Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 12 Лістапад 2025 11:30

18 лютага 2025 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Аляксея Васільевіча Лапаціна (1915–1941), савецкага пагранічніка, Героя Савецкага Саюза (1957)

Аляксей Васільевіч Лапацін нарадзіўся 18 лютага 1915 г. у сяле Дзюкава Каўроўскага павета Уладзімірскай губерні (цяпер Шуйскага раёна Іванаўскай вобласці). Бацька загінуў у Першую сусветную вайну. У сяле Колабава закончыў сямігодку, у 1933 г. — школу фабрычна-завадскога навучання ў г. Каўрове. Працаваў слесарам на экскаватарным заводзе. У кастрычніку 1937 г. прызваны ў Чырвоную армію, накіраваны ў Саратаўскае ваеннае пагранічнае вучылішча НКУС, якое закончыў у 1940 г.

Лейтэнант А. В. Лапацін атрымаў назначэнне ў пагранічны атрад на заходняй граніцы СССР. З 1940 г. — начальнік 13-й пагранічнай заставы 90-га Уладзімір-Валынскага пагранічнага атрада Украінскай пагранічнай акругі. Застава знаходзілася ў былой сядзібе польскага магната непадалёк ад сяла Скамарохі Сакальскага раёна Львоўскай вобласці.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны пагранатрад пад камандаваннем А. В. Лапаціна абараняў дзяржаўную граніцу СССР. На заставе было 57 байцоў і камандзіраў. Таксама на заставе знаходзіліся сем’і камандзіраў, у тым ліку жонка і двое малалетніх сыноў начальніка — Анатоль і Вячаслаў. Будынак заставы ўяўляў сабой моцную, двухпавярховую пабудову з масіўнымі сценамі і харошымі падвальнымі памяшканнямі. Зброя: 6 ручных кулямётаў, 2 станковыя кулямёты «максім» і вінтоўкі. Супраць іх наступала 11-я танкавая дывізія і пяхотныя падраздзяленні гітлераўцаў.

Першыя пяць дзён заставу беспаспяхова атакавалі стралковыя падраздзяленні гітлераўцаў. Ноччу 26 чэрвеня Аляксей Лапацін загадаў вывесці з падвала жанчын, дзяцей і цяжкараненых, праз тайны выхад іх удалося даставіць у Скамарохі. 27 чэрвеня немцамі была падцягнута артылерыя і заставу пачалі абстрэльваць тэрмітнымі снарадамі. Амаль усе наземныя пабудовы былі разбураны, абаронцы ўкрываліся ў падвалах. Атакуючых немцаў пагранічнікі сустракалі агнём, але падыходзілі да канца боепрыпасы, вада і харчаванне, было шмат раненых і забітых.

Да 30 чэрвеня ў жывых засталося толькі 10 чалавек, але застава працягвала змагацца. Фашысты зрабілі падкоп і 2 ліпеня падарвалі падвал з чырвонаармейцамі. Пагранічнікі змагаліся ў поўным акружэнні, але не здаліся. За 11 сутак знішчылі больш за 100 салдат ворага.

Калі ў канцы ліпеня 1944 г. савецкія войскі вызвалілі Скамарохі, жонка палітрука заставы Паўла Гласава Еўдакія Гласава звярнулася да сакратара Сакальскага райкама партыі, з яго дапамогай целы герояў былі знойдзены. Частка цел пагранічнікаў знаходзілася ў падвале пад руінамі будынка. Цела лейтэнанта А. В. Лапаціна і яшчэ некалькіх воінаў знайшлі ў агульнай магіле. На гэтым можна зрабіць заключэнне, што апошнія абаронцы выйшлі з падвала і загінулі ў сваёй апошняй атацы. Героі-пагранічнікі былі перазахаваны з воінскім шанаваннем.

Пісьменнік Уладзімір Бяляеў у сваёй дакументальнай кнізе «Граница в огне» (1948) расказаў пра подзвіг воінаў 13-й заставы. Подзвіг пагранічнікаў стаў шырока вядомы ў краіне.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 18 снежня 1957 г. лейтэнанту А. В. Лапаціну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (пасмяротна).

У сяле Скамарохі быў устаноўлены помнік героям-пагранічнікам, які цяпер фактычна разбураны. На адноўленай заставе быў створаны музей баявой славы, якім загадвала ўдава А. В. Лапаціна — Анфіса Аляксееўна Лапаціна (?–1995). Яна па крупіцах збірала звесткі аб байцах, перапісвалася з іх сваякамі, папаўняла экспазіцыю ўнікальнымі дакументамі. Недабіткі-бандэраўцы пагражалі: «Прыйдзе час — мы ўсё тут парушым!». У 1990-я гг. музей быў раскрадзены і цяпер не існуе. Калгас імя Лапаціна цяпер таксама не існуе. Вуліца Лапаціна ў Львове цяпер завецца Січыньскага.

Iмем героя былі названы пагранічныя заставы, вуліцы гарадоў РСФСР і УССР. У 1980 г. Пошта СССР выпусціла канверт з партрэтам А. В. Лапаціна. На малой радзіме ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі. Помнік Герою ўстаноўлены ў г. Каўрове Уладзімірскай вобласці на вуліцы яго імя (2009), таксама яго імя прысвоена САШ № 24 г. Каўрова.

У музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны 2 мая 2025 г. прайшоў ІІІ Беларускі рэспубліканскі конкурс аратарскага майстэрства сярод маладых адвакатаў. Прадстаўнік Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў Наталля Андрэеўна Ярашэвіч, праўнучка А. В. Лапаціна, выступіла з эсэ аб подзвігу свайго прадзеда, заняла II месца.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 180 ад 29 красавіка 2024 г. пагранічнай заставе «Дзівін» Пінскага пагранічнага атрада прысвоена імя Героя Савецкага Саюза лейтэнанта А. В. Лапаціна. 24 кастрычніка 2025 г. на заставе ўрачыста адкрыты помнік А. В. Лапаціну. Аўтар бюста — народны мастак Беларусі Уладзімір Слабодчыкаў. На адкрыцці прысутнічаў сын Героя — Вячаслаў Аляксеевіч Лапацін, падпалкоўнік у адстаўцы, які таксама служыў у пагранічных войсках, жыве ў Брэсце.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі

 

  1. Лопатин Алексей Васильевич // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : в 2 т. Москва, 1987. Т. 1. С. 887.
  2. Лопатин Алексей Васильевич // Советская военная энциклопедия : в 8 т. Москва, 1978. Т. 5. С. 29.
  3. Любовцев, В. И. Сердце у меня одно… : о бессмертном подвиге пограничной заставы Алексея Лопатина / В. И. Любовцев. – Москва : Госполитиздат, 1965. – 127 с. : портр. – (Герои и подвиги).
  4. Подвиг. 3-е изд., испр. и доп. Ярославль, 1980. С. 180–183.
  5. Книга о героях : вып. 2. Москва, 1968. С. 5–19.
  6. Нагорный, А. Ф. Земли Владимирской богатыри / А. Ф. Нагорный, В. В. Травкин. 2-е изд. Ярославль, 1967. С. 127–131.
  7. Нагорный, А. Ф. Владимирцы – Герои Советского Союза / А. Ф. Нагорный, В. В. Травкин. – Ярославль : Верхне-Волжское книжное издательство, 1964. – 325 с. : ил.
  8. Беляев, В. П. Граница в огне : повести, рассказы, памфлеты / Владимир Беляев. – Москва : Советский писатель, 1967. – 533, [2] с.
  9. Беляев, В. П. Граница в огне : документальная повесть / Владимир Беляев. – Киев, 1948. – 163 с.
  10. Бакун, Е. Подвигу пограничника жить в веках : [об открытии памятника Герою Советского Союза Алексею Лопатину на погранзаставе «Дивин»] / Елена Бакун // Кобрынскі веснік. 2025. 1 лістапада (№ 44). С. 13.
  11. Памятник Герою : [на погранзаставе «Дивин» откроют памятник Алексею Лопатину] / по информации БЕЛТА // Кобрынскі веснік. 2025. 30 жніўня (№ 35). С. 12.
  12. Минута молчания в памятный день : [на пограничной заставе «Дивин» прошло торжественное мероприятие в память о Герое Советского Союза Алексее Лопатине] / по информации Пинского погранотряда // Кобрынскі веснік. 2025. 12 ліпеня (№ 28). С. 12.
  13. Богданова, К. Маленькая Брестская крепость : [о бывшем пограничнике Вячеславе Алексеевиче Лопатине, сыне Героя Советского Союза А. В. Лопатина] / Катерина Богданова // Вечерний Брест. 2025. 30 мая (№ 22). С. 1, 3.
  14. Бакун, Е. Династия пограничников встретилась на Кобринщине : [Вячеслав Лопатин, сын Алексея Васильевича Лопатина, чье имя носит погранзастава «Дивин», приехал на Кобринщину] / Елена Бакун // Кобрынскі веснік. 2024. 21 верасня (№ 38). С. 12.
  15. Апрелев, В. Правнук Героя Советского Союза : [о Вячеславе Хомиче из д. Большие Мотыкалы Брестского района, правнуке Героя Советского Союза Алексея Лопатина, который решил стать пограничником] / Владимир Апрелев // Заря. 2024. 10 августа. С. 15.
  16. Новикова, Т. Равнение на героев : [пограничной заставе «Дивин» присвоено имя героя Советского Союза Алексея Лопатина] / Татьяна Новикова // Рэспубліка. 2024. 28 мая. С. 12.
  17. Елизарова, Ж. Форпост на южном рубеже : [погранзаставе «Дивин» присвоено имя Героя Советского Союза лейтенанта Алексея Лопатина] / Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2024. 25 мая (№ 21). С. 16.
  18. Литвинович, Е. Две судьбы, связанные с границей : [о Лопатиных] / Евгений Литвинович // Заря. 2022. 13 июля. С. 6.
  19. Ярмошук, Е. Награда за верность : [в Брестской области впервые вручили нагрудный знак «Жена пограничника» Вере Афанасьевне Лопатиной, жене Вячеслава Алексеевича Лопатина] / Елена Ярмошук // Заря. 2021. 16 октября. С. 10.
  20. Хрыкина, А. Стал героем в первые дни войны : [пограничник Алексей Лопатин] / А. Хрыкина // Ковровская неделя. 2020. 14 февраля (№ 11). С. 4.
  21. Зудина, И. Улица имени А. В. Лопатина / И. Зудина // Ковровская неделя. 2018. 4 мая (№ 32). С. 13.
  22. Маштаков, Д. Наши героические земляки : [жизнь и подвиг Героя Советского Союза А. В. Лопатина] / Д. Маштаков // Ковровские вести. 2010. 26 октября (№ 43). С. 8.
  23. Кузнецов, В. Равняясь на героев / В. Кузнецов // Пограничник. 1983. № 2. С. 92–93.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 79 разоў Апошняя змена Серада, 12 Лістапад 2025 11:47