Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 05 Чэрвень 2025 11:56

8 мая 2025 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Аляксея Міхайлавіча Сушчука (1925–2005), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, грамадскага дзеяча

Аляксей Міхайлавіч Сушчук нарадзіўся 8 мая 1925 г. у в. Кустовічы Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у вялікай сялянскай сям'і. Бацька, Міхаіл Гаўрылавіч, быў працавітым гаспадаром, але пракарміць сям'ю з васьмі чалавек селяніну было цяжка. Большая частка ўраджаю ішла на выплату падаткаў.

Вучыўся Аляксей Сушчук у Кустовіцкай польскай базавай школе, быў здольным і старанным вучнем. Любіў чытаць, кнігі адчынялі перад ім цэлы свет. Праўда, творы вядомых пісьменнікаў былі толькі на польскай мове, на роднай не толькі чытаць — размаўляць у школе забаранялася нават на перапынках. Пасля заканчэння базавай школы з ацэнкамі «выдатна» працягнуў навучанне ў гімназіі, адзінай сярэдняй вучэбнай установе Кобрынскага павета (цяпер сярэдняя школа № 1 г. Кобрына). Летам 1939 г. бацька патраціў свае апошнія зберажэнні і купіў Аляксею веласіпед, каб ён мог ездзіць у гімназію на вучобу. Міхаіл Гаўрылавіч вельмі хацеў хоць каму-небудзь з шасцярых дзяцей даць адукацыю.

Паступова на вачах падлетка мянялася жыццё яго сям'і і землякоў. Аляксей добра памятаў восеньскія падзеі 1939 г., бо тады яму было ўжо 14 гадоў. Нядоўга працягвалася мірнае жыццё ў былым Кобрынскім павеце, яго жыхароў чакалі новыя, яшчэ больш суровыя выпрабаванні — пачалася Вялікая Айчынная вайна.

З 1943 г. Аляксей Сушчук — сувязны партызанскага атрада імя В. І. Чапаева. Дзевятнаццацігадовым юнаком у 1944 г. быў прызваны ў Чырвоную армію. З лістапада 1944 г. да мая 1945 г. прымаў удзел у ваенных дзеяннях. Служыў у 282-м запасным стралковым палку 1-га Прыбалтыйскага фронту, а з лістапада 1944 г. і да дня Перамогі — у складзе 1188-га ордэна Чырвонага сцяга стралковага палка 357-га ордэна Суворава стралковай дывізіі ў войсках сувязі.

Дарога вайны для радавога роты сувязі А. М. Сушчука завяршылася ў Прыбалтыцы. Калі ў Маскве адгрымелі апошнія залпы салюту ў гонар Перамогі, 357-я стралковая дывізія была адпраўлена на савецка-афганскую мяжу. З восені 1945 г. на працягу пяці гадоў Аляксей Міхайлавіч служыў камандзірам аддзялення сувязі ў г. Кушка Туркестанскай ваеннай акругі. У 1948 г. стаў членам ВКП(б).

Вярнуўшыся на радзіму, Аляксей Міхайлавіч пачаў сваю працоўную дзейнасць другім сакратаром Антопальскага райкама ЛКСМБ Брэсцкай вобласці. Працаваў старшынёй раённага аргкамітэта ДТСААФ, у 1955 г. быў начальнікам пажарнай аховы «Заготзерно».

Паспяхова працаваў на пасадзе дырэктара кінафікацыі Кобрынскага раёна. У снежні 1964 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР за плённую працу ў сферы кінематаграфіі і ў сувязі з 40-годдзем беларускага кіно А. М. Сушчук узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. У маі 1966 г. загадам Дзяржаўнага Камітэта Савета Міністраў СССР па кінематаграфіі — знакам «Отличник кинематографии СССР».

У 1964 г., будучы намеснікам загадчыка аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама, 39-гадовы А. М. Сушчук, экстэрнам здаўшы экзамены, атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі. Наступнай прыступкай было паступленне ў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС у Маскве, якую закончыў у 1970 г.

Потым была праца на пасадзе загадчыка аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама, дырэктара гарпалівазабеспячэння. На ўсіх участках працоўнай дзейнасці Аляксей Міхайлавіч з'яўляўся прыкладам невычэрпнай працавітасці, кампетэнтнасці і мэтанакіраванасці. Працуючы на кіруючых пасадах аддзела культуры райвыканкама, Аляксей Міхайлавіч зрабіў вялікі ўклад у развіццё культуры Кобрыншчыны.

На працягу доўгіх гадоў супрацоўнічаў з рэдакцыяй газеты «Кобрынскі веснік» (да 1991 г. — «Камуністычная праца»), аўтар шматлікіх артыкулаў і нататак. Яго артыкулы на актуальныя тэмы друкаваліся таксама ў абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных выданнях.

У 1985 г. Аляксей Міхайлавіч пайшоў на пенсію, аднак працягваў заставацца ў працоўным страі. Займаў актыўную грамадскую пазіцыю. З 1990 г. і да апошняга дня працаваў памочнікам-сакратаром дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, потым Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В. Ф. Кучынскага.

