Серада, 16 Верасень 2026 15:44

30 ліпеня 2026 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Васіля Андрэевіча Казачка (1956), майстра-ганчара, мастака, паэта

Васіль Андрэевіч Казачок нарадзіўся 30 ліпеня 1956 г. у в. Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Закончыў Гараднянскую сярэднюю школу. Служыў у Савецкай арміі (1974–1976). Атрымаў вышэйшую адукацыю ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. С. Пушкіна (1977–1982).

Працаваў у роднай школе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, выкладаў выяўленчае мастацтва. Арганізаваў для школьнікаў гурток «Гліняная цацка-свістулька», працаваў педагогам дадатковай адукацыі раённага Цэнтра дзіцячай творчасці. Захапляецца жывапісам.

За ганчарны круг Васіль Казачок сеў толькі ў свае 53 гады, калі ў вёсцы адкрыўся Цэнтр ганчарства пры Доме культуры. Ад мясцовых майстроў-старажылаў ён асвоіў тое майстрэства, што родам з даўніны. Патомны ганчар, не толькі прадоўжыў справу сваіх продкаў, але надаў ганчарству новы імпульс. Перадае сваё майстэрства падрастаючаму пакаленню, праводзіць цікавыя экскурсіі са змястоўнымі краязнаўчымі аповедамі.

У 2005–2015 гг. дырэктарам Цэнтра ганчарства была Алімпіяда Дзмітрыеўна Леанавец, майстар-ганчар, сапраўдны патрыёт сваёй справы і сваёй краіны. У 2008 г. у Гарадной запрацавала сядзіба ганчара — філіял Столінскага раённага краязнаўчага музея. Тады ж адбыўся першы міжнародны пленэр ганчароў, які стаў традыцыйным. У 2010 г. традыцыі гараднянскай ганчарнай вытворчасці з аўтэнтычнымі элементамі занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (12АК000067).

З 2015 г. В.А. Казачок — дырэктар Цэнтра ганчарства ў в. Гарадная. Установа пад кіраўніцтвам Васіля Андрэевіча з’яўляецца сапраўдным культурным асяродкам не толькі Гарадной, але ўсяго Столінскага раёна. Лаўрэат прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму (2018). За значны асабісты ўклад у захаванне традыцыйнага ганчарнага рамяства ўзнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2021).

Васіль Казачок — член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці (2020), разам з калегамі ўдзельнічае ў шматлікіх выставах, фестывалях — рэспубліканскіх і міжнародных. Гараднянскія ганчары — сталыя ўдзельнікі фестывалю этнакультурных традыцый «Покліч Палесся» ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці, свята «Александрыя збірае сяброў» у Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці.

Васіль Андрэевіч займаецца літаратурнай творчасцю, яго вершы друкаваліся ў раённай газеце «Навіны Палесся», абласной «Заре», «Настаўніцкай газеце», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя», у калектыўных зборніках і альманахах. Аўтар трох зборнікаў паэзіі: «Прызнанне» (2019), «Я веру!» (2023), «Мая малітва» (2026). Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (2021).

У зборніку «Я веру!» прадстаўлены вершы, напісаныя аўтарам у 2018–2022 гг. Закранаюцца злабадзённыя жыццёвыя праблемы. Паэта непакоіць стан роднай мовы, ён выказвае беражлівыя адносіны да спадчыны продкаў, яго захапляе свет багатай прыроды. Прадстаўлена ў зборніку лірыка кахання. Аўтар сцвярджае, што дабро абавязкова атрымае перамогу над злом, што беларуская мова не загіне, а любімую Беларусь чакае толькі шчаслівы лёс. Паэтычныя творы гарманічна дапоўнены каляровымі ўклейкамі ілюстрацый карцін, напісаных аўтарам.

На рэспубліканскім ХХХІІІ Дні беларускага пісьменства ў Касцюковічах Магілёўскай вобласці (2026) Васіль Казачок ушанаваны нагрудным знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у беларускую літаратуру».

