Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 10 Лістапад 2025 16:47

2025 г. — 180 гадоў з часу пачатку будавання царквы Святой Ганны ў в. Любішчыцы (Івацэвіцкі р-н; 1845), помніка архітэктуры з элементамі позняга класіцызму

Царква Святой Ганны в. Любішчыцы Івацэвіцкага раёна — унікальны помнік архітэктуры Беларусі. Храм захаваў сваю гістарычную і духоўную значнасць, з'яўляецца важным цэнтрам праваслаўнага жыцця рэгіёна. Яго маляўнічае размяшчэнне сярод беларускіх прастораў надае асаблівы шарм і робіць царкву прывабнай для турыстаў. Прыгожы будынак, акружаны старажытнымі дрэвамі, стварае атмасферу спакою і замірання.

Царква будавалася доўгі час, пачалося будаванне ў 1845 г. і завершана ў 1857 г. Асвечаны храм у гонар святой праведнай Ганны, маці Прасвятой Багародзіцы. Гісторыя храма цесна звязаная з развіццём праваслаўя ў Беларусі і лёсам людзей, якія жылі ў гэтым рэгіёне. Любішчыцы вядомы з 1516 г. У 1880-я гг. у вёсцы было 1076 жыхароў, лічылася самай буйной вёскай у Слонімскім павеце Гродзенскай губерні. У 1940 г. — 2803 жыхары.

Мураваны храм Святой Ганны — пяцігаловы, крыжападобны ў плане. Да квадратнага ў плане асноўнага аб’ёму з двухбаковымі прыдзеламі далучана пяцігранная апсіда і драўляны прытвор. Асноўны аб’ём на другім ярусе пераходзіць у васьмігранны са шчытамі, завершаны шатром і пяццюкупаллем. Прамавугольныя аконныя праёмы акаймаваны прафіляванымі ліштвамі. Вуглы бакавых прыдзелаў дэкарыраваны пілястрамі.

Царква перажывала як перыяды росквіту, так і складаныя часы ганенняў, але нягледзячы на выпрабаванні, ёй удалося захавацца ў сваім першародным выглядзе. Любішыцкая царква Святой Ганны з'яўляецца цудоўным узорам традыцыйнай беларускай царкоўнай архітэктуры з элементамі класіцызму. Манументальнасць будынка падкрэсліваецца масіўнымі сценамі і высокімі вокнамі, а купал надае храму ўрачысты выгляд. Унутранае ўбранства ўражвае сваёй прастатой і адначасова велічнасцю — старажытныя абразы, разны іканастас і роспісы ствараюць адмысловую атмасферу.

У маі 1887 г. у царкве здарыўся пажар, аднак своечасова быў заўважаны і патушаны. Давялося ўзвесці новы прастол і нанова асвяціць царкву. У час рамонту, які выканалі за два месяцы, службы праходзілі ў прыпісной могілкавай Свята-Успенскай царкве. У 1890 г. прыхаджане ахвяравалі ў сваю царкву звон вагой 14 пудоў.

Прастольнае свята — 22 снежня. Да прыходу, акрамя Любішчыц, адносяцца дзевяць вёсак: Боркі, Кушнеры, Майск, Азярэц, Панкі, Плехава, Падстарыны, Руда, Сяньковічы. Прыход пацярпеў у перыяд ваяўнічага атэізму ў 1960-я гг.: была знесена каменная агароджа і надвратная званіца, у 1961 г. разабрана могілкавая царква, а з яе дрэва пабудавана лазня.

З 1979 па 1993 гг. службу праводзіў архімадрыт Варлаам Домаш. У тыя гады яму разам з прыхаджанамі храма ўдалося паставіць чыгунны плот, пабудаваць кацельню, падсобныя памяшканні, правесці святло, ацяпленне і ваду. Наступны настаяцель таксама стараўся ўтрымліваць храм у належным парадку: правялі прыродны газ, рамантавалі, распісвалі, дадавалі разьбу ў афармленні іканастаса, набывалі царкоўнае начынне, адзенне.

З 1998 г. настаяцелем у Свята-Анінскім храме служыць протаіерэй Тарасій Віцько. Пры ім храм быў распісаны, абнаўляліся і з'яўляліся новыя іконы, пабудавана капліца на могілках. У іконах храма не толькі ўнікальная гісторыя беларускага іканапіснага жывапісу, але і гісторыя ўзаемаадносін Царквы і грамадства.

У Івацэвіцкім раёне некалі была свая цудатворная ікона Божай Маці, якая з’явілася сляпому на сасне паблізу вёскі Боркі. На месцы з’яўлення іконы (урочышча Гай) была пабудавана капліца, якая да нашага часу не захавалася. У нейкі час ікона была страчана, але яе спісак захоўваецца ў храме Святой Ганны, кожную пятніцу служыцца акафіст Божай Маці «Борэцкая».

Любішчыцкая царква Святой Ганны працягвае быць месцам рэгулярных багаслужэнняў і духоўных мерапрыемстваў, прыцягваючы паломнікаў і турыстаў. Сёння храм з'яўляецца не толькі дзейным рэлігійным аб'ектам, але і значнай гістарычнай славутасцю. Храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 113Г000311).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака.

Русак Таццяна Сяргееўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання

і інфармацыйна-бібліяграфічнай работы

 

  1. Любищицкая церковь святой Анны // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 50–51.
  2. Царква ў імя святой праведнай Анны : [Любішчыцы] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 233.
  3. Свята-Ганнінская царква : [Любішчыцы] // Кулагiн, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусi : энцыклапедычны даведнiк / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 117.
  4. Церковь святой праведной Анны : [Любищицы] // Храмы Брестчины / [составитель Наталья Васюк]. Брест : РИА «Вечерний Брест», 2024. С. 94.
  5. Кулагин, А. Н. Церковь Анны : [Любищицы] / А. Н. Кулагин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 211.
  6. Царква Ганны : [Любішчыцы] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 190.
  7. Мароз, В. В. 1745, Любішчыцы / В. В. Мароз // Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. Мінск, 2018. С. 220.
  8. Любішчыцы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 489–491.
  9. Любішчыцы // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 485–486.
  10. Приход храма святой праведной Анны аг. Любищицы // Храмы и люди = Храмы і людзі : из истории Ивацевичского благочиния / [составитель В. С. Бобрик]. Жировичи : Издательство Минской духовной семинарии, 2024. С. 212–213.
  11. Кузьмич, В. Любищицкий храм и прихожане / архивы читал Василий Кузьмич // Івацэвіцкі веснік. 2022. 2 сакавіка. С. 6.
  12. Витько, Т. Любищицкий Свято-Анненский храм / Тарасий Витько // Івацэвіцкі веснік. 2011. 20 снежня. С. 6.
  13. Дулеба, Г. Праваслаўныя храмы на Івацэвіччыне / Ганна Дулеба // Івацэвіцкі веснік. 2007. 20 красавіка. С. 8.
  14. Восхищаемся отцом Тарасием… : [о настоятеле церкви Тарасии Витько] / с уважением – прихожане церковного прихода д. Любищицы // Івацэвіцкі веснік. 2006. 13 студзеня. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 72 разоў Апошняя змена Панядзелак, 10 Лістапад 2025 16:53