Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 30 Снежань 2025 16:09

15 студзеня 2025 г. — 85 гадоў з дня ўтварэння Драгічынскага раёна (1940), адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў Пінскай (з 1954 г. Брэсцкай) вобласці

15 студзеня 1940 г. выйшаў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР «Аб стварэнні раёнаў у Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцях Беларускай ССР». Гарадскі пасёлак Драгічын стаў цэнтрам створанага Драгічынскага раёна Пінскай вобласці.

Драгічынскі раён уключаў былыя Хомскую, Драгічынскую гміны, часткі Валавельскай, Асавецкай, Бездзежскай воласцей. Тэрыторыя раёна першапачаткова склала 1193,8 кв. км, насельніцтва — 55 020 чалавек (1939), у т. л. 3125 чалавек у Драгічыне. У мястэчку працавалі электрастанцыя магутнасцю 35 кВт, друкарня, маслабойны завод, школа, бальніца, ветлячэбніца, пошта, тэлеграф, клуб.

На 1940 г. у раёне было 126 населеных пунктаў, мелася 36,8 тыс. га ворнай зямлі, налічвалася 9693 сялянскіх гаспадарак, у т. л. 4840 хутарскіх. 20 кастрычніка 1940 г. раён падзелены на 20 сельсаветаў. На тэрыторыі раёна налічвалася 11 памешчыцкіх маёнткаў, 7 цагляных заводаў, 5 бетонных заводаў, броварны завод, валюшна-лямцавы цэх, 4 паравыя млыны, 64 школы.

У 1940 г. быў створаны Антопальскі раён з цэнтрам у в. Антопаль. У яго склад увайшлі Антопальская, Гарадзецкая, Дзеткавіцкая воласці Кобрынскага павета, часткі Брашэвіцкай, Валавельскай воласці. Тэрыторыя раёна складала 943 кв. км, насельніцтва — 32 514 чалавек. У Антопалі 3008 жыхароў, 2 млыны, 2 цагляныя заводы, няпоўная сярэдняя школа, амбулаторыя, аптэка, пошта, тэлеграф. У раёне 23 549 га раллі, 7 млыноў, 3 цагляных і 1 броварны завод. У снежні 1940 г. завяршылася фарміраванне савецкіх і партыйных органаў улады, землі і прадпрыемства былі нацыяналізаваны.

22 чэрвеня 1941 г. пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая стала трагічным і гераічным перыядам у гісторыі раёна. Ужо 25 чэрвеня раён акупавалі нямецка-фашысцкія захопнікі, і пачаліся масавыя забойствы. Толькі ў жніўні 1941 г. у Хомску гітлераўцы знішчылі каля 2 тыс. яўрэяў. 15 лістапада 1942 г. у Антопалі зрабілі шматтысячны расстрэл яўрэйскага насельніцтва. Неаднаразова адбываліся забойствы актывістаў, ваеннапалонных і мірных жыхароў.

Ужо восенню 1941 г. з'явіліся першыя падпольныя групы з мясцовых актывістаў і акружэнцаў у Закозелі, Галоўчыцах, Гошаве, Ляхавічах, Маркавічах, Осаўцах, Хомску, Ямніку і інш. населеных пунктах. У вёсках Худлін, Грушава і Дзямідаўшчына ў 1941 г. створана партызанская група М. Т. Шыша і Д. К. Удавікова. У пачатку 1942 г. пачалі дзейнічаць групы А. А. Літвінчука і П. П. Бандарука ў Галіку і Гурцы, групы У. Я. Мысліўчука, У. С. Еўчыка, У. М. Сямёнава — на Ляхавіцкіх хутарах. У вёсках Хомск, Гошава, Маркавічы, Аляксеевічы дзейнічала група Я. Г. Макарэвіча. У сварынскіх і радастаўскіх лясах — група П. П. Паталаха. З часам групы аб'ядналіся ў партызанскія атрады.

