Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 23 Верасень 2025 15:13

2025 г. — 245 гадоў з часу пабудовы Свята-Міхайлаўскай царквы ў в. Сцяпанкі (Жабінкаўскі р-н; 1780), помніка народнага драўлянага дойлідства

Першы ўспамін ў пісьмовых крыніцах аб праваслаўным храме святога архангела Міхаіла ў в. Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці адносіцца да 1619 г. У другой палове ХVІІІ ст. быў пабудаваны новы храм па уніяцкіх канонах, датай заканчэння будаўніцтва лічыцца 1780 г.

Сцяпанкаўская Свята-Міхайлаўская царква — 3-нефавая базіліка. Прамавугольны цэнтральны неф асвятляецца невялікімі вокнамі і накрыты 2-схільным дахам з вальмай над алтаром і трохвугольным франтонам з шалёўкай «ромбам» на галоўным фасадзе. У сярэдзіне вільчака фігурны гранёны купалок. Бакавыя нефы накрыты 1-схільнымі дахамі, якія каля алтара пераходзяць у трохвугольныя застрэшкі, а на галоўным фасадзе завершаны 2-яруснымі чацверыковымі вежачкамі з гранёнымі купалкамі. Аконныя праёмы з лучковымі завяршэннямі зашклёны вітражамі.

Унутры нефы падзелены 4 калонамі з капітэлямі. Цэнтральны неф мае скляпеністае перакрыцце, бакавыя — плоскую столь. Сцены апрацаваны пілястрамі. Над уваходам хоры. Захаваўся трох’ярусны драўляны іканастас ХVІІІ ст. у стылі барока. Царскія вароты выдзяляюцца пышнай ажурнай разьбой. Упрыгожваюць інтэр’ер іконы ХІХ ст. «Успение Святой Анны», «Моление о чаше», «Святой Иосиф с младенцем», «Святые Иоаким и Анна».

У пачатку ХХ ст. да царквы прыбудавана 3-ярусная чацверыковая званіца з васьмерыковым верхнім ярусам, завершаным шатровым дахам з дэкаратыўнымі шчытамі. Праект прыбудовы ў рэтраспектыўна-рускім стылі выканаў архітэктар Мікалай Катовіч, а будаўніцтвам займаўся мясцовы цясляр Іван Ляўчук. Прыхаджане сабралі грошы на новы вялікі звон, на якім зроблены надпіс: «Сей колокол сооружён для Степанковской Свято-Михайловской церкви. При настоятеле Иоанне Михайловском. Трудами, усердием и добровольными пожертвованиями прихожан, при значительной помощи крестьянина Стефана Оксютика». Звон пасля Савецка-польскай вайны ў якасці трафея апынуўся ў Варшаве, але прыхаджанам удалося яго вярнуць.

Аб гісторыі Сцяпанкаўскага храма звестак нямнога. Пасля скасавання уніі (1839) храм стаў праваслаўным. У 1858 г. быў праведзены рамонт. У 1862 г. у Сцяпанках адкрылася народнае вучылішча, дзе навучаліся 45 дзяцей. У 1879 г. царкву зноў абнавілі. У той час вёска была даволі вялікай — 420 жыхароў. Царкву наведвалі прыхаджане з 12 навакольных вёсак.

Калі наблізіўся фронт Першай сусветнай вайны (1915), царкоўная маёмасць была вывезена ўглыб Расіі, а царква зачынена. Богаслужэнні аднавіліся толькі ў 1923 г. у складзе Палескай епархіі Польскай праваслаўнай царквы. У 1925 г. быў праведзены рамонт, зроблены жалезны дах. У пачатку 1990-х гг. храм быў адрамантаваны, у яго правялі электрычнасць, уладкавалі ацяпленне, добраўпарадкавалі тэрыторыю, зрабілі металічную агароджу. Прастольнае свята адзначаецца 21 лістапада. Саборнае служэнне адбываецца 7 жніўня ў дзень Успення праведнай Ганны.

Метрычныя кнігі Сцяпанкаўскай царквы за 1843, 1845–1853, 1855, 1857–1858, 1861–1864, 1873–1874, 1931–1944 гг. захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна (ф. 910).

