Панядзелак, 12 Чэрвень 2017 11:27

23 лістапада 2016 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Івана Георгіевіча Шубітыдзе (1906–1978), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровага грамадзяніна г. Пінска

Іван Георгіевіч Шубітыдзе нарадзіўся 23 лістапада 1906 года ў сяле Келеці Гарыйскага раёна (Грузія) у беднай сялянскай сям’і. У родным сяле атрымаў пачатковую адукацыю. У 1921 годзе ўступіў у камсамол, удзельнічаў ва ўстанаўленні Савецкай улады ў раёне.

 

У Чырвонай арміі з 1928 года. Іван Шубітыдзе скончыў палкавую школу, служыў намеснікам камандзіра ўзвода ўпраўлення 2-га грузінскага стралковага палка 1-й грузінскай стралковай дывізіі ў г. Батумі. У 1934 годзе закончыў артылерыйскае аддзяленне Тбіліскага ваеннага вучылішча, быў назначаны камандзірам узвода ў 1-ы грузінскі артылерыйскі полк у г. Кутаісі. У 1938 годзе пераведзены ў Паўночна-Каўказскую ваенную акругу на пасаду камандзіра батарэі. Служыў спачатку ў Растове-на-Доне, затым у Стаўрапалі.

Вялікую Айчынную вайну Іван Шубітыдзе сустрэў на пасадзе начальніка артылерыі 457-га стралковага палка 127-й дывізіі. З чэрвеня 1941 года на фронце. Быў паранены ў абарончых баях пад Смаленскам, трапіў у палон, адпраўлены ў канцлагер пад г. Бяла-Падляска (Польшча). Адсюль Івану Шубітыдзе ўдалося ўцячы ў верасні 1941 года. Польскія патрыёты дапамаглі перабрацца цераз Буг на тэрыторыю Брэсцкай вобласцi.

Іван Шубітыдзе стаў адным з арганізатараў партызанскага руху. У партызанах з кастрычніка 1941 года: камандзір групы, намеснік камандзіра атрада, камандзір атрада імя Арджанікідзе брыгады імя В. М. Молатава, камандзірам якой быў Міхаіл Іванавіч Герасімаў, і якая дзейнічала ў Пінскай вобласці. У ліпені 1943 года пры арганізацыйным удзеле І. Г. Шубітыдзе створаны першы польскі партызанскі атрад імя Тадэвуша Касцюшкі. Напачатку ў ім было 40 партызан. Камандзірам стаў Чэслаў Вархоцкі, які пасля вайны напісаў кнігі «Rzeczpospolitapartyzancka» (1972) і «Czasmierzyliśmysalwami» (1975).

У жніўні 1943 года атрады імя Чапаева, імя Сталіна, імя У. Р. Нямытава, імя Т. Касцюшкі, імя Арджанікідзе перададзены створанай Пінскай брыгадзе, камандзірам якой назначаны У. Г. Шубітыдзе. Пінская брыгада дзейнічала на тэрыторыі Пінскага, Жабчыцкага, Іванаўскага раёнаў БССР, Любяшоўскага раёна Валынскай вобласці УССР.

Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунцы Іванава – Лунінец, шашы Пінск – Столін, Пінск – Лагішын. З верасня 1943 па май 1944 года разбурылі 2,8 км чыгункі, знішчылі 21 мост, пашкодзілі 27,5 км тэлеграфна-тэлефоннай лініі, спалілі 4 склады з боепрыпасамі. Разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Добрая Воля Пінскага, Крэмна Драгічынскага, Дубае Жабчыцкага, Яромічы Кобрынскага, Оўзічы Іванаўскага раёнаў і інш.

Пасля ўз’яднання з Чырвонай арміяй, якое адбылося 30 сакавіка 1944 года, брыгада І. Г. Шубітыдзе ўдзельнічала ў жорсткіх баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Пінскім і Іванаўскім раёнах. У 1969 годзе на месцы баёў каля вёскі Зарэчка Драгічынскага раёна пастаўлены помнік партызанам Пінскай брыгады.

Пасля вызвалення Беларусі І. Г. Шубітыдзе знаходзіўся на савецкай рабоце. У Пінску быў начальнікам абласнога ўпраўлення мясцовай прамысловасці, затым працаваў начальнікам упраўлення харчовай прамысловасці ў Віцебскім аблвыканкаме. Пасля выхаду на пенсію, у кастрычніку 1971 года, жыў у Тбілісі, прыязджаў у Пінск на сустрэчы з баявымі сябрамі. Аўтар кнігі ўспамінаў аб партызанскай барацьбе «Палескія былі» (1969; літаратурны запіс Рыгора Няхая). Дапрацаванае выданне на рускай мове «Полесские были» выйшла ў 1974 годзе.

І. Г. Шубітыдзе ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі, а таксама ордэнам і медалём Польскай Народнай Рэспублікі. Званне Ганаровага грамадзяніна г. Пінска прысвоена 17 мая 1974 года за арганізацыю масавага партызанскага руху на тэрыторыі Пінскай вобласці і за вялікі ўклад у справу аднаўлення разбуранай захопнікамі народнай гаспадаркі горада.

