Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 24 Чэрвень 2026 14:37

2026 г. — 210 гадоў з часу пабудовы храма святога архангела Міхаіла ў в. Такары (Камянецкі р-н; 1816), помніка драўлянага народнага дойлідства

Першая царква ў Такарах была пабудавана ў 1528 г. Паводле запісу з Актавай кнігі Берасцейскага ваяводства за 1584–1592 гг.: 24 красавіка 1592 г. уладальнікі Такароўскага маёнтка падарылі храму зямлю. З дароўнага запісу вынікае, што царква ў Такарах праваслаўная, старадаўняя. Чарговую святыню ў Такарах узвялі ў 1782 г., і гэтая царква не захавалася.

На месцы ранейшага храма ў 1806 г. пачалі будаваць новую царкву на сродкі памешчыка маёнтка Такары і мясцовых сялян і асвяцілі яе ў 1816 г. Паводле летапісу Такарскай царквы за 1934 г. гэта царква была перавезена з в. Дубіны, што каля Гайнаўкі (Польша), дзе яна была могілкавай.

У 1837 г. святыня прысвячалася архангелу Міхаілу, уваходзіла ў Камянецкі ўніяцкі дэканат. Апошнім уніяцкім святаром-адміністратарам у Такарах быў Ігнацій Залеўскі, які даў пісьмовую згоду на далучэнне да праваслаўя. У 1873 г. царква была капітальна адрамантавана і павялічана на 8 аршын даўжыні пры ранейшай шырыні. У канцы XIX ст. прыход налічваў 2734 прыхаджан з 7 навакольных вёсак.

Храм адносіцца да тыпу трохзрубавых з двух’яруснай вежай-званіцай на галоўным фасадзе. Да асноўнага, прамавугольнага ў плане зруба прылягаюць яшчэ два: квадратны прытвор, над якім узвышаецца званіца, і чатырохсценная апсіда з дзвюма рызніцамі па баках. Асноўны зруб накрыты двухсхільным дахам, апсіда — трохсхільным. Сцены вертыкальная ашаляваны дошкамі, прарэзаны прамавугольнымі вокнамі ў простых ліштвах. Цікава зроблены галоўны фасад храма. У цэнтры прытвора знаходзіцца галоўны ўваход з высокім драўляным праёмам, над якім узвышаецца паўкруглая люкарня.

Асаблівую архітэктурную выразнасць надае храму званіца. Першы ярус званіцы — высокі чатырохвугольнік, накрыты чатырохсхільным дахам, над якім узвышаецца другі ярус званіцы. Грані першага яруса, які па вышыні займае трохвугольны франтон асноўнага зруба, прарэзаны высокімі арачнымі праёмамі. Цэнтральны праём над галоўным уваходам дэкарыраваны абразом архангела Міхаіла. Другі ярус званіцы — невысокі васьмігранны барабан — завяршаецца цыбулепадобнай глаўкай з металічным крыжам.

У інтэр’еры алтарная частка аддзелена ад асноўнай часткі храма двух’ярусным драўляным іканастасам, дэкарыраваным разнымі дэталямі. Абразы ХVІІ–ХVІІІ стст.: «Маці Божая Адзігітрыя», «Каранаванне Маці Божай» у драўляным абкладзе, «Троіца», абразы-таблеткі «Маці Божая з дзіцём» і «Мікола Цудатворца» (ХІХ ст.).

Падчас Першай сусветнай вайны, калі сюды прыйшлі нямецкія акупанты, царква была моцна пашкоджана. Падчас ваенных дзеянняў гэты храм, як размешчаны пры шашы, знаходзіўся на лініі абстрэлу. Снарадам быў пашкоджаны крыж на званіцы і пазней упаў, новы пастаўлены ў 1924 г. Пры адступленні рускіх войскаў у 1915 г. ад агню пацярпелі прычтавыя пабудовы і 2-класнае вучылішча побач з царквою. Усё, што можна было ўзяць, раскрадзена: рызніца, святы посуд, чатыры іконы з іканастаса, бібліятэка, архіў, богаслужбовыя кнігі, падсвечнікі, лампады і іншае. Жыхары распавядалі, што ў храм заганяліся ваеннапалонныя, узятыя для працы яўрэі і нават коні.

У 1926 г. царква была добраўпарадкавана і распісана. У 1935–1936 гг. дах перакрыты гонтам, у 1936 г. набыта Укрыжаванне (Галгофа).