Настаяцелямі служылі: Аляксандр Камінскі (1859–1866), Феафан Паўловіч (1860–1886), Іаакім Пісканоўскі (1886–1901), Іаан Міхалоўскі (1901–1911), Іаан Маркевіч (1912–1915, 1918–1919), Рыгор Грома (1922–1932), Леанід Дружылоўскі (1932–1944), Алексій Яруцкі (1944–1973), І. С. Юрашэвіч (1973), Васіль Сярэдзін (1986–1987), Мікалай Галаўко (1987–1991), Яўген Чарнякоў (1991–1992), Рыгор Калеснік (1993), Анатолій Тарасевіч (1994–1999), Алексій Ярэмка (1999–2001), Васіль Паляціла (2001–2002), Уладзімір Аляксееў (2003–2005), Сергій Разановіч (2005–2021). З 15 ліпеня 2021 г. настаяцелем з’яўляецца іерэй Георгій Залеўскі.

Свята-Міхайлаўская царква ў Сцяпанках унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 112Г000255). Таксама ў гэтым спісе знаходзяцца абразы ХVІІ ст. з царквы: «Малебен аб чашы» (121Ж000013), «Хрыстос-Уседзяржыцель» (121Ж000014). У 2015 г. было прапанавана ў ліку пяці храмаў Брэстчыны ўнесці Свята-Міхайлаўскую царкву ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Сцяпанкаўскі храм сотні гадоў быў часткай жыцця многіх пакаленняў мясцовых жыхароў, іх духоўным сімвалам і ўнікальным помнікам архітэктуры. 24 ліпеня 2025 г. здарылася вялікае няшчасце — Свята-Міхайлаўскі храм згарэў. Удалося выратаваць іконы, прылады, начынне. Прыхаджане вераць, што храм будзе адноўлены ў ранейшым выглядзе.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

 

  1. Степанковская Михайловская церковь : [Жабинковский район] // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 373.
  2. Царква ў імя святога архангела Міхаіла : [в. Сцяпанкі] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 388–389.
  3. Свята-Міхайлаўская царква : [в. Сцяпанкі] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 190–191.
  4. Церковь святого Архистратига Михаила : [д. Степанки] // Храмы Брестчины. Брест : РИА «Вечерний Брест», 2024. С. 77.
  5. Сцяпанкаўская Міхайлаўская царква // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. С. 465.
  6. Чернявская, Т. И. Михайловская церковь : [д. Степанки] / Т. И. Чернявская // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 185–186.
  7. Якімовіч, Ю. А. Сцяпанкаўская Міхайлаўская царква / Ю. А. Якімовіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 205.
  8. Чарняўская, Т. І. Міхайлаўская царква : [в. Сцяпанкі] / Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 165.
  9. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Сцяпанкі. Гл. на с. 337–338.
  10. Сцяпанкі : [Жабінкаўскі раён] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 347–348.
  11. Аншиц, Р. Спасти не удалось... : [о сгоревшей Свято-Михайловской церкви в аг. Степанки] / Роман Аншиц // Заря. 2025. 30 июля. С. 19.
  12. Ковергович, Н. Сгорел храм в Степанках / подготовила Наталья Ковергович // Жабінка актуальна. 2025. 30 ліпеня (№ 31). С. 6.
  13. Кузіч, М. Царква названа ў гонар Архістраціга Міхаіла : [гісторыя Свята-Міхайлаўскай царквы аг. Сцяпанкі] / Міхаіл Кузіч // Сельская праўда. Жабінка, 2018. 24 студзеня. С. 5.
  14. Гневушева, А. Храмы Брестчины – в Список ЮНЕСКО! : [в Списке всемирного наследия ЮНЕСКО могут оказаться пять православных храмов Брестской области: Свято-Никитская церковь (д. Здитово), Свято-Михайловская церковь (д. Черск), церковь Параскевы Пятницы (д. Збироги), Свято-Михайловская церковь (д. Степанки) и церковь Параскевы Пятницы (д. Дивин)] / Алена Гневушева // Заря. 2017. 18 ноября. С. 4.
  15. Ролич, О. Наше наследие. Михайловская церковь в Степанках / Ольга Ролич // Царкоўнае слова. 2016. 18 лістапада (№ 46). С. 4.
  16. Ролич, О. Михайловская церковь в Степанках / Ольга Ролич // Заря. 2016. 13 окт. С. 17.
  17. Бензярук, А. Пад абаронай анёлаў-ахоўнікаў : [вернікі Свята-Міхайлаўскай царквы аг. Сцяпанкі святкавалі 235-я ўгодкі асвячэння храма] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2015. 25 лістапада. С. 3.
  18. Козлович, В. Старое лучше нового : [в Списке всемирного наследия ЮНЕСКО могут оказаться пять православных храмов Брестской области] / Валентина Козлович // Советская Белоруссия. 2015. 11 апреля. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 16 разоў Апошняя змена Аўторак, 23 Верасень 2025 15:18