Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 30 Сакавік 2026 12:50

2026 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Фёдара Яфімавіча Маруды (1916–1944), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны

Фёдар Яфімавіч Маруда нарадзіўся ў 1916 г. у п. Аляксандраўcкі Арэнбургскай губерні (цяпер Шарлыцкага раёна Арэнбургскай вобласці) у сялянскай сям'і. Скончыў 7 класаў Шарлыцкай школы, працаваў у саўгасе, стаў камсамольцам. Па пуцёўцы камсамола ў 1934 г. паехаў на будоўлю ў г. Орск, вучыўся ў рамесным вучылішчы, адкуль быў прызваны ў 1937 г. у Чырвоную армію. У 1940 г. скончыў афіцэрскія курсы, атрымаў званне малодшага лейтэнанта.

Вялікую Айчынную вайну Фёдар Маруда сустрэў на заходняй мяжы ў г. Луцку Валынскай вобласці на пасадзе камандзіра радыёўзвода 791-га стралковага палка 135-ай стралковай дывізіі. 23–27 чэрвеня 1941 г. – удзельнік першых прыгранічных баёў з гітлераўскімі захопнікамі пад Уладзімірам-Валынскім, Луцкам, Роўна Украінскай ССР.

Адступаючы з баямі на ўсход у Кіеўскім напрамку, у адным з баёў трапіў у палон, але з палону яму ўдалося збегчы. Прайшоў з вялікімі цяжкасцямі тэрыторыі Германіі, Чэхаславакіі, Польшчы. Пасля ўцёкаў, у чэрвені 1943 г., уступіў у партызанскі атрад імя Г. К. Жукава, які ўваходзіў у брыгаду імя В. І. Леніна Брэсцкага злучэння, і дзейнічаў на Маларытчыне. Хутка камандаванне пераканалася, што ў атрад прыйшоў смелы баявы афіцэр, бясстрашны воін. Яго прызначаюць камандзірам дыверсійнай групы, памочнікам камісара атрада імя Жукава, абіраюць сакратаром падпольнага Маларыцкага райкама ЛКСМ Беларусі.

У баявой характарыстыцы Фёдара Маруды, падпісанай начальнікам Беларускага штаба партызанскага руху ў маі 1944 г., пазначана: «З 16 жніўня па 1 снежня 1943 года з удзелам Фёдара Маруды пушчана пад адхон 18 варожых эшалонаў, знішчана 1245 гітлераўцаў, выключна каманднага саставу. Ім асабіста ўзарваны пасажырскі цягнік і забіта 700 гітлераўцаў-афіцэраў, узарвана два жалезабетонныя масты. Праведзены шмат іншых аперацый.

У выніку крушэння цягнікоў знішчана: 17 паравозаў, 147 платформ з танкамі, гусенічнымі трактарамі, аўтамашынамі, воінскімі павозкамі, кухнямі, санітарнымі павозкамі; 102 вагоны з ваеннай амуніцыяй і пшаніцай. Забіта 1655 немцаў пры крушэннях цягнікоў. Узарвана два жалезабетонныя масты на шашы, спалены будынкі для паселішча немцаў, знішчана да 30 рэек, чыгуначнае палатно і праведзена шэраг дробных аперацый».

З'яўляючыся камандзірам дыверсійнай групы, ён выяўляў смеласць, аператыўнасць, знаходлівасць па выбуху і спуску пад адхон воінскіх эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай ворага. Яго дыверсійная група ўзарвала і спусціла пад адхон больш за 20 воінскіх эшалонаў. 18 разоў Фёдар Маруда сустракаўся на паядынку смерці і жыцця.

Ф. Я. Маруда загінуў 6 ліпеня 1944 г. пры выкананні баявога задання за 4 км на паўночны захад ад в. Ланская Маларыцкага раёна. На месцы гібелі ў 1988 г. пастаўлены помнік (стэла) на сродкі, сабраныя піянерамі і камсамольцамі раёна. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, які ў 1970 г. перададзены на вечнае захоўванне ў музей Маларыцкай школы-інтэрната.

Пасля вайны астанкі героя перапахаваны ў брацкай магіле савецкіх воінаў і партызанаў у скверы па вул. Савецкай г. Маларыты. У 1972 г. на магіле ўстаноўлены помнік – скульптурная кампазіцыя з трох фігур на вертыкальным васьмігранным пастаменце.

Імем Ф. Я. Маруды названы вуліцы ў в. Ланская і раённым цэнтры. Мемарыяльныя дошкі ўстаноўлены ў Ланской (вул. Леніна, 17/1) і ў Маларыце (вул. Маруды, 56). Яго імя занесена ў Кнігу народнай славы Маларыцкага раёна.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Трафімук Вікторыя Ігараўна,

бібліёграф адзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Маруда Фёдор Ефимович // Их именами названы... : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 405.
  2. Марков, В. Ф. Опаленные войной / Василий Филиппович Марков. Брест : Брестская типография, 2006. С. 243.
  3. Памяць. Маларыцкі раён : гіст.-дакум. хроніка / рэд.-уклад. В. Р. Феранц. – Мінск : Ураджай, 1998. – Са зместу: Маруда Ф. Е. С. 257, 271, 305, 306.
  4. Мемориальная доска Маруде Фёдору Ефимовичу. Место гибели Маруды Фёдора Ефимовича : [д. Ланская] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С.
  5. Козловская, М. Н. Братская могила советских воинов и партизан : [г. Малорита] / М. Н. Козловская, Л. Г. Лапцевич // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 295.
  6. Пашкевич, Д. О чём говорят названия наших улиц? / Диана Пашкевич // Голас часу. Маларыта, 2022. 16 лістапада. С. 8.
  7. Навумчык, М. Беларусь памятае! / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2020. 30 красавіка. С. 9.
  8. Яцушкевіч, К. Вольга Бабура: «Для нашай сям'і Фёдар Маруда стаў родным» / Кацярына Яцушкевіч // Голас часу. Маларыта, 2019. 13 красавіка. С. 1, 4.
  9. Орлов, В. Солдаты славы не искали : [о Ф. Маруде] / В. Орлов // Патриот Брестчины. 1995. № 5 (декабрь).
  10. Соловьев, Н. Именем комсомольского секретаря : [в Малорите именем Ф. Маруды назвали улицу] / Н. Соловьев // Знамя юности. 1986. 23 октября.
  11. Корякин, В. Его страшились оккупанты : [о Ф. Маруде] / В. Корякин // Заря. 1986. 2 октября.
  12. Падаляк, А. Камсамольскі важак : [пра Ф. Маруду] / А. Падаляк // Сельскае жыццё. Маларыта, 1975. 18 лютага.
  13. Дробыш, Н. Орден – музею школы / Н. Дробыш // Заря. 1971. 28 августа.
  14. Марков, В. Орден передан школе : [орден Отечественной войны, которым награжен Ф. Маруда, передан в музей Малоритской школы-интерната] / В. Марков // Заря. 1970. 1 апреля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 47 разоў Апошняя змена Панядзелак, 30 Сакавік 2026 12:55