Чацвер, 17 Красавік 2025 11:43

5 сакавіка 2025 — 95 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Андрэевіча Карпука (1930–2018), мастака кіно і тэлебачання, графіка, жывапісца

Міхаіл Андрэевіч Карпук нарадзіўся 5 сакавіка 1930 г. у в. Мыкшыцы Брэсцкага павета (цяпер Расненскага сельсавета Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці), непадалёку ад г. Высокае. На яго дзяцінства прыпала польскае панаванне на Заходняй Беларусі, нямецка-фашысцкая акупацыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У 1948 г. Міхаіл Карпук паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча. Адразу пасля яго заканчэння ў 1956 г. паступіў у Маскоўскі паліграфічны інстытут, дзе сярод іншых дысцыплін, выкладалі малюнак. Вучыўся ў Л. М. Лейтмана, К. Касмачова. З удзячнасцю ўспамінае любімага педагога Андрэя Дзмітрыевіча Ганчарова, цудоўнага графіка, загадчыка кафедры графікі і малюнка. Дыпломная работа — графічнае афармленне альбома «Мінск і мінчане».

У 1956–1970 гг. Міхаіл Карпук працаваў мастаком-пастаноўшчыкам на Беларускай студыі тэлебачання, дзе паставіў свае першыя спектаклі, працаваў над кінафільмамі, аснашчаў канцэртныя студыі. Ён аформіў тэлепастаноўкі «Моцарт і Сальеры» (1956), «Суд» (1958), тэлеспектаклі «Сымон-музыка» (1958), «Сэрца на далоні» (1964), «Ткачы» (1969), «Песня музыканта» (1958), «Якаў Багамолаў» (1959), «Крах» (1966).

З 1963 г. удзельнічаў у мастацкіх выстаўках. У 1969 г. М. Карпук стаў членам Саюза мастакоў БССР (Беларускага саюза мастакоў). Распрацаваў мастацкую канцэпцыю літаратурна-мемарыяльнага дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку (1970–1971). З 1972 г. па 1983 г. Міхаіл Андрэевіч працаваў мастаком-пастаноўшчыкам на кінастудыі «Беларусьфільм». У 1978 г. быў прыняты ў Беларускі саюз кінематаграфістаў.

Аформіў значную колькасць тэлеперадач, пастановак, зрабіў мноства эскізаў дэкарацый да тэлеспектакляў і кінафільмаў. Яго прозвішча стаіць у тытрах фільмаў «Уся каралеўская раць» (1970), «Парашуты на дрэвах» (1973), «Апошняе лета дзяцінства» (1974), «Тры вясёлыя змены» (1977), «Спытай сябе» (1976), «Жалезныя гульні» (1979), «Канец бабінага лета» (1983).

З 1983 г. мастак працаваў у сваёй майстэрні, прысвяціўшы сябе жывапісу. У старым куточку Мінска — у «Троіцкім прадмесці» — знаходзілася творчая майстэрня М. А. Карпука, утульная і светлая, як і яго творы, якія даруюць нам радасць і адчуванне вельмі сур’ёзнага, глыбокага, значнага — судакранання з роднай прыродай, з неўміручым вобразам Радзімы.

М. А. Карпук уваходзіў у творчае аб’яднанне «Спадчына». Шырокую вядомасць прынеслі шматлікія графічныя і жывапісныя творы. У творчасці кожнага мастака ёсць свая самая галоўная тэма душы. Для графіка і жывапісца Міхаіла Карпука — гэта ўслаўленне прыгажосці роднай прыроды. Аблюбаваная тэма мастака — беларускі пейзаж. У дачыненні да яго Міхаіл Андрэевіч называў сябе адналюбам. Сапраўды, прыхільнасць мастака да краявідаў Бацькаўшчыны не можа не кранаць. Ён шмат разоў пісаў пейзажы Берасцейшчыны і многіх іншых куточкаў Беларусі. Нішто так не кранае душу, як прыгажосць «малой» радзімы мастака. Адзін з яго пейзажаў «Там маё дзяцінства» (1985) — пятляючая сярод палёў дарога — дарога яго дзяцінства, вядучая з роднай вёсачкі Мыкшыцы, адкуль ён пайшоў у вялікі свет мастацтва.

Мноства карцін Міхаіл Карпук прысвяціў порам года, тонка прымячаў нюансы прыродных з’яў: «Сонечны дзень» (1978), «Пахмурны дзень» (1977), «Слуцкі матыў» (1980), «Рака Бобр» (1981), «Матыў вясны» (1991), «Срэбраная зіма» (1993), «Подых вясны» (1995), «У родным краі» (1997) і інш. На многіх палотнах мастак выяўляў не толькі мясцовыя пейзажы, але і выдатныя мясціны роднага краю «Капліца Святой Барбары ў Высокім» (1967), «Высокаўскі Троіцкі касцёл» (1973).

