Панядзелак, 28 Кастрычнік 2024 14:47

2024 г. –—85 гадоў з часу заснавання рачнога порта Пінск (1939), філіяла Рэспубліканскага транспартнага ўнітарнага прадпрыемства «Беларускае рачное параходства»

Translator
 
 
 

Адзін са старажытных гарадоў Беларусі Пінск знаходзіўся на знакамітым шляху «из варяг в греки». Размешчаны на рацэ Піна, якая паблізу ўпадае ў раку Прыпяць — галоўную артэрыю Беларускага Палесся — меў сваю прыстань здаўна. Дзякуючы воднаму транспарту жыццё ў горадзе кіпела.

У верасні 1939 г. Заходняя Беларусь уз'ядналася з БССР у адзіную сацыялістычную дзяржаву. У Пінску стала хутка развівацца прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва. Рачны транспарт заняў важную ролю ў перавозках мінеральна-будаўнічых матэрыялаў для будаўнікоў. З першых дзён аднаўлення Савецкай улады ў Пінску было створана Заходняе рачное параходства і арганізавана прыстань Пінск. Пачалі паступаць грузы для аднаўлення народнай гаспадаркі Заходняй Беларусі. У гэты ж час была пастаўлена задача злучыць водным шляхам абласныя гарады Пінск і Брэст.

Вялікая Айчынная вайна нанесла гандлёваму флоту і рачной інфраструктуры вялізную шкоду, але на працягу першай пасляваеннай пяцігодкі гаспадарка была адноўлена. У кароткі тэрмін быў адрамантаваны Дняпроўска-Бугскі канал. Ужо вясной 1945 г. пачалася навігацыя па водных магістралях Пінскай вобласці. 5 красавіка ў першы рэйс выйшаў пасажырскі параход «Партизан Бумажков», які з Пінскам звязваў Давыд-Гарадок і Тураў.

У 1950-я гг. флот папоўніўся суднамі новай канструкцыі, а прыстань — больш магутнай грузапад'ёмнай тэхнікай. Разам з навукова-тэхнічным прагрэсам узрастала прадукцыйнасць працы, увесь час павялічваліся перавозкі грузаў для развицця прамысловасці Пінска і раёнаў, прылеглых да водных шляхоў. У 1975 г. прыстань Пінск была перайменавана ў Пінскі рачны порт.

Новы порт Пінск быў пабудаваны ў 1986 г. на левым беразе ракі Піна на адлегласці 2 км ад рысы горада. Порт быў абсталяваны новай тэхнікай і судамі найноўшай канструкцыі. Перапрацоўка грузаў у навігацыю 1987 г. адразу ўзрасла на 26 % у параўнанні з папярэднім годам і дасягнула 2436,1 тыс. т, а ў навігацыю 1988 г. яна павялічылася яшчэ на 27 % у параўнанні з папярэднім годам і дасягнула 3092,8 тыс. т, што ў 36 разоў перавысіла перапрацоўку грузаў у 1946 г. (86,1 тыс. т). Павелічэнне перапрацоўкі грузаў павялічвалася з кожным годам да распаду СССР.

Цяпер рачны порт Пінск — філіял Рэспубліканскага транспартнага ўнітарнага прадпрыемства «Беларускае рачное параходства». Тэрыторыя порта Пінск складае 14,9 га. Акваторыя ўяўляе сабой штучна выкапаную затоку (коўш) глыбінёй каля 3,5 м, прычальным фронтам даўжынёй 346 м. Устаноўлены партальныя краны грузападымальнасцю 10 т. На тэрыторыі порта размешчаны адміністрацыйна-бытавы корпус, рамонтныя майстэрні, склады, гаражы і іншыя, неабходныя для працы аб'екты. Для выканання транспартнай работы порт мае: пасажырскі цеплаход праекта Р–51Э, 7 буксірных цеплаходаў, 17 адзінак несамаходнага флоту, земмашыну, 2 плаўкраны.

Асноўнымі відамі дзейнасці рачнога порта з'яўляюцца перавозка грузаў і пасажыраў унутраным водным транспартам, транспартная апрацоўка грузаў. Работа порта накіравана на задавальненне патрэб эканомікі і насельніцтва ў перавозцы грузаў і пасажыраў па ўнутраных водных шляхах. Для гэтага рачны порт ажыццяўляе: транзітныя перавозкі грузаў (перавозкі друзу, адсеву РУВП «Граніт»); мясцовыя перавозкі грузаў (будаўнічы пясок); пасажырскія перавозкі. Пінск — адзін з нямногіх гарадоў Беларусі, дзе захаваліся рачныя пасажырскія перавозкі. Бела-блакітны рачны вакзал у Пінску — узор палескай драўлянай архітэктуры. Кожную вясну яго буксіруюць да прыстані, а на зіму прымаюць. Цеплаход «Пінск» рэгулярна здзяйсняе прагулачныя маршруты.

