Дзмітрый Якуценя прыехаў у Ленінград і стаў наведваць студыю выяўленчага мастацтва. Затым чатыры гады вывучаў жывапіс на вячэрніх Малявальных класах пры Акадэміі мастацтваў пад кіраўніцтвам мастака Уладзіміра Віктаравіча Прошкіна. Каларыстычныя рашэнні педагога аказалі свой уплыў на станаўленне маладога мастака.
Атрымаўшы добрую прафесійную падрыхтоўку, Дзмітрый Якуценя ў 1982–1987 гг. навучаўся на мастацка-графічным факультэце Ленінградскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. I. Герцэна. Пасля яго заканчэння працаваў дызайнерам, выкладаў у мастацкай школе. Любімымі тэмамі творчасці яго сталі зімовыя пейзажы, краявіды прыгарадаў Ленінграда, вуліцы горада, Фантанка, Нява, праваслаўныя саборы.
З 1987 г. мастак пачаў удзельнічаць у буйных мастацкіх выстаўках, у 1991-м уступіў у Санкт-Пецярбургскі Саюз мастакоў, а таксама стаў членам Маскоўскага Міжнароднага мастацкага фонду. Персанальныя выстаўкі праходзілі ў многіх гарадах: Брэст, Мінск, Таганрог, Кіславодск, Царскае Сяло, Масква, Пецяргоф, Грац (Аўстрыя). Жывапісныя работы майстра захоўваюцца ў прыватных калекцыях і музеях Францыі, Германіі, ЗША, Фінляндыі, Швейцарыі.
Шмат гадоў Дзмітрый Васільевіч прымае актыўны ўдзел у праектах Сасноваборскага аддзялення Ленінградскага аддзялення Савецкага Фонда культуры, у тым ліку ў праекце «Імператарскія рэзідэнцыі ў мастацтве пастэлі» ў Пецяргофе, у праектах «Душа Пецярбурга», «Пецярбургская прыгажуня», «Цвярдыні Рускага духу». Заўсёды ўдзельнічае ў падрыхтоўцы экспазіцый. Яго персанальныя выставы былі праведзены ў г. Сасновы Бор Ленінградскай вобласці, у Стрэльна, Доме вучоных імя М. Горкага РАН у Пецярбургу.
Асноўны жанр, у якім працуе Дзмітрый Васільевіч, — пейзаж. У ім ён дасягнуў вялікіх поспехаў, стварыўшы цэлыя серыі з відамі Юр'еўца (горад на Волзе ў Iванаўскай вобласці), дзе мастак бывае практычна штогод, Беларусі, Каўказа, Пецярбурга, і, вядома, любімай Стрэльны (пасёлак у Петрадварцовым раёне), у якой жыве шмат гадоў. Ёсць у творчасці майстра і вельмі ўдалыя партрэты, у тым ліку выкананыя пастэллю.
Вывучэнне натуры, праца на прыродзе і нястомны пошук складаюць аснову жывапісу Дзмітрыя Васільевіча. У мастака своеасаблівая манера пісання: спачатку піша алеем, а потым акварэллю і, калі штосьці не падабаецца, змывае палатно і пачынае працу зноў. Ён піша карціну ў адзін прыём, ад пачатку і да канца. У сваіх работах мастак імкнецца перадаць стан прыроды, яе рух. Асаблівае месца на палотнах Дзмітрыя Якуцені займае водная паверхня, якая падкрэслівае хісткасць і далікатнасць прыроды.
Расійскі мастак беларускага паходжання не губляе сувязі са сваімі каранямі. Неаднаразова праходзілі персанальныя выстаўкі Дзмітрыя Якуцені ў Пружанах. У 1999 г. у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» праходзіла персанальная выстава мастака, на якой былі прадстаўлены 43 яго палотны. Да 60-гадовага юбілея ў 2011 г. мастак прадставіў свае работы пружанцам таксама ў «Пружанскім палацыку».
У 2013 г. у Пружанах адкрылася выстава Д. В. Якуцені пад назвай «Паўночныя пейзажы». Усе прадстаўленыя карціны былі напісаны ў Расіі, тым не менш, у пейзажах кожны з прысутных бачыў нешта знаёмае. Адкрыццё выставы было ўрачыстым. Дзмітрыя Васільевіча вітаў народны камерны хор Палаца культуры пад кіраўніцтвам Якава Малайчука, танцоры харэаграфічнага аддзялення ДШМ імя Р. Шырмы. Шмат цёплых слоў была сказана ў адрас мастака гасцямі імпрэзы.
У 2023 г. выйшла кніга-альбом з серыі мастакі Пецярбурга «Дмитрий Якуценя. Живопись. Графика», якая адлюстроўвае творчы шлях майстра. Карціны мастака прывабліваюць ціхай, спакойнай прыгажосцю, яны паэтычныя, поўныя музыкі і ў іх, што асабліва важна, адчуваецца асоба аўтара. Адна з такіх работ — «Раніца на Няве» — захоўваецца ў фондах музея-сядзібы «Пружанскі палацык».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.
Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма.
Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф ААІ
- Якуценя, Д. В. Живопись, графика : альбом / Дмитрий Якуценя. – Санкт-Петербург ; Сосновый Бор: ИНВА, 2023. – 250 с.
- Дзмітрый Якуценя // Нiкалаеў, М. В. Беларускі Пецярбург / М. В. Нікалаеў. Санкт-Пецярбург, 2009. С. 431.
- Каўтунюк, М. Піцерскі зямляк : 75 гадоў таму ў в. Кавалі Пружанскага раёна нарадзіўся будучы мастак Дзмітрый Якуценя / Марына Каўтунюк // Літаратура і мастацтва. 2026. 27 сакавіка (№ 12). С. 16.
- Пашкевіч, К. Спакой і святло : у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» працуе выстава ўраджэнца в. Кавалі Дзмітрыя Якуцені / Кацярына Пашкевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2013. 2 лістапада. С. 1–2.
- Зялевіч, А. Пад знакам святога Пятра : [мастак, ураджэнец Пружаншчыны Д. В. Якуценя] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны. 2011. 12 сакавіка (№ 20). С. 1, 12.
- Свет карцін Дзмітрыя Якуцені : [у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» працуе выстава работ мастака Дзмітрыя Якуцені] // Раённыя будні. Пружаны, 1999. 4 снежня. С. 1.
- Кобяк, Э. Питерский художник – наш земляк : [художник Дмитрий Якуценя] / Эдуард Кобяк // Заря. 1999. 6 ноября.