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., вядучы бібліёграф


Творы В. А. Казачка

  1. Мая малітва : вершы / Васіль Казачок. – Мінск : Чатыры чвэрці, 2026. – 106, [1] с.
  2. Я веру! : вершы / Васіль Казачок. – Брэст : Альтэрнатыва, 2023. – 153 с., [7] л. каляр. іл.
  3. Прызнанне : вершы / Васіль Казачак. – Пінск : Пінская рэгіянальная друкарня, 2019. – 68 с.
  4. Васілю Быкаву ; Мая беларуская мова ; Мая малітва ; Бацькоўскае слова ; «Рассыпаў верасень грыбы...» ; Край маленства ; Бацькоўская навука ; Дзяўчынка маёй маладосці ; «Чым больш жыву, тым болей прагну жыць...» : [вершы] / Васіль Казачок // Берасцейская скарбніца : альманах. Кобрын, 2025. Вып. 6. С. 35–41.
  5. Ганчар ; Бацькоўская навука ; Вясна; Летні ранак ; «Няспешна восень дагарае...» ; «Старанна сцеле восень дываны...» : [вершы] / Васіль Казачок // За Радзімы жыццё! : вершы. Кобрын, 2024. С. 40–44.
  6. Хто ўкраў вясновае цяпло? ; Вясновае ; Трыялет ; Наша мова ; Трыялет ІІ ; Санет ; Багдановічу ; Травень ; Трыялет ІІІ ; Грыбы : [вершы] / Васіль Казачок // Берасцейская скарбніца : альманах. Брэст, 2021. Вып. 4. С. 79–83.
  7. Мая паэзія ; Санет ; Навальніца ; Летняя раніца ; Няўдалае каханне ; Жыццё ; Ад’ехала бабіна лета ; Зіма, якой не было ; Жанчыне : [вершы] / Васіль Казачок // Берасцейская скарбніца : альманах. Брэст, 2020. Вып. 3. С. 77–83.
  8. Песня ганчара ; Бацькоўская навука ; Ганчар : [вершы] / Васіль Казачок // Настаўніцкая газета. 2026. 10 ліпеня. С. 20.
  9. Ты вечна будзеш : вершы / Васіль Казачок // Полымя. 2026. № 2. С. 48–49.
  10. Цябе мне не хапае, Беларусь! ; Бацькоўская навука ; Споведзь : [вершы] / Васіль Казачок // Літаратура і мастацтва. 2026. 9 студзеня (№ 1). С. 8.
  11. «Мне сніўся снег. Як майскі сад....» : [верш] / Васіль Казачок // Настаўніцкая газета. 2026. 6 студзеня (№ 1). С. 11.
  12. Бацькоўская хата : [верш] / Васіль Казачок // Навіны Палесся. Столін, 2025. 5 верасня. С. 7.
  13. Вясна ; Санет : [вершы] / Васіль Казачок // Навіны Палесся. Столін, 2025. 23 мая. С. 13.
  14. Беларусі : [верш] / Васіль Казачок // Навіны Палесся. Столін, 2024. 20 снежня. С. 17.
  15. Адлёт журавоў : [верш] / Васіль Казачок // Навіны Палесся. Столін, 2024. 13 снежня. С. 13.
  16. Ганчар ; У чаканні зімы ; Паэзія ; Вясна : [вершы] / Васіль Казачок // Літаратура і мастацтва. 2024. 9 лютага (№ 6). С. 8.
  17. Лістапад ; «Старанна сцеле восень дываны...» ; «Рассыпаў верасень грыбы...» : [вершы] / Васіль Казачок // Заря. 2023. 18 ноября. С. 16.
  18. Зоркі моўчкі моляцца : вершы / Васіль Казачок // Полымя. 2023. № 9. С. 82–84.
  19. Вытокі : [верш] / Васіль Казачок // Навіны Палесся. Столін, 2023. 9 чэрвеня. С. 17.
  20. Вербніца ; Санет ; Вясна : [вершы] / Васіль Казачок // Заря. 2023. 29 апреля. С. 17.
  21. «Вечны скарб дарагі – наша мова...» : [верш] / Васіль Казачок // Літаратура і мастацтва. 2023. 24 лютага (№ 8). С. 8.
  22. Жыццё : [верш] / Васіль Казачок // Заря. 2022. 24 декабря. С. 17.
  23. Верасень : [верш] / Васіль Казачок // Навіны Палесся. Столін, 2022. 23 верасня. С. 17.
  24. Грае летняе сонца : [вершы] / Васіль Казачок // Полымя. 2022. № 8. С. 86–87.
  25. Зімняя казка : [верш] / Васіль Казачок // Заря. 2021. 31 декабря. С. 16.

