Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 02 Чэрвень 2026 16:49

2026 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Цімафея Гаўрылавіча Несенюка (1911–1939), удзельніка вызвалення Заходняй Беларусі (1939)

Цімафей Гаўрылавіч Несянюк нарадзіўся ў 1911 г. у в. Асныкі Валынскай губерні (цяпер Чарняхоўскага раёна Жытомірскай вобласці Украіны) у шматдзетнай сялянскай сям’і. Бацька памёр рана, сям’я жыла вельмі бедна. Падлеткам Цімафей вучыўся ў школе і жыў у брата ў г. Белая Царква. У 1929 г. паступіў у Палтаўскае ваенна-падрыхтоўчае вучылішча — тады адзінае ў СССР, якое рыхтавала кандыдатаў для паступлення ў вышэйшыя ваенныя вучылішчы.

У 1931 г. Цімафей Несянюк паступае ў Арлоўскае танкавае вучылішча, пасля заканчэння якога (1933) быў пакінуты ў яго кадрах. Затым служыў у Падмаскоўі камандзірам танкавай роты. У 1939 г. капітан Ц. Г. Несянюк камандаваў 411-м асобным танкавым батальёнам 52-й стралковай дывізіі Беларускай ваеннай акругі.

17 верасня 1939 г. Чырвоная армія перайшла дзяржаўную савецка-польскую мяжу. Савецкія часткі хутка выйшлі да Буга, вызваліўшы Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну, якія былі акупіраваны палякамі ў 1920 г. Па загадзе камандавання 411-ы асобны танкавы батальён спыніўся на ўзыходзе в. Мікашэвічы (цяпер г. Мікашэвічы Лунінецкага раёна) і затым раніцай гэтага дня перайшоў у наступленне.

28–29 верасня падраздзяленні 52-й стралковай дывізіі вялі баі з часцямі польскай аператыўнай групы «Палессе». Гэта група была сфарміравана з пагранічных частак, жандармерыі, дробных гарнізонаў і маракоў Пінскай ваеннай флатыліі пад камандаваннем генерала Клееберга і адыходзіла на захад.

Раніцай 28 верасня ў Шацку савецкія падраздзяленні былі дэзінфармаваныя аб тым, што за горадам знаходзіцца атрад палякаў, гатовых здацца ў палон. Не праверыўшы гэтую інфармацыю, 411-ы танкавы батальён (які меў да 15 танкаў Т-26 і 15 Т-38) рушыў калонай і паміж азёрамі Люцымір і Круглае быў абстраляны польскай артылерыяй, страціўшы 7 чалавек. Не маючы сувязі з камандаваннем, атакаваныя савецкія часткі сталі адыходзіць.

28 верасня 58-ы стралковы полк і разведбатальён 52-й стралковай дывізіі на перашыйку паміж ракой Заходні Буг і возерам Пулямецкае ўступілі ў бой з польскім падраздзяленнем, якое мела ў сваім распараджэнні вялікую колькасць станковых і ручных кулямётаў. Спроба акружэння савецкіх частак, прадпрынятая атрадам Корпуса аховы граніцы, не ўдалася. Паспешліва адышоўшым савецкім падраздзяленням удалося вырвацца з кальца.

У выніку начнога бою польскія часткі каля в. Мельнікі сілай да паўтара батальёна былі акружаныя 112-м стралковым палком і да 8 гадзін 29 верасня здаліся. Па выніках баёў за Шацк у палон узялі 1100 польскіх ваеннаслужачых, на полі бою праціўнік пакінуў 524 забітых. Трафеямі савецкіх войскаў сталі 500 вінтовак, 34 кулямёты, 60 тыс. патронаў, 4 вагоны снарадаў і 23 скрыні выбухоўкі.

Вось што распавёў пра гэтыя дні Ісаак Львовіч Шапіра, які з’яўляўся ў той час сакратаром партыйнай арганізацыі батальёна: «Прайшоўшы мяжу, наш батальён накіроўваўся да Пінска. Польскія жандары і памежнікі спрабавалі арганізаваць супраціў, але магутным агнём танкаў супраціў быў зламаны, і далей развіваў поспех у напрамку на Брэст. Зрабіўшы тэхнічны агляд і запраўку машын, батальён працягнуў марш на Маларыту. Асаблівыя польскія часткі, якія спрабавалі супраціўляцца, былі разгромленыя.

