Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 19 Люты 2026 11:04

2 лютага 2026 г. — 500 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскага (1526–1608), дзяржаўнага і рэлігійнага дзеяча Вялікага княства Літоўскага

Канстанцін (пры хрышчэнні Васілій) Канстанцінавіч Астрожскі нарадзіўся 2 лютага 1526 г. у г. Тураў (цяпер Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці), які належаў яго маці Аляксандры, князёўне слуцкай. Яго бацька — Канстанцін Іванавіч Астрожскі (1460–1530) — найвышэйшы гетман Вялікага княства Літоўскага, адзін з найбуйнейшых магнатаў княства. У бацькоўскім доме правёў дзяцінства і юнацтва, атрымаў добрую адукацыю і выхаванне ў духу праваслаўя.

З маладосці князь Канстанцін Астрожскі праявіў сябе дзяржаўным дзеячам. У 1550 г. заняў пасады старасты ўладзімірскага, маршалка валынскага, у 1559 г. стаў кіеўскім ваяводам. Значна памножыў уладанні, што атрымаў у спадчыну. З узростам князь стаў вядомым і глыбока перакананым прыхільнікам праваслаўя. Быў найбольш значнай асобай сярод міран у справе ўладкавання Праваслаўнай царквы.

У сваіх уладаннях Канстанцін Астрожскі заснаваў больш чым 600 цэркваў і 20 манастыроў, пры многіх з іх дзейнічалі шпіталі і школы. Аказваў падтрымку праваслаўным брацтвам у Львове, Вільні, Берасці, брацкім школам у Слуцку, Тураве і іншых гарадах. Заснаваў у Астрогу (цяпер горад у Ровенскай вобласці Украіны) славяна-грэка-лацінскую школу (Астрожскую акадэмію; 1576). У заснаванай ім друкарні былі выдадзены першыя друкаваныя школьныя дапаможнікі, якія сталі важнай крыніцай больш позніх шматлікіх выданняў «Азбук» і «Буквароў». Першадрукар Іван Фёдараў выдаў першую поўную Біблію на царкоўна-славянскай мове (Астрожскую Біблію; 1581).

Сучаснікі лічылі яго «крепчайшим столпом и украшением» Праваслаўнай царквы. Канстанцінопальскі патрыярх Іерэмія ІІ называў яго захавальнікам і паборнікам ладу ў Царкве на ўсіх паўднёва-заходніх землях Вялікага княства Літоўскага.

Князь К. К. Астрожскі быў праціўнікам Люблінскай уніі (1569), найбольш аўтарытэтным сярод абаронцаў Праваслаўнай царквы ва ўмовах падрыхтоўкі і заключэння Брэсцкай уніі (1596). Пра сваю нязгоду з афіцыйнай палітыкай Рэчы Паспалітай неаднойчы заяўляў на сеймах, звяртаўся з пасланнямі да караля, праваслаўных епіскапаў, вернікаў.

Быў арганізатарам і актыўным удзельнікам Праваслаўнага сабора 1596 г., які праходзіў у Брэсце адначасова з уніяцкім пад кіраўніцтвам Нікіфара Кантакузіна — пасланніка Канстанцінопальскага патрыярха. Нарады Праваслаўнага сабора праходзілі ва ўласным каменным доме К. К. Астрожскага. Пасля падпісання уніі князь працягваў барацьбу у абарону правоў праваслаўных. У 1599 г. падтрымаў канфедэрацыю (палітычны саюз) праваслаўных і рэфарматараў, якая пракламавала мір і згоду паміж абедзвюма канфесіямі і сумесныя дзеянні ў абарону рэлігійнай талерантнасці.

К. К. Астрожскі памёр 13 лютага 1608 г., пахаваны ў Астрогу ў замкавай царкве Святога Багаяўлення. Яго нашчадкі перайшлі ў каталіцызм і Астрожская акадэмія і друкарня страцілі сваё былое значэнне.

У Мінску побач з Петрапаўлаўскім саборам (вул. Ракаўская, 4) стаіць памятны крыж з надпісам: «Да 400-годдзя памяці дабравернага князя Канстанціна Васілія Астрожскага (1526–1608), славутага дзяржаўнага і рэлігійнага дзеяча. 13/26 лютага 2008 года».

