Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 05 Чэрвень 2025 11:14

15 студзеня 2025 г. — 85 гадоў з дня ўтварэння Дамачаўскага раёна (1940–1956), адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў Брэсцкай вобласці

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР 4 снежня 1939 г. былі ўтвораны Баранавіцкая, Брэсцкая, Пінская і інш. вобласці. Паводле Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 15 студзеня 1940 г. утвораны Дамачаўскі раён з цэнтрам у г. п. Дамачава ў складзе Брэсцкай вобласці.

Тэрыторыя Дамачаўскага раёна складала 491,3 кв. км, колькасць насельніцтва 30 147 чалавек. У райцэнтры было 530 двароў, 3950 жыхароў. 1 мая 1940 г. на тэрыторыі раёна ўтвораны г. п. Тамашоўка. 12 кастрычніка раён падзелены на 7 сельсаветаў: Дубіцкі, Камароўскі, Ляплёўскі, Меднаўскі, Падлужскі, Прыбараўскі і Чэрскі. Гарадскі пасёлак Тамашоўка набыў статус рабочага пасёлка.

У красавіку 1940 г. у Дамачаўскай раённай партыйнай арганізацыі было 59 членаў КП(б)Б і 53 кандыдаты. Аўтарытэт савецкай улады сярод насельніцтва быў дастаткова высокі. Кіраўніцтва сельскіх органаў улады было прадстаўлена ў асноўным мясцовымі жыхарамі. Выключна з прыезджых з усходу рэспублікі фарміравалася кіраўніцтва органаў юстыцыі і правапарадку.

Ствараліся школы, для іх размяшчэння і абсталявання выдзелены бюджэтныя сродкі, але не хапала парт і нават чарніл. З усходу ў раён прыехалі педагагічныя кадры. Арганізоўваліся хаты-чытальні, дамы культуры, у некаторых з іх з’явіліся радыёпрыёмнікі. У ліпені 1940 г. было адкрыта 8 устаноў культуры. З восені 1939 г. пачала функцыянаваць бясплатная медыцынская дапамога. У Дамачава ў 1940 г. працавала інфекцыйнае аддзяленне на 15 ложкаў, будаваліся бальніца і радзільны дом. У раёне налічвалася 5 урачоў, 20 медсясцёр, 9 фельчараў і акушэрак. Былі прызначаны пенсіі тым грамадзянам, што не мелі іншых сродкаў для існавання.

Вясной 1941 г. у Дамачаўскім раёне былі створаны дзве калектыўныя гаспадаркі: «Вызваленне» ў в. Чэрск і «Сталінец» у в. Кабёлка. Найболей буйной гаспадаркай быў калгас «Вольная праца», які атрымаў у вечнае карыстанне 500 га зямлі. Тут пабудавалі канюшню, хлебны свіран, пуню для захоўвання сена і саломы. Была створана Дамачаўская машынна-трактарная станцыя. У раёне развівалася мясцовая прамысловасць. У 1940 г. былі створаны арцелі — кравецкая і швейная. Была выраблена вялікая колькасць розных прадметаў мэблі і бочак для салення.

Акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў першы дзень Вялікай Айчыннай вайны 22 чэрвеня 1941 г., якія знішчылі на тэрыторыі раёна больш за 20 000 савецкіх грамадзян. У канцы 1941 г. фашысты стварылі ў Дамачаве яўрэйскае гета і знішчылі больш за 2700 яго вязняў. Летам 1942 г. расстраляны больш за 2000 вязняў Тамашоўскага гета. 23 верасня 1942 г. ля в. Ляплёўка расстралялі 54 дзіцяці дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту Дамачаўскага дзіцячага дома разам з іх выхавацельніцай Палінай Грахольскай. У Дамачава за час вайны немцы спалілі 500 двароў, у Тамашоўцы — 129, у Прыбарава — 100.

