У 1936 г. Аляксандр пайшоў у Чахецкую пачатковую школу, у якой выкладанне вялося на польскай мове. Калі ў 1944 г. вёску вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, закончыў 7 класаў рускай школы. У 1950 г. закончыў сярэднюю школу ў г. Пружаны. У 1950 г. Аляксандр Булавіцкі працаваў настаўнікам Галенскай сямігадовай школы Шарашэўскага сельсавета. Потым была тэрміновая служба ў Савецкай арміі ў дэсантных войсках (Іркуцк, 1951–1953).
У 1954–1966 гг. А. М. Булавіцкі працаваў інструктарам Пружанскага райкама ЛКСМБ, Брэсцкага абкама ЛКСМБ, першым сакратаром Шарашэўскага і Кобрынскага райвыканкамаў ЛКСМБ, быў старшынёй калгаса «Запаветы Ільіча» Кобрынскага раёна. У 1961 г. закончыў вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ.
Два гады — з 1966-га па 1968-ты — А. М. Булавіцкі з’яўляўся старшынёй Кобрынскага райвыканкама. За гэты час у раёне шмат будавалася: аптэка ў в. Гарадзец, новы будынак райвыканкама і іншыя аб’екты.
Большая частка жыцця Аляксандра Булавіцкага звязана з сельскай гаспадаркай, праблемамі і клопатамі сялянства. З 1968 г. Аляксандр Мікалаевіч — старшыня калгаса «Сцяг Перамогі» Кобрынскага раёна. У гэты час прыйшлося займацца будаўніцтвам малочнага комплексу на 1200 галоў буйной рагатай жывёлы, былі заасфальтаваны дарогі, праведзены газ. Запомнілася правядзенне рэспубліканскай нарады з удзелам першага сакратара ЦК КПБ П. М. Машэрава.
З 1981 г. Аляксандр Мікалаевіч прызначаны старшынёй Гарадзецкага міжгаспадарчага аб’яднання. У 1982–1994 гг. — старшыня калгаса-камбіната імя Ф. Э. Дзяржынскага, буйнейшай сельскагаспадарчай арганізацыі Кобрыншчыны (з 2004 г. — ААТ «Гарадзец-Агра»). У 1982 г. да калгаса імя Дзяржынскага былі далучаны калгасы «Шлях Леніна» і «Бальшавік», яшчэ праз два гады — калгас «Іскра». Нягледзячы на такую велізарную інфраструктуру, у старшыні калгаса атрымлівалася кіраваць ёй і дасягаць пры гэтым выдатных вынікаў. У в. Гарадзец у 1984 г. быў пабудаваны комплекс на 10 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Раслі даходы калгаснікаў, амаль ва ўсіх вёсках гаспадаркі быў пракладзены асфальт, праведзены газ.
А. М. Булавіцкі шмат займаўся грамадскай працай. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР ХI склікання ў 1985–1990 гг., выбіраўся дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета депутатаў. Быў выбраны першым старшынёй Брэсцкага абласнога савета калгасаў.
Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, іншымі ўзнагародамі. За высокія дасягненні калгаса-камбіната імя Дзяржынскага ўзнагароджаны бронзавым і сярэбраным медалямі ВДНГ, знакамі «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва» ў 1973 і 1974 гг., «Ударнік пяцігодкі», граматамі Вярхоўнага Савета БССР.
Аляксандр Мікалаевіч Булавіцкі пайшоў з жыцця 21 лістапада 2012 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.
Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай.
Курачук Святлана Дзмітрыеўна,
бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі
- Булавицкий Александр Николаевич // Кто есть Кто в Республике Беларусь. Минск, 2005. Т. 2. С. 49.
- Булавіцкі Аляксандр Мікалаевіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 450.
- Буловицкий, А. Откорм скота на собственных кормах : [выступление на семинаре председателей колхозов] / А. Буловицкий // АПК: курсом ускорения. Минск, 1988. С. 130–133.
- Булавіцкі Аляксандр Мікалаевіч // Па працы – пашана : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 36–37.
- 95 гадоў з дня нараджэння А. М. Булавіцкага (1929) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская РЦБС, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 117.
- Сацук, А. З надзеяй на рэзервы : [калгас-камбінат імя Дзяржынскага Кобрынскага раёна, старшыня якога А. М. Булавіцкі] / А. Сацук // Кобрынскі веснік. 1994. 30 лістапада. С. 2.
- Речь депутата А. Н. Буловицкого : [на VII сессии Верховного Совета БССР о развитии колхоза им. Дзержинского Кобринского района] // Заря. 987. 4 ноября.
- Гловацкий, А. В начале пути : [колхоз-комбинат им. Дзержинского Кобринского района, председатель колхоза А. Буловицкий] / А. Гловацкий // Заря. 1985. 22 октября.
- Сацук, А. Вывучаюць інтэнсіўную тэхналогію : [пра раённы семінар па вырошчванні азімых збожжавых культур у калгасе-камбінаце імя Дзяржынскага] / А. Сацук // Камуністычная праца. Кобрын, 1985. 10 жніўня.
- Булавіцкі Аляксандр Мікалаевіч – старшыня калгаса-камбіната імя Дзяржынскага – кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР // Камуністычная праца. Кобрын. 1985. 23 лютага.
- Лебедев, Н. Комплекс – в строю! : [животноводческий комплекс на 10 тыс. голов построен в колхозе им. Дзержинского Кобринского района] / Н. Лебедев // Заря. 1984. 11 августа.
- Булавіцкі, А. М. Патрабавальнасць – рыса партыйная / А. М. Булавіцкі ; вёў інтэрв’ю В. Бурдыка // Камуністычная праца. Кобрын, 1985. 9 лютага.
- Булавіцкі, А. Улічваючы магчымасці : [калгас «Сцяг Перамогі» Кобрынскага раёна] / А. Булавіцкі // Камуністычная праца. Кобрын, 1976. 4 верасня.