Урочышча «Святая Грушка» (альбо проста «Грушка») знаходзіцца паміж вёскамі Бушмічы і Вярховічы ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці. Згодна народнай легендзе, менавіта ў гэтым месцы, пад грушай, дзяўчынцы-сіраце Праскоўі з сям'і Паўлючукоў было з'яўленне Божай Маці. Дзяўчынка пасвіла на пагорку гаспадарскіх авечак і яе заспела навальніца. Яна схавалася пад дзікую грушу і стала маліцца і плакаць, скардзячыся на свой горкі лёс. Тады і з'явілася ёй Багародзіца — жанчына ў белым і сонечных праменнях, каб суцешыць і прадказаць ёй шчаслівы лёс.
У архівах захаваліся дакументы, паводле якіх здарылася гэта ў 1899–1900 гг. Дзяўчынка расказала пра гэта ў вёсцы і ёй паверылі. З тых часоў сталі лічыць гэтае месца святым. Пазней, згодна з казаннем, тут цудоўна вылечваліся хворыя, што яшчэ больш умацавала веру ў святасць гэтага месца. Узнікла традыцыя прыходзіць сюды, каб маліцца за здароўе і ставіць вялікія ці маленькія ахвярныя крыжы і павязваць на іх ручнікі і стужкі. Веруючыя збіраліся пабудаваць побач з грушай царкву, нават падрыхтавалі будаўнічы матэрыял, але перашкодзіла Першая сусветная вайна.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны Бушмічы разам з урочышчам «Грушка» адносіліся да праваслаўнай прыхадской супольнасці з цэнтрам у вёсцы Вярховічы. У гэты ж час згадваецца капліца «пад грушкай» — «Успенская», збудаваная ў 1942 г. мясцовымі жыхарамі. Будынак капліцы быў драўляным, на каменным падмурку, з бляшаным дахам, умяшчальнасцю на 50–60 чалавек. З усходняга ад яе боку ў малой агароджы пад грушкай знаходзіўся абраз Успення Божай Маці, пісаны на палатне. Службы тут праводзіў свяшчэннік Навучамаў з Вярховічаў.
28 лістапада 1958 г. выйшла Пастанова ЦК КПСС «Аб мерах па спыненні паломніцтва да так званых «святых месцаў», пасля якога паўсюдна пачалася кампанія па знішчэнні шанаваных народных святынь. У снежні 1959 г. па бушміцкай капліцы былі аформлены матэрыялы і перасланыя ў Савет па рэлігіі для зняцця з уліку дзеючых. У 1960 г. гаварылася ўжо аб ліквідацыі дадзенага «святога месца»: капліца была разабрана, груша выкарчавана, крыжы вывезены і спалены.
Але людзі па-ранейшаму ішлі ва ўрочышча «Грушка» са сваімі малітвамі і спадзяваннямі і неслі крыжы. Дрэва адрасло з карэння. 9 чэрвеня 1980 г. была праведзена чарговая ліквідацыя. Тады каля 200 крыжоў былі вывезены і знішчаны, груша зноў выкарчавана, а пляцоўка разарана і засеяна збожжавымі.
Але дрэва зноў вырасла, а калгасныя механізатары пакідалі неараным гэтае месца, туды зноў пратапталася сцяжынка. З 1995 г. тут пачалі зноўку праводзіць святыя службы. Быў пабудаваны навес. Першым пачаў весці службы іерэй Сергій Козел. У 1997 г. служыў яго брат іерэй Мікалай Козел.
У 2003 г. святаром прыхода в. Вярховічы, да якога належыць «Грушка», быў прызначаны іерэй Георгій Варанко. Пры ім у 2007 г. быў пакладзены пачатак будаўніцтву новага храма ў гонар З'яўлення Божай Маці. Царкву асвяціў 27 жніўня 2012 г. епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. З 2014 г. службы праводзіў іерэй Аляксей Кудласевіч. Цяпер — іерэй Георгій Маційчык.
Кожны год у дзень памяці З'яўлення Божай Маці 27 жніўня збіраецца шмат паломнікаў ва ўрочышчы «Грушка». З Вярховіцкай Свята-Мікалаеўскай царквы адбываецца хрэсны ход да царквы пад грушай. Абрад амаль не змяніўся. Яшчэ да пачатку ўрачыстага набажэнства трэба пацалаваць іконы на крыжах, дакрануцца да ствала грушы і завязаць каляровую стужачку на галінцы. Пасля службы жанчыны раскладваюць посную ежу, якую гатавалі дома. Бацюшка асвячае, і ўсе прыкладваюцца да той ежы.
