Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 05 Жнівень 2026 16:17

2026 г. — 145 гадоў з часу пабудовы праваслаўнага храма ў імя Архангела Міхаіла ў в. Навасёлкі (Кобрынскі р-н; 1881), помніка драўлянага дойлідства

У в. Навасёлкі Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер аграгарадок Навасёлкаўскага сельсавета Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) царква ў гонар прападобнага Ануфрыя Вялікага існавала з канца ХVII ст. На 1837 г. царква насіла імя святога Міхаіла і належала да Палескага ўніяцкага дэканата. У гэты час парафія мела 1021 верніка. Апошнім грэка-каталіцкім святаром быў Мікалай Зілінскі, які даў пісьмовую згоду на далучэнне да праваслаўя

З 1841 г. вернікі ў Навасёлках адносіліся да прыхода храма Раства Божай Маці сяла Дарапеевічы (цяпер Маларыцкага раёна). У 1876 г. вернікі пачалі хадатайнічаць пра будаўніцтва ўласнай царквы. Епархіяльнае начальства знайшло такую просьбу цалкам абгрунтаванай і ўказам ад 16 лістапада 1878 г. дало згоду на будаўніцтва новай драўлянай царквы ў Навасёлках. Сродкі на храм з энтузіязмам збіралі мясцовыя жыхары, некаторыя, нават, прадавалі жывёлу, каб унесці сваю лепту.

У 1881 г. было завершана будаўніцтва праваслаўнага храма ў імя святога Архангела Міхаіла. Узведзены храм па праекце архітэктара Ф. Афанасьева па тыпавой для драўлянага дойлідства кампазіцыйнай схеме. Па падоўжнай восі ў адзіную кампактную кампазіцыю аб’яднаны зрубы прытвора-званіцы, 2-яруснага аб’ёму малітоўнай залы, 5-сценнай апсіды з бакавымі рызніцамі. Сілуэт будынка фарміруюць цыбулепадобны купал 2-яруснай шатровай званіцы і купал на 8-гранным барабане над 4-схільным дахам асноўнага аб’ёму. На фоне гарызантальна-вертыкальнай шалёўкі сцен вылучаюцца разныя фрызы, карнізы, фігурныя ліштвы прамавугольных акон. Сёння дзівосная царква выдзяляецца сваім блакітным фасадам з белым дэкорам, нясе ў сабе зачараванне старажытнага народнага дойлідства.

У 1936 г. храм адрамантавалі і дабудавалі. У час Вялікай Айчыннай вайны мясцовыя жыхары з дапамогай партызан схавалі царкоўныя званы, каб яны не дасталіся немцам. Пасля вайны званы вярнуліся.

Самая старая ікона ў Міхайлаўскай царкве — абраз святога Ануфрыя, які захаваўся з ранейшага храма. Вялікая ікона Казанскай Божай Маці перададзена храму манахіняй Фёклай з Крамянецкага жаночага манастыра. Iкона святога прарока Ільі мае надпіс: «Сия икона сооружена усердием и пожертвованиями и трудами крестьян деревни Бельска и учителя Бельского народного училища Емакина в Новоселковскую Архангело-Михайловскую церковь Гродненской губернии. 6 апреля 1914 года».

Прастольнае свята — 21 лістапада. Памяць аб старой царкве і цяпер жывая, аб чым сведчыць урачыстае святкаванне дня прападобнага Ануфрыя Вялікага (25 чэрвеня).

З гісторыяй царквы цесна звязаны імёны яе святароў. Усяго вядома пра 13 святароў, якія служылі ў Навасёлках: Іосіф Грыгаровіч (1854–1863), Іуліян Ігнатовіч (1863–1876), Іоан Афонскі (1876–1880), Платон Станкевіч (1880–1897), Канстанцін Пігулеўскі (1897–1901), Георгій Красцялёў (1901–1902), Захарыя Зянковіч (1902–1915), Пётр Катар (1921–1923), Ігнацій Раманюк (1923–1925), Канстанцін Шашко (1925–1929), Валянцін Краснікаў (1929–1939), Іоан Герасімюк (?–1945), Леанід Дружылоўскі (1948–1953).

Болей за 65 гадоў (23.05.1953–03.05.2019) праслужыў у храме мітрафорны протоіерэй Мікалай Васільевіч Давідзюк (1920–2019). Шмат цяжкіх часін яму прышлося перажыць, царкву неаднаразова імкнуліся закрыць. У багаборчыя гады айцец Мікалай неаднаразова падвяргаўся пагрозам і ганенням. Толькі дзякуючы яго ўпартасці і дапамозе прыхаджан храм не быў зачынены. За дабрыню, глыбокую веру, старанную духоўную дзейнасць айцец Мікалай набыў любоў і павагу людзей.

За доўгую працу і заслугі перад царквой айцец Мікалай неаднаразова быў узнагароджаны. Самая ганаровая сярод узнагарод — мітра: багата ўпрыгожаны галаўны ўбор святара з лікамі святых, які надзяваюць для асоба ўрачыстых богаслужэнняў. Сярод узнагарод — ордэн святога князя Данііла Маскоўскага ІІІ ступені (2002) і свяціцеля Кірыла Тураўскага ІІ ступені (2011).

25 чэрвеня 2016 г. Міхайлаўскі храм наведаў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, адслужыў Божую літургію, а пасля ўрачыстай пропаведзі ў сувязі з 65-годдзем іерэйскай хіратаніі Уладыка ўшанаваў айца Мікалая ордэнам Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

На сённяшні дзень настаяцелем прыхода Свята-Міхайлаўскага храма з’яўляецца іерэй Сергій Рыгоравіч Еўтуховіч. 25 чэрвеня 2026 г. архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан у саслужэнні духавенства Кобрынскага благачыння звяршыў Божую літургію ў храме Архангела Міхаіла з выпадку 145-годдзя з дня асвячэння.

