Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 23 Снежань 2025 11:51

13 студзеня 2025 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Пятровіча Несіна (1950), падарожніка

Драгічынская зямля поўніцца таленавітымі і знакамітымі людзьмі, і гэта не толькі пісьменнікі, паэты, кампазітары, мастакі, навукоўцы але і вандроўнікі, падарожнікі. Уладзімір Пятровіч Несін — вядомы падарожнік, які амаль увесь свет абышоў басаногім і без асабістага транспарту. Нарадзіўся 13 студзеня 1950 г. у в. Папіна Драгічынскага раёна. Калі яму было шэсць, яго бацькі па прызыву партыі пераехалі ў Казахстан на засваенне цаліны.

У 1977 г. з патрыятычных і рамантычных меркаванняў разам з жонкай і трохгадовай дачкой Уладзімір Несін пераехаў на поўнач для асваення Саматлорскага радовішча. У г. Ніжневартаўску працаваў вадзіцелем, а таксама на грамадскіх пачатках арганізаваў секцыю самба. З сямнаццаці гадоў захапляецца спортам, спачатку велагонкамі, а потым — самба. За 11 гадоў пражывання на поўначы падчас адпачынкаў разам з сям'ёй, сябрамі і вучнямі хадзіў у горныя паходы. Такім чынам пабываў амаль ва ўсіх рэспубліках СССР.

У 1988 г. вырашыў паглядзець Далёкі Усход, для чаго пераехаў жыць у г. Аляксандраўск-Сахалінскі. Год працаваў настаўнікам фізкультуры, затым заснаваў секцыю самба і перайшоў працаваць у ДЮСШ, стаў кандыдатам у майстры спорту. Ужо праз год каманда самбістаў з поспехам выступала на абласных і рэгіянальных спаборніцтвах. Падчас летніх канікул Уладзімір Пятровіч арганізоўваў для сваіх вучняў паходы па Сахаліну, Курыльскіх выспах, у Казахстан.

У 1996 г., калі агульны працоўны стаж склаў 25 гадоў — мінімум для назначэння пенсіі, У. П. Несін звольніўся і пачаў падарожнічаць за межамі былога Савецкага Саюза. Прайшоў Манголію, Кітай, В’етнам, Лаос, Таіланд, Малайзію і Інданезію. У 1999 г., калі быў у Аўстраліі, атрымаў пашпарт «Грамадзянін свету». Пра свае ўражанні ад далёкіх краін піша артыкулы і кнігі. Першыя дарожныя нататкі з'явіліся ў сахалінскіх газетах у 1997 г., рэгулярна з’яўляюцца ў іншых газетах, у тым ліку ў «Драгічынскім весніку». Першая кніга «Босиком за тридевять земель» выдадзена ў Маскве ў 2006 г.

Падарожнічае па ўсім свеце на 5,5 тыс. расійскіх рублёў у месяц. Другую палову пенсіі адкладае. Пры неабходнасці заўсёды знойдзе магчымасць падпрацаваць. Да прыкладу, таксаваў у Нью-Ёрку, здабываў нафту ў Канадзе, збіраў аліўкі ў адным з будыйскіх манастыроў, яблыкі ў Аўстраліі, ківі ў Новай Зеландыі. Падарожнік у дзень праходзіць 25–30 км, выключна басанож. І не таму што, насіць абутак, — гэта дорага. Яму проста падабаецца хадзіць па зямлі басанож, амаль не карыстаецца транспартам. Даводзіцца падарожнічаць і гідрастопам — так называецца бясплатны праезд на папутных марскіх суднах са згоды капітана альбо ўладальніка.

Адпраўляючыся ў першы замежны паход, ён валодаў толькі рускай мовай. Цяпер свабодна гаворыць на англійскай і ведае іспанскую. Уладзімір Несін ахвотна бярэ з сабой спадарожнікаў. Жадаючыя падарожнічаць з ім павінны мець бюджэт, які дазваляе расходаваць 3 даляры ў суткі. Басанож ісці не абавязкова, гэта далёка не кожнаму пад сілу. Усё, што ў яго з сабой, — гэта заплечнік, у якім палатка, спальнік, турыстычны кілімок, кацялок, запалкі і невялікі запас прадуктаў. Ёсць камера, фотаапарат. Сотавы тэлефон выкарыстоўваецца як навігатар, у ім нават сім-карты няма. Ён аддае перавагу рэальным зносінам, хоць і стварыў афіцыйны сайт і акаўнты ў Facebook, Youtube, Telegram, дзе выкладвае свае матэрыялы.

