Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 22 Верасень 2025 11:42

2025 г. — 125 гадоў з часу адкрыцця ўстановы аховы здароўя «Дзівінская ўчастковая бальніца» (Кобрынскі р-н; 1900)

Першая бальніца ў в. Дзівін была пабудавана ў 1900 г. Яна складалася з трох будынкаў: у першым знаходзіліся хворыя, у другім — амбулаторыя, аптэка, кабінеты ўрачоў, а ў трэцім былі кухня, лазня і пральня. У бальніцы працавалі фельчар, памочнік фельчара, кухарка, дзве санітаркі (якія выконвалі і абавязкі прачак). Увесь персанал быў з мясцовых жыхароў, толькі фельчар прыезджы.

У 1911 г. будынак бальніцы згарэў у выніку вялікага пажару, які знішчыў больш за трэць будынкаў мястэчка. У 1914 г. установа знаходзілася на тэрыторыі лясніцтва і размяшчалася ў двух драўляных бараках, потым да 1939 г. — у памяшканні былой польскай гміны (драўляны аднапавярховы дом) на сучаснай вул. Савецкай. У 1940 г. у сельскай лячэбніцы працавалі лекар і фельчар, сярод насельніцтва праводзілася прафілактычная і растлумачальная работа. Далейшае развіццё медыцынскага абслугоўвання было перапынена Вялікай Айчыннай вайной. Бальніцу змясцілі ў прыватны дом Яфіміі Рыгораўны Любчук.

Пасля выгнання нямецка-фашысцкіх акупантаў з тэрыторыі Кобрынскага раёна ў ліпені 1944 г. у Дзівіне па вул. Савецкай быў пабудаваны аднапавярховы будынак, дзе размясцілася бальніца. Яна была дрэнна абсталявана, не было нават ложкаў. У той час у Дзівіне лютаваў тыф і іншыя інфекцыйныя хваробы. Шмат сіл і душэўнай цеплыні аддалі сваім пацыентам старшая медсястра Праскоўя Кузьмінічна Крачка, якая працавала тут з 1939 г., а таксама ўрач Зоя Сяргееўна Мікалаева і медсястра Наталля Андрэеўна Лук'янава.

Ішлі гады, паляпшаліся матэрыяльная база бальніцы, умовы працы. У 1952 г. ва ўстанове былі чатыры палаты на 25 ложкаў, ізалятар, радзільнае аддзяленне на 5 ложкаў. У 1954 г. бальніца перабудавана. У 1956–1968 гг. лячэбная ўстанова складалася з трох аддзяленняў: дзіцячае, тэрапеўтычнае, радзільнае, было 10 палат і 70 ложкаў. Галоўным урачом установы ў гэтыя гады быў Мірон Станіслававіч Гарэпкі.

З 1971 г. галоўным урачом установы стаў Пётр Іванавіч Гнідзюк, які працаваў тут да 1990-х гг. У 1971–1973 гг. стары будынак бальніцы па вуліцы Савецкай быў разабраны і на яго месцы пабудаваны адміністрацыйны амбулаторны корпус, дзе размясціліся стаматалагічная служба, дзіцячая і жаночая кансультацыі, лабараторыя. У 1974 г. да асноўнага корпуса бальніцы зроблена прыбудова з трох фінскіх дамоў на 50 ложкаў, праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі.

Будаўніцтва новай участковай бальніцы ў Дзівіне пачалося ў канцы 1980-х гг., а неабходнасць такая наспела яшчэ раней. Тулілася лячэбная ўстанова ў даўно аджыўшых сваё памяшканнях. Нягледзячы на цяжкасці перабудовачнага перыяду, Дзівінская ўчастковая бальніца была здадзена «пад ключ» у 1995 г. і абсталявана ўсім неабходным для лячэння пацыентаў. Адкрылася новая старонка ў гісторыі Дзівінскай бальніцы.

Стацыянарнае лячэнне насельніцтва пры адкрыцці было разлічана на 100 ложкаў. У зону абслугоўвання бальніцы ўваходзіць з дзясятак вёсак з насельніцтвам каля 10 тысяч чалавек. Медыкам з Дзівіна дапамагаюць спецыялісты трох фельдшарска-акушэрскіх пунктаў (Лелікаўскі, Осаўскі, Хабовіцкі) і дзвюх урачэбных амбулаторый (Арэхаўская, Павіццеўская).

18 жніўня 2017 г. у Дзівінскай участковай бальніцы адбылося адкрыццё кабінета прамянёвай дыягностыкі. Быў праведзены капітальны рамонт рэнтген-кабінета і ўстаноўлена новае сучаснае абсталяванне. Перад абласным фестывалем-кірмашом працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2020», які праходзіў у аг. Дзівін, быў праведзены капітальны рамонт бальніцы: поўнасцю адрамантаваны будынак, заменены дах, усе вокны, дзверы.

