Канал Бона — меліярацыйны канал у Брэсцкай вобласці Рэспублікі Беларусь, левы прыток Мухаўца. Даўжыня складае 34 км. Пачынаецца за 2 км ад в. Заор’е Маларыцкага раёна, працякае па Кобрынскім раёне і ўпадае ў раку Мухавец, заходней Кобрына.
Канал з’яўляецца найстаражытным падобным збудаваннем на тэрыторыі Беларусі. Пабудаваны па ініцыятыве каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай Боны Сфорцы Д’Арагоны (1494–1557). У гонар каралевы ён завецца канал Бона (у мінулым — канал каралевы Боны). Імя Боны ўшанавана невыпадкова. Дачка міланскага герцага Джана Галеацца Сфорцы і Ізабэлы Арагонскай Боны была высокаадукаванай жанчынай, валодала шматлікімі мовамі, займалася гісторыяй, правам, прыродазнаўчымі навукамі. Яна праводзіла эканамічныя рэформы, была зацікаўлена ў пашырэнні вялікакняжацкіх земляў, павышэнні іх натуральнай урадлівасці.
У першай палове XVI ст. каралева Бона пачала актыўную дзейнасць па правядзенні маштабнай аграрнай рэформы на землях, якія ёй належалі. Каралева часта наведвала свае маёнткі, некалькі разоў прыязджала і ў Кобрын. У ходзе рэформы, якая атрымала назву валочная памера, праводзіліся абмер зямель і дзяленне іх на стандартныя ўчасткі — валокі. Акрамя таго, праводзілася рэвізія, у ходзе якой збіраліся дадзеныя аб стане зямель.
Правядзенне зямельнай рэформы, засяленне раней неабжытых зямель зрабілі неабходным правядзенне работ па меліярацыі. Тады і пачаліся першыя меліярацыйныя работы паблізу Кобрына. Акрамя будаўніцтва канала, названага ў гонар Боны, ёю была прадпрынятая спроба асушэння балота паўднёвей Кобрына. Прыкладу каралевы рушылі ўслед некалькі буйных землеўладальнікаў, якія распарадзіліся правесці ў сваіх маёнтках асушальныя каналы. Мэтай каналабудаўніцтва ў валадарствах Боны было паляпшэнне, прычым паспяховае, сенакосных і прылеглых ворных угоддзяў.
Будаўніцтва канала Боны азнаменавала афіцыйны пачатак меліярацыйных работ не толькі на тэрыторыі Кобрыншчыны, але і ў цэлым на тэрыторыі Беларусі. У часы Боны быў пабудаваны не адзін, а некалькі магістральных каналаў па праекце італьянскіх гідратэхнікаў, іх трасы ўліліся ў сучасныя гідрамеліярацыйныя сістэмы.
У перыяд знаходжання Кобрыншчыны ў складзе Польшчы (1921–1939) меліярацыйныя працы вяліся ў вярхоўі ракі Мухавец, а таксама ў вадазборах каналаў Боны і Кобрынскага. Існуюць дакументы 1930-х гг. па рамонту і рэканструкцыі канала. Уяўляе цікавасць праект рэгуляцыі канала каралевы Боны і яго прытокаў, складзены аддзелам земляробства і зямельных рэформаў Палескага ваяводскага ўпраўлення г. Брэста 25 студзеня 1934 г. Гэта доўгатэрміновая праграма з указаннем розных відаў работ і сродкаў, што выдзяляюцца на іх аплату. Для вядзення работ па канале Бона ў 1936 г. было створана грамадскае меліярацыйнае прадпрыемства, дзе знаходзіла прымяненне праца зняволеных. У 1939–1940 гг. канал быў падоўжаны ад в. Хідры да в. Заор’е.
У архіўных дакументах ёсць упамінанне аб тым, што першыя работы па пракладцы канала Бона былі пачаты непадалёку ад в. Корчыцы. Гэта і паслужыла падставай для ўстаноўкі тут у маі 2001 г. памятнага знака з суцэльнай гранітнай глыбы вагой каля 5 т. На ёй замацавалі дошку з надпісам: «У пачатку XVI стагоддзя з будаўніцтва канала Бона пачалася меліярацыя зямель Брэстчыны. Памятны знак устаноўлены да 60-годдзя аб'яднання “Брэстмеліявадгас”». На другім беразе канала Бона меліяратары абсталявалі востраў, абнесены рвом, пасадзілі алеі з ліпы. Непадалёку ад памятнага знака канал перагарадзіў шлюз для рэгулявання ўзроўню вады. Сёння знак, прысвечаны першаму меліярацыйнаму каналу, знаходзіцца ў Кобрыне па вул. Дружбы на беразе канала.
