Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 15 Верасень 2025 12:25

2025 г. — 85 гадоў з часу перадачы трактара ХТЗ-15/30, першага ў Давыд-Гарадоцкім раёне, на машынна-трактарную станцыю (1940)

У г. Пінску ля музея Беларускага Палесся ўстаноўлены на пастамент трактар ХТЗ-15/30, які мае адметную гісторыю. Выраблены на Харкаўскім трактарным заводзе ў 1930-я гг. пад № 1126. Прызначаўся для работы на ворыве з двух- і трохкорпусным плугам, з навяснымі сельскагаспадарчымі прыладамі, прываду стацыянарных машын.

Калёсны трактар ХТЗ-15/30 быў аснашчаны керасінавым рухавіком магутнасцю 31,5 конскіх сіл, развіваў хуткасць да 7,4 км/г. Цягавая моц на круку — 15 конскіх сіл. Аб’ём паліўнага бака — 70 л. На мяккай глебе трактар апрацоўваў 0,35–0,4 га за гадзіну. Гэта мадэль была найболей папулярнай у СССР у 1930–1940-я гг. Машына была вельмі простай у абслугоўванні. Трактарыст знаходзіўся на металічным сядле, адкрыты небу, сонцу і непагадзі. На такім трактары працавала легендарная ў СССР ударніца Паша Ангеліна, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы.

Трактар ХТЗ № 1126 працаваў на калгасных палях Рэчыцкага раёна Палескай вобласці. Калі Заходняя Беларусь далучылася да БССР, на новых тэрыторыях пачалася калектывізацыя сельскай гаспадаркі. Калгаснікі з усходу дзяліліся, чым маглі, новым калгасам была перададзена частка тэхнікі.

У сакавіку 1940 г. ХТЗ № 1126 па чыгунцы даставілі ў Лунінец, а адтуль сваім ходам у Давыд-Гарадок. Трактарыстам быў Уладзімір Рыгоравіч Патрубейка. Гэта быў першы трактар у Давыд-Гарадоцкім раёне, працаваў на палях першага ў раёне калгаса «17 Верасня». Калгас быў створаны ў в. Туры на сходзе 10 сакавіка 1940 г., аб’ядналіся 137 двароў. Першы старшыня — Андрэй Міхайлавіч Трухановіч, чалавек няпростага лёсу. Удзельнік Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў, а па вяртанні ў родныя Туры ўключыўся ў падпольную барацьбу супраць польскай акупацыі, за што адбыў тры гады ў Беластоцкай турме.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны трактар знаходзіўся ў трактарыста на падворку. У 1942 г. немцы даведаліся пра трактар, выклікалі Уладзіміра Патрубейку ў камендатуру і загадалі здаць тэхніку. Аднак ён ноччу разабраў трактар, часткі смазаў салідолам, загарнуў у анучы і з дапамогай жонкі Веры Сямёнаўны закапаў у зямлю, шасі затапіў у возеры. Сам трактарыст падаўся ў лес, змагаўся з ворагам у партызанскім атрадзе імя Чкалава, быў падрыўніком. За праяўленыя мужнасць і гераізм узнагароджаны медалямі «Партизану Отечественной войны», «За победу над Германией» і інш. Веру Сямёнаўну немцы катавалі, яна нічога не сказала, ледзь засталася жывой.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Уладзімір Патрубейка трактар адкапаў, сабраў, наладзіў і нязменна працаваў на ім да поўнай выпрацоўкі рэсурсу. Бывала, што за дзень паспяваў узараць да 3 га. Трактар У. Р. Патрубейкі быў адзіным трактарам на МТС, яшчэ выкарыстоўваліся коні і валы, якія засталіся пасля адступлення нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адноўленай МТС кіраваў былы камісар партызанскага атрада імя Ракасоўскага Аляксандр Іванавіч Кавалёў.

Калгас «17 Верасня» быў адноўлены. На канец 1945 г. было абагульнена 170 сялянскіх гаспадарак, пабудаваны стайня на 80 галоў, свіран, зерняток. Калгаснікі сабралі ў сярэднім з аднаго гектара па 12 ц азімага жыта, проса, аўса, па 11 ц азімай пшаніцы, 13 ц ячменю. Ураджай бульбы — больш за 160 ц з гектара.

У 1946 г. на Давыд-Гарадоцкую МТС паступілі два новыя колавыя трактары маркі «Универсал-2» Уладзімірскага трактарнага завода, яны працавалі на палях пакуль адзінага ў той час калгаса «17 Верасня».

