Мікалай Катовіч быў назначаны інжынерам у Міністэрства ўнутраных спраў. У 1903 г. перайшоў у Санкт-Пецярбургскае гарадское ўпраўленне, займаў пасады інжынера-архітэктара ў іншых арганізацыях. Будаваў розныя аб’екты — лесапілку, мост, шэраг даходных дамоў.
Распрацаваў праект дачнага пасёлка Вырыца за 30 вёрст ад Царскага Сяла. Па яго праекту ў Вырыцы ў 1906–1908 гг. быў пабудаваны Петрапаўлаўскі храм у памяць цудоўнага выратавання царскай сям’і ў час крушэння цягніка пад Харкавам (1888). Драўляны крыжападобны ў плане храм на высокім фундаменце з валуноў умяшчаў да 1500 чалавек.
27 ліпеня 1909 г. у Палтаве адбыліся ўрачыстасці, прымеркаваныя да 200-годдзя Палтаўскай бітвы. Па даручэнні Міністэрства ўнутраных спраў Мікалай Катовіч на полі пабудаваў драўляныя трыбуны і розныя збудаванні для ўдзельнікаў урачыстасцей. Магчыма, менавіта тады Мікалай ІІ падарыў архітэктару залаты гадзіннік, пра які ў сям’і Катовічаў памяталі доўгі час.
Па заказу Усерасійскага аэраклуба пабудаваў у Пецярбургу на Каменданцкім полі аэрадром — ангары, гаспадарчыя і жылыя памяшканні, дзе восенню 1910 г. прайшло першае Усерасійскае свята паветраплавання. Да пераезду ў Заходнюю Беларусь (1922) пабудаваў больш за 200 аб’ектаў у Пецярбургу, Казані і іншых гарадах Расіі: шматпавярховыя (4–7 паверхаў) дамы, цэрквы, тэатры, фабрыкі, гандлёвыя прадпрыемствы.
Мікалай Іванавіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, быў членам многіх арганізацый: крэдытных, страхавых, пажарных, школьных і прамысловых таварыстваў. Захапляўся аўтамабілямі, быў членам Санкт-Пецярбургскага аўтамабіль-клуба, на машыне «Форд» удзельнічаў у гонках (1912). У чэрвені–лістападзе 1917 г. з’яўляўся гласным Пецярбургскай гарадской думы.
Не прыняў Кастрычніцкую рэвалюцыю і Савецкую ўладу, бальшавікі яго арыштоўвалі чатыры разы. Таму ў 1922 г. М. І. Катовіч з сям’ёй выехаў у Пінск, які пасля Рыжскага мірнага дагавору (1921) адышоў да Польшчы. У Пінску купіў дом на беразе Піны, стварыў будаўнічае і землямернае бюро, працягваў сваю інжынерна-архітэктурную дзейнасць. Сярод яго работ хірургічная бальніца доктара Д. Яўсеенкі (вул. Завальная, 18), трохпавярховая гасцініца «Англійская» ў доме Шмідта (вул. Леніна, 2), вытворчыя карпусы запалкавай фабрыкі, жылыя дамы (вул. Леніна, 20, 22, 27, 32, 36). Актыўна ўдзельнічаў у культурным і палітычным жыцці. У 1925–1927 гг. быў старшынёй Пінскага аддзела Рускага дабрачыннага таварыства. Узначальваў падпольнае манархічнае крыло ў Пінску.
У 1926 г. пераехаў у Брэст-над-Бугам (Брэст) — адміністрацыйны цэнтр Палескага ваяводства. У красавіку 1928 г. заняў пасаду гарадскога архітэктара, але ўжо ў студзені 1929 г. з-за хваробы пакінуў пасаду, лячыўся ў Варшаве.
Пабудаваў і рэканструяваў у Брэсце і Палескім ваяводстве больш за 30 будынкаў: яўрэйскі банк (1931; вул. Савецкая, 61), рускую гімназію, шэраг прыватных дамоў, пачатковую школу ў Кобрыне, некалькі цэркваў і інш. У 1929 г. рэканструяваў дом Абрама Скорбніка (вул. Пушкінская, 18), у якім жыў. У архітэктара выпрацаваўся ўласны стыль: фасады дамоў выкананы ў стылі канструктывізму, а вокны — у стылі класіцызму. Аднак фінансавы стан М. I. Катовіча, раней паспяховага архітэктара, пагоршыўся на фоне цяжкога эканамічнага крызісу ў Польшчы 1929–1933 гг.
М. І. Катовіч заўчасна памёр 8 мая 1934 г. у г. Брэсце, пахаваны на Трышынскіх могілках. Магіла да нашага часу не збераглася.
Шэраг будынкаў, узведзеных у Брэсце па праектах Мікалая Катовіча, захаваўся да нашага часу. Захаваўся дом (вул. Гогаля, 33), які па праекту М. І. Катовіча ў 1932 г. пабудаваў адвакат, рэгент хору Свята-Мікалаеўскай (Брацкай) царквы Васілій Дзмітрыевіч Панцялевіч (1889–1943).
У Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці захоўваецца асабістая справа М. І. Катовіча (ф. 2, оп. 2, д. 339), у якой знаходзіцца «Список строительных работ, выполненных инженером Н. Котовичем».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii
- Цуба, А. М. Развитие архитектуры Пинска во время польского периода (1921–1939 гг.) / А. М. Цуба // Сборник тезисов научной студенческой конференции «Неделя науки – 2025». Брест : БрГТУ, 2015. С. 50–51.
- Цуба, А. М. Развитие архитектуры Пинска во время польского периода (1921–1939 гг.) / А. М. Цуба // Сборник конкурсных научных работ студентов и магистрантов : в 2 ч. Брест : БРГТУ, 2015. Ч. 1. С. 234–238.
- Поляшенко, О. Д. Неизвестные факты из истории архитектуры г. Бреста : [начало ХХ в.] / О. Д. Поляшенко, Ю. С. Скалкович // Историческая наука в ХХІ веке: достижения, проблемы, перспективы. Брест, 2013. С. 70–71.
- Габрусь, Т. В. Застройка улицы Ленина : [г. Пинск] / Т. В. Габрусь, А. Н. Кулагин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 315–317.
- Ильин, А. Л. Черевачицкие Котовичи – священники, деятели культуры и просто люди : Глава VI. Архитектор Николай Котович / Александр Ильин // Гістарычная брама : гісторыка-краязнаўчы часопіс. 2016. № 1(26).
- Шапран, Ю. Тайны дома, построенного архитектором Котовичем : [о доме по пр. Машерова, 48 г. Бреста рассказал архитектор Н. Власюк] / Юрий Шапран // Брестский курьер. 2014. 24 апреля (№ 17). С. 24.
- Ильин, А. Л. Петербургский и пинский архитектор Николай Котович / А. Л. Ильин // Гістарычная брама : гісторыка-краязнаўчы часопіс. 2009. № 1(24). С. 87–109.
- Ильин, А. Один архитектор строил Брест и Санкт-Петербург : [Николай Иванович Котович (1875-1934) / Александр Ильин // Брестский курьер. 2008. 9 октября (№ 41). С. 21.