Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 22 Красавік 2025 09:12

15 студзеня 2025 г. — 85 гадоў з дня ўтварэння Ружанскага раёна (1940–1962), адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў Брэсцкай вобласці

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР 4 снежня 1939 г. былі ўтвораны Баранавіцкая, Брэсцкая, Пінская і інш. вобласці. Ружанскі раён з цэнтрам у г. п. Ружаны ўтвораны 15 студзеня 1940 г. У канцы студзеня пачаў працаваць Ружанскі райкам КП(б)Б. Сакратарамі райкама партыі былі абраны М. Ц. Падаляк, Н. Д. Белікаў, В. В. Хількевіч. Старшынёй Ружанскага райвыканкама стаў Аляксей Васільевіч Каралёў. Разгарнуў актыўную работу сярод моладзі райкам ЛКСМБ на чале з першым сакратаром А. М. Доўбняй.

У 1940 г. у раённым цэнтры з’явіліся пошта, телеграф, электрастанцыя, кінатэатр, 6 лесазаводаў, 4 млыны, 4 цагляныя і 2 бетонныя заводы, 2 фабрыкі колавага мазуту. На тэрыторыі Ружанскага замка знаходзілася лесапілка. Была створана МТС, арганізаваны курсы трактарыстаў.

Была праведзена значная работа па арганізацыі навучання дзяцей і дарослых. Аб гэтым сведчаць дадзеныя справаздачнага даклада на Ружанскім раённым партыйным сходзе 9 красавіка 1940 г.: у 52 школах навучалася 6081 дзяцей. Для дарослых у большасці населеных пунктаў былі адкрыты курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Усяго ў раёне было ахоплена вячэрнімі курсамі каля 2000 чалавек.

12 кастрычніка 1940 г. Ружанскі раён быў падзелены на 13 сельсаветаў: Бярэзніцкі, Варанілавіцкі, Дабрасельскі, Зеляневіцкі, Кавальскі, Калазубскі, Лысчкаўскі, Магілявецкі, Малочкаўскі, Манцякоўскі, Поланскі, Славаціцкі, Шчытнаўскі.

У Вялікую Айчынную вайну Ружаны знаходзіліся пад нямецка-фашыскай акупацыяй з 23 чэрвеня 1941 г. па 12 ліпеня 1944 г. У раёне Ружан з 23 чэрвеня 1941 г. вялі баі воіны 22-й (генерал-маёр В. П. Пуганаў, з 24.06 1941 г. – палкоўнік І. В. Конанаў) і 25-й (палкоўнік Н. М. Нікіфараў) танкавых дывізій, зводнага атрада з падраздзяленняў 6-й стралковай дывізіі (палкоўнік Ф. А. Асташэнка), знішчылі некалькі дзесяткаў варожых танкаў.

Вялікі ўплыў на развіццё антыфашысцкага падполля ў Ружанскім раёне аказалі І. П. Урбановіч і намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР І. І. Жышко. У чэрвені–ліпені 1943 г. І. П. Урбановіч — камандзір партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі, якая дзейнічала ў тым ліку і на тэрыторыі Ружанскага раёна. У час вайны многія жыхары Ружан былі ў партызанскіх атрадах брыгады імя Панамарэнкі. Дзейнічала лясная партызанская школа, у якой настаўніцай была жыхарка Ружан Антаніна Рыгораўна Рудая.

Вялікай трагедыяй Ружаншчыны стаў лёс вёскі Байкі. Каля 1000 мірных жыхароў в. Байкі і Клепачы былі расстраляны 22 студзеня 1944 г., а вёску Байкі цалкам спалілі. У Байках жыла легендарная сям’я Баранаў. Іх дом быў цэнтральным вузлом для партызанаў, тут жа размяшчалася падпольная друкарня. Уся сям’я трымала сувязь з партызанамі, а 12-гадовы Ціхан Баран увайшоў у гісторыю Вялікай Айчыннай вайны як піянер-герой.

У час вайны на тэрыторыі Ружанскай царквы ўтрымліваліся ваеннапалонныя чырвонаармейцы, многія з якіх былі цяжка паранены і паміралі ў палоне. Святар Іаан Наўродскі дапамагаў з пахаваннем на мясцовых могілках і складаў спісы памерлых, дзякуючы якім сваякі змаглі даведацца пра іх лёс.