Сёння Дзівінская ўчастковая бальніца — гэта тэрапеўтычнае аддзяленне і аддзяленне сястрынскага догляду, амбулаторыя. Тэрапеўтычнае аддзяленне разлічана на 30 ложкаў. Сюды паступаюць пацыенты ў асноўным тэрапеўтычнага профілю, але ёсць і пацыенты з траўмамі. Аддзяленне сястрынскага догляду разлічана на 25 месцаў і прызначана для аказання медыка-сацыяльнай дапамогі грамадзянам, якія пакутуюць ад хранічных захворванняў і патрабуюць пастаяннага кругласутачнага медыцынскага назірання і догляду, але не патрабуюць інтэнсіўнага аказання медыцынскай дапамогі ў стацыянарных умовах. Медперсанал, які ажыццяўляе догляд за пацыентамі, адказны, умее знайсці падыход да пажылых людзей, якім у першую чаргу патрэбны клопат і ўвага.

У калектыве бальніцы працуюць 90 супрацоўнікаў пад кіраўніцтвам Аляксандра Іосіфавіча Дэйко. У амбулаторыі прыём вядуць тэрапеўты, педыятры, гінеколаг, неўролаг, зубны ўрач. Кабінеты ўрачоў агульнай практыкі аснашчаны ўсім неабходным медыцынскім абсталяваннем, у т. л. холтэрам, апаратамі ЭКГ, спірографам. Працуюць працэдурны, фізіятэрапеўтычны і рэнтген-кабінеты, кабінет УЗІ і функцыянальнай дыягностыкі. Рэнтгенкабінет падключаны да адзінай лакальнай сеткі Кобрынскай ЦРБ: здымкі, выкананыя ў Дзівіне, па сетцы адпраўляюцца адразу для расшыфроўкі ў Кобрын. Апроч прыёму ў бальніцы, урачы штомесяц і па неабходнасці выязджаюць у найбліжэйшыя вёскі, каб пракансультаваць насельніцтва, аказаць ім медыцынскую дапамогу. У прыёмным пакоі бальніцы размешчаны пост хуткай медыцынскай дапамогі.

