Аўторак, 09 Студзень 2024 16:18

2024 г. — 230 гадоў з пачатку дзейнасці Косаўскіх суконных прадпрыемстваў (Івацэвіцкі р-н; 1794–1914)

Вядучай галіной прамысловасці Беларусі ў першай палове ХІХ ст. заставалася суконная. У цыркуляры міністра ўнутраных спраў за 1808 г. указвалася на неабходнасць павелічэння колькасці суконных мануфактур у беларускіх губернях. З мэтай заахвочвання стваральнікам суконных прадпрыемстваў даваліся дзяржаўныя пазыкі, аказвалася дапамога ў найме працоўнай сілы. Суконныя прадпрыемствы былі пастаўшчыкамі сукна для арміі,урад быў зацікаўлены ў іх развіцці.

Суконныя прадпрыемствы былі ў асноўным сканцэнтраваны ў Гродзенскай губерні. Існавалі такія прадпрыемствы і ў мястэчку Косава Слонімскага павета (цяпер Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Вядома, што першае суконнае прадпрыемства заснавалі ў 1794 г. купцы – браты Пінесы. Аб’ём вытворчасці дасягаў 130 тысяч рублёў у год. З 1830 г. у Косава вытворчасцю коўдраў займаўся Мордух Пінес. Амаль трыццаць гадоў Пінесы пастаўлялі прадукцыю ва ўнутраныя губерні Расіі.

У 1813 г. граф Замойскi, уладальнік фальварка Альба пры мястэчку Косава, заклаў суконную фабрыку на 13 станках. Вотчынная суконная мануфактура ў Косаве, якая адкрылася ў 1825 г., існавала да 1855 г.

З пачатку ХIХ ст. уладальнікам маёнтка Марачоўшчына (17 вёсак і мястэчка Косава) стаў Войцех Пуслоўскі (1762–1833), маршалак слонімскі (1797–1816), правадзейны стацкі саветнік (1810), актыўны прадпрымальнік. Свае даходы Войцех Пуслоўскі атрымліваў галоўным чынам праз закладку, будаўніцтва і развіццё прамысловых мануфактур, прыцягваючы да вытворчасці мясцовых жыхароў.

Войцэх Пуслоўскі значна развіў Косава, былі пабудаваны цагельня, гута, бровар, чатыры млыны. Тут ён пабудаваў суконную фабрыку, дзе ўпершыню на тэрыторыі сучаснай Беларусі быў прыменены паравы рухавік (1825). Выраблялі модную тканіну, дываны, сукно. У 1815 г. на суконнай фабрыцы працавала 115 рабочых, у тым ліку 65 жанчын. Патрэбную сыравіну – воўну закупалі ў памешчыкаў Гродзенскай і Полацкай губерній, а самую лепшую і найтонкую воўну – у Польшчы. Пасля смерці Войцеха Пуслоўскага яго справу працягваў сын Вандалін Пуслоўскі (1814–1884), па ініцыятыве якога ў Косава пабудаваны палац у неагатычным стылі.

Калі на пачатку да працы на суконнай фабрыцы прыцягваліся толькі прыгонныя сяляне, то пасля ў Косава пачала складвацца і праслойка майстроў, рабочых, якія жылі ўжо з фабрычных заробкаў.

У хуткім часе па прыкладу В. Пуслоўскага і дзякуючы яго дазволу мешчанін яўрэйскага паходжання Сімха Ясентоўскі будуе сваю суконную фабрыку ў фальварку Альба. С. Ясентоўскі ў 1828 г. наняў на сваю фабрыку аж 146 рабочых. Для паскарэння справы ўсталяваў набытую ў Санкт-Пецярбургу паравую машыну. Выраблялі сукна, якое было запатрабавана для гвардзейскага корпуса, цёмна-зялёнага, светла-шэрага і аліўкавага колераў 790 кавалкаў, у іх 18 090 аршын. Болей за палову гэтай колькасці прададзена на месцы і пайшло на свае патрэбы. Матэрыялы: воўна – частка ўласная, а частка з Гродзенскай губерні, фарбавальныя матэрыялы набывалі ў Рыме. У 1834 г. фабрыка С. Ясеноўскага згарэла, пакінуўшы суконнымі манапалістамі Пуслоўскіх і братоў Пінесаў.