У ноч на 23 кастрычніка 1943 г. партызаны атрадаў імя Варашылава, імя Жукава, брыгады імя Сталіна атакавалі чыгуначную станцыю Дамачава-Таварная. 22 лістапада нанеслі ўдар па ваеннаму і паліцэйскаму гарнізонах у Дамачава. Чарговыя напады на гарнізон партызаны правялі 20 і 25 снежня. З 9 лістапада 1943 г. дзейнічаў падпольны райкам ЛКСМБ. У чэрвені–ліпені 1944 г. дзейнічаў Маларыцка-Дамачаўскі падпольны міжрайкам КП(б)Б. Дамачаўскі раён вызвалены 23 ліпеня 1944 г. часцямі 70-й арміі 1-га Беларускага фронту ў ходзе Люблін-Брэсцкай наступальнай аперацыі.

Пасля вызвалення раёна пачалося аднаўленне разбуранай народнай гаспадаркі, устаноў і арганізацый. Мірнае жыццё прыходзілася наладжваць у складаных умовах. Па лясах яшчэ хадзілі рэшткі бандаў, зусім побач была дзяржаўная граніца. З-за мяжы часта прарываліся ўзброеныя атрады парушальнікаў.

З 15 кастрычніка 1944 г. выдавалася раённая газета «Сталінец», якая з чэрвеня 1956 г. выходзіла пад назвай «Калгасны шлях». Будаваліся жылыя дамы, але яшчэ ў 1947 г. дзясяткі сямей жылі ў зямлянках і на падсяленні. У жніўні 1947 г. працоўны калектыў райпрамкамбіната закончыў у Дамачава аднаўленне млына магутнасцю 4 т збожжа ў суткі. Пры млыне распачала працу грэцкая крупадзёрка магутнасцю 800 кг круп у змену.

У чэрвені 1947 г. зборная па футболе Дамачава прымала ў сябе адну з мацнейшых каманд Брэста «Лакаматыў» і перамагла. Футбольная каманда Дамачава ў 1950 г. зрабілася чэмпіёнам Брэсцкай вобласці, а ў наступным годзе апынулася на другім месцы.

10 сакавіка 1954 г. р. п. Тамашоўка скасаваны, пераўтвораны ў вёску. 16 ліпеня 1954 г. да раёна далучаны Страдзецкі сельсавет Брэсцкага раёна, скасаваны Дубіцкі, Падлужскі і Прыбараўскі сельсаветы, утвораны Ліпнікаўскі сельсавет, Страдзецкі сельсавет перайменаваны ў Дурыцкі, Камароўскі сельсавет — у Тамашоўскі.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 17 снежня 1956 г. Дамачаўскі раён скасаваны, яго тэрыторыя перададзена ў склад Брэсцкага раёна.

З вядомых ураджэнцаў Дамачаўскага раёна: лётчык-касманаўт СССР (1973), генерал-маёр (1978), двойчы Герой Савецкага Саюза (1973, 1975) Пётр Ільіч Клімук з в. Камароўка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі

 

  1. Дамачаўскі раён // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 26.
  2. Домачевский район // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 334–335.
  3. Камінскі, М. Дамачаўскі раён / Мікалай Камінскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 201.
  4. Дамачава // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2012. Т. 3. С. 353.
  5. Дамачава // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя : у 7 т. Мінск, 2006. Т. 3. С. 107–108.
  6. Якубоўскі, У. М. Дамачова / У. М. Якубоўскі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 185.
  7. Г. п. Домачево, центр поселкового Совета : [Брестский район] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 134.
  8. Эпалетаў, М. І. Маларыцка-Дамачоўскі падпольны міжрайком КП(б)Б / М. І. Эпалетаў // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 327.
  9. Домачевские бои 1943 // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 334.
  10. Пятроўская, А. М. Брэстчына ў 1939–1941 гадах / А. М. Пятроўская // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 127–144.
  11. Пастанова бюро Брэсцкайга абкома КП(б)Б аб утварэнні Дамачаўскага раёна Брэсцкай вобласці // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 146.
  12. Аб разгроме варожага гарнізона ў пас. Дамачава сіламі партызанскай брыгады імя І. В. Сталіна Брэсцкай вобласці // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 232–233.
  13. Об упразднении некоторых районов Белорусской ССР // Заря. 1956. 18 декабря.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 15 разоў Апошняя змена Чацвер, 05 Чэрвень 2025 11:20