Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 25 Люты 2026 15:48

2 мая 2025 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Сяргея Феадосавіча Любчука (1940–2024), дзеяча самадзейнага мастацтва, кампазітара, заслужанага работніка культуры БССР (1978)

Сяргей Феадосавіч Любчук нарадзіўся 2 мая 1940 г. у в. Дзівін Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. У сям’і ўсе любілі музыку: бацька i маці, двое старэйшых братоў і сястра спявалі і ігралі на народных інструментах. З шасці гадоў Сяргей засвоіў гармонік, пазней — акардэон, удзельнічаў у розных канцэртах, аглядах мастацкай самадзейнасці раёна і вобласці.

Сяргей Любчук вучыўся ў Дзівінскай сярэдняй школе (1946–1956), меў шырокае кола інтарэсаў. Акрамя музыкі, захапляўся астраноміяй, сам змайстраваў тэлескоп; займаўся ў авіямадэльным гуртку, і ў абласным конкурсе па авіямадэляванні яго каманда выйшла на першае месца. Збіраўся атрымаць прафесію лётчыка, нават падаў заяву ў вучылішча грамадзянскай авіяцыі. Але зразумеў, што галоўнае для яго — музыка, і самавукам, без падрыхтоўкi ў дзiцячай музычнай школе, паступіў у Брэсцкае музычнае вучылішча. Гады вучобы прайшлі ў напружанай працы. За першы год вывучыў нотны стан, старанна асвойваў усе прадметы па класе балалайкі, а потым баяна.

Скончыўшы вучылішча ў 1960 г., Сяргей Любчук паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю. Тут у яго адкрыліся новыя таленты — стаў пісаць музыку, вершы. Напісаў «Фантазію на тэмы беларускіх песень для баяна», сюіты, апрацоўкі для аркестраў народных інструментаў. Вучыўся, прыдумваў і адначасова працаваў салістам-баяністам Беларускага тэлебачання і радыё, дырыжорам школьнага аркестра сярэдняй школы № 34 г. Мінска.

Пасля заканчэння кансерваторыі ў 1965 г. працаваў у Брэсцкім музычным вучылішчы: выкладчык (1965–1970) і кіраўнік аркестра рускiх народных інструментаў (1967–1970). Працаваў мастацкім кіраўніком народнага ансамбля песні і танца «Брастчанка» электрамеханічнага завода (1970–1980). Пад яго кіраўніцтвам ансамбль дасягнуў значнага выканальніцкага майстэрства, атрымаў ганаровае званне «народны калектыў» (1971). У аснове рэпертуару ансамбля беларускія народныя песні і танцы, а таксама вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі, створаныя на іх аснове, песні беларускіх прафесійных і самадзейных кампазітараў.

Вопытны музыкант С. Ф. Любчук дапамагаў расці аўтарам, якія пачыналі пісаць песні. Педагог ганарыўся сваімі вучнямі, якія добра паказвалі сябе на розных конкурсах, працягвалі вучобу ў творчых ВНУ. У 1968 г. узначаліў абласное аб’яднанне самадзейных кампазітараў. З’яўляўся намеснікам старшыні Брэсцкага абласнога музычнага таварыства.

У 1978 г. С. Ф. Любчуку прысвоена званне «Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР».

З 1981 г. Сяргей Феадосавіч — арганізатар і мастацкі кіраўнік ансамбля песні і танца «Бярэсце» Палаца культуры абласнога савета прафсаюзаў. У 1986 г. ансамбль атрымаў званне «народны калектыў». Пазней ансамбль быў пераўтвораны ў вакальны калектыў, вакальную студыю, ансамбль народнай песнi. Пастаянны ўдзельнік гарадскіх і абласных святочных канцэртаў, лаўрэат конкурсаў і фестываляў, ансамбль аб’ездзіў практычна ўсю Еўропу — ад Польшчы да Партугаліі. 21 лiпеня 2017 г. у Палацы культуры прафсаюзаў прайшоў канцэрт «Любы мой край», прагучалі лепшыя песні славянскіх народаў, аўтарскія песні сучасных кампазітараў.