У маі 2008 г. у Тураве, Мінску, Брэсце (БрДУ імя А. С. Пушкіна) і Астрогу прайшла міжнародная навукова-багаслоўская канферэнцыя «Дабраверны князь Канстанцін (Васілій) Астрожскі — славуты асветнік і абаронца праваслаўя», прымеркаваная да 400-годдзя з дня смерці дзеяча. У рамках канферэнцыі 12 мая 2008 г. каля Мікалаеўскага гарнізоннага сабора на тэрыторыі МК «Брэсцкая крэпасць-герой» быў асвечаны ў яго гонар памятны крыж.

Праект памятнага знака распрацаваў архітэктар Генадзь Аляксандравіч Лаўрэцкі. Мадэль для адліўкі вырабілі брэсцкія скульптары Алеся Гуршчанкова і Павел Герасіменка. Васьміканцовы праваслаўны крыж вышынёй 1,5 м устаноўлены на гранітны пастамент. На падножжы крыжа ўмацаваны дзве дошкі з мемарыяльнымі надпісамі: «Святый Владимир свой народ Крещением просветил, Константин же благоразумия Писанием осветил…» і «У памяць дабравернага князя Канстанціна (Васілія) Астрожскага (1526–1908) пастаўлены гэты крыж 12 мая 2008 г.»

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

 