Шэраг работнікаў порта адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі. Званне «Заслужаны работнік транспарту» атрымалі Сцяпан Яфімавіч Сачкоўскі (1967), Мікалай Рыгоравіч Барысаў (1981). Цяпер начальнік порта — Уладзімір Мікалаевіч Дзяканчук. 20 верасня 2024 г. у сувязі з 85-годдзем рачнога порта Пінск ушанавалі працоўны калектыў, ветэранаў працы прадпрыемства, узнагародзілі лепшых работнікаў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.

Пінскай гарадской цэнтральнай бібліятэкай.

Літвінчык В. К.,

бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Говоровский, Б. И.Водный внутренний транспорт / Б. И. Говоровский // Регионы Беларуси : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 241–242.
  2. Септилко, Ю. И. Водный внутренний транспорт / Ю. И. Септилко // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 2. С. 747–748.
  3. Филиал РТУП «Белорусское речное пароходство» Речной порт Пинск // Пинск : 925 лет / [главный редактор В. Шпарло ; авторы текста Т. Шеламова и др. ; фото: А. Рыбачук, П. Куницкий, В. Пошелюк]. Брест : РИА «Вечерний Брест», 2022. С. 97.
  4. Урбанович, И. 85 лет здесь перевозят грузы и пассажиров / Инна Урбанович // Пінскі веснік. 2024. 27 верасня (№ 39). С. 5.
  5. Орлова, О. Припять — душа, надежда и хлеб : [с начала навигационного сезона речники порта Пинск перевезли более 25 тыс. т грузов] / Ольга Орлова // Транспортный вестник. 2024. 4 июля (№ 25). С. 4–5.
  6. Орлова, О.Курс — на Микашевичи : [о работе речного порта Пинск] / Ольга Орлова // Транспортный вестник. 2024. 11 апреля (№ 14). С. 5.
  7. Орлова, О.На волнах почтовых : [о церемонии гашения почтовых марок и конвертов серии «Водный транспорт Беларуси» в г. Пинске] / Ольга Орлова // Транспортный вестник. 2023. 13 июля (№ 26). С. 3.
  8. Орлова, О. Два капитана : [о бывшем и нынешнем капитанах пассажирского теплохода «Пинск» В. В. Гацевиче и С. А. Кузнецове] / Ольга Орлова // Транспортный вестник. 2023. 29 июня (№ 24). С. 7
  9. Строцкая, Г.На речной волне: [о работе речного порта Пинск] / Галина Строцкая // Беларускі час. 2022. 1 ліпеня (№ 26). С. 14.
  10. Орлова, О.Пока река глубока... : [о работе речного порта Пинск] / Ольга Орлова // Транспортный вестник. 2022. 2 июня (№ 22). С. 13.
  11. Митюков,А.Скованные одной льдиной : [о работе в зимний период Брестского и Пинского речных портов] / Александр Митюков // Транспортный вестник. 2021. 28 января (№ 4). С. 4.
  12. Митюков, А. Все вернется... : [о работе речного порта Пинск] / Александр Митюков // Транспортный вестник. 2021. 1 июля (№ 26). С. 11.
  13. Шчарбакова, Т.Трэба вяртацца да сваіх каранёў : [пра В. Гапцэвіча, матарыста, у мінулым капітана цеплахода «Віцебск»] / Тамара Шчарбакова // Пінскі веснік. 2020. 4 верасня. С. 3.
  14. Милевская, Н.Векторы развития речного транспорта : [в Пинске состоялось совещание с участием министра транспорта и коммуникаций А. Авраменко по актуальным вопросам работы транспорта страны] / Наталья Милевская // Полесская правда. Пинск, 2020. 18 июля. С. 1.
  15. Лосич, П. Припять как судьба : [о капитане буксира Пинского речного порта А. И. Бращуке] / Павел Лосич // СБ. Беларусь сегодня. 2020. 3 июня. С. 8.
  16. Щербакова, Т. Рейс длиною в 40 лет : [свой юбилей отметил пассажирский теплоход «Витебск», известный сегодня как «Пинск», Пинского речного порта] / Тамара Щербакова // Транспортный вестник. 2019. 10 октября (№ 41). С. 6.
  17. Дьякончук, В. Н.В гавани тишины не предвидится: [директор речного порта Пинск по случаю 80-летнего юбилея речной гавани] / В. Н. Дьякончук;беседовала Тамара Щербакова // Пінскі веснік. 2019. 27 верасня. С. 10.
  18. Гацевич, В. В.Рейс длиною в сорок лет: [о юбилее теплохода «Витебск»–«Пинск» воспоминаниями делится ветеран речного флота В. В. Гацевич] / В. В. Гацевич ;записала Тамара Щербакова //Пінскі веснік.2019. 3 жніўня. С. 2.
  19. Мартынюк, М. Лето! Речник, торжествуя... : [о работе речного порта г. Пинска] / Марта Мартынюк // Транспортный вестник. 2017. 29 июня (№ 26). С. 4.
  20. Никитина, В. Удар ниже ватерлинии : [о работе речного порта г. Пинска] / Вероника Никитина // Рэспубліка. 2017. 2 чэрвеня. С. 6–7.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 30 разоў