У раёне Антопаля ў лютым 1942 г. сфармаваўся камандны склад партызанскай брыгады імя Молатава. Дзейнічаў атрад пад камандаваннем М. П. Шыша. У пачатку красавіка 1942 г. ва ўрочышчы Дуброўкі паблізу Дняпроўска-Бугскага канала з'явіўся атрад пад камандаваннем Б. К. Лукашука. Разгром нямецкіх гарнізонаў і выцясненне ворага дазволілі стварыць свабодныя партызанскія зоны. На поўначы раёна партызанская зона ахоплівала частку Бярозаўскага, Драгічынскага, Іванаўскага раёнаў, там была адноўлена савецкая ўлада. Пры некаторых партызанскіх атрадах ствараліся сямейныя лагеры, школы: 4 сямейныя лагеры было ў атрадзе імя Макарэвіча ў спораўскіх лясах.

У красавіку 1943 г. атрады імя Шыша, імя Суворава, імя Кутузава, імя Лазо аб'яднаны ў партызанскую брыгаду імя Молатава. Для прыёму самалётаў у в. Сварынь, якая знаходзілася ў глыбіні партызанскай зоны, быў абсталяваны аэрадром. У чэрвені 1943 г. стаў дзейнічаць Драгічынскі падпольны райкам КПБ. Тэрыторыі Драгічынскага і Антопальскага раёнаў ахоплівалі атрады імя Чарткова, імя Кірава, імя Макарэвіча, імя Будзёнага, імя Шчорса, імя Жданава, імя Катоўскага, атрад асабога прызначэння пад камандаваннем У. А. Цвяткова, спецгрупа «Іскра».

Самай вялікай аперацыяй партызан была бітва за Дняпроўска-Бугскі канал у лютым–сакавіку 1944 г., якая ўвайшла ў гісторыю як 40-дзённая абарона. У сярэдзіне ліпеня 1944 г. войскі 61-й арміі 1-га Беларускага фронту ўвайшлі на тэрыторыю Драгічынскага раёна. 16 ліпеня часткі 12-й гвардзейскай стралковай дывізіі 9-га гвардзейскага корпуса 61-й арміі вызвалілі Антопаль. На досвітку 17 ліпеня часткі 669-га стралковага палка 212-й стралковай дывізіі пасля жорсткага бою вызвалілі Драгічын.

За гады нямецка-фашысцкай акупацыі ў Драгічынскім раёне расстраляна, закатавана, павешана, спалена больш за 12 тыс. чалавек, 1770 чалавек былі вывезены ў Германію на катаржныя работы, поўнасцю або часткова спалены 57 вёсак. На франтах загінулі 2560 жыхароў раёна.

Пасля вызвалення перш за ўсё заняліся будаўніцтвам жылля, і ўжо праз год быў пабудаваны 881 жылы дом, у канцы 1949 г. — 2344 дамы і больш за 2 тыс. вытворчых будынкаў. У 1945 г. пачалі сваю працу Заказельскі спіртзавод, цагляны завод у Гошава, завод па вытворчасці вапны ў Бездзежы. У 1948 г. школ у раёне было 73. У 1949 г. у вёскі прыйшла масавая калектывізацыя і былі створаны 84 калгасы. У 1951 г. адбылося ўзбуйненне гаспадарак. Поспехі дэманстравалі калгасы імя Сталіна, імя Молатава, імя Леніна, імя Калініна, імя Горкага, імя Жданава.

У 1947 г. у раёне было 3 бальніцы, 5 ФАПаў, радзільны дом, паліклініка, станцыя хуткай дапамогі, жаноча-дзіцячая кансультацыя, санэпідстанцыя, малярыйнай станцыя, сухотны пункт. У 1950 г. прыняла першых вучняў школа механізацыі сельскай гаспадаркі, якая пазней стала прафтэхвучылішчам. У 1954 г. аказвалі дапамогу больш за 100 урачоў. У Драгічыне працаваў раённы Дом культуры, у сельскай мясцовасці — 1 сельскі Дом культуры, 7 сельскіх клубаў, 18 хат-чытальняў, 7 сельскіх і 2 гарадскія бібліятэкі.

