Адносная блізкасць Кобрына ад старой руска-германскай мяжы змушала да пастаяннай пільнасці. З аглядкай на гэту блізкасць мяжы з Усходняй Прусіяй рускі ўрад трымаў на заходніх ускраінах імперыі значныя воінскія сілы. Таму здаўна ў Кобрыне кватаравалі 149-ты Таманскі і 150-ты Чарнаморскі пяхотныя палкі. Царская адміністрацыя надавала гораду пэўнае ваеннае значэнне, ператварыўшы яго ў буйны мабілізацыйны пункт. У час Руска-японскай вайны (1904–1905) у Кобрыне фарміравалася значная колькасць часцей, якія потым адпраўляліся ў Маньчжурыю. З усяго Кобрынскага павета збіраліся навабранцы для дзеючай арміі.
У 1905–1907 гг. Кобрынскі павет ахапіў магутны рэвалюцыйны рух. Узрушыла жыхароў Кобрыншчыны крывавая расправа 9 студзеня 1905 г. у Пецярбургу, дзе войскі разагналі мірнае шэсце працоўных, прымянілі агнястрэльную зброю, загінулі больш сотні чалавек. На кобрынскіх вуліцах з’явіліся першыя дэманстрацыі пратэсту. Да масавых выступленняў супраць манархіі кабрынчан падштурхнулі многія фактары, у т. л. спад прамысловасці, неўраджай, зніжэнне ўзроўню жыцця.
Летам 1905 г. пад уплывам рэвалюцыйных падзей у Расіі сярод чарговай партыі кобрынскіх прызыўнікоў успыхнулі хваляванні, якія суправаджаліся адмовай адпраўляцца на вайну. Мабілізаваныя запалілі гандлёвыя рады, пажар хутка распаўсюдзіўся на ўвесь горад. Згарэлі цэнтр і ўся Пінская (сёння Першамайская) вуліца. Хваляванні працягваліся і ў час другога набору прызыўнікоў у армію, калі вялікі натоўп моладзі з чырвонымі сцягамі, з песнямі прыйшоў граміць паліцэйскі ўчастак.
17 кастрычніка 1905 г., калі выйшаў царскі маніфест, Кобрын зноў быў ахоплены дэманстрацыямі. У адказ на абяцанне ўяўных свабод людзі выйшлі з чырвонымі сцягамі і лозунгамі «Далоў самадзяржаўе!». Па Ратненскай вуліцы дэманстранты рушылі да «Губерні», спадзяючыся на падтрымку прызыўнікоў. Але тут іх ужо чакалі казакі, якія пусцілі ў ход нагайкі і шашкі.
Асабліва арганізавана выступілі кобрынскія чыгуначнікі. У пачатку лістапада 1905 г. на станцыі Кобрын быў створаны Кобрынскі камітэт Усерасійскага чыгуначнага саюза, які кіраваў агітацыяй, мітынгамі, забастоўкамі. У склад камітэта, абранага мясцовымі рабочымі, увайшлі К. А. Кандрацьеў (старшыня), Я. М. Скаркоўскі, І. А. Грышко, Я. К. Гаазе, Н. Багатко. Пад кіраўніцтвам камітэта чыгуначнікі станцыі «Кобрын» і майстэрняў правялі некалькі буйных забастовак у падтрымку маскоўскага пралетарыяту, дабіліся зняцця начальніка станцыі і іншых службовых асоб і ўзялі станцыю пад свой кантроль. Чыгуначнікі арганізавалі баявую дружыну, якая ўзброілася жалезнымі пікамі, вырабленымі тут жа, у майстэрні. Камітэтчыкі праводзілі мітынгі, на якіх выстаўляліся палітычныя патрабаванні, наладжвалі цесную сувязь з іншымі забастовачнымі камітэтамі.