Нямецкімі ўладамі восенню 1941 г. было створана Ружанскае гета, у якім магло ўтрымлівацца каля 4000 чалавек. Яно праіснавала да 2 лістапада 1942 г. Забойствы і здзекі над яўрэямі адбываліся ў пасёлку як да ўзнікнення гета, так і падчас яго існавання. Большасць з тых, хто застаўся жывым у Ружанах, потым былі перапраўлены ў Ваўкавыск. Частку людзей, найперш старых і хворых, расстралялі па дарозе да новага месца зняволення. Вязні гета былі знішчаны ў лагеры смерці Трэблінка.

Ружаны былі вызвалены 12 ліпеня 1944 г. часцямі 69-й стралковай Сеўскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава дывізіі, якой камандаваў генерал-маёр Іосіф Іусцінавіч Санкоўскі.

Камісіяй па ўліку, урону і расследаванню злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў па Ружанскаму раёну адзначаецца, што ўсяго расстраляна, павешана, спалена, загнана ў рабства па Ружанскаму раёну 6357 чалавек.

Пасля вызвалення Ружанскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вялікая ўвага ўдзялялася аднаўленню лячэбных устаноў. Тут працавалі раённая бальніца, паліклініка, жаночая кансультацыя, санітарна-эпідэміялагічная станцыя, рэнтген-кабінет і аптэка, у якіх было занята 8 урачоў і каля 80 чалавек сярэдняга медыцынскага персаналу. У 1960 г. на Замкавай вуліцы ўзведзены двухпавярховы будынак Ружанскай бальніцы, у наступным годзе — інфекцыйнае аддзяленне бальніцы.

У пасляваенныя гады Ружаны адбудоўваліся, развіваліся. У 1944 г. на месцы разбуранай бальніцы быў адкрыты мэблевы цэх. Працаваў чарапічна-кафлевы завод. У канцы 1940-х гг. метадам народнай будоўлі была ўзведзена плаціна, перакрыўшая раку Зяльвянку, і пабудавана гідраэлектрастанцыя ва ўрочышчы Паперня.

У 1953 г. быў пабудаваны раймаг, а ў наступным годзе — магазіны культтавараў і гаспадарчы. Ля Ружан у 1954 г. былі выяўлены залежы гліны на плошчы 13 га, была створана будаўнічая пляцоўка, названая «Агулец» і на гэтым месцы было вырашана пабудаваць цагельны завод прадукцыйнасцю ў 2,5 млн штук цэглы ў год. На месцы руін, пакінутых вайной, у Ружанах з'явіліся райпрамкамбінат, хлебапякарня, завод масла і сухога малака, МТС, агароднінасушыльны завод.

8 студзеня 1954 г. раён перададзены ў склад Гродзенскай вобласці. З 19 чэрвеня 1954 г. зноў у Брэсцкай вобласці. 16 ліпеня 1954 г. скасаваны Бярэзніцкі, Кавальскі, Малочкаўскі, Манцякоўскі, Поланскі і Шчытнаўскі сельсаветы, утвораны Кулянскі і Ружанскі сельсаветы, Зеляневіцкі сельсавет перайменаваны ў Зіновіцкі.

У 1953–1956 гг. выдавалася газета «За перамогу» — орган Ружанскага райкама КПБ(б) і раённага Савета дэпутатаў працоўных. З 1956 г. газета выходзіла пад назвай «Заветы Леніна». 1 студзеня 1957 г. раённая газета пачала выходзіць павялічаным фарматам і тры разы на тыдзень. Гэта дазволіла больш усебакова і поўна адлюстроўваць жыццё раёна. Рэдактарам газеты быў В. С. Тарасевіч. Праз газету прайшлі вядомыя журналісты Уладзімір Паўлавіч Вялічка, Пётр Пятровіч Суцько, пісьменнік Яраслаў Пархута.

25 снежня 1962 г. Ружанскі раён быў скасаваны, большая частка яго тэрыторыі перададзена ў Пружанскі раён, Дабраселецкі і Славаціцкі сельсаветы — у Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма.

