Страшэнны голад у 1914 г. падштурхнуў 15-гадовага падлетка да пошукаў працы. Ён ад зары да зары парабкаваў у кулака Косіка, працаваў у багатага лесніка Шугерына. Пад уздзеяннем гэтых невыносных умоў жыцця паступова складваўся яго светапогляд: «Свабода не прыйдзе сама, за яе трэба змагацца».
Уступіўшы ў Камуністычную партыю Заходняй Беларусі ў 1928 г., Іосіф Будзько ўключыўся ў актыўную рэвалюцыйную дзейнасць. Разам з камуністамі і аднавяскоўцамі распаўсюджваў забароненую польскімі ўладамі палітычную літаратуру, праводзіў маёўкі сялян, выступаў перад імі з палымянымі прамовамі. Быў неаднаразова арыштаваны паліцыяй, праходзіў праз катаванні.
Іосіф Лявонавіч многа чытаў на польскай, рускай, беларускай мовах, хоць прыйшлося яму ў дзяцінстве скончыць толькі тры класы. Ён быў вельмі адукаваным, дзякуючы самастойнай напружанай рабоце з кнігамі. Жыў ён у той час у в. Кавалікі разам з жонкай Ганнай Гаўрылаўнай і сынамі Сяргеем і Савеліем.
Калі пачаўся паход Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), І. Л. Будзько стварыў у г. Высокім ваенна-рэвалюцыйны камітэт. Пачаліся напружаныя дні і ночы. Іосіф Будзько многа сіл прыклаў для ўстанаўлення Савецкай улады, грамадскага парадку, падзелу зямлі паміж парабкамі і бядняцкімі гаспадаркамі. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР быў выбраны старшынёй Высокаўскага гарадскога выканаўчага камітэта. У 1939 г. у Высокім было 6,1 жыхароў, у 1940–1962 гг. — цэнтр Высокаўскага раёна.
24 сакавіка 1940 г. Іосіф Лявонавіч Будзько быў выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР ад Высокаўскай гарадской выбарчай акругі. Гэта давер’е народа ён апраўдаў з гонарам.
Але мірнае будаўніцтва перапыніла Вялікая Айчынная вайна. З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі І. Л. Будзько ўключыўся ў актыўную барацьбу з ворагам. Наладжваў сувязь з савецкімі актывістамі, запісваў і распаўсюджваў зводкі Савінфармбюро аб франтавых навінах.
Іосіф Будзько выконваў многія даручэнні: неаднаразова хадзіў у разведку з партызанамі атрада імя Чкалава брыгады «Савецкая Беларусь», які дзейнічаў у Белавежскай пушчы. У канцы верасня 1943 г. камандаванне атрада накіравала групу ў Мутнянскія лясы (цяпер на тэрыторыі Польшы) на баявое заданне. Па загаддзя распрацаванаму маршруту прайшлі пушчу і вымушаны былі застацца на некалькі дзён на хутары пад в. Макарава. Вяртаючыся назад у атрад, натыкнуліся на варожую засаду ў 921 квартале. У жорсткай сутычцы з ворагам Іосіф Будзько загінуў. Групе не ўдалося знайсці цела партызана — немцы забралі яго з сабой і павезлі ў невядомым напрамку.
У г. Высокае Камянецкага раёна адна з вуліц названа імем Іосіфа Будзько. У будынку Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у памяць аб дэпутатах Вярхоўнага Савета БССР першага склікання (1938–1947), якія аддалі жыццё ў імя перамогі над нацызмам, у чэрвені 2021 г. устаноўлена мемарыяльная дошка. Сярод 95-ці прозвішчаў узгадваецца І. Л. Будзько.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай
імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,
бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі
- Будько Иосиф Леонтьевич // Верховный Совет БССР первого созыва (1938–1947). Минск, 2023. С. 191–192.
- Будько Иосиф Леонтьевич // Они были первыми : депутаты Верховного Совета БССР первого созыва, поргибшие и пропавшие без вести в годы Великой Отечественной войны. Минск, 2021. С. 139–140.
- Будько Иосиф Леонтьевич // Их именами названы…: энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 94.
- З успамінаў падпольшчыка М. М. Казусіка / запісаў У. Яфімовіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск,1997. С. 223–224.
- Их именами названы улицы / страницу подготовили Галина Новик, Елена Трибулева, Анна Патейчук // Навіны Камянеччыны. 2023. 1 ліпеня (№ 26). С. 17.
- Іх імёнамі названы нашы вуліцы // Навіны Камянеччыны. 2021. 4 верасня (№ 36). С. 17.
- Кускевіч, І. Вуліца імя Будзько / Іван Кускевіч // Ленінец. Камянец, 1989. 16 верасня. С. 1–2.
- Казусік, М. У імя свабоды і шчасця : [пра І. Л. Будзько] / М. Казусік // Ленінец. Камянец, 1978. 17 лістапада. С. 4.
- Пятроў, С. Бессмяротны подзвіг / С. Пятроў // Ленінец. Камянец, 1978. 2 лістапада. С. 4 ; 17 лістапада. С. 4.
- Героі не паміраюць : [І. Л. Будзько] // Ленінец. Камянец, 1978. 28 верасня. С. 4.