Аб жыцці і творчасці В. А. Казачка

  1. Адданасць Радзіме – гонар для палешука. Столінскі раён / [аўтары тэксту Н. Васюк, А. Жук]. – Брэст : РИА «Вечерний Брест», 2022. – 160 с. іл. – Са зместу: Мамзэлік з Гарадной. С. 144–145.
  2. Стахавец, Н. Малітва паэта : [выйшаў у свет паэтычны зборнік Васіля Казачка «Мая малітва»] / Надзея Стахавец // Літаратура і мастацтва. 2026. 27 сакавіка (№ 12). С. 7.
  3. Нарэйка, Н. Не верыць немагчыма : [пра кнігу паэзіі Васіля Казачка «Я веру!»] / Настасся Нарэйка // Літаратура і мастацтва. 2023. 12 мая (№ 19). С. 7.
  4. Лісавец, Н. «Немагчыма не верыць...» : [у Столінскай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя новага зборніка вершаў Васіля Казачка «Я веру!»] / Наталля Лісавец // Краязнаўчая газета. 2023. Май (№ 21). С. 8.
  5. Нікіфарава, С. Макотра з Гарадной : [пра ганчара В. А. Казачка з в. Гарадная Столінскага раёна] / Святлана Нікіфарава // Настаўніцкая газета. 2022. 23 снежня. С. 23.
  6. Грэчка, І. Аб роднай мове на роднай мове : [у Столінскай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча з загадчыкам Цэнтра ганчарства в. Гарадная В. А. Казачком] / Ірына Грэчка // Літаратура і мастацтва. 2022. 11 сакавіка (№ 10). С. 3.
  7. Крыванос, Л. «Во як гаршчок наш пайшоў!» : як шануюць і зберагаюць традыцыі ў палескай сталіцы ганчарства : [па матэрыялах гутаркі з В. А. Казачком] / Леанід Крыванос // Беларуская думка. 2022. № 2. С. 29–34.
  8. Казачок, В. А. Ёсць чым ганарыцца і ёсць што зберагаць / [Васіль Казачок] ; запісала Людміла Каспяровіч // Заря. 2022. 22 января. С. 14.
  9. Чарнякевіч, Ю. Знакамітая на ўвесь свет : [спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта быў уганараваны загадчык Цэнтра ганчарства в. Гарадная В. А. Казачок за значны асабісты ўклад у захаванне традыцый ганчарнага рамяства] / Юрый Чарнякевіч // Культура. 2022. 15 студзеня (№ 3). С. 6.
  10. Казачок, В. А. «Наша спадчына вартая вывучэння» / [Васілій Андрэевіч Казачок ; гутарыў] Уладзімір Субат // Сельская газета. 2022. 13 января. С. 1, 8.
  11. Бабарыка, Г. Пагавары са мной па-беларуску, на мове продкаў ты пагавары... : [аб творчасці аўтара вершаў В. Казачка з в. Гарадная] / Галіна Бабарыка // Навіны Палесся. Столін, 2019. 15 лютага. С. 10.
  12. Ляшкевіч, М. Прызнанне паэта : [прэзентацыя кнігі паэзіі В. Казачка «Прызнане»] / Марына Ляшкевіч // Заря. 2018. 15 декабря. С. 14.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 19 разоў