Адначасова з 1995 г. С. Ф. Любчук з’яўляўся мастацкім кіраўніком народнай харавой групы «Красуні» ААТ «Прадтавары» (Брэст). 29 чэрвеня 2019 г. «Красуні» атрымалi Гран-пры I Адкрытага фестывалю аматарскай творчасцi «Берасцея запрашае».

С. Ф. Любчук — аўтар фантазіi на тэмы беларускіх народных песень для баяна з аркестрам народных інструментаў, рамансаў «Чабор», «Вочы», песень «Шла дзяўчына з яру», «Прывітальная», «Светлячкі Чарнобыля», «Элегіі» для хору а сарреllа, музыкі да спектакляў «Парася Чок», «Таямніца трох “не”» Брэсцкага тэатра лялек, апрацовак і перакладаў для аркестра народных інструментаў і народных хораў.

Пісаў песні, якія ўвайшлі ў рэпертуар брэсцкіх ансамбляў і калектываў рэспублікі. Шэраг твораў кампазітар прысвяціў Брэсту: «Песня о Берестье», «Бессменный часовой» (словы Д. Васільева), «Гляджу на Бярэсце» (словы А. Бабіцкага), «Славься, Брест!» (словы А. Сурскага), «Брестские каштаны» (словы Г. Гардзеевай), «Горад мой, Бярэсце» (словы Н. Парчук) і інш., роднаму Дзівіну: «Дзівін, каханы, зямля мая любая» (словы Н. Піваваравай).

Выдадзены зборнікі аўтарскіх песень С. Ф. Любчука «Любы мой край» (1996; 2000), «Горад мой, Бярэсце. Добры дзень, людзі!» (2015), аўдыядыск «Песни Сергея Любчука» (2009). Творы кампазітара публікаваліся ў зборніках «Город над Бугом» (2008), «Музыкальный проект «Песни о Бресте» (2019) i iнш. 2 мая 2010 г. у Палацы культуры прафсаюзаў прайшоў творчы вечар Сяргея Феадосавіча, прымеркаваны да яго 70-годдзя.

С. Ф. Любчук разам з жонкай, Людмілай Міхайлаўнай, якая працавала адміністратарам у гасцініцы «Інтурыст», выгадавалі дачку Аксану і сына Сяргея.

Апошнія дні жыцця Сяргей Феадосавіч правёў у Брэсцкай бальніцы паліятыўнай дапамогі «Хоспіс». Тут адбыўся дабрачынны канцэрт: вакальная група народнага ансамбля «Бярэсце» прыехала ў бальніцу, каб падтрымаць свайго кіраўніка і ўсіх пацыентаў. Маэстра пакінуў жыццё 20 снежня 2024 г. Развітанне з Сяргеем Любчуком адбылося 22 снежня ў ніжнім храме Казанскай іконы Божай Маці Уваскрасенскага сабора.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Галавейка Таццяна Аляксееўна, загадчык аддзела маркетынгу,

сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы

Творы С. Ф. Любчука

  1. Музыкальный проект «Песни о Бресте» : сборник : [для голоса (хора) в сопровождении фортепиано и с буквенноцифровым обозначением сопровождения] / Брестский городской исполнительный комитет, отдел культуры Брестского горисполкома ; [авторы: С. Ф. Любчук и др.]. –
     Брест : Альтернатива, 2019. – 57 с.
  2. Горад мой, Бярэсце. Добры дзень, людзі! : зборнік музычных твораў / Сяргей Любчук. – Брэст : Альтернатива, 2015. – 98 с.
  3. Чаму ж мне не пець : белорусская народная песня / обработка С. Любчука // Музыкальный подарок : сборник произведений композиторов Брестчины : в помощь руководителям инструментальных коллективов / ГУК «Брестский областной общественно-культурный центр». Брест, 2012. С. 35–40.
  4. Город над Бугом : сборник песен : [для смешанного хора (ансамбля, голоса) в сопровождении баяна (двух баянов, фортепиано) / сост. и ред. В. В. Фетисов]. – Брест, 2008.
  5. Гордеева, Г. В. Стихи : к 60-летию Победы СССР над фашистской Германией : [опубликована песня «Брестские каштаны» (муз. С. Любчука)] / Галина Гордеева. – Брест, 2004. – Ч. 1. – 20 с.
  6. Любы мой край / Сяргей Любчук. – Брэст : Выдавецтва С. Лаўрова, 2000. – 55 с.
  7. Бессмертный часовой : «Там, где гнутся над Бугом ракиты...» : для мужского дуэта с фортепьяно / музыка С. Любчука // Вакальныя ансамблі. Мінск, 1968. С. 7–10.