Навасёлкаўскі Міхайлаўскі храм з’яўляецца помнікам дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (113Г000440).

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Галавейка Таццяна Аляксееўна, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Новосёлковская Михайловская церковь «Днепро-Бугское»// Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 145.
  2. Царква ў імя святога архангела Міхаіла : [в. Навасёлкі] // Кулагiн, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусi : энцыклапедычны даведнiк / А. М. Кулагiн. Мiнск, 2007. С. 293.
  3. Церковь святого архангела Михаила : [аг. Новосёлки] // Храмы Брестчины / [составитель Н. Васюк]. Брест : РИА «Вечерний Брест», 2024. С. 122.
  4. Кулагін, А. М. Архітэктурная спадчына Кобрыншчыны : Свята-Міхайлаўская царква ў в. Навасёлкі / А. М. Кулагін // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 465.
  5. Свята-Міхайлаўская царква : [в. Навасёлкі] // Кулагiн, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусi : энцыклапедычны даведнiк / А. М. Кулагiн. Мiнск, 2001. С. 144.
  6. Михайловская церковь : [д. Новоселки] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 259.
  7. Міхайлаўская царква : [в. Навасёлкі] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 235.
  8. Давидюк Николай Васильевич : [настоятель Свято-Михайловского храма с. Новосёлки Кобринского района (с 28.04.1953)] // Кто есть Кто в Республике Беларусь. Деловой мир СНГ. 2006. Минск, 2006. Вып. 3. С. 98.
  9. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: Навасёлкі. С. 46, 196.
  10. Навасёлкі : [Навасёлкаўскі сельсавет, Кобрынскі раён] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 170–172.
  11. Церковь св. Михаила архангела в с. Новосёлки Кобринского района отмечает 145-летие : [настоятели прихода Новосёлки на протяжении веков, даты их служения и краткие справки о них. «Гродненские Епархиальные Ведомости», 1910 г., № 5] // Духовный вестник. Июль (№ 7). 2026. С. 5.
  12. Церковь св. Михаила архангела в с. Новосёлки Кобринского района отмечает 145-летие : [исторический очерк (в сокращении). «Гродненские Епархиальные Ведомости», 1910 г., № 5] // Духовный вестник. Июнь (№ 6). 2026. С. 5.
  13. Омельянчук, И. Семья как малая Церковь : [настоятель прихода храма Архангела Михаила иерей Сергий Евтухович принял участие в занятии Родительского университета в Новоселковской средней школе] / Ирина Омельянчук // Кобрынскі веснік. 2026. 28 сакавіка (№ 13). С. 15.
  14. Амельянчук, І. Праваслаўе падчас вайны / Ірына Амельянчук // Кобрынскі веснік. 2026. 7 сакавіка (№ 10). С. 15.
  15. Омельянчук, И. Духовные беседы : [настоятель храма Архангела Михаила в аг. Новоселки иерей Сергий Евтухович провел два значимых мероприятия в Новоселковской средней школе] / Ирина Омельянчук // Кобрынскі веснік. 2025. 8 лістапада (№ 45). С. 15.
  16. Омельянчук, И. Дело всей жизни : [председатель профсоюзной первички ОАО «Днепро-Бугское» Марина Якимук награждена медалью «120 лет профсоюзному движению Беларуси»] / Ольга Андросова // Кобрынскі веснік. 2024. 14 снежня (№ 50). С. 7.
  17. Амельянчук, І. Духоўны дыялог : [настаяцель прыхода храма Архангела Міхаіла ў аг. Навасёлкі Сергій Еўтуховіч сустрэўся з вучнямі Навасёлкаўскай сярэдняй школы] / Ірына Амельянчук // Кобрынскі веснік. 2025. 25 кастрычніка (№ 43). С. 15.
  18. Праздник в храме святого Архангела Михаила / подготовила Ирина Омельянчук по информации Сергея Евтуховича // Кобрынскі веснік. 2025. 5 ліпеня (№ 27). С. 15.
  19. Мир православной книги : [настоятель храма Архангела Михаила в аг. Новоселки иерей Сергий Евтухович провел беседу на тему «Сокровенный мир православия» в Новоселковской средней школе] // Кобрынскі веснік. 2025. 15 сакавіка (№ 11). С. 15.
  20. Бакун, Е. О Библии просто : [настоятель храма Архангела Михаила в аг. Новоселки иерей Сергий Евтухович принял участие в факультативном уроке в Новоселковской средней школе] / Елена Бакун // Кобрынскі веснік. 2024. 12 кастрычніка (№ 41). С. 15.
  21. Белов, Д. Доброму пастырю – многая лета! / по материалам жителей д. Новоселки подготовил Дмитрий Белов // Кобрынскі веснік. 2016. 16 ліпеня. С. 12.
  22. Белов, Д. И благодать касается души : [жизненный путь митрофорного протоиерея отца Николая Давидюка, настоятеля храма Архангела Михаила д. Новосёлки, награждённого орденами Даниила Московского и Кирилла Туровского] / авторский проект Дмитрия Белова // Кобрынскі веснік. 2016. 12 сакавіка. С. 17.
  23. Благодарим за многолетние труды : [о священнослужителе Николае Давидюке в храме д. Новоселки Кобринского района] // Царкоўнае слова. 2016. 11 сакавіка (№ 11). С. 15.
  24. Силюк, Н. Год рождения – 1881-й : [к юбилею Михайловской церкви д. Новосёлки Кобринского района] / Наталья Силюк // Кобрынскi веснiк. 2007. 26 верасня. C. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 22 разоў