Чацвер, 09 Жнівень 2012 10:49

7 жніўня 2012 г. – 65 гадоў з дня нараджэння Лявона Неўдаха (1947), паэта, празаіка, журналіста

Паэт, празаік, журналіст Лявонцiй Пятровіч Неўдах нарадзіўся 7 жніўня 1947 года ў в. Радчыцк Столінскага раёна Брэсцкай вобласці.

{gcontent}Скончыў Мінскі палітэхнікум (1962), Полацкі нафтавы тэхнікум (1966), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1981). Працаваў аператарам на Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе. З 1974 года ў Наваполацкай гарадской газеце “Химик”, з 1995 года да закрыцця быў яе галоўным рэдактарам.

Член Саюза беларускіх пісьменнікаў. Член Беларускага ПЭН-цэнтра, Саюза журналістаў Беларусі. Друкаваўся ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, газеце “Літаратура і мастацтва”.

Адзін з аўтараў калектыўных зборнікаў “Першыя сцежкі”, “Дзвіна”, аўтар кніг: прозы – “Формула дабрыні”(1989), “Бумеранг” (2003), паэзіі “Чорнае святло (1998). Перакладаўся на славацкую мову.

Зборнік прозы “Формула дабрыні” распачынае аповесць “Мяжа магчымага”. Аповесць “Мяжа магчымага” – твор аб выключных абставінах, у якіх выпрабоўваюцца людскія характары, прафесійная кампетэнтнасць, стойкасць. Гэта твор з драматычным зместам, у якім раскрываюцца праблемы савецкага часу з яго кар’ерызмам і паказухай.

Другім празаічным зборнікам Лявона Неўдаха стала кніга пад назвай “Бумеранг”, якая выйшла ў свет у 2003 годзе. Яна складаецца з трох аповесцяў: “Бумеранг”, “Паланез Агінскага” і “Гарнітур “Алеся”. Кожны з названых твораў вызначаецца вастрынёй узнятых праблем, асаблівай дынамікай сюжэтнага развіцця, тонкім паказам псіхалогіі герояў.

У паэзіі Лявон Неўдах выявіўся як аўтар з вельмі абвостраным адчуваннем часу. Аб’ектам яго мастацка-паэтычнага асэнсавання сталі 90-я гады ХХ стагоддзя. Атмасфера часу з палітычнымі калізіямі, чалавек у гэтай атмасферы, яго роздум і пачуцці, адносіны да грамадства і сябе самога – лейтматыў першай паэтычнай кнігі Лявона Неўдаха “Чорнае святло”.

Барацьба супярэчнасцей – асноўная адметнасць, на падставе якой адбываецца развіццё ўнутранага эмацыянальнага сюжэта кнігі. У трыпціху трыялетаў пад агульнай назвай “Альфа і амега” Лявон Неўдах спрабуе асэнсаваць свой жыццёвы шлях, рэальна ацаніць уласную жыццёвую сцяжынку.

Для Лявона Неўдаха паэзія – гэта форма мастацкага выяўлення асабістага свету, адзін са сродкаў духоўнай самарэалізацыі як творцы, як мастака слова. Ён не імкнецца напісаць чым паболей вершаў, ён стараецца стварыць уласны мастацкі летапіс часу, даследаваць чалавека як прадстаўніка гэтага часу, нашага сучасніка. Лявон Неўдах – улюбёны ў сваю краіну грамадзянін, яе адданы сын.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Літвінчук В. Л., гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

{/gcontent}

Творы Л. Неўдаха

  1. Бумеранг : аповесці / Л. Неўдах ; рэд. Н. Давыдзенка. Мiнск : Беларускі кнігазбор, 2003. 184 с.
  2. Грэх ; Анёлы : [вершы] / Л. Неўдах // Бацькаўшчына : зб. гiст. лiт. : для сярэд. і ст. шк. узросту / уклад. i прадм. С. С. Панiзнiка. Мiнск : Юнацтва, 2000. С. 248–249.
  3. Іду да Бога : вершы / Л. Неўдах // Дзеяслоў. 2004. № 10. С. 166–169.
  4. Мяжа магчымага : аповесць / Л. Неўдах // Маладосць. 1987. № 3. С. 9–64.
  5. У півавараў паэтычны плён... ; Шчаслівец : [вершы ; карот. біягр. паэта] / Л. Неўдах // Ад ніў прыдзвінскіх : Віцебшчына паэтычная / Вiцебск : абл. аддзяленне ГА "Саюз бел. пiсьменнiкаў". Мiнск : Логвінаў, 2009. С. 103–104.
  6. Формула дабрыні: аповесць і апавяданні / Л. Неўдах. Мiнск : Мастацкая літаратура, 1989. 173 с. (Першая кніга празаіка).
  7. Чорнае святло : вершы / Л. Неўдах ; рэд. Г. Бураўкін. Мiнск : Беларускі кнігазбор, 1998. 68 с.

 

Аб жыцці і творчасці Л. Неўдаха

  1. Карпец, Л. Літаратурная сустрэча : [з Лявонам Неўдахам у Вялікалескай сельскай бібліятэцы; біяграфія] / Л. Карпец, Л. Каткавец // Навiны Палесся (Столiн). 2009. 11 жн. С. 5.
  2. Лявон Неўдах // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст : ААТ “Брэсцкая друкарня”, 2008. С. 506–509.
  3. Неўдах Лявон : [кароткая аўтабіяграфія] // Неўдах, Л. Формула дабрыні : аповесць і апавяданні / Л. Неўдах. Мiнск : Мастацкая літаратура, 1989. (вокладка кнігі).
  4. Неўдах Лявонцій Пятровіч / падрыхтаваў Б. В. Ульянка // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Столінскага раёна / укл. Ю. С. Юркевіч. Мiнск : БЕЛТА, 2003. С. 521.
  5. Сенькавец, У. А. “Сапраўдная паэзія – у пацерах мацярок” / У. А. Сенькавец // Славянские языки : системно-описательный и социокультурный аспекты исследования : материалы III международной научно-методической конференции, Брест, 22–23 ноября 2007 г. / [редкол.: Е. И. Абрамова, Г. В. Писарук, О. А. Фелькина]. С. 271–274.
  6. Сенькавец, У. А. Боль – пачуццёвая дамінанта творчасці Лявона Неўдаха / У. А. Сенькавец // Веснік Брэсцкага універсітэта. Серыя філалагічных навук. 2008. № 1 (9). С. 68–73.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2542 разоў Апошняя змена Чацвер, 28 Май 2020 10:51