Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 17 Красавік 2025 11:34

14 верасня 2024 г. — 20 гадоў з дня зацвярджэння афіцыйных геральдычных сімвалаў Брэсцкай вобласці — герба і флага (2004)

Пачатак вялікай сістэмнай рабоце па аднаўленню гістарычных і стварэнню новых гербаў Брэсцкай вобласці быў пакладзены рашэннем Брэсцкага аблвыканкама № 121 ад 9 лютага 1998 г. Для стварэння герба і флага Брэсцкай вобласці была створана рабочая камісія па геральдыцы пры каардынацыйным савеце аблвыканкама па ахове матэрыяльнай і духоўнай спадчыны на чале з І. І. Карватам.

У сакавіку 2002 г. быў аб’яўлены конкурс на лепшы праект герба Брэсцкай вобласці. Праекты былі разгледжаны і адобраны на пасяджэнні камісіі 15 кастрычніка 2002 г. Брэсцкі аблвыканкам у 2002 г. зацвердзіў эталон выявы герба Брэсцкай вобласці, пасля чаго прадставіў сімволіку рэгіёна для зацвярджэння ў Дзяржаўную геральдычную службу Рэспублікі Беларусь.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 446 ад 14 верасня 2004 г. былі зацверджаны герб і флаг Брэсцкай вобласці. Зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 10 лістапада 2004 г. пад № Б-15 і № Б-16.

Тэрытарыяльны герб увасабляе права тэрыторыі на вызначаны ўзровень самакіравання, так як Дзяржаўны герб і флаг выражае ідэю дзяржаўнага суверэнітэта. Тэрытарыяльны герб і флаг — гэта знак адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі альбо гістарычнай вобласці ў складзе дзяржавы. Герб і флаг — уласнасць Брэсцкай вобласці, правам распараджэння якой валодае Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт.

Герб Брэсцкай вобласці мае форму барочнага шчыта, ніжняя частка якога выкананая ў чырвоным колеры і завяршаецца формай абарончага будынка. У цэнтры чырвонага поля шчыта размешчаны залаты зубр. Верхняя частка шчыта — блакітнага колеру.

У гербе знайшлі адлюстраванне важныя гістарычныя падзеі мінулага і прыроднае багацце краю. Зубчатае дзяленне ў стылізаванай форме перадае контуры Камянецкай вежы, унікальнага помніка ваеннага дойлідства ХIII ст., і сімвалізуе гераічнае мінулае народа, сувязь часоў.

На тэрыторыі вобласці размешчаны прыродаахоўны запаведнік Белавежская пушча, у якім шмат прадстаўнікоў жывёльнага свету, многія з якіх занесены ў Чырвоную кнігу. Адным з найболей каштоўных жывёл з’яўляецца самы буйны прадстаўнік фаўны на тэрыторыі Беларусі — зубр. Залаты колер зубра на гербе азначае багацце, моц, чысціню і пастаянства.

Шчыт герба мае так званую барочную форму, якая характэрна для заходнееўрапейскай геральдыкі ХVI–ХVII стст. У беларускай сучаснай тэрытарыяльнай геральдыцы такі шчыт прымяняецца для адроджаных гербаў перыяду Вялікага Княства Літоўскага. Такі ж шчыт маюць сучасныя гербы Брэста, Лагішына, Высокага, Пінска. Чырвоным колерам поля ў геральдыцы пазначаецца храбрасць, мужнасць і барацьба. Блакітны колер — гэта колер велічнасці, прыгажосці і яснасці, колер мірнага неба.

Флаг Брэсцкай вобласці паўтарае колерную гаму і сімвалы герба, уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча чырвона-блакітнага колеру з адносінамі бакоў 1:2. Па краях — дзве вертыкальныя блакітныя палосы. Пасярэдзіне — шырокая чырвоная паласа, якая завяршаецца формай абарончага збудавання, які нагадвае Камянецкую вежу. У цэнтры чырвонай паласы — залаты зубр.

Выява герба і флаг Брэсцкай вобласці могуць размяшчацца на будынках, у якіх размешчаны органы мясцовага самакіравання вобласці і яе тэрыторый, а таксама ў памяшканнях пасяджэнняў гэтых органаў і службовых кабінетах іх кіраўнікоў. Могуць выкарыстоўвацца ў час дзяржаўных святаў і святочных дзён, урачыстых мерапрыемстваў, якія праводзяцца дзяржаўнымі органамі і інымі арганізацыямі, народных, працоўных, сямейных святаў і мерапрыемстваў, прымеркаваных да памятных дат.

Брэсцкі абласны краязнаўчы музей 17 лістапада 2021 г. арганізаваў выставу гісторыі геральдыкі «И дуб, и зубр в гербах седых (растения и животные на гербах населённых пунктов Брестской области)». Адбылася сустрэча з сакратаром Геральдычнага савета М. М. Ялінскай, аўтарам многіх гербаў населеных пунктаў Беларусі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

 

  1. Елинская, М. М. Геральдика Брестской области / М. М. Елинская // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 276–278.
  2. Адамушко, В. И. Геральдика Брестской области / В. И. Адамушко, М. М. Елинская // Современная геральдика Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. Минск, 2014. С. 60–154.
  3. Адамушко, В. И. Современная геральдика Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская ; Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь. – Минск : Беларуская Энцыклапедыя, 2012. – 533, [1] с. : ил.
  4. Цiтоў, А. К. Геральдыка Беларусі : (ад пачаткаў – да канца ХХ ст.) / Анатоль Цітоў. – Мінск : МФЦП, 2007. – 125 с. : іл.
  5. Адамушко, В. И. Гербы и флаги Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. – Минск : Беларусь, 2006. – 254 с. : ил.
  6. Рассадзiн, С. Я. Гербы i сцягi гарадоў i раёнаў Беларусi / С. Я. Рассадзiн, А. М. Мiхальчанка. – Мінск : Беларусь, 2005. – 128 с. : іл.
  7. Сацута, А. И дуб, и зубр в гербах седых : [в Брестском областном краеведческом музее открылась выставка по истории геральдики] / Алена Сацута // Заря. 2021. 20 ноября. С. 10.
  8. Елинская, М. Учреждены территориальные гербы и флаги Брестской области : [о гербах населенных пунктов области] / М. Елинская // Архивы и делопроизводство. 2011. № 3. С. 130–137.
  9. Щит и зубр – символы Брестчины : [о гербе и флаге Брестской области] // Брестский курьер. 2002. № 51. С. 3.
  10. Рубашевский, Ю. Область обрела официальные символы : [о гербе и флаге Брестской области, утвержденных Указом Президента Республики Беларусь 14 сентября 2004 г.] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2004. 17 сентября. С. 1.
  11. Рубашевский, Ю. Будем с зубром? : [о конкурсе на проект герба Брестской области] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2002. 14 августа. С. 3.
  12. У мэтах адраджэння гісторыка-геральдычных традыцый Аляксандр Лукашэнка заснаваў герб і сцяг Брэсцкай вобласці // Звязда. 2004. 16 верасня.
  13. Аб правядзеннi абласнога конкурсу на лепшую распрацоўку праекта герба Брэсцкай вобласцi // Заря. 2002. 2 марта. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 11 разоў Апошняя змена Чацвер, 17 Красавік 2025 11:43