У розныя перыяды гісторыі мясцовыя ўлады ў большай ці меншай ступені клапаціліся пра канал. Але за доўгія гады свайго існавання гідратэхнічны аб'ект замуляўся, зарастаў хмызняковай расліннасцю, размываўся струменямі паводкавых вод. У межах горада ён быў моцна завалены бытавымі адходамі і смеццем і меў непрывабны выгляд. У 2000-х гг. праблема капітальнага рамонту наспела. У 2007–2008 гг. на гэтыя мэты было выдаткавана больш за 290 мільёнаў рублёў, і Кобрынскім прадпрыемствам меліярацыйных сістэм праведзены вялікія аб'ёмы рамонтных работ на ўчастку даўжынёй 20 км.
Гістарычны канал Бона і сёння выконвае свае непасрэдныя функцыі. Праўда, цяпер ён абмялеў, месцамі зарос багавіннем. Але і ў такім выглядзе ўражвае тым аб'ёмам земляных работ, якія давялося выканаць уручную нашым продкам. Колькі б вады ні працякло па каналу, яго гістарычная назва і нашым нашчадкам будзе напамінаць аб мінулым роднага краю. Канал Бона — гэта матэрыяльны помнік гісторыі меліярацыі, створаны для асушэння значнай часткі тэрыторыі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай.
Курачук Святлана Дзмітрыеўна,
бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі
- Бона, меліярацыйны канал // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 211.
- Бона, мелиоративный канал // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. Минск, 2010. Т. 2. Климат и вода. С. 58.
- Бона, меліярацыйны канал // Блакітная кніга Беларусі (водныя аб’екты Беларусі) : энцыклапедыя. Мінск, 1994. С. 71.
- Мешечко, Е. Н. Канал Бона / Е. Н. Мешечко // Путешествие по Беларуси. В краю Немана, Западного Буга и Припяти : путеводитель / Е. Н. Мешечко. Брест, 2012. С. 19–20.
- Казлоў, Л. Р. Бона Сфорца / Л. Р. Казлоў // Памяць. Кобрынскі раён: гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 46–47.
- Калинин, М. Ю. Глава 3. Водные ресурсы / М. Ю. Калинин // Природные ресурсы и охрана окружающей среды Кобринского района / М. Ю. Калинин. Минск, 2009. С. 61–97.
- Водныя шляхі Кобрынскага краю : інфармацыйна-бібліяграфічны бюлетэнь з цыкла «Па старонках календара нашай памяці» / УК «Кобрынская цэнтральная раённая бібліятэка», аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. П. Сысоева. – Кобрын, 2015. – Вып. 1. – 24 с. : [12] каляр. іл.
- Белов, Д. Новый мост через Бону: ждать осталось недолго : [в Кобрине завершается строительство дороги и моста через канал Бона] / Дмитрий Белов // Кобрынскі веснік. 2021. 25 верасня. С. 3.
- Новик, Г. Мелиорация начиналась задолго до наших дней : ее на Полесье еще в VXI веке предприняла королева польская Бона Сфорца / подготовила Галина Новик // Навіны Камянеччыны. 2018. 18 жніўня (№ 33). С. 5.
- Радзюк, К. Водна-балотны квэст, ці Якое дачыненне да балот мела Бона Сфорца? / Кацярына Радзюк // Родная прырода. 2015. № 2. С. 4–5.
- Канал Бона – юбиляр // Кобрин-информ. 2010. 26 августа. С. 6.
- Навумчык, М. Канал Бона : [гісторыя канала Бона ў Маларыцкім раёне] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2009. 18 красавіка. С. 2.
- Тимошук, Л. Каналу Бона – вторую жизнь : [ведётся ремонт канала Бона в г. Кобрине] / Лариса Тимошук // Кобрынскі веснік. 2007. 19 верасня. С. 2.
- Сацук, А. Памятны знак : [кіруючыся гістарычнай датай непадалёку ад в. Корчыцы на беразе канала ўстанавілі памятны знак] / Аляксей Сацук // Кобрынскі веснік. 2002. 24 ліпеня.
- Сацук, А. Канал Бона: з гісторыі малых рэчак / Аляксей Сацук // Кобрынскі веснік. 2002. 21 верасня. С. 7.
- Петрова, С. Королева Бона была бы рада : [Кобринское ПМК благоустраивает канал Бона] / С. Петрова // Живая вода. 1997. 24 мая.