Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 13 Кастрычнік 2025 10:01

22 кастрычніка 2025 г. — 135 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Аляксеевіча Пушкарэвіча (1890–1942), філолага-славіста, літаратуразнаўца

Канстанцін Аляксеевіч Пушкарэвіч нарадзіўся 22 кастрычніка 1890 г. у в. Пясчатка Палавецкай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і селяніна, адстаўнога унтэр-афіцэра. З васьмі гадоў жыў у дзядзькі, земскага фельчара. Вучыўся ў Гродзенскай гімназіі, з чацвёртага класа існаваў на ўласныя заробкі рэпетытара, атрымліваў за поспехі ў рускай мове стыпендыю імя В. П. Астрагорскага. Удзельнічаў у працы Гродзенскага гуртка беларускай моладзі.

У 1912–1917 гг. вучыўся на славяна-рускім аддзяленні гісторыка-філалагічнага факультэта Петраградскага ўніверсітэта, дзе стаў адным з заснавальнікаў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў. У 1915 г. за ўдзел у студэнцкім пратэсце супраць імперыялістычнай вайны быў арыштаваны і два тыдні правёў у турме. Падчас вучобы Канстанцін Пушкарэвіч, пад уплывам свайго настаўніка Д. К. Пятрова, зацікавіўся сярэдневяковай дуброўніцкай літаратурай і напісаў вялікую працу аб творчасці пісьменніка ХVI ст. М. Држыча.

У 1917 г., пасля заканчэння ўніверсітэта, застаўся ў ім для падрыхтоўкі да прафесарскага звання на кафедры славянскай філалогіі. Але яму не ўдалося своечасова завяршыць двухгадовы цыкл навуковай падрыхтоўкі. У лютым 1918 г. ён адправіўся ў камандзіроўку ў Томск для чытання лекцый у Томскім універсітэце. У Томску малады вучоны змог заняцца ўніверсітэцкім выкладаннем толькі ў 1920 г., працуючы адначасова ў школе. Ён вёў са студэнтамі практычныя заняткі па сербскаму эпасу і сучаснай польскай літаратуры, а з 1921 г. — па балгарскай мове.

У 1922 г. К. А. Пушкарэвіч быў залічаны ў аспірантуру Навукова-даследчага інстытута параўнальнага вывучэння моў і літаратур Захада і Усхода пры Ленінградскім універсітэце. З 1925 г. выкладаў у Ленінградскім дзяржаўным універсітэце. З 1930 па 1937 гг. працаваў у Ленінградскім інстытуце лінгвістыкі і гісторыі, выведзеным са складу ўніверсітэта.

У 1938 г. К. А. Пушкарэвіч абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Чэхі ў Расіі». У 1939 г. быў прызначаны на пасаду старшага навуковага супрацоўніка ў Інстытуце антрапалогіі і этнаграфіі АН СССР. Таксама працаваў на пасадзе старшага навуковага супрацоўніка ў Інстытуце мовы і мыслення. У 1940 г. атрымаў навуковую ступень доктара філалагічных навук. Дацэнт (1941), прафесар (1942). У 1941 г. загадваў аддзелам Еўропы ў Інстытуце этнаграфіі.

У 1939 годзе на філалагічным факультэце ЛДУ пачала работу кафедра руска-славянскай філалогіі на чале з акадэмікам С. П. Абнорскім. Кафедра спалучала ў сабе выкладанне рускай мовы і славістыкі. К. А. Пушкарэвіч нароўні з чытаннем лекцый па гісторыі сербскай, харвацкай і чэшскай літаратур вёў практычныя заняткі па славянскіх мовах (чэшскай і польскай).

