Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 02 Чэрвень 2026 12:08

9 красавіка 2026 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Святланы Андрэеўны Магілянчык (1946), грамадскага дзеяча, Ганаровага грамадзяніна Драгічынскага раёна (2024)

Святлана Андрэеўна Магілянчык нарадзілася 9 красавіка 1946 г. у г. Драгічыне Брэсцкай вобласці. Гадавалася ў сям'і, дзе была жывая памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Бацька Андрэй Патапавіч Магілянчык родам з в. Вулька-Радавецкая, з першых дзён вайны знаходзіўся на фронце, старшы лейтэнант, узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Чырвоная Сцяга, медалямі «За абарону Москвы», «За Перамогу над Германіяй».

Маці Кацярына Аляксандраўна родам з Сібіры, была франтавой медсястрой, служыла на санітарных цягніках, мела баявыя ўзнагароды. Бацькі расказвалі аб сваіх баявых таварышах, аб тым, што давялося перажыць. На Дзень Перамогі і іншыя святы ў доме збіраліся былыя франтавікі, Святлана выхоўвалася ў глыбокай павазе да гэтых людзей.

Кацярына Аляксандраўна марыла бачыць сваю адзіную дачку доктарам. Аднак сама Святлана не адчувала поклічу да медыцыны. «Зрэзаўшыся» на ўступных іспытах у медінстытут, яна нават не знервавалася, вярнулася ў бацькоўскі дом. У 1963 г. уладкавалася кладаўшчыком камеры захоўвання Драгічынскага рынку. У 1963–1965 гг. з'яўлялася карэктарам драгічынскай раённай газеты «Запаветы Леніна».

У 1965 г. паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У. I. Леніна, пасля заканчэння якога ў 1970 г. вярнулася на сваю малую радзіму. Па заканчэнні ўніверсітэта Святлана Магілянчык атрымала «свабодны дыплом». Да таго часу яна паспела выйсці замуж, а дома, у Драгічыне, пад наглядам яе маці падрастаў аднагадовы сыночак. У тым самым доме, дзе нарадзілася, яна жыве і па гэты дзень.

Усё працоўнае жыццё Святланы Магілянчык звязана з Драгічынскім раёнам, працавала на розных пасадах у розных арганізацыях. У 1970–1971 гг. працавала настаўнікам Антопальскай сярэдняй школы. У 1971–1972 гг. займала пасаду старшага эканаміста раённага аддзела народнай адукацыі. У 1972–1973 гг. была намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Драгічынскай завочнай сярэдняй школы, пазней стала дырэктарам гэтай навучальнай установы. У 1973–1974 гг. — метадыст раённага аддзела народнай адукацыі. У 1974–1984 гг. — інструктар аддзела прапаганды і агітацыі райкама КПБ. У 1984–1991 гг. — загадчык ідэалагічнага аддзела райкама КПБ.

У 1994–2004 гг. С. А. Магілянчык займала пасаду дырэктара Драгічынскага раённага цэнтра занятасці насельніцтва. З упэўненасцю можна сказаць, што Святлана Андрэеўна стварала Цэнтр занятасці насельніцтва ў Драгічынскім раёне. Напрыклад, калі яшчэ ні ў каго з суседзяў не было камп’ютараў, яна здолела забяспечыць сваіх падначаленых адразу чатырма. Дабілася і прывезла з Мінска новую офісную мэблю, якая выдзялялася ўсяго тром раённым цэнтрам занятасці Брэсцкай вобласці.

Служба занятасці Драгічынскага раёна была на добрым рахунку. Дырэктар і яе калектыў працавалі ад душы, бо ад іх шмат у чым залежалі лёсы людзей, якія засталіся без працы. Прызначаліся дапамогі па беспрацоўі, па меры магчымасці падбіраліся працоўныя месцы, ствараліся новыя працоўныя месцы, было арганізавана прафесійнае навучанне беспрацоўных.

У 2004 г. Святлана Андрэеўна выйшла на заслужаны адпачынак, на якім была да 2012 г. Затым яна зноў вярнулася на сцежку грамадскай дзейнасці — 22 чэрвеня 2012 г. была абрана старшынёй раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў вайны і працы, гэтую пасаду яна займае і па гэты дзень. Чалавек неканфліктны, працалюбівы, прынцыпіяльны, які ўмее адстойваць інтарэсы людзей. Старшыня для сваіх аднадумцаў з’яўляецца прыкладам энтузіязму, энергічнасці, жыццёвага запалу.

Аб’яднаны савет ветэранаў вайны і працы быў створаны ў Драгічыне 6 лютага 1987 г. На люты 2026 г. ветэранская арганізацыя раёна аб’ядноўвае 8500 чалавек, з іх 4 ветэраны вайны, 14 вязняў фашызму, каля 800 адзінокіх і адзінокапражываючых пажылых людзей. У складзе раённай арганізацыі 36 пярвічных ветэранскіх арганізацый, з іх 23 — у сельскай мясцовасці, 13 — у працоўных калектывах.

