня 1942 г. усе вязні гета (каля 8 тыс.) былі расстраляны ў Стасінскім лесе. У 1960 г. на месцы іх гібелі ўстаноўлены абелiск, у 1993 г. – новы помнiк, у 2021 г. увесь мемарыял адноўлены.

Толькі некалькі чалавек з гета выратаваліся, іх мясцовыя жыхары хавалі некалькі месяцаў, дапамаглі перабрацца да партызан. У 1979 г. Францыск Смарцэўскі, Сцяпан і Агаф’я Мазоль былі ўдастоены ганаровага звання «Праведник народов мира».

Столінская сінагога як культавая ўстанова спыніла сваё існаванне ў сувязі з фактычным спыненнем існавання абшчыны. Храм страціў сваё прызначэнне і пасля вайны рознымi арганiзацыямi выкарыстоўваўся як склад. З цягам часу будынак прыйшоў у поўнае запусценне.

Дасюль захаваліся некалькі будынкаў іудзейскай абшчыны: каменны дом (вул. Камсамольская, 1); каменны будынак (толькі цокальны паверх) яўрэйскай школы (вул. Тэльмана, 3); двухпавярховы дом цадзіка, пабудаваны ў канцы ХІХ ст., мясцовыя жыхары называюць яго «домам равіна» (вул. Пінская, 4).

Першыя парасткі адраджэння іудаізму на Століншчыне прабіліся ў канцы 1990-х гг. У 1999–2000 гг. былі арганізацыйна аформлены яўрэйскія свецкія і рэлігійныя арганізацыі. 24 верасня 2000 г. быў праведзены Дзень памяці ахвяр фашызму з выездам на месца масавых расстрэлаў ва ўрочышча Стасіна. Кожны год у Стасіна адбываецца мітынг-рэквіем.

Столінская сінагога – самы старажытны цагляны будынак з ліку тых, што захаваліся на Століншчыне. Помнік архітэктуры пераходнага перыяду ад барока да класіцызму ўключаны ў Спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Рыхтуецца неабходная тэхнічная дакументацыя для правядзення капітальнага рамонту будынка сінагогі і дабраўпарадкавання тэрыторыі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Габрусь, Т. В. Синагога : [г. Столин] / Т. В. Габрусь // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 382.
  2. Сінагога : [г. Столін] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобалсць. Мінск, 1984. С. 342.
  3. Лакотка, А. І. Сінагогі / А. І. Лакотка // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 392–393.
  4. Гарчанка, Л. К. Адраджэнне рэлігіі : [у т. л. адраджэнне іудаізму на Століншчыне ў 1990-х гг.] / Л. К. Гарчанка // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 566–571.
  5. Акулич, М. В. Столин и евреи / Маргарита Акулич. – [Б. м.] : Издательские решения, 2019. – 103, [4] с. : ил.
  6. Локотко, А. И. Архитектура европейских синагог / А. И. Локотко. – Минск : Ураджай, 2002. – 156 с. : ил.Из содерж.: [Синагога в Столине]. С. 81–82.
  7. Шэлехаў, М. У. Давыд-Гарадок. Час і людзі / Міхаіл Уладзіміравіч Шэлехаў. – Брэст, 2000. – 304 с., [8] л. іл. – Са зместу: [Столінская сінагога]. С. 260.
  8. Гребенников, О. Никогда не забудем : [о митинге памяти жертв фашизма в урочище Стасино у г. Столина] / Олег Гребенников // Заря. 2021. 6 ноября. С. 4.
  9. Грэчка, I. Каб годна сустрэць юбiлей : [пра руіны сінагогі ў г. Століне] / Iгар Грэчка // Краязнаўчая газета. 2005. № 29. С. 1.
  10. Мiрановiч, В. «Пакуль жыве памяць – народ мае будучыню» : [дзень памяці ахвяр яўрэйскага гета ў Століне] / Валянціна Мiрановiч // Навiны Палесся. Столiн, 2002. 13 верасня.
  11. Жылевiч, У. Дарога да храма : [пра сінагогу ў Століне] / Уладзімір Жылевiч // Навiны Палесся. Столiн, 2001. 9 чэрвеня.
  12. Константинов, А. Боль урочища «Стасино»: [день памяти расстрелянных фашистами евреев в г. Столине] / А. Константинов // Заря. 2000. 21 сентября.
  13. Ильенков, В. Хасиды. Здесь они жили... / Вячеслав Ильенков // Вечерний Столин. 2000. 25 марта.
  14. [Рэшткі сінагогі ў Століне : фота] // Этнафорум. 2000. № 1. Вокладка.
  15. Прэзентацыя арганiзацыi : [аб прэзентацыi яўрэйскай абшчыны «Мост» у Столінскім ГДК] // Навiны Палесся. Столiн, 1999. 3 лiстапада.
  16. Лакотка, А. Яўрэйскія бажніцы : [у т. л. Столінская сінагога] / Аляксандр Лакотка // Беларуская мінуўшчына. 1997. № 5. С. 63–65.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 653 разоў Апошняя змена Панядзелак, 07 Люты 2022 09:52