З пачаткам Першай сусветнай вайны Сцяпан Семянюк быў прызваны ў царскую армію. Служыў на Чарнаморскім флоце ў Севастопалі. Матрос асобнай роты службы сувязі 2-й ст. С. Ф. Семянюк на флоцкую службу прызываўся ва ўмовах царскай імперыі, а вярнуўся на Кобрыншчыну, калі ўжо ўсталявалася панаванне буржуазнай Польшчы.
У 1918 г. у Херсонскай губерні жылі ў бежанстве і родныя Сцяпана. Бацькі матроса-паэта разам з іншымі сялянамі пакінулі родныя мясціны ў сувязі з хуткім прасоўваннем фронту на ўсход і на правах бежанцаў знайшлі там прытулак. Пасля заканчэння вайны збяднелы сялянскі люд вяртаўся з бежанцаў у родныя сёлы. Перарванае жыццё адраджалася, ствараліся новыя сем’і.
Вярнуўшыся на радзіму, былы матрос Сцяпан Семянюк ажаніўся з дзяўчынай Пелагеяй Каштальянчык, якая жыла ў той жа вёсцы. У бежанстве Пелагея працавала на парахавым заводзе, дзе ўмовы працы былі шкодныя для здароўя і, як мяркуюць, прывезла з сабой хваробу — сухоты. Ад кароткага шлюбу нарадзіліся двое дзяцей — сын Віталій, у далейшым удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, і дачка Надзея (па мужу Яроміна), якая пазней жыла ў бацькоўскай сядзібе ў Яромічах.
У цяжкі час жыў Сцяпан Семянюк, але яшчэ цяжэйшы выпаў яму лёс. Рана памерла жонка Пелагея, пакінуўшы дваіх дзяцей. Аднак без гаспадыні немагчымы сялянскі дом, гаспадарка, і малады ўдавец ажаніўся з дзяўчынай Марынай Равацюк з в. Луцэвічы. Ад іх шлюбу ў 1929 г. нарадзілася дачка Антаніна (пражывала ў Ніжнім Ноўгарадзе, Расія). Але і Марыне таксама наканавана было рана пайсці з жыцця ад той жа невылечнай тады хваробы — сухотаў.
Невядома, што абуджала ў Сцяпане Семенюку, што жывіла ў ім імкненне да паэтычнага слова. Ці нялёгкія ўмовы сялянскага жыцця, ці нацыянальны ўціск, ці сацыяльная несправядлівасць? Вядома толькі, што Сцяпана цягнула да ведаў. У вольныя хвіліны ён браў кніжкі, пісаў вершы. Калі пры Яроміцкай сельскай школе адкрыліся курсы для дарослых, якія вяла настаўніца-полька Фяліцыя Цібароўская, Сцяпан адразу пайшоў вучыцца. Курсанты вучыліся, горача спрачаліся — і паміж сабой, і са сваёй настаўніцай.
Працуючы, здабываючы ў поце надзённы хлеб, Сцяпан час ад часу рабіў перадышку, нешта напружана абдумваў і запісваў. Гэта былі ўжо не кароценькія чатыры радкі, з якіх ён пачынаў, а ўдумлівыя творы, звароты да людзей. Яго вершы, перапісаныя ад рукі, разыходзіліся па ўсёй вёсцы, траплялі ў навакольныя вёскі Стрыі, Мінянка, Гарыздрычы, Астромічы. У хаце Семенюкоў збіраліся сябры Сцяпана, і ён чытаў свае вершы, часта суправаджаючы паказам сваіх жа сатырычных малюнкаў. Было заўсёды мнагалюдна, весела і запамінальна.
У вершах С. Ф. Семянюк адгукаўся на розныя праявы сялянскай рэчаіснасці, закранаў у іх разнастайныя тэмы («Лёс», «Падзяка», «Доля сялянства», «Темнота», «Людський присуд», «Ми ж хіба не народ?» і інш.). Па словах сваякоў, у Сцяпана было шмат тоўстых сшыткаў, спісаных вершамі, але яны згубіліся. Захаваліся ў запісах з дзясятак вершаў, у якіх выразна прачытваецца заклік да асветы народа, да годнага жыцця, пратэсту супраць паланізацыі. Так, верш «Темнота — наш перший ворог», успамінала Праскоўя Сідарук, удзельніца рэвалюцыйнага руху на Заходняй Беларусі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровы грамадзянін г. Кобрына, быў спецыяльна напісаны для дэкламавання на сельскіх зборах, сходках: «Темнота — наш перший ворог, / З котрим мусим воювати. / Добра книжка — то е порох, / А читальня — то гармата».
С. Ф. Семянюк цікавіўся грамадска-культурным жыццём украінскіх суполак у Кобрыне. Ён актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці таварыства «Просвіта», зімой 1928 г. нават быў на курсах у Брэсце.
17 мая 1931 г., на 36-м годзе жыцця, Сцяпан Фёдаравіч Семянюк памёр. Пахаваны на Гарбаньскіх могілках, што паблізу в. Яромічы. Магіла не захавалася, але захавалася памяць у літаратурнай спадчыне. Рана згас паэтычны дар, які так і не змог разгарнуцца ў поўную сілу.
Звесткі пра асобу С. Ф. Семенюка і яго лёс найбольш поўна захаваліся ў памяці сваякоў і аднавяскоўцаў ды ў нямногіх цудам уцалелых вершах. У свой час пра паэта пісалі: І. Карвацюк у артыкуле «Революційні поети Західного Полісся» (газета «Літературна Україна», 20.10.1967), А. Сушчук «Приходит время — пробудиться пора» (газета «Голос Берестейщины», 1992, снежань). Добрае згадванне пакінуў аб С. Ф. Семенюку зямляк, паэт Іван Хміль (Бойцік): «…Сцяпан Семянюк з сяла Яромічы, які пісаў у польскі час выдатныя бытавыя і іншыя вершы — сатыру і паэзію, змяшчаючы іх у розных газетах і часопісах Галіцыі… Гэта быў адукаваны чалавек, сумленны і высакародны».
Захаваўся здымак, якому больш за 100 гадоў: юнак-матрос, спакойны выраз прыгожага твару, чорныя ленты з якарамі нібыта напаказ спадаюць з левага пляча. На адвароце роўным почыркам напісана: «Севастопаль, 5 чэрвеня 1916 года. На памяць бацькам і сястры. Асобнай роты службы сувязі матрос 2-й ст. Стафан Семянюк».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай.
Курачук Святлана Дзмітрыеўна,
бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі
- З вершаў С. Семенюка // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 119.
- Семенюк, С. Тяжка праца селян. Ми ж хіба не народ? : стихи / Степан Семенюк // До тебе, світе... : украінська література Берестейщини. Киів, 2003. С. 146–147.
- Сушчук, А. Ён валодаў паэтычным дарам / А. Сушчук // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 118–119.
- Степан Семенюк (1895–1931) // До тебе, світе.. : украінська література Берестейщини. Киів, 2003. С. 144–145.
- Степан Семенюк // Справа : беларуска-ўкраінскі альманах Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Минск, 2016. Вып. 3. С. 72–74.
- Яромічы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 197–198.
- Марчук, Н. Паэт-самародак з сяла Яромічы : [аб паэце С. Ф. Семенюку] / Ніна Марчук // Краязнаўчая газета. 2010. № 21. C. 6.
- Сушчук, А. Вяртаючы жыццё радкам яго балючым… : [аб паэце Стэфане Фёдаравічу Семенюку, ураджэнцу Кобрыншчыны] / А.Сушчук // Кобрынскі веснік. 1991. 19 лістапада. С. 3.