А. М. Сушчук — удзельнік юбілейнага парада Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве 9 мая 1995 г. За баявыя заслугі і мужнасць, праяўленыя ў гады вайны, ён удастоены ордэнаў Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені, медаля «За победу над Германией в Великой Отечественной войне» і іншых узнагарод. За добрасумленныя адносіны да працы ўзнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалямі «За доблесную працу», «Ветеран труда», Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

6 верасня 2005 г. на 81-м годзе жыцця Аляксей Міхайлавіч Сушчук памёр. Актыўны ўдзельнік грамадскага жыцця, ён быў сапраўдным патрыётам і сынам сваёй Айчыны, любіў Беларусь, дзе нарадзіўся і вырас. Жыццёвы шлях Аляксея Міхайлавіча, яго асаблівая адданасць справе служэння людзям выклікаюць бясконцую павагу і з’яўляюцца прыкладам пераймання для маладых пакаленняў кабрынчан.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Працы А. М. Сушчука

 

  1. Как я встретил день Победы / Алексей Сущук // Заря. 2005. 7 мая. С. 3.
  2. Мой день победы / Алексей Сущук // Кобрин информ. 2005. 5 мая. С. 4.
  3. Война на Кобринщине / Алексей Сущук // Кобрин-информ. 2005. 21 апреля. С. 3–4.
  4. Как должностные лица реагируют на критику в печати? / А. Сущук // Кобрынскі веснік. 2001. 22 верасня. С. 2 .
  5. Так началась война / А. Сущук // Кобрынскі веснік. 2001. 5 мая. С. 2.
  6. «Торговый слон испугался торговой Моськи» : [спорный материал по поводу закрытия трех торговых киосков] / А. Сущук // Кобрынскі веснік. 2001. 21 красавіка. С. 2.
  7. КПБ – ПКБ: откуда и в чем различие / А. Сущук // Кобрынскі веснік. 2001. 7 красавіка. С. 2.
  8. Воплощение добра и красоты : [2 апреля – 5 лет со дня подписания договора об образовании Сообщества двух государств – Союза РБ и России] / А. Сущук // Кобрынскі веснік. 2001. 31 сакавіка. С. 2.
  9. Многие проблеы должны решаться на месте / А. Сущук // Кобрынскі веснік. 2001. 14 сакавіка. С. 2.
  10. Религия и время : [к 200-летию христианства] / А. Сущук // Кобрынскі веснік. 2001. 14 лютага. С. 2.
  11. Отписки с пятилетним стажем : [о решении проблем жильцов дома, где расположен ресторан «Клянок» г. Кобрина] / А. Сущук // Кобрынскі веснік. 2001. 7 лютага. С. 2.
  12. Не пробуждалась любовь, а была : [об интернационализме] / А. Сущук // Белорусская нива. 2001. 9 января. С. 3.
  13. Выборы прошли. Что дальше? : [о буднях помощника депутата] / А. Сущук // Кобрынскі веснік. 2000. 13 снежня. С. 2.
  14. Объединение КПБ и ПКБ – веление времени / А. Сущук // Кобрынскі веснік. 1998. 26 жніўня. С. 3.
  15. Столетие первого съезда РСДРП : [автор присутствовал на митинге в честь историчесого события] / А. Сущук // Кобрынскі веснік. 1998. 25 сакавіка. С. 2.
  16. Кто обезопасит от собак? / А. Сущук // Кобрынскі веснік. 1997. 26 лютага. С. 2.
  17. Решит воля народов : [о всенародном обсуждении Устава Союза Беларуси и России] / А. Сущук // Кобрынскі веснік. 1997. 3 мая. С. 1.
  18. Светлым путем демократизма / А. Сущук // Кобрынскі веснік. 1996. 16 лістапада. С. 2.
  19. За полное доверие Президенту / А. Сущук // Кобрынскі веснік. 1996. 19 кастрычніка. С. 1.
  20. Пьянеющий город / А. Сущук : [о борьбе с пьянством] // Кобрынскі веснік. 1996. 17 ліпеня. С. 2–3.
  21. Референдум, март 91-го / А. Сущук // Кобрынскі веснік. 1996. 16 сакавіка. С. 2.
  22. Доброта, приветливость – интернациональны / А. Сущук // Кобрынскі веснік. 1996. 13 студзеня. С. 2.
  23. Война прошла через каждого : [воспоминания рядового Великой Отечественной войны из Кобрина] / Алексей Сущук // Заря. 1995. 6 мая. С. 2.
  24. 50 лет освобождению от фашизма / А. Сущук // Кобрынскі веснік. 1994. 25 мая.
  25. После митинга / А. Сущук // Кобрынскі веснік. 1994. 2 сакавіка. С. 2.
  26. Суждения участника войны / А. Сущук // Кобрынскі веснік. 1994. 6 студзеня. С. 2.

 

Аб жыцці і дзейнасці А. М. Сушчука

 

  1. Сушчук Аляксей Міхайлавіч// Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 245–246.
  2. Алексей Михайлович Сущук : [некролог] // Кобрынскі веснік. 2005. 10 верасня.
  3. Пустовой, Е. Солдат эпохи : [к 80-летию А. М. Сущука] / Евгений Пустовой // Кобрин-информ. 2005. 25 августа. С. 3.
  4. Две важных даты ветерана : [май 2005-го для А. М. Сущука дважды юбилейный – день Победы и 80-летие со дня рождения] // Кобрынскі веснік. 2005. 7 мая. С. 3.
  5. Почетная грамота земляку : [А. М. Сущук награжден Почетной грамотой Национального собрания Республики Беларусь] // Кобрынскі веснік. 2004. 30 чэрвеня. С. 1.
  6. Акшевский, И. Шесть десятилетий единения : [о ветеране Великой Отечественной войны, участнике юбилейного Парада Победы 9 мая 1995 г. А. М. Сущуке] / Игорь Акшевский // Белорусская нива. 1999. 7сентября. С. 4.
Чытаць 15 разоў