Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Сцяпан Ільін працягваў службу ў Чырвонай арміі. У 1923 г. закончыў Маскоўскі медыцынскі інстытут. Працаваў у Гомельскай губернскай бальніцы (1923—1924), Рагачоўскай раённай бальніцы (1925—1938), Рэчыцкай раённай бальніцы (1938—1939).
У верасні 1939 г. С. Т. Ільін накіраваны на вызваленую Заходнюю Беларусь для арганізацыі сістэмы аховы здароўя і медыцынскай дапамогі насельніцтву. Назначаны галоўным урачом Брэсцкай гарадской бальніцы (цяпер — УАЗ «Брэсцкая гарадская бальніца хуткай медыцынской дапамогі»). У 1940—1941 гг. — галоўны ўрач, загадчык хірургічнага аддзялення Брэсцкай абласной бальніцы.
З пачатку Вялікай Айчыннай вайны Сцяпан Ільін працягваў лячыць. Ужо з першай гадзіны вайны да бальніцы звозілі раненых ваенных, прыходзілі ўсе, хто пацярпеў падчас абстрэлаў. У цяжкіх умовах нямецка-фашысцкай акупацыі вылечыў сотні раненых байцоў Чырвонай арміі.
Усё ж заставацца ў акупіраваным горадзе было небяспечна, у верасні падпольшчыкі пераправілі Сцяпана Ільіна ў Шэбрынскі лес, дзе яго прытуліў ляснік Аляксандр Іванавіч Гаўрылюк (у жніўні 1943 г. закатаваны карнікамі, яго жонка і шасцігадовы сын расстраляны). Там, у лесе, аказвалі дапамогу параненым і хворым, якіх удалося вызваліць з палону. На зіму іх размеркавалі ў вёсках Франопаль, Вялікія і Малыя Радванічы, Муры, Падлессе, а доктар адправіўся ў горад. У лютым 1942 г. яго схапілі жандары, кінулі ў турму. А. І. Гаўрылюк ездзіў да турэмнага начальства з прэзентамі і ў чэрвені яму ўдалося вызваліць Ільіна. Пасля турмы Сцяпан Трафімавіч уладкаваўся на працу ў Маларыцкую бальніцу. З 21 чэрвеня 1943 г. С. Т. Ільін — начальнік санітарнай службы партызанскага атрада імя Варашылава, які дзейнічаў у Дамачаўскім і Маларыцкім раёнах.
З другой паловы 1943 г. стала магчымым адпраўляць цяжкапараненых партызан самалётам за лінію фронту. Партызанскі аэрадром працаваў ля в. Сварынь Драгічынскага раёна, меў важнае значэнне: з «вялікай зямлі» атрымлівалі зброю, лекі, а назад самалёты забіралі цяжкапараненых і дзяцей. Тут быў арганізаваны шпіталь. З 30 ліпеня 1943 г. С. Т. Ільін быў урачом партызанскай брыгады імя Сталіна, якая дзейнічала ў Дзівінскім, Маларыцкім, Брэсцкім, Дамачаўскім раёнах.
З 11 студзеня 1944 г. — начальнік санітарнай службы Брэсцкага партызанскага злучэння. У лясных умовах Сцяпан Трафімавіч выканаў 130 складаных аперацый раненым партызанам. Пра яго С. С. Смірноў напісаў у знакамітай кнізе «Брестская крепость».
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў працаваў галоўным урачом Брэсцкай абласной бальніцы (1944—1948). У 1945 г. у бальніцы было 250 ложкаў, працавалі 150 супрацоўнікаў.
За гады першай пасляваеннай пяцігодкі (1946—1950) у Брэсце былі адноўлены ўсе старыя, а таксама адкрыты новыя медыцынскія ўстановы. У 1949—1956 гг. Сцяпан Трафімавіч працуе галоўным хірургам Брэсцкага абласнога аддзела аховы здароўя. У 1956—1963 гг. — галоўны ўрач Магілёўскай абласной бальніцы. У 1964—1971 гг. — загадваў хірургічным аддзяленнем Магілёўскай абласной бальніцы.