Як даносіў у Віленскую судовую палату пракурор Гродзенскага акруговага суда, камітэт ставіў перад сабой «не толькі эканамічныя, але і палітычныя мэты, накіроўваў сваю дзейнасць да звяржэння існуючага ў Расіі дзяржаўнага і грамадскага ладу». У кастрычніку 1905 г. кобрынскія чыгуначнікі дружна ўключыліся ў агульнарасійскую забастоўку чыгуначнікаў. Яе на Палескіх чыгунках у хуткім часе падтрымалі і паштова-тэлеграфныя служачыя Кобрына, потым настаўнікі гарадскіх вучылішчаў і сельскіх школ. Баставалі і многія дробныя прадпрыемствы горада.
12 снежня 1905 г., калі ў Маскве разгортваліся баі, з Гродна на адрас Віленскага генерал-губернатара паляцела трывожная тэлеграма: «...з прычыны забастоўкі палескіх чыгуначнікаў Кобрынскі павет зусім адрэзаны ў сэнсе шляхоў зносін». Гэта азначала, што карнікі не могуць дабрацца да мяцежнага горада і патрабуюцца тэрміновыя меры. Праз два дні ў адносінах да павета было выкарыстана «Палажэнне аб узмоцненай ахове» тэрмінам на адзін год. Атрымаўшы поўную свабоду дзеянняў для падаўлення ўсіх іншадумцаў, паліцэйскія ўлады жорстка расправіліся з удзельнікамі мітынгу.
На падзеі ў Кобрыне адгукнуліся жыхары вёсак, якія выступалі супраць памешчыкаў, падпальвалі іх маёнткі. Памешчыкі жорстка распраўляліся з сялянамі, але яны не здаваліся. Хваля народнага гневу расла, паўстанні ўспыхвалі адно за другім. У 1905–1906 гг. у Кобрынскім павеце адбылося каля 200 адкрытых выступленняў, некаторыя з іх выліліся ва ўзброеныя сутычкі. Найбольшую вядомасць атрымалі падзеі ў Ілаўскай воласці, дзе жыхары некалькіх вёсак вялі барацьбу з памешчыкам Шэметам і яго гайдукамі. На чале сялян стаялі К. Рачко і М. Нічыпарук, якія і распрацавалі план дзеянняў. Паўстанцы ўзброіліся драбавікамі, віламі і самаробнымі пікамі, прыхапілі некалькі бутляў газы і накіраваліся ў бок маёнтка. Але памешчык ужо паспеў выклікаць роту салдат, і выступленне было задушана.
Звесткі пра справы на Кобрыншчыне дайшлі да цара, які загадаў тэрмін дзеяння ўведзенага ў Пружанскім і Кобрынскім паветах «Палажэння аб узмоцненай ахове» прадоўжыць да 8 снежня 1908 г. Вынікам неабмежаваных карных паўнамоцтваў быў арышт у пачатку студзеня 1906 г. камітэта Кобрынскага аддзялення чыгуначнага саюза. Палескія чыгункі адны з апошніх закончылі стачку. Усе члены камітэта былі арыштаваны і аддадзены суду. З’яўляючыся авангардам узнікшага ў той час на Кобрыншчыне рабочага класа, чыгуначнікі аднымі з першых выступілі на арганізаваную барацьбу з самадзяржаўем.
У памяць аб рэвалюцыйнай барацьбе кобрынскіх чыгуначнікаў на будынку чыгуначнага вакзала ў 1976 г. устаноўлена мемарыяльная дошка. У Кобрынскім ваенна-гістарычным музеі імя А. В. Суворава захоўваецца арыгінал жандармскага данясення аб удзеле рабочых станцыі Кобрын ва Усерасійскай забастоўцы. Пацвярджае гэта і тэлеграма Віленскага генерал-губернатара аб аб’яўленні Кобрынскага павета ў стане ўзмоцненай аховы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай.
Курачук Святлана Дзмітрыеўна,
бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі
- Філякоў, У. Г. Рэвалюцыя 1905–07 у Расіі / У. Г. Філякоў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 542–543.
- Филяков, В. Г. Революция 1905–07 / В. Г. Филяков // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 6. С. 413–414.
- Філякоў, У. Рэвалюцыя 1905–07 / Уладзімір Філякоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 164–165.
- Пліско, Н. М. 1905 год на Кобрыншчыне / Н. М. Пліско // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 71–74.
