Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 27 Лістапад 2025 14:46

2025 г. — 185 гадоў з часу пабудовы царквы Ануфрыя Вялікага ў в. Баршчэва (Камянецкі р-н; 1840), помніка мураванага дойлідства з элементамі класіцызму

Вёска Баршчэва Камянецкага раёна Брэсцкай  вобласці ўпершыню згадваецца ў XV ст. у дакументах караля Казіміра. Захаваліся звесткі, што фундуш на Баршчэўскую царкву ў 1686 г. зрабілі Сапегі. Гэтыя звесткі даюць магчымасць меркаваць, што мясцовую святыню пабудавалі ў час, блізкі да фундушовага. Паводле дакументальных звестак, у 1718 г. фундатарам Баршчэўскай царквы быў памешчык Станіслаў Хжаноўскі. У XIX ст. у вёсцы былі карчма, млыны, бровар, кузня і царква.

У 1837 г. у Баршчэве адзначана ўніяцкая царква, філіяльная ад Свята-Успенскай царквы в. Царкоўнікі. У гэты час настаяцелем быў Іаан Маркевіч. Налічвалася 772 прыхаджан. Уніяцкая царква прастаяла ў Баршчэве прыблізна да таго часу, калі ў 1840 г. на сродкі прыхаджан і мясцовай землеўладальніцы Пелагеі Грабоўскай пабудавалі новую — Свята-Ануфрыеўскую.

Гэта невялікі, просты ў аб’ёмна-планіровачным рашэнні храм з рысамі класіцызму. Памяшканне выканана ў класічным стылі і ўяўляе сабою прамавугольны галоўны аб’ём, накрыты двухсхільным дахам і ўвенчаны купалам. Купал размешчаны на двух’ярусным васьмігранным барабане. Спераду прытвор і апсіда прадстаўлены рызалітам. З фасаднай часткі па баках ад галоўнага ўвахода — нішы. Бакавыя сцены раздзелены на тры часткі кожная і маюць тры акны з аднаго боку, два акны і бакавы ўваход — з другога.

Матэрыял, з якога пабудавана царква, унікальны для нашых мясцін —палявы бутавы камень. Гэта была першая такая царква ў Камянецкім благачынні. Кладка дэкарыравана палявым колатым крэменем. З бутавага каменя зроблена і агароджа. Вуглы аб’ёму і некаторыя іншыя элементы храма выкананы з цэглы. Мастацкую асаблівасць гэтай царкве надае кантраснае злучэнне двух будаўнічых матэрыялаў.

Пры ўваходзе на тэрыторыю храма ўзвышаецца двух’ярусная брама-званіца, якая зроблена з каменя высокаўскімі майстрамі. Першы ярус — чацверыковы з арачным праёмам увахода, другі ярус — васьмерыковы з чатырма арачнымі вокнамі, якія закрываюцца аканіцамі. Завяршае званіцу шатровы дах з цыбулінай купала.

Унутраная прастора раздзелена слупамі на тры нефы. Над уваходам кансольна выступаюць хоры. У інтэр’еры прыцягвае ўвагу манументальны алтар у стылі сталага барока, які знаходзіцца на горнім месцы. Буйное лісце аканта заплятаецца ў карункі навылётнага разьбярства. Ён робіць уражанне пышнай і вытанчанай барочнай раскошы, якую ніяк не чакаеш знайсці ў сціплай вясковай цэркаўцы. Сярод сакральных рэліквій у царкве знаходзіўся абраз Багародзіцы, з даўніх часоў шанаваны вернікамі як цудадзейны. Як наяўны ён называецца ў кліравых ведамасцях канца ХІХ – пачатку ХХ ст. Захавалася ікона «Святая Магдаліна» (ХVІІІ–ХІХ стст.).

У 1874 г. на могілках пабудавалі драўляную царкву святой Параскевы. Яе неаднаразова рамантавалі. Па стане на 1899 г. была дрэнна забяспечана царкоўным начыннем. Мела плошчу 70 кв. м, у 1961 г. была знята з уліку дзеючых і закрыта.

