19 ліпеня 2020 г. — 40 гадоў з пачатку гульняў летняй ХХІІ Алімпіяды (Масква; 1980), яркага спартыўнага і культурнага свята
Летнія Алімпійскія гульні 1980 г. прайшлі з 19 ліпеня па 3 жніўня ў Маскве, сталіцы СССР. Гэта былі першыя Алімпійскія гульні на тэрыторыі Усходняй Еўропы, а таксама першыя ў сацыялістычнай краіне. 65 краін байкатавалі Алімпіяду ў СССР у сувязі з уводам савецкіх войск у Афганістан. З-за палітыкі пацярпелі многія спартсмены Захаду, усё ж у Маскоўскай Алімпіядзе прынялі ўдзел 5,5 тыс. спартсменаў з 81 краіны.
26 снежня 2018 г. — 60 гадоў з дня нараджэння Барыса Валянцінавіча Ісачэнкі (1958), спартсмена, трэнера, майстра спорту СССР, сярэбранага прызёра ХХІІ летніх Алімпійскіх гульняў (1980, Масква)
Барыс Валянцінавіч Ісачэнка нарадзіўся 26 снежня 1958 г. у г. Брэсце. Рана навучыўся чытаць, ужо ў шэсць гадоў запісаўся ў бібліятэку, тады ж пачаў вучыцца гульні ў шахматы. З дзяцінства займаўся футболам, бадмінтонам, плаваннем. У 1972 г. пры спартыўным клубе дывановага камбiната Міхаіл Уладзіміравіч Пузяк арганізаваў секцыю стральбы з лука, у якую запісаўся і Барыс. Праз тры месяцы большасць пачынаючых спартсменаў разбегліся, засталіся толькі тры-чатыры самых упартых, у т. л. і Барыс Ісачэнка.