Казлоўская Надзея Анатольеўна,

бібліёграф ААіІ

 

  1. Ружанскі раён // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 435.
  2. Ружанский район // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 320–321.
  3. Ружанский район // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 6. С. 526.
  4. Ружанскі раён // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 128.
  5. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. – Мінск, 1992. – 449, [5] с. : іл.
  6. Акулич, М. В. Ружаны и евреи : история, холокост, наши дни / Маргарита Акулич. – [Б. м.] : Издательские решения, 2019. – 141, [3] с. : ил.
  7. Ружаны // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 531–533.
  8. Борисовец, А. С. Ружаны / А. С. Борисовец, Т. А. Слесарук, А. А. Митянин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 366.
  9. Партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 194.
  10. Яско, А. В чистоте, мире и спокойствии за детей : знакомство с историей геноцида на Пружанщине / Алена Яско // Сельская газета. 2022. 11 июня. С. 31.
  11. Вакульская, М. Вёска Байкі: вогненны знак на карце / Марына Вакульская // Раённыя будні. Пружаны, 2021. 24 сакавіка. С. 2–3.
  12. Церахава, В. Лыскава. Яўрэі. Халакост / Вера Церахава // Раённыя будні. Пружаны, 2021. 20 лютага. С. 5.
  13. Вакульская, М. «А плач – уцалеў : ён у сэрцы маім…» : [успаміны жыхаркі Ружан Ліліі Засімовіч аб жыцці ў акупацыі] / запісала Марына Вакульская // Раённыя будні. Ружаны, 19 жніўня. С. 4.
  14. Вакульская, М. Спіс айца Іаана : [пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны на Ружаншчыне і настаяцеля Ружанскай Свята-Петрапаўлаўскай царквы Іаана Наўродскага] / Марына Вакульская // Раённыя будні. Пружаны, 2013. 22 чэрвеня. С. 3.
  15. Зайцев, В. Прорыв под Ружанами : [о первых днях Великой Отечественной войны] / Владимир Зайцев // Во славу Родины. 2011. 24 июня. С. 12.
  16. Церахава, В. Ляжаць пад курганам невядомыя героі : [баі пад Ружанамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны] / Вера Церахава // Раённыя будні. Пружаны, 22 красавіка. С. 3.
  17. Величко, В. Герои не умирают : [о семье пионера-героя Т. Барана] / Владимир Величко // Беларуская думка. 2003. № 3. С. 128–131.
  18. Церахава, В. Ад Ражанны да Ружан: позірк праз стагоддзі : гістарычны нарыс / Вера Церахава // Раённыя будні. Пружаны, 3 верасня. С. 3 ; 7 верасня. С. 3 ; 14 лістапада. С. 3.
  19. Хазан, І. Клікала слова ў паход : старонкі гісторыі : [пра І. П. Урбановіча] / Іосіф Хазан // Зара камунізму. Пружаны, 1989. 31 кастрычніка.
  20. Хадаровіч, А. Сям’я патрыётаў : [сям’я Баран з в. Байкі] / А. Хадаровіч // Зара камунізму. Пружаны, 7 лістапада.
  21. ГЭС «Паперня» в Ружанском районе // Вопросы истории : межведомственный сборник. 1984. Вып. 11. С. 78–90.
  22. Руды, В. За ўладу саветаў : [падпольныя камсамольскія арганізацыі Ружанскага раёна] / В. Руды // Зара камунізму. Пружаны, 1979. 30 чэрвеня.
  23. Крыштафовіч, М. Баявая дзейнасць антыфашыстаў-падпольшчыкаў : [Ружанскі раён] / М. Крыштафовіч // Зара камунізму. Пружаны, 1972. 11 мая.
  24. Касцюковіч, М. У Ружанскай зоне : [Ружанскі падпольны райком ЛКСМБ у час Вялікай Айчыннай вайны] / М. Касцюковіч // Маладосць. 1968. № 10. С. 117.
  25. Шумская, Л. Минувших дней дыхание : [об организации Ружанского районного антифашистского комитета] / Л. Шумская // Заря. 1968. 3 октября.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 11 разоў Апошняя змена Аўторак, 22 Красавік 2025 09:22