За дасягнутыя высокія вынікі і вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна па выніках работы за 2015 г. у намінацыі «Занятасць, сацыяльная абарона, дабрачыннасць» С. А. Магілянчык было прысвоена ганаровае званне «Чалавек года» Драгічынскага раёна. У 2022 г. узнагароджана нагрудным знакам «За заслугі» — вышэйшай узнагародай Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Узнагароджана Ганаровымі граматамі дзяржаўных органаў розных узроўняў.

Усё працоўнае жыццё Святланы Андрэеўны Магілянчык звязана з грамадскай дзейнасцю. Яна 5 разоў абіралася дэпутатам Драгічынскага раённага Савета дэпутатаў, стаяла ля вытокаў стварэння раённага саюза жанчын, каля 8 гадоў узначальвала раённую арганізацыю Беларускага Фонду міру, абіралася народным засядацелем суда Драгічынскага раёна і суда Брэсцкай вобласці, неаднаразова была ў складзе абласной, раённай і ўчастковай выбарчых камісій, назіральнікам пры правядзенні выбараў.

У 2024 г. прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Р. А. Галоўчанка ўручыў Святлане Андрэеўне медаль «За працоўныя заслугі». Рашэннем Драгічынскага раённага Савета дэпутатаў у 2024 г. С. А. Магілянчык прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Драгічынскага раёна».

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Мыслівец Дзяніс Вадзімавіч, бібліятэкар аддзела маркетынгу,

сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы

Артыкулы С. А. Магілянчык

  1. Учеба ветеранского актива / Светлана Могилянчик // Драгічынскі веснік. 2025. 19 верасня (№ 38). С. 22.
  2. В честь знаменательных дат / Светлана Могилянчик // Драгічынскі веснік. 2025. 8 жніўня (№ 32). С. 14.
  3. Посвятили знаменательным событиям / Светлана Могилянчик // Драгічынскі веснік. 2025. 25 ліпеня (№ 30). С. 14.
  4. «Поезд Победы» – память на все времена / Светлана Могилянчик // Драгічынскі веснік. 2025. 5 ліпеня (№ 27). С. 24.
  5. И в шашках сильны ветераны / Светлана Могилянчик // Драгічынскі веснік. 2025. 25 красавіка (№ 17). С. 15.
  6. «Поклонимся великим тем годам» / Светлана Могилянчик // Драгічынскі веснік. 2025. 28 сакавіка (№ 13). С. 14.
  7. О ветеранах – с любовью и уважением : [о работе районного Совета ветеранов] / Светлана Могилянчик // Драгічынскі веснік. 2024. 16 жніўня (№ 33). С. 12.
  8. Под эгидой ветеранского актива / Светлана Могилянчик // Драгічынскі веснік. 2023. 22 верасня (№ 38). С. 12.
  9. Листая страницы памяти : [в районной библиотеке состоялось мероприятие «Страницы памяти», посвященное 79-летию освобождения Дрогичинского района от немецко-фашистских захватчиков] / Светлана Могилянчик // Драгічынскі веснік. 2023. 28 ліпеня (№ 30). С. 14.
  10. Память сердца / Светлана Могилянчик // Драгічынскі веснік. 2023. 26 мая (№ 21). С. 20.
  11. Земля гордится своими детьми / Светлана Могилянчик // Драгічынскі веснік. 2020. 18 сакавіка (№ 21). С. 6–7 : фот.
  12. Конкурс на лучшее ветеранское подворье / Светлана Могилянчик // Драгічынскі веснік. 2018. 16 чэрвеня. С. 3.

Аб жыцці і дзейнасці С. А. Магілянчык

  1. Ткачук, Н. Когда слово старость – неуместно : [Дрогичинская районная организация ветеранов подвела итоги работы за 2024 г.] / Нина Ткачук // Драгічынскі веснік. 2025. 11 студзеня (№ 2). С. 20–21.
  2. Магілянчык, С. А. Не старэюць душой ветэраны / Святлана Андрэеўна Магілянчык ; інтэрв’ю правёў Аляксандр Рэпіха // Драгічынскі веснік. 2024. 19 студзеня (№ 3). С. 5.
  3. Кононенко, Т. Что может женщина? : [представители районной организации ОО «Белорусский союз женщин» приняли участие в республиканском конкурсе «Женщина года – 2022», в т. ч. С. А. Могилянчик] / Татьяна Кононенко // Драгічынскі веснік. 2023. 12 мая (№ 19). С. 20.
  4. Ткачук, Н. Вся жизнь как на ладони перед глазами земляков : [председатель районной ветеранской организации С. А. Могилянчик отметила 75-летие] / Нина Ткачук // Драгічынскі веснік. 2021. 9 красавіка (№ 14). С. 4–5.
  5. Могилянчик, С. А. Чтим заслуги и заботимся о ветеранах : [интервью с председателем районной ветеранской организации, которая отмечает свое 30-летие] / Светлана Андреевна Могилянчик ; [беседовала] Галина Шафран // Драгічынскі веснік. 2017. 4 лютага. С. 1, 3.
  6. Ткачук, Н. Оставить добрый след : [70 лет исполнилось председателю совета районной организации ветеранов войны и труда С. А. Могилянчик] / Нина Ткачук // Драгічынскі веснік. 2016. 9 красавіка. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 11 разоў