На сённяшні дзень ім пройдзена больш за 150 краін свету, больш за 125 тыс. км. У 33-х краінах падарожнічаў са сваім малодшым сынам і ў 57-і — са сваёй апошняй жонкай Мэры Веронікай Алімптку, унучкай правадыра індзейскага племя з Канады. Сустрэў яе на Алясцы, дзе Вераніка працавала фельчарам.

Галоўная каштоўнасць для яго — свабода. Пенсіянер Уладзімір Несін, атрымліваючы 11 тыс. расійскіх рублёў пенсіі, лічыць сябе забяспечаным чалавекам і не робіць нічога, каб палепшыць уласны матэрыяльны дабрабыт. Піша вельмі шчырыя кнігі пра свае неверагодныя прыгоды, аддае ўсе правы выдаўцам, сабе бярэ толькі 100 бясплатных асобнікаў.

Уладзімір Пятровіч прайшоў і Беларусь, пабываў на малой радзіме — Драгічыншчыне. У 2023 і 2025 гг. наведваў Драгічынскую цэнтральную раённую бібліятэку.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Мыслівец Дзяніс Вадзімавіч, бібліятэкар аддзела маркетынгу,

сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы

 

Кнігі і артыкулы У. П. Несіна

  1. Босиком по 100 странам пяти континентов / Владимир Несин. – Москва : Гео-МТ, 2011 [т.е. 2010]. – 400 с.
  2. Босиком за тридевять земель / Владимир Несин. – Москва : Гео, 2006. – 108 с.
  3. Мали. С петухом в дорогу / Владимир Несин // Навіны Камянеччыны. 2020. 19 снежня (№ 51). С. 19.
  4. Мали: бедность, грязь и козы / Владимир Несин // Навіны Камянеччыны. 2020. 12 снежня (№ 50). С. 19.
  5. Индия: страна бедности и улыбок : по странам и континентам / Владимир Несин // Навіны Камянеччыны. 2019. 2 лістапада (№ 44). С. 15.
  6. Таиланд. Страна, где всегда лето / Владимир Несин // Драгічынскі веснік. 2018. 10 лістапада. С. 15.
  7. Лаос, бедные, но счастливые / Владимир Несин // Драгічынскі веснік. 2018. 12 верасня. С. 6.
  8. Наши вьетнамские приключения / Владимир Несин // Драгічынскі веснік. 2018. 22 жніўня. С. 6.
  9. Китай, который многое нам открыл... / Владимир Несин // Драгічынскі веснік. 2018. 1 жніўня. С. 6.
  10. Начало большого пути / Владимир Несин // Драгічынскі веснік. 2018. 5 ліпеня. С. 6.
  11. Разворот на 180', или Приключения в Канаде / Владимир Несин // Драгічынскі веснік. 2018. 23 мая. С. 6.
  12. Наш Новый год во Вьетнаме / Владимир Несин // Драгічынскі веснік. 2018. 21 сакавіка. С. 6.
  13. Далекая и холодная Аляска / Владимир Несин // Драгічынскі веснік. 2017. 16 верасня. С. 15.
  14. Дорога, ведущая на север / Владимир Несин // Драгічынскі веснік. 2017. 16 верасня. С. 15.
  15. Канада: обиженный кот и рыбалка с индейцами / Владимир Несин // Драгічынскі веснік. 2017. 1 ліпеня. С. 15.
  16. США: пирожки за три бакса и навигатор за 200 / Владимир Несин // Драгічынскі веснік. 2017. 11 лютага. С. 15.
  17. Отсутствие деревень, алкотопливо и город в форме самолета : [о путешествии по Бразилии] / Владимир Несин // Драгічынскі веснік. 2017. 4 лютага. С. 15.
  18. Русский сакраменто / Владимир Несин // Драгічынскі веснік. 2017. 28 студзеня. С. 15.
  19. Соединенные Штаты Америки. Первое путешествие / Владимир Несин // Драгічынскі веснік. 2017. 21 студзеня. С. 15.
  20. Богатый порт / Владимир Несин // Драгічынскі веснік. 2017. 14 студзеня. С. 15.
  21. Ла Блон на Гаити / Владимир Несин // Драгічынскі веснік. 2017. 6 студзеня. С. 13.

 

Аб жыцці і дзейнасці У. П. Несіна

  1. Наумовец, А. Мой адрес – планета Земля : [о путешественнике, «Гражданине мира» Владимире Несине] / Алексей Наумовец // Драгічынскі веснік. 2012. № 85. С. 3.
  2. Крейдич, А. Босиком по всей планете путешествует 53-летний Гражданин Мира, уроженец д. Попина Дрогичинского района Владимир Несин / Анатолий Крейдич // Заря. 2003. 9 декабря.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 102 разоў Апошняя змена Аўторак, 23 Снежань 2025 12:00