Наступіла 28 верасня. Батальён па Уладаўскай шашы рухаўся на захад. Абыходзячы вёску Пішча, недалёка ад Шацка, галоўная машына падышла да месца, дзе крута паварочвала шашу; страшны ўдар злева адкінуў яе назад — у лесе была замаскіраваная артылерыя ворага. «Выгаднае месца для засады», — падумалі танкісты. І тут прагрымеў агонь, і ўдарылі снарадамі нашы танкі. Новыя стрэлы, снарады трапілі ў цэль. Падняліся барвова-чорныя слупы дыму і полымя да неба. Замаўчалі тры варожыя батарэі. Агонь перанёсся на апошні танк. Падбіта і нашых шэсць танкаў. З люка галоўнай машыны выбраліся танкісты і іх камандзір, прапахлыя порахам, стомленыя. Тут жа недалёка знаходзіліся воіны іншых танкаў.

Праз грукат рухавікоў і бою пачулася каманда камандзіра батальёна Несянюка «Да мяне!», і з воклічам «За Радзіму!» ён павёў за сабой салдат наперад. Пачулася гулкае «Ура!» — танкісты рушылі ў атаку. У гэтым баі камандзір быў забіты. Разам з ім загінулі 10 баявых таварышаў. Лейтэнант Кокін і яшчэ сем загінуўшых танкістаў былі пахаваныя ў Шацку, а камандзір Ц. Г. Несянюк, старшы палітрук Ворона і сакратар камсамольскай арганізацыі батальёна Жураўлеў — у Маларыце.

Капітан Цімафей Гаўрылавіч Несянюк, камандзір 411-га асобнага танкавага батальёна, загінуў 28 верасня 1939 г. Лічыцца адным з самых значных камандзіраў Чырвонай арміі, які загінуў падчас Вызваленчага паходу. Пахаваны ў брацкай магіле танкістаў на гарадскіх могілках па вул. Астроўскага ў Маларыце, на магіле ўсталяваны абеліск (1950), а ў 1981 г. — стэла. Яго імем у 1946 г. названа вуліца ў паўднёва-ўсходняй частцы Маларыты, на доме № 1 устаноўлена мемарыяльная дошка.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Трафімук Вікторыя Ігараўна, бібліёграф

адзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Несенюк Тимофей Гаврилович // Их именами названы... : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 447.
  2. Маркаў, В. П. У верасні 1939-га… / В. П. Маркаў // Памяць. Маларыцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : Ураджай, 1998. С. 157–158.
  3. Марков, В. Ф. Опаленные войной / Василий Филиппович Марков. Брест : Брестская типография, 2006. С. 242.
  4. Братская могила танкистов : [Малорита] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 295–296.
  5. Брацкая магіла танкістаў : [Маларыта] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобалсць. Мінск, 1984. С. 266.
  6. Есть улицы центральные / Малорита : Малоритская централизованная библиотечная система; отдел библиотечного маркетинга, 2010. С. 31, 33.
  7. Маркіна, М. Імя Цімафея Несенюка / М. Маркіна // Голас часу. Маларыта, 2011. 21 снежня. С. 4.
  8. Кавенька, С. Забыццю не падлягае : [пра мемарыяльныя дошкi ў гонар Ц. Несенюка i А. Юшчука ў Маларыце] / Сямён Кавенька // Голас часу. Маларыта, 2002. 2 кастрычніка. С.4.
  9. Вабішчэвіч, Е. Ёсць такая вуліца : [імя Цімафея Несенюка ў Маларыце] / Е. Вабішчэвіч, А. Збароўская // Голас часу. Маларыта, 2002. 5 студзеня. С. 2.
  10. Ступчык, С. Помнік воіну : [Ц. Г. Несенюку] / С. Ступчык // Сельскае жыццё. Маларыта, 1978. 20 ліпеня.
  11. Марков, В. Имени Тимофея Несенюка / В. Марков // Заря. 1973. 4 марта.
Чытаць 19 разоў