У лекцыях па славянскай філалогіі было адведзена адпаведнае месца і прадстаўнікам беларускай літаратуры — Я. Купалу, творчасць якога ён асабліва любіў, Я. Коласу, Ц. Гартнаму, М. Зарэцкаму. Працягваючы традыцыі Б. Эпімаха-Шыпілы і Я. Карскага, Пушкарэвіч з цеплынёй і ўвагай апекаваўся студэнтамі-беларусамі, стварыў гурток аматараў беларускай літаратуры. Яго вучнямі ў канцы 1930–1940-х гг. былі беларускія пісьменнікі і даследчыкі В. Гапава, Р. Жалязняк, Б. Іофэ, П. Пруднікаў.

12 жніўня 1941 г., нягледзячы на ваенны час, рэктар Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта А. Вазнясенскі выдаў загад аб адкрыцці кафедры славянскай філалогіі. Яе загадчыкам прызначылі багеміста К. А. Пушкарэвіча. Тады ж было прынята рашэнне аб стварэнні на філалагічным факультэце Славянскага аддзялення. Рашэнне абгрунтоўвалася імкненнем СССР да станаўлення і развіцця навуковых і культурных сувязяў з народамі Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы.

Распачатая вайна перашкодзіла разгортванню працы кафедры, хоць сам К. А. Пушкарэвіч шмат працаваў на патрэбы ваеннага часу. Яму было даручана складанне чэшска-рускага ваеннага размоўніка і чэшска-рускага ваеннага слоўніка, ён выступаў у вайсковых частках і шпіталях з лекцыямі аб славянах і іх нацыянальна-вызваленчай барацьбе, складаў хрэстаматыю чэшскай мовы, пісаў этнаграфічныя нарысы аб чэхах і славаках.

7 кастрычніка 1941 г. па радыё перадаваўся ліст К. А. Пушкарэвіча і іншых ленінградскіх вучоных, у якім выражалася вера ў перамогу і прызыў да барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

К. А. Пушкарэвіч з’яўляецца аўтарам шматлікіх прац па літаратуры, мове, гісторыі і культуры славянскіх народаў, перакладчык шэрагу мастацкіх твораў славянскіх пісьменнікаў.

Ужо ў першую блакадную зіму 1941–1942 гг. у Ленінградзе ад голаду і дыстрафіі памерлі многія супрацоўнікі кафедры. Голад і нястачы падарвалі сілы К. А. Пушкарэвіча і 3 лютага 1942 г. ён памёр, крыху не дажыўшы да эвакуацыі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Саратаў (люты 1942 г.). Месца яго пахавання — Мемарыял ахвярам блакаднага Ленінграда Серафімаўскіх могілак.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага

Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Пушкарэвіч Канстанцін Аляксеевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 13. С. 137.
  2. Пушкарэвіч Канстанцін // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1995. Т. 5. С. 79.
  3. Пушкарэвіч Канстанцін Аляксеевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2002. Т. 6, кн.1. С.10.
  4. Пушкарэвіч Канстанцін Аляксеевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 421.
  5. Пушкарэвіч Канстанцін Аляксеевіч // Янка Купала : энцыклапедыя : [у 3 т.]. Мінск, 2018. С. 106.
  6. Аксенова Е. П.Константин Алексеевич Пушкаревич / Е. П. Аксенова, А. Н. Горяинов, Ф. А. Молок // Славяноведение. 1993. № 6. С. 84–
  7. Пушкаревич Константин Алексеевич // Историки-слависты СССР : биобиблиографический словарь-справочник. Москва, С.138.
  8. Вербицкая, Л. А. Книга памяти Ленинградского – Санкт-Петербургского университета, 1941–1945 / Л. А. Вербицкая. Санкт-Петербург : Изд-во Санкт-Петербургского университета, 1995. Т. 1.
  9. Пушкаревич, К. А. Чехи : историко-этнографический очерк / проф. К. А. Пушкаревич ; ин-т этнографии АН СССР. – Москва – Ленинград : Изд-во АН СССР, 1942. – 72, [1] с.
  10. Чыгрын, С. Родам са Слонімшчыны : літаратурна-краязнаўчыя партрэты / Сяргей Чыгрын. – Слонім : Мінск : [б. в.], 2003. – 65, [1] с.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 99 разоў