Панядзелак, 29 Май 2017 15:56

28 чэрвеня 2017 г. — 55 гадоў з дня нараджэння Віктара Іванавіча Іўчынкава (1962), мовазнаўца, заснавальніка беларускай навуковай школы дыскурснага аналізу сродкаў масавай інфармацыі, лаўрэата прэміі Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро» (2011

Віктар Іванавіч Іўчанкаў нарадзіўся 28 чэрвеня 1962 года ў вёсцы Хадынічы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці.Працаваў настаўнікам у Бельскай васьмігадовай школе Кобрынскага раёна (1980–1983). У 1985 годзе закончыў філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна па спецыяльнасці «Руская мова і літаратура». Працаваў выкладчыкам Брэсцкага дзяржаўнага педінстытута.

 

У 1988 годзе В. І. Іўчанкаў датэрмінова закончыў аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР. У 1988–1989 гадах быў выкладчыкам кафедры агульнага, славянскага і рускага мовазнаўства Мінскага педагагічнага інстытута. З 1989 года працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, спачатку на пасадзе дацэнта, з 1996 года — загадчыка кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі БДУ.

Сапраўднымі ўніверсітэтамі Віктара Іванавіча сталі рэдакцыі амаль усіх рэспубліканскіх друкаваных СМІ, тэле- і радыёканалаў, дзе на працягу дзевятнаццаці гадоў (1992–2011), выконваючы абавязкі саветніка міністра адукацыі па сувязях са СМІ і грамадскасцю, ён падрыхтаваў тысячы паведамленняў, інтэрв’ю, артыкулаў, радыйных выступленняў, вёў прамыя эфіры на тэлебачанні. Павышаў кваліфікацыю за мяжой: у ЗША (1995), Польшчы (1999), Швецыі (2002, 2007, 2009), Францыі (2003).

В. І. Іўчанкаў — аўтар больш за 360 навуковых і метадычных прац, у тым ліку сямі манаграфій. Фундаментальная праца «Дыскурс беларускіх СМІ. Арганізацыя публіцыстычнага тэксту» (2003) паклала пачатак фарміраванню ў галінах журналістыкі і лінгвістыкі самастойнага навуковага адгалінавання — лінгвістыкі публіцыстычнага тэксту. В. І. Іўчанкаў — заснавальнік у Беларусі навуковай школы дыскурснага аналізу СМІ.

Віктар Іванавічвядзе актыўную асветніцкую працу па прапагандзе роднага слова. Змясціў на старонках друку больш за 200 публіцыстычных матэрыялаў па праблемах адукацыі, навукі і выхавання. З 1990 года актыўна друкуецца ў прэсе па праблемах правапісу. Займаецца стылістыкай беларускай і рускай моў, лінгвістыкай публіцыстычнага тэксту, рыторыкай. Асноўныя працы: «Лінгвістычная арганізацыя тэксту. У творчай лабараторыі Уладзіміра Караткевіча», «Лінгвастылістыка тропаў Юрыя Казакова», «Студенческая печать: проблематика, дизайн, язык и стиль» (у суаўтарстве). Аўтар падручніка «Сучасная беларуская мова. Арфаграфія. Графіка. Лексікалогія (фразеалогія). Ч. 1», вучэбнага дапаможніка «Святло слова» (у суаўтарстве), праграм для студэнтаў факультэтаў журналістыкі ВНУ і інш.

В. І. Іўчанкаў — член Беларускага саюза журналістаў, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (1999), выдатнік друку Рэспублікі Беларусь (2006), лаўрэат прэміі імя У. Пічэты за цыкл навукова-адукацыйных дапаможнікаў па гісторыі і тэорыі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі (2011), лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў за лепшую журналісцкую работу ў рэспубліканскім творчым конкурсе «Залатое пяро» (2011).