Ва ўрочышчы Павукі побач з в. Мачулішчы існавала прыпісная Праабражэнская царква (Пужыцкая), пабудаваная ў 1740 г. свяшчэннікам Паўлам Адэльскім і прыхаджанамі вёсак Зарэчча, Залессе, Мачулішчы. Была разбурана ў богаборчыя 1960-я гг. У 2013 г. на месцы старога храма ўзведзена могілкавая Праабражэнская капліца, якая з’яўляецца прыпісной да Такароўскага храма. Да жніўня 1945 г., калі частка тэрыторыі перададзена Польшчы, была яшчэ адна прыпісная царква — Багародзіцкая, у гонар іконы Божай Маці. Знаходзіцца ў лесе за 3 км ад Міхайлаўскай (цяпер тэрыторыя Польшчы).

Міхайлаўская царква аднапрыстольная. Прастольнае свята адзначаецца 21 лістапада ў дзень памяці Архістраціга Міхаіла. У склад прыхода ўваходзяць паселішчы: Такары, Вулька, Залессе, Зарэчча, Макарава, Мачулішча. З 1993 па 2007 гг. настаяцелем храма быў Стэфан Багуцкі. Сёння настаяцель храма — іерэй Антоній Аляксеевіч Кажаноўскі.

Побач з царквой у 2005 г. устаноўлена мемарыяльная дошка, якая інфармуе аб тым, што ў в. Такары нарадзіўся Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі (1881–1931) — першы прэзідэнт Акадэміі навук БССР, народны камісар (міністр) адукацыі БССР. Яго хрысцілі ў Такароўскай царкве, абрад праводзіў свяшчэннік Аляксей Сцяпанавіч Лячыцкі (1827–1917). Гэта бацька выбітнага палкаводца генерала ад інфантэрыі Платона Аляксеевіча Лячыцкага (1856–1923), які праславіўся ў Першую сусветную вайну як камандуючы арміяй падчас Брусілаўскага прарыву. Айцец Аляксей быў узгнагароджаны ордэнам Святога Уладзіміра з фармуліроўкай «в воздаяние заслуг сына».

Такароўская Міхайлаўская царква — помнік драўлянага народнага дойлідства пачатку ХІХ ст. Уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (112Г000372).

16 снежня 2024 г. з-за моцных парываў ветра вялікае дрэва ўпала на будынак Міхайлаўскай царквы. Быў сур’ёзна пашкоджаны дах над апсідай, праводзіліся аднаўленчыя работы.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага.

Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Токаровская Михайловская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 408.
  2. Царква ў імя святога архангела Міхаіла : [в. Такары] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 392.
  3. Свята-Міхайлаўская царква : [в. Такары] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 193.
  4. Свята-Міхайлаўская царква, в. Такары // Праваслаўныя храмы Камянеччыны. РИА «Вечерний Брест», 2013. С. 99–101.
  5. Чарняўская, Т. Помнікі драўлянага дойлідства : Міхайлаўская царква (в. Такары) / Т. Чарняўская // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 71–72.
  6. Такароўская Міхайлаўскай царква // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. С. 466.
  7. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: [Такары]. С. 101.
  8. Мараськевич, Я. Деревянная архитектура северной части Еврорегиона Буг : западная часть Брестской земли / Я. Мараськевич, А. Башков ; фот.: Я. Мараськевич, Д. Мараськевич ; пер.: Э. Д. Пашкевич и др. – Бяла Подляска : Бяльско-подл. Об-во Регионального Развития, 2006. – 96 с. : фот.
  9. Михайловская церковь : [д. Токари] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 239.
  10. Міхайлаўская царква : [в. Такары] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 215.
  11. Такары : [Камянецкі раён] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 90.
  12. Новік, Г. Вёска, разрэзаная напалам : [гісторыя в. Такары] / Галіна Новік // Навіны Камянеччыны. 2019. 2 лютага (№ 5). С. 16–17.
  13. Денеко, В. Сосуд Божественной благодати / Валентина Денеко // Навіны Камянеччыны. 2016. 5 лістапада (№ 45). С. 7, 20, 23.
  14. Шатько, Е. Г. Почему вы любите колокольный звон? : [рассказы жителей деревень Каменецкого района об истории колоколов] / Елена Геннадьевна Шатько // Бельскі гостінэць. Бельск-Падляскі, 2014. № 1. С. 155–164.
  15. Семенюк, О. Освящение храма-часовни : [в д. Токари Каменецкого района] / О. Семенюк // Брестские епархиальные ведомости. 2013. № 4. С. 72.
  16. Семенюк, О. Освящение храма-часовни в урочище Пауки / О. Семенюк // Навіны Камянеччыны. 2013. 2 лістапада. С. 6.
  17. Кляшчук, А. Такары беларускія : [гісторыя і сучаснае жыццё в. Такары Камянецкага раёна] / Анатоль Кляшчук // Звязда. 2005. 10 лістапада. С. 1, 15.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 7 разоў Апошняя змена Серада, 24 Чэрвень 2026 16:23