Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 27 Лістапад 2025 14:33

2025 г. — 80 гадоў з часу адкрыцця Высокаўскай сярэдняй школы імя М. М. Рудэнкі (Камянецкі р-н; 1945)

Горад Высокае Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці прайшоў вялікі гістарычны шлях. На пачатку ХХ ст. у горадзе дзейнічала трохкласнае вучылішча, у 1912 г. пераўтворана ў двухкласнае з пяццю групамі. Пасля 1921 г., калі Высокае ўвайшло ў склад Польшчы, пачалі функцыянаваць дзве школы: адна для праваслаўных і католікаў, другая — для яўрэяў. Размяшчаліся школы ў прыстасаваных памяшканнях, арандаваных кватэрах. На сродкі насельніцтва і з дапамогай улад у 1938 г. быў узведзены трохпавярховы будынак сямігадовай школы.

З прыходам Савецкай улады ў 1939 г. школа пачала працаваць па новых праграмах. Былі створаны піянерская і камсамольская арганізацыі. У час нямецка-фашысцкай акупацыі вучоба была перарвана. Захопнікі пераўтварылі школьны будынак у рэзідэнцыю нямецкіх акупацыйных уладаў. Некаторыя вучні сталі займацца ў прыватных настаўнікаў.

Пасля вызвалення (1944) Высокаўская школа аднавіла сваю працу. У 1945 г. у ёй было сем класаў, займаліся 146 навучэнцаў, працавалі 11 настаўнікаў, з якіх толькі трое мелі педагагічную адукацыю. Вучыцца і працаваць даводзілася ў цяжкіх умовах, але ўжо ў 1948 г. пасведчанні атрымалі першыя 10 выпускнікоў. У пасляваенны час школу ўзначальвалі: Аляксей Сцяпанавіч Грыцук (1944), Пётр Васільевіч Мохараў (1944–1947), Яўген Якаўлевіч Кандраценка (1947–1949), Леанід Лук'янавіч Кулакоўскі (1949–1951).

У канцы 1950-х гг. сямігадовая школа была заменена васьмігадовай, дзесяцігадовая рэарганізавана ў адзінаццацігадовую з вытворчым навучаннем. Адкрываліся групы падоўжанага дня. На педагагічную працу ў школу прыйшлі высокакваліфікаваныя спецыялісты. У 1965 г. з 40 настаўнікаў 20 узнагароджаны значкамі «Выдатнік народнай асветы», многія — Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Гэты перыяд гісторыі школы адзначаны кіраўніцтвам легендарнага педагога Мікалая Мікалаевіча Рудэнкі (1922–2022) у 1952–1958 і 1963–1987 гг. Прайшоў усю вайну ад радавога да лейтэнанта, узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі. За гады яго кіраўніцтва школа прайшла праз многія выпрабаванні і пераўтварэнні, пачалося будаўніцтва новага будынка на 1176 месц, якому Мікалай Мікалаевіч аддаў многа сіл і здароўя. За сваю педагагічную дзейнасць узнагароджаны нагруднымі значкамі «Выдатнік народнай асветы» (1955), «Выдатнік асветы СССР» (1972), удастоены звання «Заслужаны настаўнік Беларускай ССР» (1985).

У 1970–1980-я гг. у школе склаўся калектыў таленавітых педагогаў-энтузіястаў, ядром якога былі заслужаныя настаўнікі БССР Наталля Аляксандраўна Кондрусь, Ала Пятроўна Агаркава. У 1981 г. школа пераехала ў новы сучасны будынак, былі адкрыты 28 класаў-камплектаў, займаліся 860 навучэнцаў, у трох падрыхтоўчых класах вучыліся 80 дзяцей. Былі абсталяваны спартыўная і актавая залы, бібліятэка. Меліся піянерскі пакой, кабінет лекара, спальні для вучняў падрыхтоўчых класаў. Працавалі кінатэатр і школьны аркестр, раз на тыдзень — школьны радыёвузел. Каля школы былі разбітыя кветнікі, меліся свае вучэбна-вопытны ўчастак і цяпліца. Стадыён уключаў у сябе пляцоўку для заняткаў па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы, паласу перашкод, цір. У 1984 г. адкрыты музей гісторыі школы.

У 1987 г. дырэктарам школы стала Ала Пятроўна Агаркава. За 20 гадоў кіруючай работы яна адыграла вялікую ролю ў фарміраванні і згуртаванні калектыву, веды і вопыт настаўнікаў-ветэранаў перадаваліся маладым педагогам. 1990-я гг. сталі пераломнымі ў жыцці краіны і школы. У школе развівалася вучнёўскае самакіраванне. У пачатку 2000-х гг. школа перайшла на 12-гадовую адукацыю, з'явілася дзесяцібальная шкала ацэнак.

