Аўторак, 18 Чэрвень 2013 10:20

22 чэрвеня 2013 г. – 130 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Іванавіча Цвікевіча (1883–1937), палітычнага дзеяча БНР і БССР, гісторыка, філосафа, публіцыста

Аляксандр Іванавіч Цвікевіч нарадзіўся 22 чэрвеня 1883 года ў г. Брэсце ў сям’і фельчара чыгуначнай бальніцы.

{gcontent}Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта (1912), да 1914 года працаваў прысяжным павераным у Пружанах і Брэсце. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны – у бежанстве ў Туле, дзе прымаў актыўны ўдзел у працы камітэта дапамогі ахвярам вайны. У 1917 годзе ў Маскве стаў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай народнай грамады.

А. I. Цвiкевiч удзельнічаў у рабоце I Усебеларускага з’езда, быў абраны сакратаром прэзідыўма, ад бежанцаў-беларусаў уваходзіў у склад Рады з’езда. У студзені 1918 года Выканкам І Усебеларускага з’езда накіраваў Аляксандра Цвікевіча разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім на мірныя перамовы ў Брэст. Не атрымаўшы дазволу ўдзельнічаць у перамовах асобнай дэлегацыяй, А. I. Цвікевіч і С. Рак-Міхайлоўскі вымушаны былі ўвайсці ў дэлегацыю УНР у якасці дарадцаў.

У канцы сакавіка 1918 года быў накіраваны ў Кіеў у складзе надзвычайнай дыпламатычнай місіі. Падчас дзейнасці місіі А. I. Цвікевіч вырашаў пытанні беларуска-ўкраінскай мяжы, дамагаўся прызнання адроджанай беларускай дзяржаўнасці і перагляду Брэсцкага міру, вёў перамовы з місіямі іншых дзяржаў наконт фінансавай дапамогі ўраду БНР. Пад яго кіраўніцтвам у Кіеве быў наладжаны выпуск газеты “Белорусское эхо”, арганізавана Беларуская гандлёвая палата. 29 мая 1918 года беларуская місія звярнулася да расійскай мірнай дэлегацыі і падала яе кіраўніку Х. Ракоўскаму ноту, падпісаную А. I. Цвікевічам і М. Доўнар-Запольскім, гаворачы аб патрэбе прызнання расійскім савецкім урадам незалежнасці Беларусі. У 1918 годзе ў Кіеве ён выдае брашуру “Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики”, у якой дае кароткую даведку з гісторыі апошніх этапаў беларускага нацыянальна-палітычнага руху і адлюстроўвае ўсю справядлівасць барацьбы беларусаў за сваю дзяржаўнасць.

У ліпені 1918 года Аляксандр Цвікевіч увайшоў у склад кіраўнічых органаў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў.

Вясной 1919 года ўрад БНР накіроўвае А. I. Цвікевіча ў Берлін, дзе ён павінен быў вырашаць фінансавае пытанне – атрымаць па акрэдытыве ўкраінскую пазыку. З мэтай азнаёміць замежнага чытача з Беларуссю і яе нацыянальным рухам, Аляксандр Цвікевіч у 1921 года ў Берліне на рускай мове выдае брашуру “Беларусь: палітычны нарыс”. Пасля адмовы германскіх улад выдаць грошы ездзіў у Вену, каб атрымаць частку з іх у аўстрыйскім банку.

З 1921 па 1923 год А. I. Цвікевіч займаў пасаду міністра замежных спраў ва ўрадзе БНР Вацлава Ластоўскага. Быў старшынёй І Усебеларускай канферэнцыі ў Празе, якая адбывалася ў верасні 1921 года. На гэтай канферэнцыі ў ягонай рэдакцыі была прынята рэзалюцыя па віленскім пытанні. З нагоды акупацыі польскімі войскамі Заходняй Беларусі Аляксандр Цвікевіч у 1921 годзе напісаў кнігу “Адраджэньне Беларусі і Польшча”, дзе прыйшоў да высновы, што галоўныя інтарэсы, якімі кіраваліся палякі пры захопе тэрыторыі Беларусі, былі не столькі палітычныя, колькі эканамічныя.