Шмат гадоў ХТЗ № 1126 служыў калгаснікам, атрымаў назву «Капітан». У 1956 г. яго перадалі ў сярэднюю школу № 1 г. Давыд-Гарадка, каб дзеці асвойвалі тэхніку. Праз нейкі час супрацоўнікі Пінскага краязнаўчага музея забралі трактар у свае фонды як рэліквію. Яго паставілі на пастамент у Пінску. Калі Уладзімір Рыгоравіч прыязджаў у Пінск па справах, абавязкова падыходзіў да свайго «Капітана».

Такі ж трактар стаіць на пастаменце ў г. п. Багушэўск Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. Выраблены на Харкаўскім трактарным заводзе ў 1932 г. Напачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваны ў Сібір, вярнуўся ў 1946 г. Калі тэхнічны рэсурс быў выпрацаваны, дэманстраваўся як рэліквія на ВДНГ БССР у Мінску, у 1977 г. вярнуўся ў Багушэўск і стаў на пастамент.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага

 Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

 

  1. Бразоўскі, М. П. У мірнай працы : Давыд-Гарадоцкі раён / М. П. Бразоўскі, Ю. С. Юркевіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 423–430. Гл. с. 429.
  2. Куст, У. Я. Пядзь зямлі : [пра калгас «17 Верасня» Столінскага раёна] / Уладзімір Якаўлевіч Куст : літ. запіс В. Татуна. – Мінск : Ураджай, 1969. – 90 с. : іл. – [Першы трактар]. Гл. с. 7–8.
  3. [Со Столинского района эта машина… : информация о тракторе «Капитан»] // Пинск : путеводитель по столице Полесья. Пинск, 1993. С. 83.
  4. Ильенков, В. «Капитан» на постаменте : [о судьбе трактора под названием «Капитан», установленного у Музея Белорусского Полесья] / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 2022. 16 верасня (№ 37). С. 9.
  5. Климушко, Е. Трактор – символ эпохи : [об эпохальных событиях 1939 г. на Столинщине] / Елена Климушко // Навіны Палесся. Столін, 2022. 16 верасня. С. 7.
  6. Ивьев, А. Трактор – легенда, трактор – труженик : [в г. п. Богушевске на постамент был установлен трактор ХТЗ-15/30 1932 г. выпуска] / А. Ивьев // Голас Сенненшчыны. Сянно, 2019. 10 снежня. С. 5.
  7. Ляшук, С. Тракторы с историей : [о тракторах-раритетах, установленных в центре г. п. Богушевск Сенненского района] / Сергей Ляшук // Витебские вести. 2019. 23 ноября. С. 12.
  8. Юркевіч, М. Трактар разабраны, сам – у партызаны : [аб былым партызане, трактарысты У. Патрубейку з в. Туры Столінскага раёна] / Мікалай Юркевіч // Народная трыбуна. 2000. 6 мая.
  9. Вярэніч, С. Першы трактар у раёне : [аб гісторыі трактара ХТЗ, які з’явіўся ў Давыд-Гарадоцкім раёне ў 1940 г., цяпер устаноўлены на пастамент у Пінску] / Святлана Вярэніч // Навіны Палесся. Столін, 2020. 27 сакавіка. С. 9.
  10. Ильенков, В. О чем напомнишь, «Капитан»? : [в Музее Белорусского Полесья развернута выставка к 80-летию воссоединения Западной Белоруссии с БССР] / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 2019. 17 сентября. С. 1.
  11. Пашкавец, А. Калгас «17 верасня» : [гісторыя калгаса з 1940 г.] / А. Пашкавец // Навіны Палесся. Столін, 1989. 16 верасня.
  12. Трактар на п’едэстале : [гісторыя трактара «Капітан»] // Навіны Палесся. Столін, 1984. 21 лютага. С. 4.
  13. Марейко, В. За землю и волю : [о первом председателе колхоза «17 Сентября» Столинского района Андрее Михайловиче Трухановиче] / В. Марейко // Заря. 1983. 7 ноября.
  14. Марэйка, М. Лёс «Капітана» : [пра ветэрана-трактарыста У. Р. Патрубейку з калгаса «17 Верасня» Столінскага раёна] / М. Марэйка // Беларусь. 1977. № 11. С. 21.
  15. Марейко, В. Два капитана : очерк : [о ветеране-механизаторе колхоза «17 Сентября» Столинского района В. Г. Потрубейко] / В. Марейко // Заря. 1977. 18 октября.
  16. Гуща, Т. Шаги к счастью : [о колхозе «17 Сентября» Столинского района] / Т. Гуща // Заря. 1969. 17 сентября.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 44 разоў Апошняя змена Панядзелак, 15 Верасень 2025 12:31