Узнагароды В. І. Іўчанкава: Ганаровая грамата Дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па друку (1996); грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (1998); падзяка Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (1992); прэмія спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2003); Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2008, 2012); Ганаровая грамата Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2008); Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2012); падзяка Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2012).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Асноўныя працы В. І. Іўчанкава

  1. Беларускі правапіс у апорных схемах: паводле новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» / В. І. Іўчанкаў. – Мінск : Пачатковая школа, 2010. – 56 с.

  2. Беларуская арфаграфія : апавяданні і гісторыі / В. І. Іўчанкаў. Мінск : Пачатковая школа, 2010. 303 с.

  3. Медыярыторыка: рытарычныя асновы журналістыкі, лінгвістыка публіцыстычнага тэксту, дыскурсны аналіз СМІ : курс лекцый / В. І. Іўчанкаў. Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2009. 280 с.

  4. Студенческая печать: проблематика, дизайн, язык и стиль : сб. статей / А. А. Градюшко, В. И. Ивченков, А. К. Свороб. Минск : БГУ, 2008. 208 с.

  5. Дыскурс беларускіх СМІ. Арганізацыя публіцыстычнага тэксту / В. І. Іўчанкаў. – Мінск : БДУ, 2003. – 257 с.

  6. Дыскурс беларускіх СМІ. Арганізацыя публіцыстычнага тэксту : аўтарэферат дысертацыi… доктара філалагiчных навук / В. І. Іўчанкаў ; БДУ. – Мiнск, 2003. – 41 с.

  7. Лингвостилистика тропов Юрия Казакова / В. И. Ивченков. – Минск : Ред. науч.-метод. журн. «Пачатковая школа», 2002. – 111 с.

  8. Лингвистическая организация текста : в творческой лаборатории Владимира Короткевича / В. И. Ивченков. Минск : БГУ, 2002. 211 с.

  9. Журналистика в системе научных исследований: онтологический статус и перспективы / В. И. Ивченков // Веснік БДУ. Серыя 4, Філалогія, журналістыка, педагогіка. 2016. № 2. С. 84–87.

  10. Медыялінгвістыка: вытокі, асаблівасці фарміравання і прыярытэты / В. І. Іўчанкаў // Журналістыка-2016: стан, праблемы і перспектывы : матэрыялы 18-й Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 95-годдзю БДУ (10–11 лістапада 2016 г., Мінск). Мінск, 2016. Вып. 18. С. 289–292.

  11. Лингвистика речи: ретроспекция стилистического опыта / В. И. Ивченков // Лингвистика речи. Медиастилистика: коллективная монография, посвященная 80-летию профессора Г. Я. Cолганика. Москва, 2012. С. 132139.

  12. Журналістыка на мяжы ХХ–ХХІ ст. / В. І. Іўчанкаў // Веснiк БДУ. Серыя 4, Філалогія, журналістыка, педагогіка. 2009. № 1. С. 83–87.

  13. Беларускі правапіс: гісторыя і сучаснасць / В. І. Іўчанкаў // Беларускі гістарычны часопіс. 2009. № 7. С. 36–41.

 

Аб жыцці і дзейнасці В. І. Іўчанкава

  1. Іўчанкаў Віктар Іванавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2012. Т. 4. С. 229.

  2. Ивченков Виктор Иванович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 425.

  3. ИвченковВиктор Иванович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 706–707.

  4. Іўчанкаў Віктар Іванавіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 435–436 : фота. (Імі ганарацца землякі).

  5. Іўчанкаў, В. І. «Слова стала самым дарагім і каштоўным прадуктам…» / В. І. Іўчанкаў ; [гутарыла] Зоя Падліпская // Роднае слова. 2012. № 7. С. 26–28.

  6. 55 гадоў з дня нараджэння В. І. Іўчанкава // Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2017 год / УК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. Кобрын, 2017. С. 33.

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1550 разоў Апошняя змена Панядзелак, 27 Ліпень 2020 12:12