Новая рэформа 2008 г. адмяніла 12-гадовае навучанне і вярнула 11-гадовае. Таму ў 2009 г. адбыўся двайны выпуск — адзінаццатых і адзінаццатых-штрых класаў. З 2008 г. па 2013 г. школу ўзначальваў Генадзь Уладзіміравіч Іконнікаў. У 2013–2024 гг. дырэктарам школы працавала Валянціна Леанідаўна Патрабенка. Яна імкнулася да развіцця ўстановы, каб у ёй было ўсё самае сучаснае і патрэбнае дзецям і педагогам.

Летам 2014 г. будынак школы быў зачынены на капітальны рамонт, які закончаны да 1 верасня 2015 г. Па гадавым рэйтынгу работы навучальная ўстанова ўваходзіла ў тройку лепшых устаноў адукацыі Камянецкага раёна, некалькі гадоў запар была на першым месцы. На высокім узроўні праходзілі алімпіядны рух і даследчая праца, праца STEM-цэнтра.

Высокаўская СШ сёння — гэта сучасная ўстанова адукацыі з высокакваліфікаванымі кадрамі. З 72 педагогаў, якія працуюць у школе, 46% — яе выпускнікі. Вялікая ўвага надаецца ўсім 795 навучэнцам. У школе працуе 8 аб'яднанняў па інтарэсах, 6 гурткоў фізкультурна-спартыўнай накіраванасці. Актыўна дзейнічае клуб «Юны патрыёт», піянерская дружына імя М. М. Рудэнкі, першасная арганізацыя ГА «БРСМ». Плённа працуе інжынерна-тэхнічны цэнтр. З 2024 г. узначальвае школу Руслана Адамаўна Астапенка.

З 2015 па 2025 гг. 25 выпускнікоў скончылі школу з залатым медалём. За апошнія тры гады на ЦЭ атрыманы пяць стабальных сертыфікатаў. Многія былыя выпускнікі школы дабіліся выдатных поспехаў. 26 выпускнікоў школы сталі дактарамі і кандыдатамі навук, 160 афіцэрамі, 380 педагогамі. Вялікі ўклад у ракетабудаўнічую галіну СССР унёс інжынер-канструктар лятальных апаратаў Валянцін Мікалаевіч Аўтаномаў. Ён узначальваў праектны аддзел у канструктарскім бюро «Паўднёвае» (Днепрапятроўск). Канстанцін Максімавіч Швейкус прайшоў шлях ад інжынера-канструктара да генеральнага дырэктара авіяцыйнай карпарацыі «Рубін». Міхаіл Пятровіч Міранюк даслужыўся да звання генерала, працаваў навуковым супрацоўнікам Міністэрства абароны Расіі, напісаў кнігу ўспамінаў «Дарога жыцця» пра г. Высокае і жыццё пад акупацыяй.

У адукацыі і медыцыне дабіліся поспехаў Яўген Акалакулак, доктар медыцынскіх навук, прафесар; Віктар Балтрамяюк, загадчык кафедры агульнай і біяарганічнай хіміі ГрДУ; Уладзімір Сядун, урач-эндаскапіст Прафесарскага цэнтра БелМАПА (Мінск); Юрый Дановіч, урач-рэнтгенолаг медыцынскага цэнтра «Нардзін»; Аляксандр Дановіч, загадчык эндаскапічнага аддзялення 6-й гарадской клінічнай бальніцы (Мінск) і іншыя.

Выпускнікі атрымалі вядомасць і сярод творчых прафесій. Міхаіл Карпук працаваў мастаком-пастаноўшчыкам Беларускага тэлебачання і кінастудыі «Беларусьфільм», яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і іншых музеях і прыватных калекцыях. Уладзіслаў Сянкевіч грае ў гурце «BRUTTO». Акардэаніст-віртуоз Дзмітрый Корсак збірае поўныя залы не толькі ў нашай краіне, але і ў Кітаі. Дызайнер Таццяна Тур стварае ўнікальнае адзенне, а яе калекцыя «Еду да таткі» ўдзельнічала ў выставе ў Парыжы.

З 2024 г. Высокаўская СШ з гонарам носіць імя яе былога дырэктара М. М. Рудэнкі, а настаўнікі і вучні ствараюць новыя старонкі школьнага летапісу.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай

імя У. М. Ігнатоўскага.

Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Грышкевіч, С. Настаўніцкімі сцежкамі : [Высокаўская СШ імя М. М. Рудэнкі] / Сяргей Грышкевіч // Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны. Брэст, 2025. С. 78–80.
  2. Высокае // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 29–32.
  3. Высокое. – Брест : РИА «Вечерний Брест», 2012. – 144 с. : ил.
  4. Заслужаныя настаўнікі : Агаркава Ала Пятроўна. Рудэнка Мікалай Мікалаевыіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакукм. хроніка. Мінск, 1997. С. 492.
  5. Данилюк, Л. Высоковская СШ. Путь длиною в 80 лет / Лада Данилюк // Навіны Камянеччыны. 2025. 22 лістапада (№ 47). С. 6–7.
  6. Патейчук, А. Новый год – новый директор / Анна Патейчук // Навіны Камянеччыны. 2025. 6 верасня (№ 36). С. 6.
  7. Сацута, А. «Можно делать невероятные вещи» / Алена Сацута // Заря. 2025. 11 июня. С. 6–7.
  8. «Человек года Брестчины» – из Высокого // Навіны Камянеччыны. 2025. 3 мая (№ 18). С. 1.
  9. Трибулева, Е. Добрались до Поднебесной! / Елена Трибулева // Навіны Камянеччыны. 2024. 14 снежня (№ 50). С. 18–19.
  10. Оробейко, Е. Будьте достойны славного имени фронтовика… : [о Н. Н. Руденко] / подготовил Евгений Оробейко // Навіны Камянеччыны. 2024. 5 кастрычніка (№ 40). С. 8.
  11. Истратова, С. Юные высоковчане – участники проектной школы / Светлана Истратова // Навіны Камянеччыны. 2024. 24 жніўня (№ 34). С. 14.
  12. Грышкевіч, С. Настаўніцкімі сцежкамі / Сяргей Грышкевіч // Настаўніцкая газета. 2024. 16 ліпеня. С. 11.
  13. Истратова, С. Блестящие победы высоковского Stem-центра / Светлана Истратова // Навіны Камянеччыны. 2024. 15 чэрвеня (№ 24). С. 16.
  14. Ляшкевіч, П. Высокаўскія таленты XXI стагоддзя / Паліна Ляшкевіч // Навіны Камянеччыны. 2023. 14 кастрычніка (№ 41). С. 18.
  15. Сердце, отданное школе... : [А. П. Огаркова] / коллектив Высоковской СШ // Навіны Камянеччыны. 2023. 15 ліпеня (№ 28). С. 6.
  16. Данилюк, Л. Воспитывать личным примером : [о Н. Н. Руденко] / Лада Данилюк // Навіны Камянеччыны. 2022. 17 снежня (№ 51). С. 15.
  17. Скроцкая, Е. Маленькая идея для большой радости / Екатерина Скроцкая // Навіны Камянеччыны. 2022. 9 ліпеня (№ 28). С. 22.
  18. Трибулева, Е. Место памяти / Елена Трибулева // Навіны Камянеччыны. 2021. 6 сакавіка (№ 10). С. 6.
  19. Данилюк, Л. Высоковской СШ – 75. Навсегда в сердце / Лада Данилюк, Наталия Шоколо // Навіны Камянеччыны. 2020. 6 лістапада (№ 45). С. 6.
  20. Трибулева, Е. «Под конкретного учителя» / Елена Трибулева // Навіны Камянеччыны. 2020. 8 мая (№ 19). С. 16.
  21. Ляшкевіч, А. З IT – на «ты» / Алена Ляшкевіч // Навіны Камянеччыны. 2020. 29 лютага (№ 9). С. 16.
  22. Новік, Г. Прыйшлі сеяць разумнае, добрае... / Галіна Новік // Навіны Камянеччыны. 2019. 5 кастрычніка (№ 40). С. 17.
  23. Спасибо за добрый ваш труд! // Навіны Камянеччыны. 2018. 14 ліпеня (№ 28). С. 8.
  24. Совпель, А. Поработали на славу / Анна Совпель // Навіны Камянеччыны. 2018. 2 чэрвеня (№ 22). С. 6.
  25. Нарэйка, Н. Навукоўцы-пачаткоўцы. Паспяховы старт / Настасся Нарэйка // Навіны Камянеччыны. 2018. 24 сакавіка (№ 12). С. 19.
  26. Дюков, С. А. Наш «Учитель года» / [Сергей Дюков ; беседовала] Людмила Лазарук // Навіны Камянеччыны. 2017. 15 красавіка (№ 15). С. 8.
  27. Нарэйка, Н. Высокаўская школа. Учора, сёння, заўтра / Настасся Нарэйка // Навіны Камянеччыны. 2016. 27 лютага (№ 9). С. 3, 22.
  28. Троцюк, Д. Мелодия директорской души... / Денис Троцюк // Навіны Камянеччыны. 2015. 3 кастрычніка. С. 22.
  29. Нарэйка, Н. Верасень. Высокае. Абноўленая школа / Настасся Нарэйка // Навіны Камянеччыны. 2015. 5 верасня. С. 5.
  30. Соколовская, Е. В Высоком школу не узнать! / Елена Соколовская // Заря. 2015. 5 сентября. С. 3.
  31. Жук, Е. Большая перемена / Елена Жук // Вечерний Брест. 2015. 2 сентября. С. 5.
  32. Козлович, В. Дети ждут звонка : [о капитальном ремонте здания Высоковской СШ Каменецкого района] / Валентина Козлович // СБ. Беларусь сегодня. 2015. 29 апреля. С. 5.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 74 разоў Апошняя змена Чацвер, 27 Лістапад 2025 14:45