У 1922 годзе А. I. Цвікевіч разам з В. Ластоўскім зрабілі спробу ўключэння беларускага пытання ў парадак дня Генуэзскай канферэнцыі.

У 1923 годзе ў сувязі з нязгодай часткі беларускіх грамадскіх і палітычных дзеячоў з палітыкай урада БНР В. Ластоўскага, быў сфарміраваны новы ўрад БНР на чале з Аляксандрам Цвікевічам. Падчас сваёй працы ў Коўне ва ўрадзе БНР Цвікевіч шмат друкуецца ў беларускіх газетах і часопісах, пераважна ў часопісе “Беларускі сьцяг”. З-пад яго пяра выходзяць такія палымяныя артыкулы і эсэ, як “Да пытаньня аб незалежнасьці Беларусі”, “Беларусь перад Гэнуэзскай канфэрэнцыяй”, “Усе дарогі вядуць у Беларусь”, “Эўразійцы” і г. д. Падпісваецца ў асноўным крыптонімам А. Ц. ці псеўданімамі Алесь Галынец, Алесь Незалежны. Там жа ў Коўне ён выдае манаграфію “Погляд П. Бяссонава на беларускую справу”.

На II Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне ў 1925 годзе пад уздзеяннем поспехаў і дасягненняў палітыкі беларусізацыі ў БССР Аляксандр Цвікевіч прыняў рашэнне аб спыненні дзейнасці Рады міністраў БНР і прызнанні Мінска адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі. У лістападзе 1925 года А. I. Цвікевіч з сям’ёй пераехаў у Мінск. Пасля пераезду ў БССР працаваў у Наркамаце фінансаў, потым – вучоным сакратаром у Інбелкульце.

У 1926 годзе ў Рызе выходзіць наступная праца А. I. Цвікевіча “Вялікае апрашчэньне ці вялікае ўдасканаленьне?”. Увесь змест гэтай кнігі быў звернуты да той часткі інтэлігенцыі, якая скептычна і адмоўна адносіцца да беларускага нацыянальнага адраджэння.

З 1929 года працаваў у Інстытуце гісторыі Беларускай Акадэміі навук. Была надрукавана фундаментальная навуковая праца Аляксандра Цвікевіча “Западно-руссизм: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў XIX і пачатку XX в." У ёй аўтар зрабіў аналіз ідэалогіі і практыкі русіфікацыі Беларусі ў перыяд Расійскай імперыі, даў ацэнку розным накірункам “заходнерусізму”. Фактычна адразу пасля выхаду гэтая кніга была забаронена, а амаль увесь яе наклад быў знішчаны. Ацалела толькі некалькі кніг у прыватных зборах, што дало магчымасць перавыдаць яе ў 1993 годзе. А. I. Цвiкевiч з’яўляецца аўтарам 6 манаграфій і брашур, а таксама шматлікіх артыкулаў, эсэ і публікацый у тагачасным беларускім друку. Даследаваў праблемы нацыянальна-дэмакратычнага Адраджэння, фарміравання грамадска-палітычнай думкі на Беларусі, станаўлення і развіцця дзяржаўнасці і самасвядомасці беларускага народа.

4 ліпеня 1930 года быў арыштаваны, абвінавачаны па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. 10 красавіка 1931 года асуджаны на 5 гадоў ссылкі. Па пастанове Калегіі АДПУ СССР высланы ў Перм. Адбываў ссылку спачатку ў Пярмі, Ішыме, потым у Сарапуле (Удмуртыя). У 1935 годзе тэрмін ссылкі падоўжаны на 2 гады. 17 снежня 1937 года арыштаваны паўторна ў Сарапуле, дастаўлены ў Мінск і прыгавораны да расстрэлу. 30 снежня 1937 года Аляксандр Iванавiч Цвікевіч быў расстраляны ў Мінску.

