З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на Камянеччыне разгарнулася барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мікалай Несцярук на той час жыў у сваёй сястры ў в. Баранкі. Тут ён сустрэўся з А. Я. Шырнюком, Ф. К. Гурманам, Г. М. Хомічам і іншымі патрыётамі, з якімі супрацоўнічаў да вайны, ведаў па нацыянальна-вызваленчым падполлі.
Вясной 1942 г. у Камянецкі раён прыбылі прадстаўнікі Брэсцкага міжраённага «Камітэта барацьбы з нямецкімі акупантамі» Яўген Мітрафанавіч Афанасьеў і Іван Паўлавіч Лапін з мэтай стварэння на Камянеччыне падпольнай антыфашысцкай арганізацыі. Ва ўрочышчы «Кірганы», што каля Баранак, адбылася нарада з найбольш актыўнымі падпольшчыкамі. Яны азнаёміліся з дзейнасцю Брэсцкага абласнога антыфашысцкага камітэта і атрымалі задачу па разгортванню супраціву нямецкім акупантам.
На гэтай жа нарадзе было прынята рашэнне аб стварэнні Камянецкага раённага антыфашысцкага камітэта. Першым сакратаром быў прызначаны Мікалай Антонавіч Несцярук, другім — Фёдар Карнілавіч Гурман, трэцім — Павел Лявонцьевіч Мурашка.
З мая 1942 г. усю сваю работу праводзілі пад кіраўніцтвам Брэсцкага абласнога антыфашысцкага камітэта. У выніку плённай дзейнасці ў кароткі тэрмін былі створаны 18 пярвічных ячэек у вёсках Баранкі, Воля, Мікалаева, Відамля, Шалічы, Алешкавічы, Вугляны, Кукальчыцы, Радасць, Робенка, Кругель, Грудовікі, Плянта, Кашчэнікі, Бабічы, Любашкі, Падлессе і ў Камянцы. Да канца 1942 г. у іх налічвалася звыш 100 чалавек.
Падпольшчыкі былі цесна звязаны з партызанскім атрадам імя Чкалава брыгады «Савецкая Беларусь». Сваю дзейнасць таксама каардынавалі з дзейнасцю падпольшчыкаў Высокаўскага, Ружанскага, Шарашоўскага, Жабінкоўскага раёнаў. Яны вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі газеты «Зара» і «За Радзіму», лістоўкі і іншую літаратуру. Перадавалі партызанам звесткі пра дыслакацыю фарміраванняў ворага, папярэджвалі аб карных аперацыях.
Для расшырэння баявой дзейнасці не хапала зброі, але вырашалі і гэтыя задачы. А. Я. Шырнюк з Баранак яшчэ з пачатку вайны схаваў кулямёт з патронамі, які падпольшчыкі адправілі ў партызанскі атрад. С. Касцючык з Алешкавіч і А. Саковіч з Шаліч выплаўлялі з неразарваўшыхся бомб і мін тол для патрэб народных мсціўцаў. Член Камянецкай падпольнай ячэйкі І. А. Станкевіч устанавіў сувязь з работнікамі бальніцы і атрымоўваў медыкаменты і бінты. Толькі атраду імя Чкалава перададзены два кулямёты, некалькі дзясяткаў вінтовак, тысячы патронаў.
Сістэматычна аказвалася дапамога партызанам, якія накіроўваліся на баявыя заданні ў раёны Высокага, Кляшчэляў, Сямятыч, у пераправе праз раку Лясная. У пачатку вайны аказвалі дапамогу байцам і камандзірам Чырвонай арміі, якія выходзілі з акружэння, забяспечвалі іх прадуктамі харчавання, адзеннем, праводзілі па бяспечных дарогах на Усход.
У 1943–1944 гг. падпольшчыкамі было выведзена са строю 15 км тэлефоннай сувязі, знішчаны масты на дарогах Камянец–Брэст, Высокае–Пружаны, Камянец–Белавежа, якія мелі стратэгічны характар. Члены антыфашысцкай арганізацыі разам з партызанамі Беластоцкага злучэння генерала Капусты прынялі актыўны ўдзел у разгроме двух нямецкіх абозаў з моладдзю, якую вывозілі для прымусовай працы ў Германію. У выніку аперацыі ўсе юнакі і дзяўчаты былі вызвалены.
Асабіста Мікалаем Несцеруком летам 1942 г. здабыта і перададзена абласному падпольнаму камітэту 30 кг шрыфту, які выкарыстоўвалі для друкавання лістовак, зводак, газеты «За Радзіму». Таксама асабіста перадаў абласному антыфашысцкаму камітэту значную суму грошай, звыш 50 залатых і сярэбраных манет, якія былі сабраны сярод насельніцтва на барацьбу з ворагам.
На рахунку кожнай пярвічнай падпольнай ячэйкі Камянецкага антыфашыскага камітэта было шмат іншых спраў, якімі непасрэдна кіраваў сакратар камітэта Мікалай Несцярук.
Пасля вайны Мікалай Антонавіч прымаў актыўны ўдзел у аднаўленні разбуранай вайной гаспадаркі. Працаваў загадчыкам Камянецкага раённага фінансавага аддзела. Потым жыў і працаваў у г. Брэсце. З 1976 г. персанальны пенсіянер. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «За Победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.» (1946) і іншымі медалямі.
Краязнаўцы пакуль не вызначылі дату смерці і месца пахавання героя Вялікай Айчыннай вайны М. А. Несцерука.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.
Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага.
Табольчык Ларыса Мікалаеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі
- Каменецкая районная антифашистская организация // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 853.
- Камянецкая раённая антыфашысцкая арганізацыя // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 247.
- Камянецкая раённая антыфашысцкая арганізацыя // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 555.
- Камянецкі антыфашысцкі камітэт // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Мінск, 1972. Т. 5. С. 362.
- Антыфашысцкае падполле і партызанскі рух // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 217–248.
- Мамус, М. Бессмяротнасць : [пра члена Камянецкага антыфашысцкага камітэта Аляксея Якаўлевіча Шырнюка, які загінуў у Аўстрыі] / М. Мамус // Ленінец. Камянец, 1982. 27 сакавіка.
- Несцярук, М. А. І выстаялі, і перамаглі : [успаміны былога першага сакратара Камянецкага раённага падпольнага антыфашысцкага камітэта] / М. А. Несцярук // Ленінец. Камянец, 1981. 20 чэрвеня ; 27 жніўня ; 3 верасня ; 8 верасня ; 12 верасня.
- Архіпаў, Р. Мужнасць пранеслі, як сцяг : [аб падпольнай антыфашысцкай барацьбе ў Камянецкім раёне] / Р. Архіпаў // Ленінец. Камянец, 1980. 23 верасня.