Дзівінская бальніца папаўняецца новымі кадрамі. Маладыя спецыялісты прыходзяць сюды па размеркаванні, многія застаюцца назаўсёды. Дзівінчанам і жыхарам бліжэйшых вёсак, калі спатрэбіцца дапамога медыкаў, не трэба ехаць у раённы цэнтр. Іх здароўе — у надзейных руках персаналу Дзівінскай участковай бальніцы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Мартынаў, А. М. З гісторыі аховы здароўя на Кобрыншчыне / А. М. Мартынаў // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 134–136.
  2. Гапанович, А. Сельская участковая больница / Афанасий Гапанович // Дивин – древний и молодой / Афанасий Гапанович. Брест, 2017. С. 58.
  3. Установе аховы здароўя «Дзівінская ўчастковая бальніца» (1940) – 85 гадоў // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л.С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 192.
  4. Дзівінская сельская ўчастковая бальніца // Дзівінскі шлях: гісторыя і дзень сённяшні : гісторыка-краязнаўчы нарыс да 550-годдзя з часу першага ўпамінання в. Дзівін Кобрынскага раёна / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. Кобрын, 2016. С. 35.
  5. Соловей, А. Всегда придут на помощь : [состоялось чествование сотрудников Дивинской участковой больницы] / Александра Соловей // Кобрынскі веснік. 2025. 21 чэрвеня (№ 25). С. 12.
  6. Бакун, Е. Не более 180 дней : [об отделении сестринского ухода Дивинской участковой больницы] / Елена Бакун // Кобрынскі веснік. 2024. 14 верасня (№ 37). С. 12.
  7. Белов, Д. С заботой о тех, кто в ней нуждается : [в рамках акции для пожилых людей «От всей души» руководство района посетило Дивинскую участковую больницу и Тевельскую больницу сестринского ухода] / репортаж вели Дмитрий Белов и Александра Соловей // Кобрынскі веснік. 2024. 13 студзеня (№ 2). С. 8.
  8. Бакун, Е. Уход сестринский, забота дочерняя : [о работе Дивинской участковой больницы рассказал заведующий Александр Дейко] / подготовила Елена Бакун // Кобрынскі веснік. 2023. 30 снежня. С. 13.
  9. Елизарова, Ж. Дивин древний, Дивин юный. Таямніцы зямлі кобрынскай / подготовила Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2022. 23 сакавіка. С. 4–5.
  10. Бакун, Е. Будьте здоровы, земляки! : [о работе Дивинской участковой больницы] / Елена Бакун // Кобрынскі веснік. 2021. 28 жніўня. С. 9.
  11. Пашкович, Л. Масштабная модернизация проводится в Дивинской участковой больнице / Людмила Пашкович // Кобрынскі веснік. 2020. 22 жніўня. С. 2.
  12. Марчук, Н. С факелом Гиппократа : [история медицины кобринского края] / Нина Марчук // Кобрин-информ. 2017. 30 марта. С. 5.
  13. Пашкович, Л. В Дивине – новый рентген-кабинет : [в Дивинской участковой больнице запущен обновленный рентген-кабинет с новейшим флюрографическим аппаратом] / Людмила Пашкович // Кобрынскі веснік. 2017. 23 жніўня. С. 4.
  14. Пашкович, Л. Новый флюрографический кабинет : [флюрографический аппарат новейшего поколения будет установлен в Дивинской участковой больнице] / Людмила Пашкович // Кобрынскі веснік. 2016. 26 лістапада. С. 2.
  15. Кривецкий, В. Здоровый человек – человек созидательный : [главврач УЗ «Кобринская ЦРБ» о системе здравоохранения Кобрина и района] / Вячеслав Кривецкий ; [беседовал] Игорь Сидорук // Кобрынскі веснік. 2015. 20 чэрвеня. С. 3.
  16. Пашкович, Л. Здесь помогут : [о Дивинской участковой больнице] / Людмила Пашкович // Кобрынскi веснiк. 2015. 11 лютага. С. 3.
  17. Кривецкий, В. А. Кобринская медицина: будни и праздники : [медицинское обслуживание в деревнях Кобринского района осуществляют 3 участковые больницы (в Дивине, Новоселках, Городце)] / В. А. Кривецкий ; [беседовала] Анна Казакова // Кобрин-информ. 2014. 19 июня. С. 6.
  18. Крывецкі, В. Медыцына для людзей : [галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы аб стане медыцыны на Кобрыншчыне] / Вячаслаў Крывецкі ; [гутарыла] Людміла Дубіна // Кобрынскі веснік. 2014. 2 жніўня. С. 3.
  19. Белов, Д. С милосердием в душе : [о сестринском персонале Дивинской участковой больницы] / Дмитрий Белов // Кобрынскi веснiк. 2012. 12 мая. С. 4.
  20. Ярмалюк, Г. А. І зусім не балюча : [пра ўрача-стаматолага Дзівінскай участковай бальніцы М. Дземчык] / Г. А. Ярмалюк, А. Ф. Шапяцюк // Кобрынскi веснiк. 2010. 27 лютага. C. 8.
  21. Григорук, О. С. Приезжайте к нам... лечиться : [о Дивинской поликлинике и участковой больнице] / Григорук О. С. // Кобрынскi веснiк. 2007. 19 снежня. C. 4.
  22. Мельнік, Р. У Дзівін па размеркаванню : [аб урачы-тэрапеўце Дзівінскай участковай бальніцы Максіме Баброве] / Раман Мельнік // Кобрынскi веснiк. 2006. 24 чэрвеня. С. 3.
  23. Хильчук, М. «Не уезжайте, доктор…» : [о новом главвраче Дивинской участковой больницы Александре Дейко] / Мария Хильчук // Кобрынскi веснiк. 2005. 16 лістапада. С. 2.
  24. Петров, Ю. И в сельской больнице – как в городской : [о Дивинской больнице] / Юрий Петров // Заря. 1999. 29 апреля. С. 2.
  25. Дзівінская ўчастковая бальніца // Кобрынскi веснiк. 1997. 20 верасня. С. 2.
  26. Дзівінская ўчастковая бальніца // Кобрынскi веснiк. 1996. 13 ліпеня. С. 3.
  27. Хильчук, М. Дивинцы получили новую больницу, a министр здравоохранения – букет роз / Мария Хильчук // Заря. 1995. 28 декабря. С. 1.
  28. Хільчук, М. Будзьце здаровыя! : [23 снежня закончана будаўніцтва і здадзена ў эксплуатацыю Дзівінская ўчастковая бальніца] / Марыя Хільчук // Кобрынскi веснiк. 1995. 30 снежня. С. 2.
  29. Бялова, М. Жыве ў вёсцы ўрач : [аб урачы Дзівінскай бальніцы К.П.Кашко] / М. Бялова // Камуністычная праца. Кобрын, 1974. 15 чэрвеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 10 разоў Апошняя змена Панядзелак, 22 Верасень 2025 11:52