Аб жыцці і дзейнасці С. Ф. Любчука

  1. Любчук Сяргей Фядосавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 400.
  2. Любчук Сяргей Феадосавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2012. Т. 5. С. 188–189.
  3. Любчук Сергей Федосович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 4. С. 594.
  4. Любчук Сергей Феодосьевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 52.
  5. Любчук Сяргей Фядосавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 319.
  6. Любчук Сергей Феодосьевич // Брест. Брэст. Brest. 1000 / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 409.
  7. Любчук Сяргей Фядосавіч // Дзівінскі шлях: гісторыя і дзень сённяшні : гісторыка-краязнаўчы нарыс да 550-годдзя з часу першага ўпамінання в. Дзівін Кобрынскага раёна / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2016. С. 43–44.
  8. Любчук Сяргей Фядосавіч // Па працы і пашана : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 123–124.
  9. 80 гадоў з дня нараджэння С. Ф. Любчука (1940) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2018. С. 142–143.
  10. «Берестье» // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 90–91.
  11. «Брестчанка» // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 163.
  12. Курыла, Т. М. Брэсцкі народны ансамбль песні і танца «Брастчанка» / Т. М. Курыла // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 498.
  13. Ушёл из жизни Сергей Любчук // Вечерний Брест. 2024. 21 декабря.
  14. Определены финалисты музыкального конкурса «Песни о Бресте» : [С. Ф. Любчук среди финалистов первого этапа конкурса проекта «Песни о Бресте»] // Заря. 2018. 2 октября.
  15. Рубашевский, Ю. «Голоса Полесья» : [народный ансамбль «Берестье» (руководитель С. Любчук) получил Почётную грамоту дипломанта международного фестиваля искусств «Песни великой Волыни»] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2012. 22 августа.
  16. Гармель, Е. С любовью к песне : [песни заслуженного работника культуры Беларуси С. Любчука есть в репертуаре народного хора «Скарбніца»] / Елена Гармель // Вечерний Брест. 2012. 12 июля.
  17. Данилова, Е. «Не дай Бог прийти к успеху и успокоиться!» : [о брестском композиторе, музыканте, художественном руководителе С. Ф. Любчуке] / Елена Данилова // Заря. 2012. 26 апреля. С. 5.
  18. Шиян, О. Наши едут на фестиваль : [о народном ансамбле народной песни «Берестье», руководитель С. Любчук] / Ольга Шиян // Брестский вестник. 2010. 23 декабря. С. 8–9.
  19. Шеламова, Т. Играй, музыкант : [о жизненном и творческом пути С. Ф. Любчука к его 70-летию] / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2010. 30 апреля. С. 4.
  20. Павлова, Л. «Я просто музыкант-многостаночник» : [к 70-летию брестского композитора С. Ф. Любчука] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2010. 29 апреля (№ 18). С. 10.
  21. Зажигали «Красунi» : [ансамблем «Красунi» руководит С. Любчук] // Вечерний Брест. 2009. 2 октября.
  22. Парчук, Н. Музыка – яго лёс : [пра заслужанага работнiка культуры Беларусі С. Ф. Любчука] / Надзея Парчук // Гоман. 2006. Вып. 3. С. 361–362.
  23. Светлова, Е. Таланты сильнее недуга : [о встрече с С. Ф. Любчуком в библиотеке для слепых] / Екатерина Светлова // Брестская газета. 2005. № 31. С. 2.
  24. Любчук, С. Ф. Талантам нужно помогать... / С. Ф. Любчук ; [беседовал] Эдуард Кобяк // Заря. 2003. 11 октября.
  25. Споемте, друзья! : [о сборнике песен С. Любчука] // Брестский курьер. 2000. № 28. С. 17.
  26. Любчук, С. Ф. «Не представляю себя вне музыки» / Сергей Любчук ; беседовала Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 2000. 31 мая. С. 3.
Чытаць 61 разоў Апошняя змена Серада, 25 Люты 2026 16:12