  1. Астрожскі Канстанцін Васіль // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 2. С. 56.
  2. Пазднякоў, В. Астрожскі Канстанцін (Васіль) Канстанцінавіч / Валерый Пазднякоў // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 261–262.
  3. Юхо, І. А. Астрожскія: Канстанцін Васіль / І. А. Юхо, В. Л. Насевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 223.
  4. Вабищевич, А. Н. Острожский Константин (Василий) Канстантинович / А. Н. Вабищевич // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 70–71.
  5. Юхо, І. А. Астрожскія, княжацкі род 14–17 ст.: Канстанцін (Васіль) Канстанцінавіч / І. А. Юхо // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1969. Т. 1. С. 541.
  6. Острожская типография // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 5. С. 644.
  7. «Острожская Библия». Острожская типография // Франциск Скорина и его время : энциклопедический справочник. Минск, 1990. С. 448–449.
  8. Князь Канстанцін (Васілій) Астрожскі. 1526–1608 : да 400-годдзя памяці / склад. Л. Я. Кулажанка. – Мінск : Свята-Петра-Паўлаўскі сабор, 2007. – 14 с.
  9. Дабраверны князь Канстанцін (Васілій) Астрожскі – славуты асветнік і абаронца праваслаўя : зб. матэрыялаў Міжнар. навук.-багаслоўскай канф., Тураў – Брэст, 11–12 мая 2008 г. / рэдкал.: М. Э. Часноўскі і інш. – Брэст : БрДУ, 2011. – 208 с.
  10. Вестник Белорусского Экзархата : Благоверный князь Острожский : альманах : [сборник статей участников Шестых Минских епархиальных научно-богословских чтений, посвященных 390-летию памяти К. К. Острожского] / под ред. А. А. Петрашкевича. – Минск : Изд-во Белорусского Экзархата, 1998. – Т. 1. – 128 с.
  11. Шелехов, М. В. За веру и волю : памяти героев Освободительной борьбы Белой Руси против уничтожения Православия в XVI–XVIII веках посвящается / Михаил Шелехов ; [науч. ред. П. Ф. Лысенко]. – 2-е изд., испр. – Минск : А. Н. Вараксин, 2013. – 103 с.
  12. Острожская библия Ивана Федорова / издание подготовили: Ю. А. Лабынцев, Л. Л. Щавинская ; ГУК г. Москвы «Библиотека украинской литературы». – Москва, 2006. – 75 с.
  13. Дайнека, Л. М. Назаві сына Канстанцінам : раман / Леанід Дайнека. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. – 446, [1] с. – (Святло мінуўшчыны).
  14. Теплова, В. А. Князь Константин Константинович Острожский и Брестский церковный собор 1596 года / В. А. Теплова // Романовские чтения – 5 : сборник трудов Международной научной конференции, 27–28 ноября 2008 г., г. Могилев. Могилев, 2009. С. 131–133.
  15. Пашко, Р. Г. Личность князя К. К. Острожского в истории / Р. Г. Пашко // Працы гістарычнага факультэта БДУ : навуковы зборнік. Мінск, 2008. Вып. 3, С. 52–60.
  16. Соболев, Л. В. Князь К.-В. Острожский как лидер «русского народа» Речи Посполитой : диссертация … кандидата исторических наук / Леонид Владимирович Соболев. – Москва, 2002. – 253 с.
  17. Теплова, В. Князь Константин Константинович Острожский и Брестский церковный собор 1596 года / Валентина Теплова // Брестские епархиальные ведомости. 2009. № 4. С. 58–59.
  18. Рублевская, Л. Внук слуцкой амазонки : [князь Константин Константинович Острожский] / Людмила Рублевская // СБ. Беларусь сегодня. 2009. 18 июля. С. 11.
  19. Варанько, К. Д. У гонар князя К. К. Астрожскага (1526 (ці 1524, 1527?) – 1608), славутага грамадскага дзеяча і асветніка / К. Д. Варанько // Чалавек. Грамадства. Свет. Серыя «У дапамогу педагогу». 2009. № 3. С. 51–53.
  20. Дзейсная вера Канстанціна Астрожскага : [пра ўрачыстасці, прысвечаныя 400-годдзю памяці К. К. Астрожскага] // Беларусь. 2008. № 6. C. 41.
  21. Климаков, Ю. В. Князь Константин Константинович Острожский – книгоиздатель и просветитель / Ю. В. Климаков // Мир библиографии. 2008. № 5. С. 71–73.
  22. Капачова, А. Крыж-помнiк : [пра памятны знак, прысвечаны Канстанціну Астрожскаму, у Брэсцкай крэпасцi] / Алена Капачова // Народная трыбуна. Брэст, 2008. 17 мая. С. 3.
  23. Пясецкі, Я. Вяртанне князя Астрожскага : [400-годдзе памяці дабравернага князя Канстанціна Астрожскага] / Яўген Пясецкі // Звязда. 2008. 17 мая. C. 6.
  24. Бунеева, Л. «Мудрасцю Пісання Канстанцін наталіў» : в Бресте прозвучали предложения о канонизации князя Константина (в крещении – Василий) Острожского / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2008. 16 мая. С. 3.
  25. Павлова, Л. Святое наследие князя Константина Острожского : [в Бресте у Свято-Николаевского гарнизонного храма в честь К. К. Острожского был освящен установленный крест] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2008. 15 мая (№ 20). С. 32.
  26. Литвинович, Е. Помятный крест : [в честь К. К. Острожского] / Евгений Литвинович // Заря. 2008. 15 мая. С. 5.
  27. Кулажанка, Л. Славуты асветнік з роду Астрожскіх : [К. К. Астрожскі] / Л. Кулажанка // Настаўнiцкая газета. 2008. 1 сакавіка. С. 14.
  28. Рубашевский, Ю. Крест в честь просветителя : на территории Брестской крепости появится новый памятный знак в честь Констатина Острожского / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2008. 11 апреля. С. 6.
  29. Кулажанка, Л. Служэнне Богу і Бацькаўшчыне / Л. Кулажанка // Бібліятэка прапануе. 2008. № 1. С. 8–12.
  30. Пашко, Р. Аб царкоўна-гістарычным значэнні асобы князя К. К. Астрожскага : да 480-годдзя з дня нараджэння / Рыма Пашко // Праваслаўе. Мінск, 2007. № 14–15. С. 88–103.
  31. Ярошевский, Д. Жизнь и труды святителя Василия [Острожского] / Д. Ярошевский // Наука и религия. 2006. № 11. С. 26–28.
  32. Хотеев, А. Вера Отцов или сословные привилегии? : [Брестская уния и Константин Острожский] / свящ. Алексей Хотеев // Кобрин-информ. 2001. 12 июня (№ 24). С. 21.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 58 разоў Апошняя змена Чацвер, 19 Люты 2026 11:23