У 1941 г. С. Т. Ільін атрымаў званне заслужаны ўрач Беларускай ССР. Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР (1935, 1939), ордэнамі Леніна (1961), Айчыннай вайны І ступені (1948), Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі «Партизану Отечественной войны» І ступені (1945), «За боевые заслуги», «За доблестный труд в Великой Отечественной войне», «За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941—1945 гг.», «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина» (1970), знакам «Отличник здравоохранения».
С. Т. Ільін памёр 10 жніўня 1971 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.
Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii
- Ильин Степан Трофимович // Книга Памяти медикам Могилевщины – участникам Великой Отечественной войны 1941–1945 гг. и других войн. Могилев, 2007. С. 97.
- Ильин Степан Трофимович // Медицинские работники Беларуси, удостоенные почетных званий и наград, 1919–2004 : библиографический указатель. Минск, 2004. С. 73, 212.
- Ильин Степан Трофимович // Медицинские работники Белорусской ССР, удостоенные почетных званий : библиографические материалы. Минск, 1978. С. 66, 114.
- Ситуха, В. Н. Поклон вам, люди в белых халатах : [к 65-летию Брестской областной больницы] / Владимир Ситуха. – Брест : Альтернатива, 2008. – 128 с. : ил. – Из содерж.: Ильин С. Т. С. 8, 10, 20.
- Заслужаныя ўрачы : Ільін Сцяпан Трафімавіч, галоўны ўрач абласной бальніцы (1941) // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 630.
- Заслужаныя ўрачы Беларускай ССР : 1941 : С. Т. Ільін // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 519.
- Сведчаць відавочцы : Лізавета Сяргееўна Кастракова : [узгадвае С. Т. Ільіна ў 1941 г.] // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 53.
- Грабёнкіна, А. А. Аб’яднанне намаганняў патрыётаў горада і раёна : [узгадваецца С. Т. Ільін] / А. А. Грабёнкіна // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 199–201.
- Ахова здароўя : [1939–1940 гг.] // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 319–320.
- Стельмашонок, И. М. Организация хирургической помощи в партизанских соединениях в годы Великой Отечественной войны : [о Степане Трофимовиче Ильине, хирурге-партизане] / И. М. Стельмашонок // Стельмашонок, И. М. Очерки развития хирургии в Белоруссии. Минск, 1973. С. 47–49.
- Смирнов, С. С. Солдаты жизни : [о брестском хирурге Степане Трофимовиче Ильине и военвраче Борисе Алексеевиче Маслове] / С. С. Смирнов // Брестская крепость / С. С. Смирнов. Москва : КоЛибри, 2010. С. 325–334.
- Ковальский, П. М. В Брестских лесах : записки партизана / Петр Ковальский ; лит. обработка А. Миронова. –Минск : Беларусь, 1970. – Из содерж.: [Ильин С. Т.]. С. 96, 98, 101, 103, 133.
- Селивоник, И. Ф. «Мы твердо верили в победу!» : [из воспоминаний одного из руководителей партизанского движения в районе Бреста] / [Иван Федорович Селивоник] ; авторский проект Олега Гребенникова // Заря. 2025. 11 октября. С. 14–15.
- Гайчук, Л. Врачи на передовой : [медицинские работники в годы Великой Отечественной войны; упоминается Степан Ильин] / Лариса Гайчук // Драгічынскі веснік. 2025. 4 красавіка (№ 14). С. 20–21.
- Ківачук, П. Партызанскі доктар : [С. Т. Ільін] / Пётр Ківачук // Голас часу. Маларыта, 2014. 18 чэрвеня. С. 2.
- Высоцкая, Е. «Хирург, каких поискать!» : [биография С. Т. Ильина] / Екатерина Высоцкая // Магілёўскія ведамасці. 2010. 8 чэрвеня. С. 10.
- Ласкович, В. Ильин : [врач-партизан] / В. Ласкович // Заря. 1981. 27 октября.
- Степан Трофимович Ильин : [некролог] // Здравоохранение Белоруссии. 1971. № 11. С. 91–92.
- Смирнов, С. С. Солдаты жизни : [о брестском хирурге Степане Трофимовиче Ильине и военвраче Борисе Алексеевиче Маслове] / С. С. Смирнов // Здоровье. 1963. № 6. С. 26–28.