Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 23 Верасень 2025 15:18

2025 г. — 295 гадоў з часу пабудовы Мікалаеўскай царквы ў в. Рухча 1 (Столінскі р-н; 1730), помніка народнага драўлянага дойлідства

Вёска Рухча 1-я Столінскага раёна Брэсцкай вобласці вядома з 1644 г. У цэнтры вёскі на сродкі ўладальнікаў Скірмунтаў у 1730 г. пабудаваны невялікі драўляны храм Нараджэння Багародзіцы. Напачатку быў уніяцкім, пасля скасавання уніі ў 1839 г. — праваслаўны. Да 1853 г. царква была прыходскай, а потым прыпісана да Радчыцкага праваслаўнага прыхода.

Прамавугольны ў плане асноўны аб’ём з трохсценнай апсідай няправільнага трапецыяпадобнага абрысу (1/3 даўжыні храма). Вальмавы гонтавы дах завершаны здвінутым да ўсходу ад цэнтра васьмігранным барабанам з цыбулепадобнай галоўкай. Сцены гарызантальна ашаляваныя, замацаваныя брусамі-сцяжкамі ў прасценках. На бакавых фасадах — па два высокіх прамавугольных акна ў разных ліштвах. Уваход арганізаваны праз нізкі прамавугольны прытвор пад двухсхільным дахам. Столь плоская, балачная. Царква робіць уражанне старасвецкай архаічнай пабудовы.

На ўсход ад царквы стаіць 2-ярусная зрубна-каркасная (чацвярык на чацвярыку) званіца, накрытая невысокім шатровым гонтавым дахам. На другім паверсе — адкрытая галерэя. Два будынкі ўтвараюць дасканалы мастацкі ансамбль. З моманту заснавання царква служыла духоўным цэнтрам для навакольных вёсак і захоўвае сваё значэнне да нашых дзён.

Па стану на 1837 г. святыня ўжо была прысвечана святому Мікалаю Цудатворцу. Належала да Зарэцка-Пінскага уніяцкага дэканата. У царкоўным валоданні знаходзіліся 3 валокі 15 моргаў зямлі (каля 85 га). Прыхаджан налічвалася 822. Апошнім уніяцкім пробашчам быў Фёдар Юрашкевіч.

З Рухчанскай царквы да нашага часу дайшло пяць абразоў, адзначаных вельмі арыгінальнай манерай выканання. Іх выявілі навуковыя супрацоўнікі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР у 1970-я гг. Абраз «Нараджэнне Маці Божай», які створаны раней 1700 г., выяўлены ў 1977 г., адрэстаўраваны і цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Раней у царкве знаходзілася ікона «Маці Божая Адзігітрыя» 1760 г., гэту рэліквію перадалі ў царкву Раства Божай Маці в. Радчыцк, што за 5 км.

Метрычныя кнігі Рухчанскай царквы за 1840–1846, 1849, 1851–1853, 1855–1868 гг. знаходзяцца ў Нацыянальным архіве Беларусі ў г. Мінску (ф. 136/14, 136/17).

У 1931–1941 гг. настаяцелем Рухчанскага прыхода служыў іерэй Аркадзь Уладзіміравіч Стралкоўскі (1901–1975), ураджэнец г. Лунінца. У час Вялікай Айчыннай вайны — пазаштатны протаіерэй Пётр Ражановіч (1902–1985), які ў 1947 г. за дапамогу вернікам і мясцовым партызанскім атрадам быў узнагароджаны медалём «За доблестный труд в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.».

У 1960-я гг. храм не дзейнічаў, зноў адкрыты ў 1989 г. Цяпер царква свяціцеля Мікалая Цудатворца адносіцца да Столінскага благачыння Пінскай праваслаўнай епархіі. У 2000-я гг. служыў айцец Міхаіл, затым — протаіерэй Уладзімір Іванавіч Ніканчук, які ў 2020 г. пераведзены ў аг. Рубель. Цяпер настаяцелем служыць айцец Павел.

Рухча 1-я ў 1897 г. называлася Рухча Старая, было 290 жыхароў. У 1921 г. — Рухча 1, мелася 729 жыхароў, у 1940 г. — цэнтр Рухчанскага сельсавета, 873 жыхары, у 1959 г. — 745, у 1970 г. — цэнтр калгаса імя Калініна, 633 жыхары, у 2009 г. — 249. У 2011 г. вёска пераўтворана ў аграгарадок. Працуе Рухчанская базавая школа.

Адрас Рухчанскай царквы — вул. Надзеі Яшчук, 2. Цэнтральная вуліца вёскі названа ў памяць сувязной партызанскага атрада імя А. Неўскага Надзеі Маркаўны Яшчук (1921–1943), якую восенню 1943 г. немцы высачылі, схапілі і закатавалі да смерці, але яна не выдала патрыётаў.

Свята-Мікалаеўская царква аг. Рухча 1-я — адна самых старажытных у Столінскім раёне. Помнік архітэктуры, у якім спалучаюцца традыцыйныя прыёмы драўлянага народнага дойлідства і рысы барока. Храм са званіцай занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 112Г000696).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

 

  1. Рухчанская Мікалаеўская царква // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2015. Т. 6. С. 295.
  2. Рухчанская Николаевская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 323.
  3. Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца : [в. Рухча 1-я] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2007. С. 355.
  4. Свята-Раства-Багародзіцкая царква : [в. Рухча 1-я] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 176.
  5. Церковь святителя Николая Чудотворца : [аг. Рухча-1] // Храмы Брестчины. Брест, 2024. С. 189.
  6. Якимович, Ю. А. Церковь Рождества Богородицы : [д. Рухча 1-я] / Ю. А. Якимович // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 396.
  7. Якімовіч, Ю. А. Царква Раства Багародзіцы / Ю. А. Якімовіч // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 354.
  8. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: Рухча. С. 174.
  9. Сакральная живопись Беларуси XV–XVIII веков / авт. текста и сост. Н.Ф.Высоцкая. – Минск : Беларусь, 2007. – 219 с. : ил.
  10. Iканапiс Беларусi ХV–ХVIII стагоддзяў / аўт. тэксту i склад. Н. Ф. Высоцкая. – Мінск : Беларусь, 2001. – 231с. : іл.
  11. Рухча 1-я // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 477.
  12. Рухча 1 // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 592–593.
  13. Бровач, О. Батюшку накажут за вагонку и пластиковые окна : [о деревянной церкви – памятнике архитектуры в д. Рухча Столинского района] / Оксана Бровач // Комсомольская правда в Белоруссии. 2020. 23 апреля. С. 9.
  14. Куницкий, П. Храни меня, мой крест животворящий… : [о настоятеле Свято-Никольской церкви в д. Рухча Столинского района отце Михаиле] / Павел Куницкий // Брестский курьер. 2001. 16–22 августа. С. 10.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 13 разоў Апошняя змена Аўторак, 23 Верасень 2025 15:23