Рэабілітаваны па першым прыгаворы 10 чэрвеня 1988 года, па другім – 31 мая 1989 года.

25 чэрвеня 2008 года ў рэдакцыі газеты “Брестский курьер” адбыўся “круглы стол”, прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння А. I. Цвікевіча. Прынялi ўдзел мясцовыя гісторыкі і краязнаўцы, прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх арганізацый.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

{/gcontent}

  1. Цьвікевіч, А. “Западно-руссизм” : Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХIХ і пачатку ХХ в. : [перавыданне з 1929 г.] / Аляксандр Цьвікевіч. Мінск : Навука і тэхніка, 1993. 352 с.
  2. Цьвікевіч, А. “Западно-руссизм” / А. Цьвікевіч // Спадчына. 1991. № 2–4, 6; 1992. № 1–3.
  3. Цьвікевіч, А. Чатыры гады. 1918 – 25.III.1922 / Аляксандр Цьвікевіч ; прадмова Арсеня Лiса // Спадчына. 1996. № 3. С. 137–148.
  4. Мяснiкоў, А. Аляксандр Цвікевіч (1888–1937) : Ён верыў у беларускую зорку // Мяснікоў, А. Сто асоб беларускай гісторыі : гістарычныя партрэты / Анатоль Мяснікоў. Мінск : Литература и Искусство, 2008. С. 201–204.
  5. Цвікевіч Аляксандр Іванавіч //Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 2003. Т. 17. С. 92.
  6. Вабiшчэвiч, А. Аляксандр Цвікевіч (1883–1937) / Аляксандр Вабішчэвіч // Беларускi гiстарычны зборнiк. Bialoruskie Zeszyty Historychne. 2000. № 14. S. 208–219.
  7. Цвикевич Александр Иванович // История Беларуси : словарь-справочник. Минск, 2000. С. 162–163.
  8. Рубашевский, Ю. Гимназист из Бреста стал главой правительства БНР / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2013. 23 янв. С. 7.
  9. Козел, А. А. Философская мысль Беларуси : учеб. пособие / А. А. Козел. Минск, 2004. 351 с. – Из содерж : [Александр Иванович Цвикевич]. – С. 306–307.
  10. Рубашэўскі, Ю. Вяртанне з нібыцця / Юрый Рубашэўскі // Вечерний Брест. 1998. 25 нояб. С. 2.
  11. Мяснікоў, А. З верай ў беларускую зорку / А. Мяснікоў // Звязда. 1998. 24 чэрв. С. 3.
  12. Бяласін, Я. Шляхамі Аляксандра Цвікевіча / Яўген Бяласін // Брестский курьер. 1998. № 42. С. 14.
  13. Бяласін, Я. Другое набліжэнне да Аляксандра Цвікевіча / Яўген Бяласін // Брестский курьер. 1998. № 49. С. 6.
  14. Цвікевіч Аляксандр Іванавіч (1988–1937)// Новыя кнігі Беларусі. 1994. № 3. С. 30–31.
  15. Ліс, А. Цяжкая дарога свабоды : артыкулы, эцюды, партрэты / А. Ліс. Мінск, 1994. 414 с.: іл. – Са зместу : [Аляксандр Іванавіч Цвікевіч]. – С. 344–352.
  16. Вяртання маўклівая споведзь: Постаці тварцоў беларускай гісторыі ў кантэксце часу. Мінск, 1994. 318 с.: іл. – Са зместу : [Аляксандр Іванавіч Цвікевіч]. – С. 109, 115.
  17. Ліс, А. Незалежнасць – як прага сёнешняга дня / А. Ліс // Культура. 1993. № 16. С. 8–9.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2242 разоў Апошняя змена Панядзелак, 06 Красавік 2020 14:48