8 студзеня 1954 г. была скасавана Пінская вобласць, Драгічынскі раён увайшоў у склад Брэсцкай вобласці. У 1959 г.былі скасаваны Антопальскі і Дзівінскі раёны, да Драгічынскага далучаны Галоўчыцкі, Дзеткавічскі, Імянінскі, Першамайскі, Радастаўскі сельсаветы і г. п. Антопаль. 10 лістапада 1967 г. гарадскі пасёлак Драгічын атрымаў статус горада раённага падпарадкавання. Да 1971 г. у раёне ішлі тэрытарыяльна-адміністрацыйныя рэформы: стварэнне і скасаванне сельсаветаў.

У 1960-х гг. праходзіць масавая меліярацыя зямель і электрыфікацыя вёсак раёна, у 1970-х – газіфікацыя, у 1980-х – будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў. 1990-я гг. характарызуюцца сацыяльна-эканамічным крызісам, запаволеннем тэмпаў будаўніцтва і зніжэннем аб'ёмаў вытворчасці. Аднак усе цяжкасці ўдалося пераадолець і Драгічынскі раён працягвае сваё развіццё.

У маі 2005 г. у Драгічынскім раёне на базе племзавода «Заказельскі» адбыўся рэспубліканскі семінар, на якім быў дадзены старт дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця вёскі на 2005–2010 гг. Вёска Закозель стала заснавальнікам сучасных аграгарадкоў у Брэсцкай вобласці. Самым памятным момантам таго дня (27 мая) для многіх жыхароў раёна стала сустрэча з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкам.

Герб Драгічына зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 9 чэрвеня 1998 г. № 15. Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2008 г. № 659 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 23 студзеня 2009 г. № Б-155.

На 1 студзеня 2025 г. у Драгічынскім раёне налічвалася 32 884 чалавек, гарадское насельніцтва складае 16 144, сельскае — 16 740 чалавек. Вядучая роля ў эканоміцы раёна належыць сельскай гаспадарцы. Раён спецыялізуецца на вытворчасці мяса, малака, збожжа, кармавых культур, мікрабіялагічнай прадукцыі. За апошнія гады раён стаў камфортным і ўтульным для жыцця людзей. Драгічынская зямля прыгожая, з добрым кліматам і прыветлівымі людзьмі, багатая гістарычнымі месцамі, музеямі і цудоўнымі куточкамі для адпачынку, а таксама турызму.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Мыслівец Дзяніс Вадзімавіч, бібліятэкар аддзела маркетынгу,

сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы

 