Манументальная серыя краявідаў Міхаіла Карпука, што налічвае сотні твораў, — гэта не проста прыгожыя замалёўкі з натуры, яны даюць вялікую пазнавальную інфармацыю і складаюць графічную панараму роднай зямлі, вясковага жыцця, культурнай спадчыны народа: «Навагрудскае замчышча» (1981), «Мірскі замак» (1983), «Восеньская раніца» (1994), «Хутар» (1995), «Навальніца» (1996), серыя «Па месцах радзімы Хруцкага» (1997–1998), «Зіма прыйшла» (2007).

Яго творы неаднаразова экспанаваліся ў многіх гарадах Беларусі, а таксама ў Польшчы, Літве, Швецыі. Персанальныя выставы адбыліся на малой радзіме — у Доме культуры г. Высокае Камянецкага раёна (2008), у выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра (2016). Лепшыя творы знаходзяцца ў мастацкіх музеях Беларусі і прыватных калекцыях у Расіі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Даніі, Велікабрытаніі, Італіі, ЗША, Канадзе, Турцыі, Ізраіля, Сірыі, Швецыі.

Міхаіл Андрэевіч Карпук памёр 28 ліпеня 2018 г.

7 красавіка 2022 г. у Музеі гісторыі беларускага кіно была адкрыта персанальная выстава памяці мастака «У кадры і жыцці». Экспазіцыю склала больш 60 работ майстра: жывапісныя палотны і графічныя выявы, эскізы дэкарацый да фільмаў і тэлепастановак.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Карпук Міхаіл Андрэевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 97.
  2. Карпук Міхаіл Андрэевіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2013. Т. 4. С. 387.
  3. Карпук Михаил Андреевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7т. Мінск, 2009. Т. 1, кн. 1. С.449.
  4. Карпук Міхаіл Андрэевіч // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1998. С. 248.
  5. Карпук Міхаіл Андрэевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 695.
  6. Карпук Михаил Андреевич // Художники Советской Белоруссии. Минск, 1976. С. 165.
  7. Міхал Карпук = MikhalKarpuk: графіка, жывапіс, сцэнаграфія : [каталог на бел. і англ. мовах] / БСМ ; [аўт. уступ. арт. В. Ф. Шматаў]. – Менск, 2001. – [43] с. : іл.
  8. Карпук Міхаіл Андрэевіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 509.
  9. Цімошык, Л. Праўдзівая дэталёвасць : [пра выставу М. А. Карпука ў Музеі гісторыі беларускага кіно] / Ларыса Цімошык // Звязда. 2022. 19 красавіка. С. 12.
  10. Шчарбакоў, М. Рассунуць межы кадра : [пра персанальнаю выставу М. Карпука «У кадры і ў жыцці» ў Музеі гісторыі беларускага кіно] / М. Шчарбакоў // Літаратура і мастацтва. 2022. 15 красавіка (№ 15). С. 3.
  11. Васілеўскі, П. Мастацтва без «спецэфектаў» : [пра выставу М. Карпука] / П. Васілеўскі // Культура. 2020. 5 верасня (№ 36). С. 9.
  12. Гапеева, Т. В городе над Бугом работает выставка Михаила Карпука : [о выставке живописи и графики М. А. Карпука «Рукописи» в выставочном зале Брестского ООКЦ] / Татьяна Гапеева // Брестская газета. 2016. 19 февраля (№ 8). С. 9.
  13. Витченко, Л.Arslonga, vitabrevis / Людмила Витченко // Партер. 2012. № 5 (май). С. 46–47.
  14. Данилова, Е. Признание родной земле… : [о выставке М. Карпука в Высоковском ГДК Каменецкого района] / Елена Данилова // Заря. 2009. 17 января. С. 7.
  15. Бунеева,Л. «В искусство я проскочил на паровозе!» : [штрихи из жизни художника М. Карпука; о его выставке в Высоковском ГДК] / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2008. 15октября. С.
  16. Рэзнічук, І. Мастак, які нарадзіўся ў Мыкшыцах : [пра мастака М. А. Карпука і яго выставу ў Высокаўскім ГДК] / Ірына Рэзнічук // Навіны Камянеччыны. 2008. 22 кастрычніка. С. 3.
  17. Валаховіч, А. З беларускіх дарог : [пра творчасць мастака М. Карпука] / А. Валаховіч // Літаратура і мастацтва. 2007. 16 лістапада. С. 10.
  18. Валахановiч, А. Мастак ад Бога : [М. А. Карпук] / А. Валахановіч // Краязнаўчая газета. 2007. № 40. С. 2.
  19. Ядревский, Г. Высокая память детства : [о художнике М. А. Карпуке] / Г.Ядревский // Европейский перекресток. Брест, № 15–16. С. 1.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 30 разоў Апошняя змена Чацвер, 17 Красавік 2025 11:54