І. Г. Шубітыдзе памёр 13 студзеня 1978 года, пахаваны ў Тбілісі. Яго імем у сакавіку 1978 года названа вуліца ў Пінску. 1 верасня 1982 года адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар І. Г. Шубітыдзе на вуліцы яго імя.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Шубитидзе Иван Георгиевич // Почетные граждане белорусских городов : биогр. справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 47.

  2. Шубітыдзе Іван Георгіевіч // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 265.

  3. Шубітыдзе Іван Георгіевіч // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 274.

  4. Шубітыдзе Іван Георгіевіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 641.

  5. Шубитидзе Иван Георгиевич // Их именами названы… : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 694.

  6. Шубітыдзе Іван Георгіевіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 672.

  7. Шубітыдзе Іван Георгіевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 11. С. 366.

  8. Шубитидзе, И. Г. Полесские были : о совместной борьбе польских и белорусских партизан против фашизма / Иван Георгиевич Шубитидзе ; лит. запись Р. Нехая. – Минск : Беларусь, 1974. – 268, [2] с., [24] л. ил. – (Мемуары).

  9. Шубітыдзе, І. Г. Палескія былі : [успаміны аб партызанскай барацьбе на Вялікай Айчыннай вайне] / Іван Георгiевiч Шубітыдзе ; літ. запіс Рыгора Няхая. – Мінск : Беларусь, 1969. – 358, [2] с. : iл.

  10. Warchocki, C. Czasmierzyliśmysalwami / CzesławWarchocki.Warszawa : Książka i Wiedza, 1975. – 250,[5] s., [8] k.

  11. Warchocki, C. Rzeczpospolita Partyzancka / CzesławWarchocki.Warszawa : Książka i Wiedza, 1972. – 422 s.

  12. Партызанская брыгада Пінская : [камандзір І. Г. Шубітыдзе] // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 447.

  13. Памятник партизанам : [д. Заречка Дрогичинского района] / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 169–170.

  14. Лобко, М. За нашу Отчизну! : [об освобождении Пинщины от немецко-фашистских захватчиков во время Великой Отечественной войны и деятельности Пинской партизанской бригады] / Михаил Лобко // Полесская правда. Пинск, 2015. 2 июля. С. 4.

  15. Улица имени И. Шубитидзе : [о командире Пинской партизанской бригады Иване Георгиевиче Шубитидзе] // Пінскі веснік. 2015. 20 сакавiка (№ 23). С. 2.

  16. Почетные граждане Пинска : [Шубитидзе Иван Георгиевич (1906–1978); Денисевич Фёдор Яковлевич (1897–1981); краткие биографии] // Варяг-пресс. Пинск, 2015. 23 января (№ 4). С. 4.

  17. Героев помним имена: Шубитидзе Иван Георгиевич // УниВестник. Пинск, 2014. Февраль (№ 2). С. 6.

  18. Борисов, Д. Командир бригады : [о командире Пинской партизанской бригады И. Г. Шубитидзе] / Д. Борисов // Пінскі веснік. 2002. 28 чэрвеня. С. 3.

  19. Шубитидзе, И. Г. Партизанский фронт : из воспоминаний командира Пинской партизанской бригады / И. Г. Шубитидзе // Голос партизан. Пинск, 2000. Май (№ 15).

  20. Сын солнечной Грузии : [И. Г. Шубитидзе] // Трудовая доблесть. 1984. 26 сентября.

  21. Алейнікава, С. Незабыўныя падзеі і імёны : [І. Г. Шубітыдзе] / С. Алейнікава // Звезда на меліярацыі Палесся. 1984. 4 красавіка.

  22. Шапиро, С. Герою-партизану : [об открытии мемориальной доски И. Г. Шубитидзе в Пинске] / С. Шапиро // Заря. 1982. 16 сентября.

  23. Зубков, В. Герою-партизану : [об открытии мемориальной доски И. Г. Шубитидзе в Пинске] / В. Зубков // Полесская правда. Пинск, 1982. 4 сентября.

  24. Курсов, В. Улица Шубитидзе / В. Курсов // Полесская правда. Пинск, 1978. 1 апреля.

  25. Шубитидзе Иван Георгиевич : [некролог] / Пинский горком и райком КП Белоруссии, городской и районный Советы народных депутатов // Полесская правда. Пинск, 1978. 17 января.

  26. Балавадзе, И. Благодарная память : [о вручении И. Г. Шубитидзе нагрудного знака и грамоты «Почетный гражданин г. Пинска» в Ленинском райкоме КПСС г. Тбилиси] / И. Балавадзе // Полесская правда. Пинск, 1974. 9 ноября.

  27. Почетные граждане города Пинска : Иван Георгиевич Шубитидзе // Полесская правда. Пинск, 1974. 30 мая.

  28. О присвоении звания «Почетный гражданин города Пинска» : решение Пинского городского Совета депутатов трудящихся : [Новикову Н. Н., Пескову А. И., Федотову Н. С., Шубитидзе И. Г.] // Полесская правда. Пинск, 1974. 22 мая.

  29. Шубитидзе, И. Г. Полесские были : [воспоминания партизанского командира] / И. Г. Шубитидзе ; лит. обработка А. Припотнева // Заря. 1970. 25 декабря ; 1971. 14 января.

 

 

Чытаць 1655 разоў Апошняя змена Панядзелак, 27 Ліпень 2020 12:17