Напачатку ХХ ст. у прыходзе было царкоўнае брацтва, працавалі дзве царкоўнапрыходскія школы — у Баршчэве і Хацінаве. У 1906 г. з прыватных сродкаў настаяцеля Іаана Шырынскага пабудавалі прыходскі дом. Свяшчэннік вельмі спрыяў развіццю школьніцтва.

У 1929 г. у Баршчэўскую царкву на сродкі прыхаджан і свяшчэнніка Сергія Леўчука набыты тры кампаны (званы) агульнай вагой 15 пудоў на суму 2700 злотых. У 1930 г. прайшоў рамонт царквы: дах быў пакрыты цынкавай бляхай і памаляваны, а крыжы пазалочаны.

Побач з храмам на могілках захавалася невялікая царква ў імя апостала Фамы. Пад час бягучага рамонту над ёю з’явіўся абноўлены купал, увенчаны крыжам. Гэтай капліцы ўжо 150 гадоў і яна патрабуе яшчэ шмат сродкаў для рамонту.

У храме ніколі не перарывалася духоўнае жыццё. У розны час тут служылі: Іаан Маркевіч (канец ХVІІІ ст), Іаан Шырынскі (пач. ХІХ ст), Максім Санкевіч (з 1908 г.), Канстанцін Сабатовіч (з 1924 г.), Сергій Леўчук (з 1927 г.), Георгій Раенскі (з 1930 г.), Іпацій Манько (з 1941 г.), Трафім Юрчук (з 1945 г.), Іаакім Мацей (1960-я), Ігар Аліферчык (2010), Іаан Сычэвіч (з 2014 г.). Цяпер настаяцелем з’яўляецца іерэй Сергій Бірук.

У складзе прыхода вёскі Баршчэва, Забалацце, Манчакі, Мінкавічы, Мураўчыцы, Свішчова, Царкоўнікі, Хацінава, Шастакова. З 2014 г. дзейнічае прыхадская бібліятэка. 

Помнік мураванай архітэктуры з элементамі позняга класіцызму. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 578 ад 14 мая 2007 г. храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (113Г000329).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай

імя У. М. Ігнатоўскага.

Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Борщевская Онуфриевская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 120–121.
  2. Свята-Ануфрыеўская царква, в. Баршчэва // Праваслаўныя храмы Камянеччыны. РИА «Вечерний Брест», 2013. С. 8–10.
  3. Царква ў гонар прападобнага Ануфрыя : [в. Баршчэва ] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 39.
  4. Свята-Ануфрыеўская царква : [в. Баршчэва] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 19.
  5. Чарняўская, Т. Помнікі архітэктуры і манументальнага мастацтва Камянеччыны : Ануфрыеўская царква (в. Баршчэва) / Т. Чарняўская // Памяць: Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 82–83.
  6. Филатов, В. К. Онуфриевская церковь : [д. Борщево] / В. К. Филатов // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 221.
  7. Філатаў, У. К. Ануфрыеўская царква : [в. Баршчэва] / У. К. Філатаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 200.
  8. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: [Баршчэва]. С. 193, 409.
  9. Шатько, Е. Г. Колокольный звон Белой Руси: тысячелетие традиции / Е. Г. Шатько. – Минск: Братство в честь Святого Архистратига Михаила : Медиал, 2015. – 608 с. – Из содерж.: [Приобретение колоколов д. Борщево]. С. 120, 421.
  10. Баршчэва // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С.18–19.
  11. Мусевіч, Г. Царква ў маёнтку Баршчэво / Георгій Мусевіч // Бельскі гостінэць. 2013. № 1. С. 91–93.
  12. Новик, Г. Восстановлен храм / Галина Новик // Навіны Камянеччыны. 2025. 24 мая (№ 21). С. 7.
  13. Ролич, О. Онуфриевская церковь в Борщево / Ольга Ролич // Заря. 2020. 10 июня. С. 20.
  14. Новик, Г. Борщево. Обновление : [священник Иоанн Сычевич и прихожане обновляют Свято-Онуфриевскую церковь] / Галина Новик // Навіны Камянеччыны. 2016. 24 снежня (№ 52). С. 8.
  15. Пад вятрамі гісторыі : у вёсцы Баршчэва ўрачыста адзначылі 150-гадовы юбілей Свята-Ануфрыеўскай царквы // Народная трыбуна. 2010. 2 ліпеня. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 75 разоў