  1. Драгічынскі раён // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 6. С. 191.
  2. Драгічынскі раён // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2012. Т. 3. С. 476.
  3. Драгічынскі раён // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 245–307.
  4. Драгічынскі раён // Памяць Беларусі : рэспубліканская кніга. Мінск, 2005. С. 98–101.
  5. Драгічынскі раён // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2004. С. 30–32.
  6. Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка / укладальнік С. А. Супрун. – Мінск, 1997. – 572 с. : іл.
  7. Драгічынскі раён // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 274–275.
  8. Драгічынскі раён // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 265–266.
  9. Дрогичинский район // Брестчина, устремленная в будущее : фотоальбом. Брест, 2009. С. 128–137.
  10. Дрогичинский район // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 346–350.
  11. Дрогичинский район // Туристские регионы Беларуси. Минск, 2008. С. 60–61.
  12. Дрогичинский район // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 3. С. 442–443.
  13. Дрогичинский район // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 159–176.
  14. Дрогичинский район // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 1, кн. 1. С. 241.
  15. Дрогичинский район // Забвения не будет. Брестские сестры Хатыни. Минск, 2025. С. 68–79.
  16. Дрогичинский район // Без срока давности. Беларусь. Брестская область : сборник архивных документов и материалов. Минск, 2022. С. 340–344.
  17. Дрогичинский район // От Беловежской Пущи до Полесских болот : путеводитель по Брестской области. Минск, 2013. С. 68–79.
  18. Дрогичин // Путешествие по Беларуси. В краю Немана, Западного Буга и припяти : путеводитель. Брест, 2012. С. 166–167.
  19. Земля отцов – Дрогичинский край / [автор текста: Наталья Васюк]. – Брест : Вечерний Брест, 2024. – 128 с. : фот.
  20. Марціновіч, А. Драгічыншчына. Хараство венерынага чаравічка / Алесь Марціновіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 173, [1] с.
  21. Драгічынскі край: зямля і людзі : [да 75-годдзя ўтварэння Драгічынскага раёна / падрыхтавалі: У. Гардзейчык і інш.]. – Пінск : Інфармацыйна-рэкламнае агенцтва «Паляшук», 2015. – 95 с.
  22. Драгічынскі раён: мінуўшчына і сучаснасць / [аўтар-укладальнік У. Зянько]. – Пінск : Паляшук, 2010. – 79 с.
  23. Дрогичинский край: из прошлого  в будущее / [автор текста Г. Викторович]. – Брест : РИА «Вечерний Брест», 2022. – 96 с.
  24. Дрогичин : [фотоальбом / Дрогичинский районный исполнительный комитет ; составители: Л. С. Куровский, В. И. Дулевич]. – Каменец : УКРРГ «Навіны Камянеччыны», 2016. – [51] с. : фот.
  25. Дрогичинский край = Drahichyn and its environs : [фотоальбом / авторы-составители: В. Зенько, Э. Злобин]. – Пинск : Паляшук, 2007. – 51 с.
  26. Между Ясельдой и Днепробугом. Дрогичинский край / авторы-составители: Д. В. Новиков и др. – Минск : Молпресс, 2004. – 144, [3] с., [24] л. ил.
  27. Родзька, М. Пакутлівы шлях да яднання / Максім Родзька // Драгічынскі веснік. 2023. 15 верасня (№ 37). C. 4–5.
  28. Волосюк, С. Сентябрь 1939 года. Наш край на переломе истории / Сергей Волосюк // Драгічынскі веснік. 2024. 13 верасня (№ 37). C. 6 ; 20 верасня (№ 38). С. 20 ; 4 кастрычніка (№ 40). С. 21 ; 1 лістапада (№ 44). С. 20–21.
  29. Волосюк, С. Векопамятный год – 1944-й / Сергей Волосюк // Драгічынскі веснік. 2024. 19 ліпеня (№ 29). С. 20.
  30. Родько, М. Вехи истории советской Беларуси / Максим Родько // Драгічынскі веснік. 2023. 22 снежня (№ 51). С. 21.
  31. Денисейко, А. И. Путь к народному единству глазами западного белоруса / Анатолий Денисейко // Драгічынскі веснік. 2021. 18 чэрвеня (№ 24). С. 7.
  32. Волосюк, С. Осень 1939 года – рубикон эпох / Сергей Волосюк // Драгічынскі веснік . 2019. 31 жніўня. С. 13.
  33. Граник, С. К 70-летию образования Дрогичинского района : 1939 / С. Граник // Драгiчынскi веснiк. 2009. 9 снежня. С. 2.
  34. Хватик, В. М. Есть повод гордиться : район признан лидером в социально-экономическом развитии / В. М. Хватик ; беседовал Н. Ткачук // Драгiчынскi веснiк. 2007. 12 мая. С. 1–2.
  35. Денисейко, А. Полузабытые страницы истории : сентябрь 1939 г. и судьба г. п. Антополь / А. Денисейко // Драгiчынскi веснiк. 2006. 4 кастрычніка.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 99 разоў