У 1855 г. суконная фабрыка Пуслоўскіх перайшла ва ўласнасць купцоў Пінесаў. Выраблялі сукно рознае, каля 15 тысяч коўдраў у год. Рабочым плацілі па 20–30 капеек за дзень, майстру – да 8 рублёў у месяц. Браты Пінесы пабудавалі мураваныя будынкі коўдраткацкай фабрыкі, што часткова захаваліся і да сённяшняга дня. У 1885 г. у Косава была заснавана яшчэ адна суконная мануфактура, якая ў 1896 г. выпусціла тавараў на 25 тысяч рублёў, на якой працавалі 50 рабочых. У 1913 г. на фабрыцы коўдр працавалі 40 чалавек.

Пасля польскага паўстання 1830–1831 гг. улады ўвялі мытны рэжым ў гандлі паміж Царствам Польскім і астатняй імперыяй. Гэта абумовіла росквіт суконнай прамысловасці, бо фабрыканты атрымалі перавагу над польскімі канкурэнтамі. У 1850 г. мытная мяжа была скасавана, у 1870-х гг. у Еўропу і Расійскую імперыю прыйшла танная аўстралійская воўна, што стала праблемай для прадпрымальнікаў, суконныя фабрыкі Гродзеншчыны паступова пачалі прыходзіць у заняпад.

Першая сусветная вайна прывяла да ўпадку і разрухі гаспадаркі Расійскай імперыі і рэзка пагоршыла палажэнне працоўных. З 18 ліпеня 1914 г. беларускія губерні былі аб’яўлены на ваенным становішчы. Многія прамысловыя прадпрыемствы з-за адсутнасці сыравіны, кваліфікаваных рабочых, паліва спынілі сваю вытворчасць. Такая ж доля напаткала і Косаўскія суконныя прадпрыемствы: мястэчка было акупіравана кайзераўскімі войскамі з лета 1915 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Маслоўскі Сяргей Віктаравіч, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 

  1. Косаўскія суконныя прадпрыемствы // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 429.
  2. Коссовские суконные предприятия // Республика Беларусь: энциклопедия: в 7 т. Минск, 2007. Т. 4. С. 237.
  3. Косава // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С.483485.
  4. Банасевіч, М. У складзеРасійскай імперыі / М. Банасевіч, П. Сітнік // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мiнск, 1997. С. 49.
  5. З гісторыі населенных пунктаў раёна // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мiнск, 1997. С. 484.
  6. Зайка, А. Косава / Алесь Зайка // Населеныя пункты Івацэвіччыны / Алесь Зайка. Пінск, 2012. С. 183–184.
  7. Зайка, А. Альба / Алесь Зайка // Населеныя пункты Івацэвіччыны / Алесь Зайка. Пінск, 2012. С. 13–14.
  8. Зайка, А. Наш радавод / Алесь Зайка // Крыніцы і вытокі : нарысы з гісторыі і культуры Івацэвіччыны / Алесь Зайка. Брэст, 2019. С. 94.
  9. Болбас, М. Ф. Промышленность Белоруссии. 18601900 / М.Ф.Болбас. Минск : БГУ, 1978. – 312 с.
  10. Болбас, М.Ф. Развитие промышленности Белоруссии (17951861 гг.) / М. Ф. Болбас. – Минск: Наука и техника, 1966. – 256 с.
  11. Ващило, С. Энергия пара на службе первых фабрик : [о развитии суконной промышленности в первой половине ХIХ в.] / Светлана Ващило // Энергетика Беларуси. 2022. 14 марта (№ 5). С. 8.
  12. Данілевіч, А. Пуслоўскі. Першы капіталіст Беларусі / А. Даніловіч // Наша гісторыя. 2019. № 2. С. 4447.
  13. Селицкая, Л. Розы для графини Пусловской / Людмила Селицкая // Народная газета. 2000. 6 кастрычника. С. 12.
  14. Шэляговіч, В. Косава і ваколіцы : малы гарадок з вялікай гісторыяй / Вольга Шэляговіч // Івацэвіцкі веснік. 2016. 9 жніўня. С. 4–5.
  15. Мароз, В. Шляхецкі род Пуслоўскіх / Вікенцій Мароз // Івацэвіцкі веснік. 2014. 14 сакавіка. С. 5.
  16. Волчык, М. Палац Пуслоўскіх: мінулае і сучаснасць / Мікалай Волчык, Святаслаў Кажадуб // Івацэвіцкі веснік. 2014. 14 сакавіка. С. 5.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 355 разоў