У пацверджанне сваёй веры і «за здароўе» ў розны час людзі нясуць да грушкі драўляныя крыжы, укопваюць каля дрэва, упрыгожваюць іх стужкамі. Сярод крыжоў ёсць ад імя прадпрыемстваў і арганізацый з просьбамі аб дабрабыце сваіх работнікаў. Аднак на большасці няма ніякіх таблічак і надпісаў. Людзі вераць, што імёны тых, за каго яны моляцца, Святая Багародзіца прачытае ў іх сэрцах.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай
імя У. М. Ігнатоўскага.
Табольчык Ларыса Мікалаеўна,
бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі
- Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: [1941, Грушка]. С. 301.
- Мазурук, І. М. Святая «Грушка» ў Камянецкім раёне / Мазурук І. М. // Молодежь: свобода и ответственность : материалы V Туровских епархиальных образовательных чтений, [26 октября 2018 г.]. Мозырь, 2019. С. 68–72.
- Шарая, В. М. Асаблівасці фарміравання культавых аб‘eктаў і звязаных з імі ўяўленняў (на прыкладзе лакальнай традыцыі ўшанавання Грушкі ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці) / Шарая В. М. // Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтва : матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф. (28–29 лістапада 2013 г., г. Мінск) : у 2 ч. Мінск : Права і эканоміка, 2014. Ч. 2. С. 185–189.
- Церковь Явления Божией Матери в урочище «Грушка» : [д. Бушмичи, Каменецкий район] // Храмы Брестчины. Брест, 2024. С. 104.
- Каменецкий район // 100 достопримечательностей Брестчины. Брест, 2019. С. 38–42.
- Яскевіч, С. Грушка, што пакідае надзею : [пра святое для праваслаўных месца Грушка ля в. Бушмічы Камянецкага раёна паводле аповяду мясцовай жыхаркі Н. І. Карпук] / Святлана Яскевіч // Звязда. 2023. 27 снежня. С. 1, 5.
- Грицук, Н. Грушка... Святое место Каменетчины / Наталья Грицук // Навіны Камянеччыны. 2022. 3 верасня (№ 36). С. 10.
- Грицук, Н. Особое место для молитвы : [Грушка] / Наталья Грицук // Навіны Камянеччыны. 2020. 22 жніўня (№ 34). С. 16.
- Шатило, И. Путешествуем по Каменетчине : не Белой вежей и пущей едиными : [упоминается святое место «Грушка»] / Ирина Шатило // Брестская газета. 2017. 8 сентября (№ 37). С. 8–9.
- Козлович, В. У каждого свой крест / Валентина Козлович // СБ. Беларусь сегодня. 2016. 16 апреля. С. 14.
- Трибулева, Е. Белорусская Грабарка / Елена Трибулёва // Вечерний Брест. 2015. 7–9 января. С. 4.
- Медведюк, Е. За веру, за Отечество, за ближних / Елена Медведюк // Навіны Камянеччыны. 2013. 1 чэрвеня. С. 14.
- Семенюк, О. Праздник под Грушкой / Ольга Семенюк // Навіны Камянеччыны. 2013. 5 кастрычніка. С. 6.
- Кляшчук, А. «Грушка» : [незвычайны абрад напярэдадні свята Успенне, ўслаўлення грушы-дзічкі ў Камянецкім раёне] / Анатоль Кляшчук // Родная прырода. 2013. № 8. С. 53–57.
- Грыцук, Н. Святыня, імя якой – Грушка / Наталля Грыцук // Навіны Камянеччыны. 2011. 3 верасня. С. 5.
- Бунеева, Л. Спас под соснами / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2011. 24 августа. С. 7.
- Грыцук, Н. З хрэсным ходам па зямлі камянецкай / Наталля Грыцук // Навіны Камянеччыны. 2011. 20 жніўня. С. 4.
- Олиферчик, И. Свтяые места Каменетчины : [урочище Грушка] / Игорь Олиферчик // Брестские епархиальные ведомости. 2003. № 2. С. 28.
- Ильенков, В. Грушка / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 2000. 14 красавіка. С. 6.