- Плиско, Н. М. Кобрин : историко-экономический очерк / Н. М. Плиско, Л. Р. Козлов. – Минск : Полымя, 1987. – 94, [2] с. – (Города Белоруссии). – Из содерж.: Свободе, революции навстречу. С. 37–43.
- Савицкий, Э. М. Мемориальная доска в память о революционных выступлениях железнодорожников в 1905 г. : [Кобрин] / Э. М. Савицкий // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 248.
- Савіцкі, Э. М. Месца выступленняў чыгуначнікаў у 1905 г. : [Кобрын] / Э. М. Савіцкі // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 224.
- Король А. С. Большевики Белоруссии в революции 1905–1907 годов / А. С. Король. – Минск : Беларусь, 1986. – 192 с.
- Революционное движение Белоруссии 1905–1907 гг. : документы и материалы. – Минск : Издательство АН БССР, 1955. – 747 с.
- Большевики Белоруссии в первой русской революции. – Москва : Госполитиздат, 1955. – 132 с. – Из содерж.: [Кобринский уезд]. С. 94, 108, 121.
- Чирун, А. 1905 год на Кобринщине как один из предвестников Великого Октября / Александр Чирун // Кобрынскі веснік. 2022. 5 лістапада. С. 9.
- Елизарова, Ж. Всегда на страже. Таямніцы зямлі кобрынскай : [о военных событиях на территории Кобринщины] / подготовила Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2022. 12 сакавіка (№ 18). С. 4, 9.
- Мартынов, А. На переломе веков : [Кобрин в начале XX в.] / А. Мартынов // Кобрин-информ. 2009. 11 июня. C. 26.
- Китайчук, М. Бурные годы начала века : [Первая русская революция] / М. Китайчук // Кобрин-информ. 2006. 2 ноября. С. 8.
- Савченко, Н. Революционный Октябрь. 88 лет назад : [о революционных событиях в Кобрине в 1905 г. и позднее] / Надежда Савченко // Кобрынскi веснiк. 2005. 5 лістапада. С. 1–2.
- Мартынов, А. Старые казармы : страницы истории : [в Кобрине с давних пор постоянно находился воинский гарнизон, в т. ч. в начале XX в. два пехотных полка – 149-й Черноморский и 150-й Таманский] / А. Мартынов // Кобрынскі веснік. 1996. 1 жніўня.
- Мартынаў, А. Войны ў гісторыі нашага горада / А. Мартынаў // Камуністычная праца. Кобрын, 1987. 26 лютага; 7 сакавіка; 10 сакавіка.
- Мартынов, А. Бунтари свободы : [события Первой русской революции на Кобринщине] / А. Мартынов // Заря. 1986. 26 сентября.
- Малашевский, В. История одной телеграммы / В. Малашевский // Заря. 1981. 24 января.
- Сідарук, П. С. І паднялася хваля гневу : [1905 год у Кобрыне і Кобрынскім павеце] / П. С. Сідарук, І. С. Сідарук // Камуністычная праца. Кобрын, 1980. 8 ліпеня.
- Сідарук, П. С. Горад Кобрын : [у 1905–1939 гг.] / П. С. Сідарук // Камуністычная праца. Кобрын, 1980. 13 мая.
- Мартынаў, А. Рэха рэвалюцыі ў Кобрыне : да 70-годдзя першай рускай рэвалюцыі / А. Мартынаў // Камуністычная праца. Кобрын, 1975. 4 снежня. С. 4.
- Сідарук, І. Загаралася зара свабоды : [Першая руская рэвалюцыя] / І. Сідарук // Камуністычная праца. Кобрын, 1975. 5 красавіка.
- Сідарук, П. Гартаваліся ў барацьбе : [Першая руская рэвалюцыя] / П. Сідарук // Камуністычная праца. Кобрын, 1973. 28 ліпеня.
- Мартынаў, А. Кобрынскія чыгуначнікі ў рэвалюцыі 1905 года / А. Мартынаў // Камуністычная праца. Кобрын, 1971. 30 лістапада.